Вы тут

Гісторыя вёскі Асавая. Там захавалася паганскае капішча


У Столінскім раёне Брэсцкай вобласці ёсць вёска Асавая з багатай і цікавай гісторыяй. Паводле падання, на яе тэрыторыі ў дахрысціянскія часы было паганскае капішча — яно і цяпер, сцвярджае пінскі эколаг-краязнавец Дуброўскі, захавалася пад назвай «Горкі».


Фота: radzima.net

У пісьмовых крыніцах вёска ўпершыню згадваецца ў ХVІ стагоддзі — так, у месцічаў Карповічаў захоўваецца радавод з 1503 года. Тады браты Карповічы атрымалі ва ўласнасць зямлю ў Асоўскай пушчы і стварылі тут паселішча. З імі прыехалі сяляне, якія аселі на ўрадлівых землях па суседстве — чатыры браты Лукшы (лучнікі), і называліся яны асоўцы, а шляхецкі засценак — Асова Палеская. Мясцовая шляхта была каталіцкага веравызнання, таму збудавала касцёл акурат каля капішча, а яго знішчылі. Цікава, што на другім баку рэчкі Залятынкі была пабудавана праваслаўная цэркаўка невялікага памеру — месца і сёння называецца Цэрквішча, а каля яго ў розны час знаходзілі рэшткі пахаванняў. У сярэдзіне ХІХ стагоддзя касцёл таксама пераўтварылі ў праваслаўную царкву, пры якой адкрылі царкоўнапрыходскую школу, а ў 1879 годзе ўзвялі званіцу. Званіца, хоць і драўляная, захавалася да нашага часу. Касцёл жа ў 1967-м разабралі, з яго пабудавалі клуб — а арган, званы і іконы зніклі альбо былі знішчаны. І толькі ў 1995 годзе з дапамогай польскай дыяспары касцёл пачалі будаваць наноў, у стылі сучаснай готыкі. І сёння грамадзяне Польшчы прыязджаюць да нас на магілы продкаў, а дзякуючы галандцам у Асавой з'явіўся арган — на ім іграе Аляксандр Карповіч.

Блізу касцёла пахаваныя адны толькі каталікі з наваколляў — напрыклад, тут знаходзіцца магіла Дамініка Орды, які быў прыхільнікам Напалеона Банапарта. Таксама, паводле ўспамінаў Яна Колба-Сялецкага, тут маглі быць пахаваныя паўстанцы Рамуальда Траўгута (беларускі шляхціч, баявы афіцэр, атрад якога вясной 1863-га меў некалькі сутычак з рэгулярнымі войскамі) — Вішнеўскі, Бандзкевіч і Пятроўскі, дакладныя месцы пахавання якіх невядомыя. На цвінтары знаходзіцца магіла ўдзельніка Першай сусветнай вайны, кавалера Георгіеўскага крыжа Антона Цэзарэвіча Збарашэўскага. Прах выхадца з Асавой Тадэвуша Наздрын-Платніцкага таксама прывезлі для пахавання каля касцёла — ажно з далёкай Аўстраліі...

У вёсцы доўгі час была польская школа, пры ёй бібліятэка. Паблізу размяшчалася прыгожая сядзіба ляснічага Ежы Масакоўскага з вялікім садам, каля 100 дрэваў, і ліпавай алеяй. У ягоным доме ў 1938 годзе было адкрыта вучылішча швачак, першымі вучаніцамі сталі 11 дзяўчат — пра гэта згадвала колішняя вучаніца Аляксандра Давыдоўская. У суседніх Асаўцах, прыкладна за два кіламетры, быў панскі двор, конезавод Наздрын-Платніцкага, ветраны млын Юнкевіча, кузня Міклашэўскага, карчма Фышко, таксама там жылі некалькі яўрэйскіх сем'яў.

Лясы былі такія багатыя, што на паляванне ў асаўскія бары ў 1937 годзе прыязджалі з Манькавіч Караль Радзівіл і Рыдз-Сміглы, кіраўнік польскага ўрада з Варшавы.

У 1944 годзе ў былой леснічоўцы пачала працаваць беларуская школа, якая з пачатковай паступова вырасла ў сямігодку і пад кіраўніцтвам Мяфодзія Сямёнавіча Сулкоўскага стала самай перадавой у раёне. Па звестках на 1967 год, у вёсцы дзейнічала сярэдняя школа і дзіцячы садок, крама, дом культуры. А сёння ў дадатак да пералічанага ёсць яшчэ басейн, каля якога знаходзіцца прыгожы парк Перамогі — тут устаноўлены абеліск у памяць загінулых у Вялікай Айчыннай вайне.

Летась Асавая мела гонар прымаць раённыя дажынкі — вёску ўпарадкавалі, прыбралі, як мае быць, абгарадзілі парк, спілавалі небяспечныя дрэвы. А дом культуры ператварылі адначасова і ў дом быту, і ў сацыяльна-культурную ўстанову: на першым паверсе знаходзіцца паштовае аддзяленне, комплексна-прыёмны пункт і ФАП, на другім — бібліятэка і музей, зладжаны мясцовым краязнаўцам Міколам Кавалёвым.

За тры кіламетры ад вёскі праходзіць чыгунка, ёсць станцыя Відзібор, да якой падведзены ўжо газаправод. Людзі такім пераменам не нарадуюцца, і можна ўпэўнена сказаць — вёска мае не толькі слаўнае мінулае, але і будучыню.

Марыя Малей, в. Асавая Столінскага раёна

Загаловак у газеце: Жыла-была адна вёска

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Карэспандэнт «Звязды» высвятляла, чаму так цёмна на асветленых вуліцах Магілёва

Карэспандэнт «Звязды» высвятляла, чаму так цёмна на асветленых вуліцах Магілёва

Вечарам прайсціся ўздоўж цэнтральнай вуліцы Першамайскай у Магілёве адно задавальненне.

Спорт

Баскетбаліст Бенджамін-Павел Дуду: У Гане мяне называлі белым

Баскетбаліст Бенджамін-Павел Дуду: У Гане мяне называлі белым

Мама Бена — беларуска, тата — ураджэнец Ганы.

Эканоміка

Куды звяртацца, калі грамадзяніну затрымліваюць зарплату?

Куды звяртацца, калі грамадзяніну затрымліваюць зарплату?

Адказ на гэта і іншыя пытанні — у гутарцы з Дзмітрыем Шаўчуком.