Вы тут

Што рабіць, калі заблукалі ў лесе, ці апынуліся ў палаючым доме? Падкажа праграма «Дапамога побач»


Распрацаваная Міністэрствам па надзвычайных сітуацыях (МНС) праграма падкажа, што рабіць, калі вы заблукалі ў лесе, ці апынуліся ў палаючым доме, ці да вас у хату запаўзла змяя або здарылася нешта іншае. Нядаўна праграма стала даступная не толькі на тэлефонах-андроідах, але і на айфонах, паведамляюць ратавальнікі. А надземная, авіяцыйная і касмічная сістэмы маніторынгу МНС-нікаў дазваляюць ім своечасова інфармаваць людзей пра іншыя небяспечныя моманты і прымаць меры па ліквідацыі здарэнняў і іх наступстваў цягам вось ужо 20 гадоў. З новай праграмай прапануем пазнаёміцца больш дэталёва.


Інтэрактыўныя карты і самаарганізацыя

У праграме «Дапамога побач» падрабязна апісана, што рабіць у любой надзвычайнай сітуацыі, якая можа здарыцца ў краіне. Інтэрфейс аснашчаны кнопкай хуткага выкліку службы 101.

— Праграма бясплатная і знаходзіцца ў свабодным доступе. У ёй змешчаны раздзел першай дапамогі з аўдыяфайламі, каб чалавек падчас выратавання меў свабодныя рукі, слухаючы рэкамендацыі спецыялістаў, — расказала Марыя КЛЯЗОВІЧ, афіцыйны прадстаўнік РЦУРНС МНС. — У яе інтэграваны інтэрактыўныя карты, якія апавяшчаюць пра небяспечныя метэаз'явы, што прагназуюцца Белгідраметам: моцныя мяцеліцу, дажджы, навальніцу, туман. Падчас моцных ліўняў на інтэрактыўныя карты наносіцца абстаноўка з бягучым затапленнем па краіне. У пажаранебяспечны сезон — указваюцца раёны з надзвычайнымі паказчыкамі і забаронай наведвання лясоў.

«Дапамога побач» была дапрацавана з улікам папярэдняга вопыту, калі пацярпелым дапамагалі іншыя неабыякавыя людзі. Падобная самаарганізацыя паратунку асабліва карысная падчас буйных стыхійных бедстваў. Напрыклад, калі здарыўся ўраган Хаўер, многія былі гатовыя дапамагчы гарачай гарбатай або выцягнуць чалавека з-пад завалу, аднак не ведалі, каго і дзе трэба ратаваць, заўважыла прадстаўніца МНС:

— Каб людзі маглі бачыць, каму патрабуецца дапамога, а таксама ўказаць, што ў іх для гэтага ёсць, мяркуецца, што падчас буйных здарэнняў у праграме будзе даступны для насельніцтва спецыяльны раздзел. Тут можна будзе нанесці на карту звесткі пра магчымасці дапамогі, указаць, што ёсць гарбата, джып, лябёдка.
А пацярпелыя змогуць напісаць, што ім трэба дапамога. І на карце будзе відаць месцазнаходжанне іх усіх.

Квадракоптар для паводкі

Функцыя па каардынацыі сістэмы маніторынгу і прагназавання надзвычайных сітуацый рэалізуецца ў МНС з 2005 года. Спецыялісты кругласутачна аналізуюць абстаноўку ў краіне і за яе межамі.

Наземны маніторынг складаецца з сеткі лабараторый, станцый, пастоў арганізацый (Мінпрыроды, Мінлясгасу, Мінэнерга, Міністэрства аховы здароўя і іншых ведамстваў). А таксама апаратна-праграмных комплексаў, якія ўсталяваны на патэнцыйна небяспечных аб'ектах і тэрыторыях, такіх як хімічныя аб'екты, лясныя масівы, зоны ўплыву АЭС.

— Белгідраметам у Беларусі створана сетка стацыянарных пастоў назірання радыяцыйнага маніторынгу, дзе замеры праводзяцца ўручную. І ёсць аўтаматызаваныя сістэмы радыяцыйнага кантролю, якія ўсталяваны ў зонах уплыву сумежных АЭС: Ровенскай, Смаленскай, Ігналінскай і Чарнобыльскай. Яны працуюць у пастаянным рэжыме, — расказала Вікторыя ДЗЯМ'ЯНЧЫК, намеснік начальніка аддзела маніторынгу і прагназавання надзвычайных сітуацый Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Беларусі. — У зоне размяшчэння Беларускай АЭС, што будуецца, створана новая аўтаматызаваная сістэма кантролю радыяцыйнай абстаноўкі навакольнага асяроддзя, аснашчаная метэадатчыкамі, якая дазваляе рабіць спектральны аналіз радыенуклідаў.

Дыстанцыйны маніторынг з дапамогай авіяцыі адсочвае, што робіцца ў прыродных экасістэмах, асабліва падчас паводкі і ў спёку, ацэньвае лядовую сітуацыю і наступствы буйных бедстваў. Незаменныя самалёты і калі барацьба са стыхіяй наземнымі сродкамі ўскладняецца праз цяжкадаступнасць тэрыторыі. Квадракоптары і беспілотнікі таксама дапамагаюць маніторыць сітуацыю з паветра.

Здымкі пажараў з космасу

Касмічны маніторынг ратавальнікі вядуць сумесна з прадпрыемствам «Геаінфармацыйныя сістэмы» НАН Беларусі. Гэтая арганізацыя з'яўляецца нацыянальным касмічным аператарам Беларускай касмічнай сістэмы дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі (ДЗЗ). Пры ўзнікненні прыроднай або тэхнагеннай надзвычайнай сітуацыі даныя ДЗЗ накіроўваюцца ў МНС першачаргова.

— Вучоныя атрымліваюць здымкі з беларускіх і замежных спадарожнікаў, апрацоўваюць звесткі і перадаюць іх нам, — тлумачыць спецыяліст. — З дапамогай гэтай інфармацыі мы выяўляем цеплавыя анамаліі, якія, магчыма, з'яўляюцца ачагамі прыродных пажараў. Мы перадаём даныя ў тэрытарыяльныя ўпраўленні МНС, дзе іх правяраюць і рэагуюць адпаведна. Сёлета так знайшлі больш за 200 пажараў.

Здымкі ДЗЗ дазваляюць адшукаць і невялікія пажары, якія не ахапілі значную плошчу.

— Касмічны маніторынг актыўна развіваецца, і Нацыянальны касмічны аператар зацікаўлены ў аўтаматызацыі нашай сумеснай работы. Падчас вялікага прыроднага пажару, напрыклад, мы можам заказаць яму буйнейшыя здымкі пэўнай тэрыторыі. Па іх правяраецца плошча пажару, напрамак, у якім ён распаўсюджваецца, і нават магчымы час пачатку пажару, — сцвярджае Вікторыя Дзям'янчык. — Цяпер увесь працэс ад удакладненняў і запаўнення заяўкі да атрымання звестак робіцца ўручную. Аднак з часам мы самі зможам паглядзець, ці існуюць увогуле здымкі пэўнай мясцовасці ў той час, што нас цікавіць, і заказваць патрэбныя ілюстрацыі ўжо ў рэжыме анлайн.

З дапамогай касмічнага маніторынгу ацэньваюць абстаноўку таксама на сумежных тэрыторыях, непасрэдна каля мяжы Беларусі. Калі там раптам узнікне пажар, то існуе імавернасць пераходу яго ў нашу краіну, таму за яго развіццём сочаць і перадаюць інфармацыю пра пагрозу суседзям. Для ацэнкі абстаноўкі паводкі касмічныя здымкі таксама карысныя, бо паказваюць ледзяныя заторы на рэках. Гэтаксама ж выяўляюцца маштабы затопленых вадой тэрыторый.

Для патрэб МНС ствараецца геапартал, які распрацоўвае нацыянальны касмічны аператар. Падобныя праграмы рыхтуюцца і для Мінлясгасу, і для Мінпрыроды. У перспектыве ўсе гэтыя рэсурсы можна будзе аб'яднаць у адзін, каб бачыць звесткі, у якіх зацікаўлена кожная служба.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Загаловак у газеце: «Дапамога побач»

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Куды звяртацца, калі грамадзяніну затрымліваюць зарплату?

Куды звяртацца, калі грамадзяніну затрымліваюць зарплату?

Адказ на гэта і іншыя пытанні — у гутарцы з Дзмітрыем Шаўчуком.

Эканоміка

Чаму не варта спадзявацца на «шэрую» зарплату?

Чаму не варта спадзявацца на «шэрую» зарплату?

Будаўніку заплацілі менш, чым дамаўляліся вусна.

Культура

Галоўны рэдактар часопіса «Маладосць» распавядае пра новую стратэгію выдання

Галоўны рэдактар часопіса «Маладосць» распавядае пра новую стратэгію выдання

З пачаткам новай падпісной кампаніі ў «Маладосці» з'явіўся новы «прамоўшан»: цяпер гэта «больш чым часопіс».