Вы тут

АЭС у Астраўцы гатова да імітацыі работы ядзернага рэактара


Першы энергаблок Беларускай АЭС гатовы на 95 %, другі — на 70 %. Наступны крок у рэалізацыі праекта будаўніцтва станцыі, які праводзіцца з 2008 года, — завоз ядзернага паліва. Гэта, а таксама сусветны вопыт рэалізацыі прыродаахоўных праектаў, шляхі выбудоўвання дыялогу з грамадскасцю і вынікі экалагічных праектаў на АЭС у Астраўцы абмеркавалі спецыялісты на круглым стале «Аб грамадскім кантролі ў атамнай энергетыцы на прыкладзе Беларускай АЭС: «нулявы замер» і міжнародная экспертыза матэрыялаў».


«Нулявы фон» і гарачая абкатка

Перш чым перайсці да такога сур'ёзнага этапу, як завоз паліва, у жніўні на тэрыторыі вакол АЭС з дапамогай міжнародных экспертаў правялі замеры «нулявога фону». Метадам палявой спектраметрыі даследавалася тэрыторыя, якая прылягае да станцыі. Эколагі таксама ўзялі пробы вады, глебы, паветра, донных адкладанняў і расліннасці.

Вынікі атрыманых замераў паслужаць зыходнымі данымі для аналізу ўплыву дзеяння станцыі на наваколле. Некаторыя аналізы ўжо гатовыя, некаторыя яшчэ ў рабоце. Фінальную справаздачу мяркуецца прадставіць грамадству ў снежні. Гэтымі матэрыяламі і методыкамі праведзенай работы пасля можна будзе карыстацца для ажыццяўлення грамадскага кантролю за бяспечным функцыянаваннем станцыі. Атрыманыя вынікі пацвярджаюць заяўлены нулявы фон, запэўніў Сяргей БАРАНОЎСКІ, прэзідэнт Міжрэгіянальнай экалагічнай грамадскай арганізацыі «Зялёны крыж», спецыялісты якой рэалізоўвалі гэты экалагічны праект па замерах.

Вынікам работы эколагаў на АЭС стала таксама ўстаноўка на штатным пункце назіранняў на метэаралагічнай станцыі «Маркуны» дзвюх паветрафільтравальных установак для далейшага маніторынгу і адбору проб радыеактыўных аэразоляў і газападобнага радыеактыўнага ёду.

У верасні эксперты атамнай галіны з васьмі краін свету — Беларусі, Літвы, Казахстана, Венгрыі, Аўстрыі, Італіі, Украіны і Расіі — правялі экспертызу матэрыялаў, якія абумоўліваюць бяспеку станцыі.

— Праведзенае перадэксплуатацыйнае абследаванне іграе ў стварэнні станцыі такую ж ролю, як дактыласкапія ў крыміналістыцы. Фактычна, мы робім адбітак пальца і далей параўноўваем, ці адбываюцца змены, — абазначыў Аляксей ЯКІДЗІН, дырэктар «Агенцтва экалагічнай бяспекі «Альфа-Х91».

Цяпер на пускавым блоку вядзецца падрыхтоўка да найважнейшага этапу выпрабаванняў — гарачай абкаткі рэактарнай устаноўкі, паведаміў дырэктар праекта па стварэнні Беларускай АЭС інжынірынгавай кампаніі «АСЭ» Віталь ПАЛЯНІН:

— Па сутнасці, гэта поўная імітацыя работы атамнага блока з той толькі розніцай, што замест паліва ў рэактары знаходзяцца імітатары цеплавыдзяляльных зборак. Гэты этап праводзіцца для пацвярджэння якасці праведзенага мантажу абсталявання і адпаведнасці рэактарнай устаноўкі праектным параметрам і рабочым характарыстыкам.

У рэжыме максімальнай адкрытасці

Рашэнне аб будаўніцтве першай атамнай станцыі было абумоўлена неабходнасцю дыверсіфікацыі паліўна-энергетычных рэсурсаў і адыходам ад 100-працэнтнай залежнасці ад прыроднага газу.

— Рэалізацыя нацыянальнай ядзернай энергетычнай праграмы дазволіць забяспечыць трэцюю частку патрэб краіны ў даступнай і надзейнай электраэнергіі і значна зменшыць выкіды парніковых газаў, — сцвярджае міністр энергетыкі Беларусі Віктар КАРАНКЕВІЧ. — Будаўніцтва АЭС не толькі ўмацуе энергетычную самастойнасць краіны, але і надасць імпульс развіццю ў Беларусі інавацыйных тэхналогій у транспарце, будаўніцтве і іншых сферах нацыянальнай эканомікі.

Разам з тым атамная станцыя ў Астраўцы — гэта аб'ект не толькі нацыянальнай значнасці, а і першая АЭС, якую ўвядуць у эксплуатацыю ў Еўропе за апошнія гады.

— У любой краіне функцыянаванне новага энергетычнага комплексу заўжды з'яўляецца прадметам пільнай увагі. Менавіта таму так важна, што яна ўзводзіцца ў рэжыме максімальнай адкрытасці і транспарэнтнасці, — гаворыць Лілія ДУЛІНЕЦ, намеснік дырэктара Дэпартамента па ядзернай энергетыцы — начальнік аддзела міжнароднага супрацоўніцтва, падрыхтоўкі кадраў і інфармацыйнага забеспячэння Міністэрства энергетыкі. — Несумненна, тэхнагеннае ўздзеянне пры вытворчасці электраэнергіі ёсць у любым выпадку. І наша задача — мінімізаваць яго і пастаянна кантраляваць стан навакольнага асяроддзя.

Нямногія краіны ў свеце маюць магчымасць і права будаваць атамныя станцыі, заўважыў Янка ЯНЕЎ, прадстаўнік Венскага міжнароднага цэнтра ядзернай кампетэнтнасці (Аўстрыя):

— Атамная станцыя — унікальны праект, які патрабуе магутных высілкаў і які мае неверагоднае ўздзеянне на індустрыю, адукацыю і наваколле. АЭС — аснова развіцця індустрыі ведаў. Каб збудаваць гэты аб'ект, неабходна адпавядаць патрабаванням дзясяткаў міжнародных пагадненняў.

Нельга проста глядзець, як круцяцца турбіны і генератар, вырабляючы энергію. Неабходна шмат ведаў і правядзенне аналізаў у працэсе яе эксплуатацыі. У атамнай станцыі ўвасоблены ўсе дасягненні чалавечай цывілізацыі. І Беларуская АЭС збудавана з выкананнем усіх рэкамендацый, карэктна і правільна. А радыеактыўнасць, якая тут існуе, мае прыродны характар, як і ў любым іншым пункце свету, у залежнасці ад таго, што залягае ў нетрах зямлі...

Пераацаніць нельга недаацаніць

Што датычыцца стаўлення насельніцтва да АЭС, то яно робіцца больш насцярожаным па меры аддалення ад аб'екта. І гэта звязана з шэрагам фактараў, тлумачыць Сяргей Бараноўскі:

— Па-першае, АЭС — гэта строгія нормы і правілы і кантроль іх вытрымлівання па ўздзеянні на наваколле. Можна сказаць, што ніводзін атам не застаецца без кантролю. Па-другое, гэта высокі ўзровень культуры вытворчага прадпрыемства. Па-трэцяе, гэта ўзровень даходаў і падаткі ў бюджэт вышэйшыя за сярэднія, гэта высокі ўзровень адукацыі жыхароў атамных гарадоў і шмат што іншае.

Адмова ад АЭС — не рашэнне задачы па бяспецы, мяркуе Аляксей Якідзін:

— Задача любой атамнай станцыі — забеспячэнне бяспекі персаналу, насельніцтва і наваколля. На жаль, часта насельніцтва пераацэньвае рызыку ад існавання АЭС, пры гэтым недаацэньвае намаганні, якія прадпрымаюцца эксплуатуючай арганізацыяй і органамі нагляду і кантролю. Асноўная прычына гэтага — невысокі ўзровень дасведчанасці па пытаннях радыяцыйнай бяспекі. А няведанне нараджае страх, які здольны зрабіць з мухі слана.

Ён заўважыў, што інфармацыя павінна быць даступнай для ўсіх зацікаўленых на любой стадыі будаўніцтва.

Важная асаблівасць пры стварэнні Беларускай АЭС — наяўнасць і работа інфармацыйнага цэнтра, які запрацаваў да пуску першага блока атамнай станцыі. Гэта дазволіць значна павысіць узровень якасці падрыхтоўкі, палегчыць працэс навучання аператыўнага і рамонтнага персаналу для правядзення пусканаладачных работ і далейшай паспяховай эксплуатацыі, падкрэсліў Уладзімір КУЗНЯЦОЎ, старшыня грамадскага савета па экалогіі і энергетыцы Савета Вісагінскага самакіравання (Літва):

— Своечасова выкананая вялікая асветніцкая работа з грамадствам палепшыць узаемаадносіны слаёў насельніцтва і створыць здаровы псіхалагічны клімат у грамадстве. А наяўнасць даступнай для насельніцтва інфармацыі аб радыяцыйным фоне ў раёне АЭС у рэжыме анлайн у дзесяці кантрольных пунктах з адлюстраваннем інфармацыі на табло таксама станоўча адаб'ецца на іміджы станцыі і выкліча давер.

Ірына СІДАРОК, фота аўтара

Загаловак у газеце: На фінішнай прамой

Выбар рэдакцыі

Культура

Юрый Гарулёў: Думалі, я з'ехаў з Ленінграда альбо з-за жанчыны, альбо з-за таго, што «прапіў сцяг»

Юрый Гарулёў: Думалі, я з'ехаў з Ленінграда альбо з-за жанчыны, альбо з-за таго, што «прапіў сцяг»

Юрый Гарулёў у якасці аператара і рэжысёра прысвяціў дакументалістыцы некалькі дзясяткаў гадоў.

Грамадства

Як народныя мсціўцы захапілі цягнік і вярнулі нарабаванае дабро

Як народныя мсціўцы захапілі цягнік і вярнулі нарабаванае дабро

77 гадоў таму, у лістападзе 1942-га, на беларускай зямлі была праведзена ўнікальная партызанская аперацыя.

Эканоміка

Усё, што трэба ведаць пра змены ў Жыллёвым кодэксе

Усё, што трэба ведаць пра змены ў Жыллёвым кодэксе

Мы паспрабавалі адшукаць самыя вострыя вуглы новаўвядзенняў і ўявіць, як будзе працаваць гэты дакумент пачынаючы з 2020 года.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Як запрасіць чалавека, каб ён не прыйшоў, і знойдзены кашалёк.