Вы тут

Прывітанне, родная старонка!


Тальяцінскія беларусы распачалі ў кастрычніку цэлы шэраг імпрэзаў з канцэртнай праграмай пад назвай “Здравствуй, рОдная старОнка!”


Людміла Дзёміна і Марыя Шылкіна. Фота Аляксандра Арнда

Канцэрт праходзіў на пачатку кастрычніка ў муніцыпальнай аўтаномнай установе гарадской акругі Тальяці, што мае з пачатку 2019‑га назву Культурный центр “Автоград”. Нягледзячы на цёплае, “дачнае” пакуль што надвор’е, у Малой зале “Автограда” сабралася больш чым 250 гледачоў. Такі давер публікі нас акрыляе! Народны самадзейны ансамбль беларускай песні “Купалінка”, што дзейнічае пры мясцовай суполцы “Нёман”, жыхары горада ведаюць даўно. І на гэты раз удзельнікі ансамбля парадавалі гасцей новымі прыгожымі касцюмамі, якія нам нядаўна прывезлі з Мінска, ды новымі песнямі.

Тыя з чытачоў “ГР”, хто сочыць за навінамі беларускага жыцця ў Тальяці, ведаюць: адбываюцца змены ў складзе “Купалінкі”. У ансамблі — новыя салісткі: Вольга Якупава ды Алена Чурбакова. Таленавітая Кацярына Вашчанка, творчасць якой гледачы ведалі й па ранейшых выступленнях гурта, па просьбе гледачоў праспявала песню пра жураўлёў.

У праграме “Здравствуй, рОдная старОнка!”, якую вялі Людміла Дзёміна і Марыя Шылкіна, паўдзельнічаў і народны ансамбль балета “Креатив” — нашы сябры паказалі танец “Весну звали”. А народны ансамбль танца “Ритмы планеты” выканаў жартоўны танец “Коварное лакомство”. За лета нашы гледачы засумавалі па прыгожых, вясёлых і лірычных беларускіх песнях і танцах, так што прымалі артыстаў на “ўра”.

Кацярына Салановіч, г. Тальяці

Ад рэдакцыі. Прыемна бачыць на дасланых у рэдакцыю фотаздымках самадзейных артыстак з Тальяці ў прыгожых новых сцэнічных строях. Як патлумачыла Людміла Дзёміна, першыя чатыры з іх, з залачоным аздабленнем, яшчэ ў 2015 годзе былі перададзены суполцы пры садзеянні супрацоўнікаў апарата Упаўнаважанага па справах рэлігій ды нацыянальнасцяў Беларусі. За тое кіраўніца беларускай суполкі выказвае ўдзячнасць Упаўнаважанаму Леаніду Гуляку й кіраўніку аддзела Аляксандру Сасновічу. Іншыя касцюмы паступілі ў суполку “Нёман” з Мінска сёлета — праз пасрэдніцтва Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур. Касцюмы — ручная праца беларускіх майстроў. Людміла Дзёміна піша: “Мы вельмі ўдзячны за касцюмы кіраўніцы РЦНК Вользе Антоненцы, супрацоўніцы цэнтра Валянціне Грышкевіч, а таксама старэйшаму дарадцу, кіраўніку Дзелавога і культурнага цэнтра Пасольства Беларусі ў Расіі Васілю Чэрніку — ён касцюмы нашыя сам вёз у Маскву з Мінска. Ды яшчэ й кіраўнік аддзялення беларускага Пасольства ва Уфе Пётр Балтруковіч паспрыяў, каб мы былі ўсе ў новых прыгожых уборах”. Сябрам з Бацькаўшчыны Людміла Дзёміна вельмі ўдзячная, бо ў наступным годзе “Купалінка” будзе пацвярджаць званне народнага самадзейнага ансамбля: ва ўсім артыстам трэба быць на вышыні. Да таго ж 2020-ы — гэта 15-гадовы юбілей суполкі, ансамбля “Купалінка”.

Калі наша газета выйдзе ў свет, Людміла Дзёміна будзе ў Мінску: запрошаная на семінар, што ладзіць РЦНК. Спадзяемся на сустрэчу!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як пенсіянерка з Гомеля купіла набор каструль па цане патрыманай іншамаркі

Як пенсіянерка з Гомеля купіла набор каструль па цане патрыманай іншамаркі

Усё, як у казцы: прыгожая зала, музыка, пачастункі. Абаяльныя людзі распавядаюць аб правільным харчаванні і рэкламуюць свой тавар...

Грамадства

714 тысяч тон адходаў для перапрацоўкі сабралі летась беларусы

714 тысяч тон адходаў для перапрацоўкі сабралі летась беларусы

Гэта адходы шкла, паперы, пластыку, шын, батарэек, машыннага масла...

Грамадства

​Дзе прызначалі спатканні ў даваенным Мінску?

​Дзе прызначалі спатканні ў даваенным Мінску?

Атрымаць падказкі вам дапаможа экскурсія «Рамантыка мінскіх дворыкаў».