Вы тут

Гайнаўка, Беласток, Катавіцы...


З гэтых ды іншых польскіх гарадоў прыходзяць весткі пра карыснае для абедзвюх краін беларуска-польскае ўзаемадзеянне


Як прылівы й адлівы бываюць на моры, так і ў кантактах паміж народамі, краінамі выпадаюць розныя перыяды. Сёлета ў суседак, Беларусі ды Польшчы, ёсць добрая нагода, каб у плыні 450‑годдзя з часу падпісання Люблінскай уніі пашыраць, паглыбляць узаемадзеянне. Гэта ж яшчэ ў 1569‑м заключаны быў важны міжнародны прававы акт, што стаў падмуркам для дзяржаўнага саюзу паміж Каралеўствам Польскім і Вялікім Княствам Літоўскім. У нашым часе, праўда, пры згадках Рэчы Паспалітай некаторым падаецца, нібыта была гэты выключна дзяржава польская. Але ж — не, і пра тое сведчыць, у прыватнасці, часовая экспазіцыя ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі, што днямі адкрылася, з яскравай назвай “Вольныя з вольнымі, роўныя з роўнымі”, зладжаная Польскім інстытутам у Мінску. Дарэчы, у 2018‑м Люблінская унія 1569 года была ўнесена ў Міжнародны рэестр ЮНЭСКА “Памяць свету” па захаванні сусветнай дакументальнай спадчыны. Прычым дакумент быў прадстаўлены як сумесны запіс пяці сучасных краін: Польшчы, Літвы, Украіны, Беларусі ды Латвіі.

“Пад знакам” такога важнага юбілею мы прадаўжаем супрацу з беларускімі дыпламатамі ў Польшчы. Раней, нагадаем, асвятлялі працу Культурнага цэнтра Беларусі ў Польшчы, тамтэйшых беларускіх суполак, расказвалі не раз пра дзейнасць Беларускага грамадска-культурнага таварыства (“Родныя людзі” — ГР, 6.04.2016). А нядаўна з прапановай аб працягу ўзаемадзеяння да нас звярнуўся першы сакратар Амбасады Беларусі ў Польшчы Яўген Рабцаў. З ягонай падтрымкай агледзім навіны з заходняга боку, змешчаныя на сайце Амбасады.

70‑годдзе беларускага ліцэя святкавалі ў Гайнаўцы

Нашы сталыя чытачы, пэўна, памятаюць тэксты пра жыццё беларусаў у польскай Гайнаўцы. У адным з іх (“Падарожжа да сяброў” — ГР, 29.06.2017) мы пісалі, як падлеткі з Гайнаўкі ў часе паездкі ў Беларусь пазнаёміліся з мінскімі аднагодкамі, пра створаны ў горадзе Комплекс школ з дадатковым вывучэннем беларускай мовы, у які ўваходзяць гімназія з ліцэем. Агульнаадукацыйнаму ліцэю з беларускай мовай навучання споўнілася 70 гадоў, і 27 верасня Амбасадар Уладзімір Чушаў паўдзельнічаў ва ўрачыстасцях з тае нагоды. Ён выступіў перад удзельнікамі святочнай імпрэзы, зачытаў віншавальны ліст Міністра адукацыі Беларусі Ігара Карпенкі, уручыў кіраўніцтву ліцэя Падзяку Амбасады Беларусі ў Польшчы за ўнёсак у пашырэнне беларускай мовы й культуры. У святочных імпрэзах паўдзельнічалі прадстаўнікі мясцовых уладаў, духавенства, ліцэісты з педагогамі, грамадска-культурныя дзеячы Беласточчыны, мясцовыя жыхары.

“Пінская шляхта” ў Беластоку

Віктар Манаеў у спектаклі “Пінская шляхта”

Безумоўна, важнай падзеяй гэтай восені стаў паказ спектакля Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы “Пінская шляхта” ў Беластоку, на сцэне Драмтэатра імя Аляксандра Вянгеркі. Дарэчы, то былі першыя гастролі Купалаўскага тэатра ў юбілейным 100‑м сезоне. Тады ж, 29 верасня, Амбасадар Беларусі ў Польшчы Уладзімір Чушаў знаходзіўся ў горадзе з рабочым візітам, наведаў спектакль. Там жа былі Генеральны дырэктар Купалаўскага тэатра Павел Латушка (ён, як вядома, у 2002–2008 гадах працаваў Амбасадарам Беларусі ў Польшчы), Генеральны консул Беларусі ў Беластоку Ала Фёдарава, а таксама й Маршалак Падляшскага ваяводства Артур Касіцкі, Прэзідэнт горада Беластока Тадэвуш Трускаляскі, мясцовыя беларусы, грамадска-культурныя дзеячы Падляшша. На сайце тэатра ёсць удакладненне: купалаўцы былі запрошаны ў Польшчу на міжнародны фэст “Кірунак Усход”. Спектакль паводле п’есы Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча прайшоў з велізарным поспехам, і пасля завяршэння дзеі публіка стоячы, з авацыямі вітала артыстаў з Беларусі. Заслугоўвае павагі, што Павел Латушка разам з мастацкім кіраўніком Мікалаем Пінігіным ды артыстамі тэатра Віктарам Манаевым і Аляксандрам Падабедам правялі творчую сустрэчу з вучнямі Ліцэя з беларускай мовай навучання ў горадзе Бельску-Падляскім. Да таго ж Павел Латушка пры падтрымцы Амбасады, консульскіх устаноў правёў перамовы аб супрацы на перспектыву з кіраўнікамі шэрагу тэатраў Варшавы, імя Юліуша Астэрвы ў Любліне, Драмтэатра імя Аляксандра Вянгеркі.

Конкурс “Спазнай Беларусь —2019”

9 кастрычніка там жа, у Беластоку, дзе месціцца й сядзіба Галоўнага праўлення Беларускага грамадска-культурнага таварыства (БГКТ), урачыста ўшанавалі пераможцаў конкурсу. Яго традыцыйна праводзяць Культурны цэнтр Беларусі пры Амбасадзе Беларусі ў Польшчы (КЦБ) сумесна з БГКТ, сёлета пададзена было каля 200 прац (5 намінацый, 4 узроставыя катэгорыі). Журы адзначыла дыпломамі амаль 50 удзельнікаў конкурсу, і ўсе лаўрэаты атрымалі каштоўныя падарункі ад Культурнага цэнтра Беларусі.

Офіс Ганаровага консула Беларусі адкрыты ў Катавіцах

Уладзімір Чушаў адкрывае будынак Ганаровага консульства ў Катавіцах

Тое адбылося 2 кастрычніка. Ва ўрачыстай цырымоніі паўдзельнічалі Амбасадар Беларусі ў Польшчы Уладзімір Чушаў, Ганаровы консул Марэк Збігнеў Расіньскі, прадстаўнікі МЗС Беларусі ды Польшчы, мясцовых уладаў, бізнесу, сферы адукацыі, навукі. Варта нагадаць, што Ганаровы консул прыступіў да выканання абавязкаў 30 чэрвеня 2018 года, у ягонай консульскай акрузе — Малапольскае, Сілезскае ды Апольскае ваяводствы. На сайце беларускай Амбасады паведамляецца, што спадар Марэк Збігнеў Расіньскі — гэта першы Ганаровы консул Беларусі на тэрыторыі Польшчы. І знакавае само адкрыццё офіса: бо гэта ж першая такая ўстанова Беларусі ў Польшчы, што сведчыць пра зацікаўленасць бакоў у развіцці адносін. У той жа дзень Амбасадар Уладзімір Чушаў сустракаўся з прадстаўнікамі мясцовых уладаў г. Катавіцэ. Абмярковаліся пытанні бягучага стану супрацы між Беларуссю й Польшчай, перспектывы ўзаемадзеяння: як паміж краінамі ў цэлым, так і на рэгіянальным узроўні.

Сустрэчы ў Вроцлаве

Адно з нядаўніх паведамленняў на сайце беларускай Амбасады ў Польшчы — пра рабочы візіт Амбасадара ў горад Вроцлаў (Ніжнесілезкае ваяводства). Там Уладзімір Чушаў меў сустрэчы з Старшынёй сейміка ваяводства Анджэем Ярахам і Прэзідэнтам Вроцлава Яцэкам Сутрыкам. Абмеркаваны бягучы стан супрацоўніцтва, перспектывы й напрамкі двухбаковага ўзаемадзеяння, у тым ліку на ўзроўні партнёрскіх і пабрацімскіх сувязяў гарадоў. Амбасадар паўдзельнічаў і ў юбілейнай сустрэчы “XV польска-беларускі круглы стол” на тэму “Польшча і Беларусь у міжнародных адносінах”. Імпрэзу ладзіў Інстытут міжнародных адносін Вроцлаўскага ўніверсітэта. У ёй, дарэчы, паўдзельнічалі й прадстаўнікі Беларускага дзяржуніверсітэта.

Спадзяемся на працяг супрацы з Амбасадай, Культурным цэнтрам Беларусі ў Польшчы, Беларускім грамадска-культурным таварыствам. У пару, калі адзначаецца 450‑годдзе з часу падпісання Люблінскай уніі, беларуска-польскае ўзаемадзеянне актывізавалася. Да таго ж 85 рэгіёнаў, гарадоў Беларусі маюць дамовы аб супрацы з рэгіёнамі й гарадамі Польшчы. Сімвалічна, што калі нядаўна ў Гродне сустракалі 100‑тысячнага бязвізавага турыста, то ім аказаўся Аляксандр Кучынскі з Беластока: ён упершыню наведаў Гродна ў складзе групы з усходніх рэгіёнаў Польшчы. Нагадаем, што магчымасць без візы наведваць Гродна й ваколіцы іншаземцы атрымалі з кастрычніка 2016 года. І такім “бонусам” скарысталіся ўжо каля 250 тысяч гасцей Беларусі. А ў лідарах па колькасці турыстаў — Літва, Польшча, Латвія, Германія, Эстонія, Італія ды Францыя.

Іван Ждановіч 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як пенсіянерка з Гомеля купіла набор каструль па цане патрыманай іншамаркі

Як пенсіянерка з Гомеля купіла набор каструль па цане патрыманай іншамаркі

Усё, як у казцы: прыгожая зала, музыка, пачастункі. Абаяльныя людзі распавядаюць аб правільным харчаванні і рэкламуюць свой тавар...

Грамадства

714 тысяч тон адходаў для перапрацоўкі сабралі летась беларусы

714 тысяч тон адходаў для перапрацоўкі сабралі летась беларусы

Гэта адходы шкла, паперы, пластыку, шын, батарэек, машыннага масла...

Грамадства

​Дзе прызначалі спатканні ў даваенным Мінску?

​Дзе прызначалі спатканні ў даваенным Мінску?

Атрымаць падказкі вам дапаможа экскурсія «Рамантыка мінскіх дворыкаў».