Вы тут

Беларускае кнігавыданне — у трэндзе сусветных тэндэнцый


У пачатку месяца адбыліся паездкі прадстаўнікоў беларускага кнігавыдання за мяжу: 5–6 лістапада прайшлі ХІІІ Міжнародная выстаўка-кірмаш і навуковая канферэнцыя «Кніга — шлях супрацоўніцтва і прагрэсу» ў Туркменістане, а 6–10 лістапада нашы кнігавыдаўцы прынялі ўдзел у Мальтыйскім міжнародным кніжным фестывалі. Якімі былі сёлетнія ўражанні і што атрымалася ў выніку сустрэч, перамоў з калегамі замежных краін — распавялі падчас прэс-канферэнцыі.


Фота: aif.ru

— Хачу пачаць з таго, што трэба ездзіць на міжнародныя кніжныя выстаўкі. Каб, па-першае, прадстаўляць там нашу краіну і наша кнігавыданне, бо яно адметнае. Дзе б ні прадстаўлялі беларусы свае кнігі — яны заўсёды знаходзяць водгук, адзначаюцца, прыкмячаюцца, удастойваюцца ўзнагарод; па-другое, гэта патрэбна і нашым кнігавыдаўцам, бо,як кажуць, іх сустрэчы кормяць. Трэба глядзець за тэндэнцыямі развіцця кнігавыдавецкай дзейнасці, асабліва ў век новых тэхналогій, — зазначыў начальнік упраўлення выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь Уладзімір Андрыевіч. — Якія кнігі ёсць і якімі будуць праз некаторы час, як яны ўспрымаюцца чытачамі. Ці застаецца беларускае кнігавыданне ў трэндзе сусветнага. І прыемна адзначыць, што зараз мы ідзем у патрэбным накірунку. І роля дзяржавы ў нас у гэтым пытанні вялікая. Таму што не ведаю іншых краін, дзе б дзяржава так падтрымлівала кнігавыдавецкую вытворчасць. А нам, творчым людзям, вельмі важна адчуваць такую грунтоўную платформу, на якой мы павінны рэалізоўваць новыя ідэі, ствараць новыя кнігі. Якія ў сваю чаргу сапраўды годна прадстаўлялі б нашу краіну і былі б зразумелымі і даступнымі для чытача.

У Туркменістане кнігі беларускіх выдавецтваў былі прадстаўлены ў 7 намінацыях і ў 5 з іх былі адзначаны спецыяльнымі дыпломамі, што, на думку нашых кнігавытворцаў, дае наглядную ілюстрацыю — вытворчасць кніг у Беларусі знаходзіцца на высокім узроўні. Акрамя магчымасці паказаць сябе і пераняць вопыт сваіх калег у іншых краінах, па выніках паездак можна гаварыць і пра перспектыву далейшага супрацоўніцва з кожным бокам.

— Добра гэта ці кепска, але сёння бізнес прасякнуў ва ўсе сферы нашага жыцця. У тым ліку і ў кніжную вытворчасць. Але ёсць спецыфічныя краіны, культуры, да якіх адносіцца большасць краін СНД, дзе ўсё ж, калі гаворым пра культуру, то не абавязкова адразу гаварыць пра бізнес. Да прыкладу, у чым карысць для нас ад чарговай паездкі ў Туркменістан. Упершыню быў там у 2009 годзе, і тады туркмены арганізавалі кніжную выставу, дзе былі і беларускія кніжкі, і я бачыў сярод прадстаўленых кніг выданні 80-х гадоў. Гэта значыць, што пра сучасную беларускую літаратуру туркмены проста не ведалі. А сёння, калі мы прыязджаем туды, то нам пастаянна паказваюць літаратурныя часопісы, дзе друкуюць у тым ліку і сучасных беларускіх пісьменнікаў. І гэта сведчанне наяўнасці культурнага абмену паміж нашымі краінамі. Бо мы ў нашых газетах, часопісах таксама друкуем іх аўтараў, — падзяліўся сваімі думкамі з нагоды падчас сустрэчы дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура» Аляксандр Бадак. — Там даволі высока ацэньваюць сучасную беларускую літаратуру, і мне як чытачу цікава, што адбываецца сёння ў туркменскай літаратуры.

Адзначылі таксама, што была абмеркавана прапанова выдаць анталогію дзіцячай літаратуры, дзе палову кнігі складуць туркменскія аўтары, а іншая палова будзе прадстаўлена беларускімі пісьменнікамі. У што гэта выльецца можна будзе даведацца з часам, бо пакуль што ўсё яшчэ на ўзроўні перамоў. Акрамя гэтага ў выдавецтве «Беларуская энцыклапедыя» будзе весціся праца над кнігай з серыі «Перамога адна на ўсіх: Беларусь — Туркменістан». І хочацца спадзявацца, што ў бліжэйшы час Туркменістан будзе прадстаўлены на Мінскім міжнародным кніжным кірмашу, які адбудзецца ў лютым наступнага года. Мы абмяркоўвалі і іх удзел у медыяфоруме «Партнёрства дзеля міру» і запрашалі ў Беларусь на Дзень беларускага пісьменства.

Што тычыцца паездкі на Мальту, то тут свае ўражанні і высновы. Гэтую краіну наша дэлегацыя кнігавыдаўцоў наведала ўпершыню. Правялі шэраг сустрэч, паназіралі за вопытам, прэзентавалі шэраг беларускіх выданняў і дасягнулі пэўных дамоўленасцей адносна супрацоўніцтва. Як адзначыла дырэктар выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі» Вольга Ваніна, інтарэс з мальтыйскага боку выклікала запрашэнне на Мінскі міжнародны кніжны кірмаш, а таксама на міжнародны сімпозіум літаратараў «Пісьменнік і час». Ёсць верагоднасць і выхаду перакладаў рознай тэматыкі з мальтыйскай мовы на беларускую альбо рускую. Як прыклад, можна чакаць пераклад казак для дзяцей і іншыя творы.

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Культура

Галоўны рэдактар часопіса «Маладосць» распавядае пра новую стратэгію выдання

Галоўны рэдактар часопіса «Маладосць» распавядае пра новую стратэгію выдання

З пачаткам новай падпісной кампаніі ў «Маладосці» з'явіўся новы «прамоўшан»: цяпер гэта «больш чым часопіс».

Грамадства

Як «Чырвонка. Чырвоная змена» дае дарогу будучым журналістам

Як «Чырвонка. Чырвоная змена» дае дарогу будучым журналістам

Мы заўсёды чакаем найперш ініцыятыўных, здольных нешта прапанаваць. І такія маладыя людзі заўсёды будуць пачуты.

Культура

Апошні трэк-ліст Алега Молчана

Апошні трэк-ліст Алега Молчана

Сёння 40 дзён, як кампазітар пайшоў з жыцця.