Вы тут

Бульбы смак на кірмашы


Самабытная беларуская народная культура ў розных праявах жыве ў Новасібірскай вобласці.


Сябры Новасібірскай нацыянальнакультурнай аўтаноміі беларусаў

Раённы пасёлак Машкова прымаў сёлета восеньскі абласны кірмаш “Свята бульбы”. Як вядома, бульбу называюць у Беларусі другім хлебам: не раз яна выручала нашых супляменнікаў у галодныя гады, а цяпер гэта — прадукт экспартны. Асноўнай тэматыцы кірмашу адпавядалі конкурсныя выставы “Смаката з бульбы” й “Бульбяныя дзівосы”, сярод удзельнікаў якіх вызначылі пераможцаў. Што было зусім нялёгка! Народныя ўмельцы не толькі згатавалі смачныя стравы, змайстравалі незвычайныя вырабы, але й праявілі вялікую фантазію ў выбары назваў для работ. Журы ацэньвала на смак “Плеценыя лапцікі”, “Ружачкі”, “Лодачкі”, нават “Буслоў на даху”. А “Капатыч”, “Сараканожка” й “Лясны алень” былі — толькі для любавання. І гэта ўсё з бульбы!

***

Выступае Тэатр народнай песні “Вясёлка”

Бульбу й мноства іншых прадуктаў маглі набыць сібіракі на кірмашы беларускіх тавараў, які цэлы тыдзень працаваў у Новасібірску. Прадаваліся каўбасы, малочныя вырабы, цукеркі, яблыкі, а таксама касметыка, абутак, адзенне. У першыя гадзіны працы кірмаша станавіліся вялікія чэргі. То ж не дзіва! Словазлучэнне “Зроблена ў Беларусі” заўсёды было сінонімам высокай якасці, натуральнасці. У цырымоніі адкрыцця кірмашу паўдзельнічалі мэр Новасібірска Анатоль Локаць, намеснік губернатара вобласці Сяргей Сёмка, дарадца аддзялення Пасольства Беларусі ў Расіі ў Новасібірску Андрэй Гасюк, намеснік Старшыні праўлення Белкаапсаюза Інэса Караткевіч, кіраўніца Новасібірскага цэнтра беларускай культуры Анастасія Дзяменцьева. Прысутнасць такіх паважаных людзей — яскравае сведчанне: гасцям з Беларусі заўсёды рады на сібірскай зямлі.

***

Удзельнікі Свята бульбы

А мы, супрацоўнікі ЦБК, заўсёды радуемся, калі можам сабраць разам прадстаўнікоў беларускай дыяспары. Паводле традыцыі, у Дзень пажылога чалавека наш Цэнтр ладзіць сустрэчы для сяброў Новасібірскай нацыянальна-культурнай аўтаноміі беларусаў. Сёлета мы не парушылі правіла. У часе кулінарнага майстар-класа беларусы дзяліліся традыцыямі, якія “жывуць” у іх сем’ях, прыадкрывалі сакрэты гатавання нацыянальных страў.

Каштоўны досвед старэйшых — пераймаем. Дарэчы, аўтаноміі беларусаў ужо больш за 20 гадоў. Па ініцыятыве яе актывістаў у 2000 годзе й быў створаны Новасібірскі цэнтр беларускай культуры — яго ўзначаліла тады Ніна Кабанава. Сумеснымі намаганнямі мы стараемся й сёння адкрываць беларускую культуру для жыхароў Сібіры.

Цёплыя, па-беларуску душэўныя падзеі гэтай восені ўвойдуць у гісторыю беларускага руху Сібіры, захаваюцца ў памяці, на фотаздымках.

Таццяна Нялюбіна, метадыстка Новасібірскага цэнтра беларускай культуры.

Фота аўтара.

Дарэчы. Бульба для беларусаў — больш чым проста ежа! Мяркуйце па здымках гэтай восені ў нэце: https://people.onlіner.by/2019/09/04/bulba‑6 Летась, калі 5 чэрвеня на тэрыторыі Міжнароднай выставы “Белагра-2018” праходзіў “Дзень бульбы ў Беларусі”, для прадстаўнікоў СМІ правялі прэс-канферэнцыю “Бульба як брэнд Беларусі”. Калегі пісалі пра паведамленне, якое зрабіў Вадзім Маханько, намеснік гендырэктара Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па бульбаводстве й плодаагародніцтве па навуковай рабоце, кандыдат сельскагаспадарчых навук. Ён гаварыў пра значэнне бульбы для жыхароў, эканомікі Беларусі. Згадаў: на тэрыторыях нашых сельгаскультура з’явілася на стагоддзе раней, чым у Расіі (туды, сцвярджаюць, мяшок бульбы з Галандыі прывёз сам цар Пётр І). Аднак “чортаваму яблыку” расійскія сяляне адчайна супраціўляліся, амаль да сярэдзіны XІX стагоддзя бульбу не хацелі высаджваць. Яшчэ, кажуць, калі рускія войскі душылі Паўстанне Кастуся Каліноўскага (1863–1864), то салдаты, асабліва з тэрыторый Сібіры, дзівіліся, калі бачылі бульбяныя палі: раней жа такога не былі. То, магчыма, якраз тыя ссыльныя паўстанцы-каліноўцы, “асвойваючы” Сібір, дапамагалі й бульбе прасоўвацца ўглыб расійскіх прастораў?

Яшчэ факты, што прыводзіліся на прэс-канферэнцыі: у сярэдзіне XІX стагоддзя ў беларускіх губернях выраблялася 25% усяго валавога збору бульбы ў Расійскай імперыі. Тут жа ў другой палове XІX стагоддзя было 160 перапрацоўчых прадпрыемстваў, якія выраблялі з бульбы крухмал і спірт.

Якія цяпер маем лічбы? Паводле свежых дадзеных Белстата (лістапад 2019), наша краіна займае па аб’ёмах вытворчасці бульбы 11‑е месца ў свеце, а ў пераліку на душу насельніцтва — першае. Яна ж — сусветны лідар па вытворчасці льновалакна (3‑е месца), жыта (6‑е) і журавін (10‑е). Сярод краін СНД Беларусь абыходзіць усіх па вытворчасці на душу насельніцтва бульбы, цукровых буракоў, мяса й малака, і яшчэ па вытворчасці яек мы другія, зерня й гародніны — пятыя. У 2018‑м за рубеж (геаграфія паставак — 96 краін!) Беларусь паставіла сельгаспрадукцыі й харчавання на $ 5,3 млрд (рост на 6,2% у параўнанні з 2017‑м). На долю Расіі прыйшлося каля 80% экспартных паставак аграхарчовай прадукцыі, Казахстана — 5,9%, Украіны — 2,3%, Літвы — 1,8%, Кітая — 1,6%.

Сёлета ў Беларусі накапалі 855 тысяч тон бульбы (на 90 тыс. тон больш, чым у 2018‑м), пры сярэдняй ураджайнасці 313 цэнтнераў з гектара. Вядома ж, Беларусь застаецца буйным экспарцёрам бульбы: у асноўным у краіны, што ўтварыліся на постсавецкай прасторы. Штогод на экспарт ідзе яе больш за 300 тысяч тон. Асабліва запатрабаваная сёлета наша бульба ва Украіне.

Нумар у фармаце ПДФ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.