Вы тут

Крадзеж застаецца самым распаўсюджаным злачынствам у непаўналетніх


У Віцебску падлеткі скралі з вулічнага халадзільніка марожанае. У Буда-Кашалёўскім раёне ліцэіст угнаў «Амкадор». На станцыі Памыслішча кампанія маладых людзей каталася на хваставым вагоне цягніка. У Гомелі хлопцы «выпрабавалі» электрашокер на школьніках. Цяпер за сваю дзікунскую выхадку хуліганам давядзецца несці адказнасць...


— Амаль кожны дзень дзеці і падлеткі з прычыны неналежнага кантролю за імі трапляюць у розныя небяспечныя сітуацыі. Аператыўная абстаноўка ў верасні характарызавалася далейшым ростам колькасці злачынстваў, здзейсненых непаўналетнімі, — канстатуе начальнік аддзела арганізацыі работы інспекцый па справах непаўналетніх міліцыі грамадскай бяспекі МУС палкоўнік Сяргей ЯНКОЎСКІ. — За дзевяць месяцаў бягучага года быў адзначаны рост махлярстваў, павялічылася колькасць угонаў транспартных сродкаў, крадзяжоў з выкарыстаннем камп'ютарнай тэхнікі. А колькасць злачынстваў, звязаных з незаконным абаротам наркатычных рэчываў, вырасла за дзевяць месяцаў удвая ў параўнанні з адпаведным перыядам 2018 года — з 63 да 129.

Фота носіць ілюстрацыйны характар.

Крадзеж застаецца самым распаўюджаным злачынствам у агульнай колькасці супрацьпраўных дзеянняў, здзейсненых непаўналетнімі. Пакінуты ў грамадскім месцы тэлефон можа вельмі хутка займець новага гаспадара. Таксама дзеці карыстаюцца няўважлівасцю дарослых. Здараецца, што падлеткі ўгаворваюць старэйшых сяброў ці знаёмых набыць ім у крэдыт гаджэт. І як бы парадаксальна гэта ні выглядала, але дарослыя не задумваюцца, адкуль потым у прасіцеля возьмуцца грошы на яго вяртанне...

Сур'ёзнай спакусай для непаўналетніх з'яўляецца выпадкова пакінуты ў аўтамабілі ключ ці заведзены транспартны сродак.

Пачасціліся таксама выпадкі, калі падлеткі карыстаюцца знойдзенай банкаўскай карткай. Напрыклад, у адным з мінскіх гіпермаркетаў непаўналетнія падабралі карту, якая не патрабавала ўвядзення пін-кода, і некалькі дзён запар разлічваліся ёй у рэстаране хуткага абслугоўвання.

«Сёння мы назіраем уцягванне падрастаючага пакалення ў распаўсюджванне наркотыкаў і фарміраванне пранаркатычнай свядомасці праз інтэрнэт. Гэта адбываецца ў сацыяльных сетках і на пляцоўках сумніўных рэсурсаў, дзе ладзяцца акцыі ў падтрымку і легалізацыю марыхуаны, папулярызуюцца так званыя наркатычныя вечарынкі. Ідзе агрэсіўная рэклама хуткага і высокага заробку, у ход ідуць механізмы сеткавага маркетынгу, абяцанні зарабляць неблагія грошы без прывязкі да канкрэтнага месца і часу, — падкрэслівае Сяргей Янкоўскі. — У шэрагу выпадкаў падлеткі, якія здзяйсняюць той ці іншы ўчынак, нават не задумваюцца пра яго грамадскую небяспеку. Напрыклад, хлопец мадыфікаваў інфармацыю ў сацыяльнай сетцы на старонцы сваёй сяброўкі. Ён палічыў, што нічога страшнага не адбылося, тым больш што сам дапамагаў яе ствараць, ведаў пароль... Але дзяўчына звярнулася ў міліцыю. Дзеянні гэтага падлетка кваліфікуюцца як крымінальныя.

Практычна палова ўсіх злачынстваў здзяйсняецца навучэнцамі ліцэяў і каледжаў. На долю школьнікаў і гімназістаў прыпадае трэцяя частка. 23 працэнты злачынстваў адбываюцца ў вучэбны час, з панядзелка да пятніцы з 8 гадзін раніцы і да 15 гадзін, калі падлеткі павінны быць на занятках. Па-ранейшаму значная колькасць злачынстваў з удзелам непаўналетніх здзяйсняецца ў начны час. І каля 31 працэнта злачынстваў з удзелам непаўналетніх адбываюцца ў выхадныя. «Хацелася б звярнуць увагу бацькоў, што ўскладаць абавязкі па забеспячэнні бяспекі дзяцей толькі на школу ці міліцыю не варта, бо менавіта ў сям'і закладваюцца асновы выхавання», — падкрэсліў Сяргей Янкоўскі.

Прарэктар па навукова-метадычнай рабоце Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі Аксана ТАЛКАЧОВА таксама ўпэўненая: у работу па фарміраванні прававой свядомасці моладзі павінны быць уцягнутыя ўсе — бацькі, органы МУС, навучальныя ўстановы, а таксама грамадскія дзіцячыя і маладзёжныя арганізацыі.

— Адзін з перспектыўных кірункаў прафілактыкі — укараненне медыятыўных тэхналогій у сістэму адукацыі. У Мінску працуе ўжо 11 школьных службаў медыяцыі, — расказала прадстаўнік сістэмы адукацыі. — На працягу навучальнага года школьнікі ўдзельнічаюць у семінарах і форумах, навучаюцца, а калі хто-небудзь з іх аднагодкаў аказваецца ў крызіснай сітуацыі, прымяняюць свае веды на практыцы. Праект выдатна зарэкамендаваў сябе ў Мінску, а з гэтага навучальнага года будзе распаўсюджвацца і ў рэгіёнах.

Яшчэ адна новая форма работы, скіраваная на прафілактыку правапарушэнняў, — адкрыццё мабільных пакояў для моладзі. Такія ўжо з'явіліся на базе пяці мінскіх устаноў адукацыі дзякуючы сумеснаму нямецка-беларускаму праекту.

Сёння дзеці могуць апынуцца на вуліцы з розных прычын, у тым ліку і з-за праблем ва ўласнай сям'і. Ім не хочацца ісці дамоў, большую частку свайго часу яны праводзяць з кампаніяй у дварах ці ідуць з сябрамі ў гандлёвыя цэнтры. Нават па самай аптымістычнай статыстыцы, аб'яднаннямі па інтарэсах ахоплены толькі кожны трэці школьнік.

А мабільны пакой — тое месца, куды ў пазавучэбны час заўсёды можна прыйсці без нейкай канкрэтнай мэты, каб проста пабыць у цяпле, пагуляць у настольныя гульні, паглядзець тэлевізар або зрабіць урокі ў цішыні. Для таго, каб наведаць пакой, не трэба нідзе загадзя рэгістравацца ці запісвацца, дастаткова проста ўзяць ад яго ключ. Можна прыйсці з сябрам з іншай школы. Калі ў дзяцей пацікавіліся, як бы яны хацелі бавіць свой вольны час, прычым пыталіся ў групы школьнікаў, не ахопленых заняткамі па інтарэсах, большасць з іх выбралі стасункі ў нейкім месцы, але галоўнай іх умовай была адсутнасць дарослых! Дзеці самі выпрацоўваюць правілы паводзінаў. У гэтых пакоях могуць працаваць валанцёры з цэнтра сяброўскага стаўлення да падлеткаў, але ніякага плана выхаваўчай работы няма. Толькі калі дзеці адчуюць сябе ў камфорце і бяспецы, можна ненавязліва і непрыкметна праводзіць сярод іх прафілактычную работу.

Мабільныя пакоі дзейнічаюць у сталіцы на базе сярэдніх школ № 208, № 9, цэнтра дадатковай адукацыі «Вікторыя», СПЦ Партызанскага раёна і ў цэнтры сяброўскага стаўлення да падлеткаў «Давер» на базе 8-й гарадской дзіцячай паліклінікі.

Напрыканцы 2017 года ў інтэрнэце быў запушчаны інфармацыйны рэсурс pomogut.by, дзе можна знайсці шмат карыснай інфармацыі і па бяспецы ў інтэрнэце, і па булінгу, і па нарказалежнасці. Як своечасова разглядзець у дзіцяці наркамана? Куды звяртацца і хто можа дапамагчы? Якая адказнасць прадугледжана за распаўсюджанне наркотыкаў? На гэтыя і многія іншыя пытанні ёсць адказы на сайце...

Надзея НІКАЛАЕВА

Загаловак у газеце: Ад свавольства — да крымінальнай адказнасці

Выбар рэдакцыі

Культура

У Вялікім тэатры Беларусі чакаецца 300-ы паказ балета «Стварэнне свету»

У Вялікім тэатры Беларусі чакаецца 300-ы паказ балета «Стварэнне свету»

Пагаварылі з некаторымі з тых людзей, якія спрычыніліся да вялікай працы.