Вы тут

Навуковы погляд на культуру


X Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Традыцыі і сучасны стан культуры і мастацтваў” прайшла ў Мінску.


Вулічнае мастацтва ў Дзень беларускага пісьменства. Слонім, 2019. Фота Ганны Лагун

Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, тэатразнаўства, музыка, фатаграфія, кіно, а таксама этнакультура, фалькларыстыка і антрапалогія... Гэтыя важныя сферы культурнага жыцця грамадства на два вераснёўскія дні апынуліся ў полі зроку навукоўцаў. У Цэнтры даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі сабраліся вядучыя спецыялісты з Беларусі ды краін СНД: Арменіі, Казахстана, Малдовы, Расіі, Украіны, Узбекістана.

У першы дзень, 12 верасня, вялікая ўвага была нададзена музыцы. Навукоўцы сабраліся за круглым сталом “Беларускае канцэртнае выканальніцтва ў кантэксце сусветнай культуры”. Абмяркоўвалі, як акадэмічная музыка гучыць, калі граецца на такіх музінструментах, як гітара, балалайка, альт, віяланчэль, скрыпка і нават... лічбавае фартэпіяна — яно параўнальна нядаўна пачало выкарыстоўвацца ў музыцы. Канцэрты акадэмічнай музыкі ў акустычных умовах “Оўпэн эйр” — таксама новая з’ява сучаснай культуры, якая ўжо стала тэмай навуковых даследаванняў. Абмяркоўваліся і новыя віды сучаснага выканальніцтва, сярод якіх, напрыклад, “віртуальны хор”. Навукоўцы асобна прааналізавалі беларускую мову ў харавых творах нацыянальных кампазітараў. Звярнулі ўвагу на кантэнт музычных інтэрнэт-сайтаў, якія могуць дапамагчы акадэмічнай музыцы знайсці сваіх слухачоў.

У другі дзень канферэнцыі яе ўдзельнікі працавалі па секцыях. Пры жаданні можна было наведацца ў любую з іх або патрапіць адразу ў некалькі. Цікава было, скажам, паслухаць выступленні спецыялістаў па архітэктуры. Яны не толькі нагадалі пра помнікі старажытнага дойлідства Полацка, гістарычныя пабудовы Брэста, але й разважалі пра касмалагічную сімволіку беларускай хаты, іншыя важныя рэчы.

Лідскі замак — адзін з найстарэйшых у Беларусі. Ён заснаваны ў 1323 годзе. Фота Puteshestvie.net

Пра мастацкія асаблівасці пастановак Коласаўскага тэатра і яго выдатных артыстаў можна было больш даведацца на падсекцыі “Тэатральнага мастацтва”. І нават пра ледніковыя валуны Беларусі гаварылі на канферэнцыі — на секцыі “Праблемы захавання і папулярызацыі культурнай спадчыны”.

Госці Мінска наведалі залу экспазіцыі Чарнобыльскай зоны Музея старажытнабеларускай культуры і Цэнтральны батанічны сад НАН Беларусі.

Ганна Лагун

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.