Вы тут

Свой прыўнеслі каларыт


У свяце Дружбы народаў, якое прайшло ў Самары, паўдзельнічалі актывісты беларускай дыяспары


Ірына Глуская з актывам суполкі ля беларускага выставачнага стэнда

Пяты ўжо раз праходзіла свята, і было яно сёлета прысвечана Міжнароднаму году моў карэнных народаў. Традыцыйна ладзілі гэтую імпрэзу Дом дружбы народаў Самарскай вобласці ды абласныя нацыянальныя грамадскія аб’яднанні пры падтрымцы рэгіянальнага ўрада. І яшчэ адметнасць: праходзіў шматнацыянальны форум у фармаце Этна-фестывалю “Все мы — Россия”. І, вядома ж, актывісты Самарскай абласной грамадскай арганізацыі беларусаў і выхадцаў з Беларусі “Руска-Беларускае Братэрства 2000” ва ўсім гэтым былі задзейнічаны.

Усіх задумак арганізатараў не злічыць: стварэнне гіганцкага пазла “Я рисую дружбу”, праект “Любовь на Волге”, Эйнштэйн-паці, анлайн-конкурс “Мой день Дружбы”, майстар-класы, фестываль нацыянальных вяселляў, выставы нацыянальнай літаратуры… Асобная пляцоўка прысвячалася Году тэатра ў Расіі, была й спецыяльная дзіцячая праграма. Пра маштаб свята сведчыць і тое, што адкрыў яго сам губернатар вобласці Дзмітрый Азараў. Структурна Этна-фэст “Все мы — Россия” — гэта прастора з рознымі тэматычнымі пляцоўкамі. Там ёсць Фолк-квартал, Этна-квартал, Квартал майстэрства, Aрт-квартал, Інтэлектуальны квартал і Квартал “Этна-квэст”. Суполка “Руска-Беларускае Братэрства 2000” так размеркавала сілы, таленты, каб “ахапіць” практычна ўсю гэтую творчую прастору, быць амаль на ўсіх тэматычных пляцоўках.

З самабытнымі беларускімі традыцыямі, звычаямі можна было знаёміцца на выставачным стэндзе. Там былі кнігі беларускіх пісьменнікаў, прадметы дэкаратыўна-прыкладной творчасці, беларускія друкаваныя выданні, у тым ліку часопіс “Адзінства/Единство” САГА “Руска-Беларускае Братэрства 2000”, газета з Беларусі “Голас Радзімы”, штотыднёвік “Союзное вече”, часопіс “Союзное государство”. Ганаровых гасцей мы частавалі прысмакамі ад беларускіх вытворцаў. “Выставачным блокам” апекаваліся мастацкая кіраўніца беларускага вакальнага ансамбля “Каданс” Іна Сухачэўская ды салістка гурта Таццяна Даутава — і ў іх усё атрымалася.

Цёпла сустракалі гледачы на свяце й сам ансамбль “Каданс”, які на галоўнай сцэне Этна-форуму выканаў беларускія песні “Гармонік грае”, “Лявоніха” і “Бульбачка”. Там жа выступіў і беларускі вакальны калектыў “Сузор’е” (мастацкая кіраўніца Алена Кірылашава). Дэбютаваў на свяце й дзіцячы беларускі вакальны ансамбль “Искорки”, створаны на базе 36‑й самарскай школы Аленай Кірылашавай: як ансамбль-спадарожнік “Сузор’я”. Юныя салісткі выканалі жартоўную беларускую песню “Гэй, у лесе пры даліне” й вясёлую “Гляне сонца”. Да таго ж на галоўнай сцэнічнай пляцоўцы свята ў пралогу канцэртнай праграмы паўдзельнічалі салісты ўзорнага дзіцячага ансамбля “Очарование” Уладзіслаў Даутаў ды Ірына Сакалова. Кіруе ж ансамблем Іна Сухачэўская, і ён падпітвае талентамі творчыя гурты беларусаў Самарскай вобласці. Выступалі на свяце й нашы гурты-партнёры “Мозаика” ды “Ровесник”: паказвалі беларускія народныя танцы, давалі нават па іх майстар-клас.

Прыгожа, з беларускім каларытам старажытны абрад Дажынкі прадставіў на свяце ў сцэнічным варыянце харэаграфічны калектыў “Мозаика” (мастацкая кіраўніца Наталля Меліхава). Шмат было гледачоў і на пляцоўцы, дзе праходзіў фестываль нацыянальных вяселляў. Традыцыйны вясельны абрад “Хлеб ды соль” (сустрэчу маладых у доме бацькоў жаніха) паказалі беларусы, а ў цэнтры ўвагі была ў той дзеі сям’я Георгія Курмакова ды Юліі Цяплянскай. Завяршаючы абрад, Марына Кашаева, салістка гурта “Сузор’е” (у абрадзе выконвала ролю дружкі нявесты) павіншавала маладых з чарговай гадавінай вяселля. Ды пачаставала іх, а таксама ўсіх “гасцей на вяселлі” духмяным караваем. Згадаем: першае традыцыйнае беларускае вяселле на Самарскай зямлі правялі 1 жніўня 2015 года. Тады паядналі лёсы кіраўніца моладзевага аддзялення беларускай суполкі Юлія ды яе намеснік Георгій. Першынцу іх, Арцёмку, амаль тры гады, і ён таксама ўдзельнічаў у свяце. Ірына Глуская, прэзідэнт суполкі, упэўнена: будуць яшчэ на самарскай зямлі беларускія вяселлі!

Аматараў літаратурнай творчасці сабрала літпляцоўка. Там прагучаў і верш Янкі Купалы “Спадчына”, яго чытала Яна Стрынакова, актывістка моладзевага аддзялення беларускай суполкі. Сёлета Беларусь адзначае 75‑годдзе вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Многія творцы Беларусі пісалі, пішуць пра Вялікую Айчынную вайну. Мацвей Золін з пасёлка Безенчук душэўна прачытаў верш Ніла Гілевіча “Ты кажаш, я не ведаю вайны…” Хлопец летась быў прызнаны лаўрэатам фэсту “Беларусь — мая песня!”, які праводзіць суполка “Руска-Беларускае Братэрства 2000”. Цікава, з удзелам каманды беларусаў (Андрэй Кірылюк, Валерый Барсук, Юлія Цяплянская, Андрэй Зыкаў, Вольга Данкеева, Мікалай Бойка) праходзіў інтэлектуальны турнір “Эйнштэйн-паці”. У трэцім адборачным паўфінале беларуская каманда была першай! Толькі ў фінале не ўсё склалася, як вынік — чацвёртае месца.

Свята Дружбы народаў атрымалася шматслойным, было на ім многа нагодаў для радасці, былі й засмучэнні. Салістка гурта “Каданс” Анастасія Гуркіна згадвае тыдзень рэпетыцый, як адпрацоўвалі нумары, і само святочнае выступленне: “Для мяне гэта доўгачаканае свята. Дзякуй прэзідэнту суполкі Ірыне Міхайлаўне Глускай: мы штогод удзельнічаем у ім. На будучыню, спадзяюся, арганізатары вылучаць больш месца для гуртоў, лепш прадумаюць “закулісны” камфорт артыстаў”.

Мікалай Бойка, г. Самара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.