Вы тут

Нашы святы — у расійскія хаты


Народныя святы беларусаў Багач і Дзяды пачалі абжывацца ў Цюменьскай вобласці Сібіры.


Надзея Падкарытава на пшанічнай ніве

Гэтай восенню актывісты Цюменьскай абласной грамадскай арганізацыі “Нацыянальная культурная арганізацыя Аўтаномія Беларусь” пад кіраўніцтвам Марыі Піскун, шануючы спрадвечна беларускія традыцыі, зладзілі Багач і Дзяды. Для беларусаў яны не дзіва, іншым жа сібіракам — у навіну.

Багача святкавалі нават двойчы: у Заводаукаўскім раёне, вёсцы Новалыбаева (туды выязджалі творчыя гурты арганізацыі), ды ў Пляханаве — цюменьскім прыгарадзе, што ўвайшоў у склад горада. Там, дарэчы, і жыве працавітая, вялікая сям’я Марыі ды Мікалая Піскуноў. Спявалі песні, вадзілі карагоды, загадвалі загадкі, распавядалі гісторыі. Быў конкурс на самую вялікую гародніну са свайго агарода, і конкурс на самую смачную страву з гародніны новага ўраджаю. На сталы выклалі розныя пачастункі. Перамагла дружба. Потым — святочны канцэрт, выстава “Градка-цуд”, фотасесія ўдзельнікаў з гледачамі.

А колькі ўсяго можна было пакаштаваць, з нацыянальным каларытам згатаванага! Былі дранікі з мясам, калдуны (іх часам называюць і клёцкамі), каўбаскі беларускія, рагу па-беларуску, бульба са скваркамі, блінцы з мясам, тварагом, кабачкамі… Усе разышліся задаволеныя, і кожны — з падарункам на памяць пра Багач: свята ўраджаю, урадлівасці ды сямейнага дабрабыту. Як расказвала Марыя Іосіфаўна, на Багача беларусы спрадвеку ўшаноўваюць Маці-сыру-Зямлю за сабраны ўраджай, а таксама й хрысціянскай Багародзіцы дзякуюць. Лічыцца, што яна дае дабрабыт, апякуецца земляробамі, сем’ямі, асабліва маці. Абрады ж дапамагаюць адчуць радасць ад зробленай працы, ад таго, што мы ў суладзі з Сусветам творым хлеб, які, кажуць у народзе, усяму галава.

Такі багаты Багач атрымаўся на Цюменьскай зямлі

Расказвала Марыя Піскун і пра таямніча-містычны абрад беларусаў Дзяды: народны, з язычніцкай даўніны памінальны абрад з рытуальнай вячэрай у памяць аб памерлых родных. Дзядамі называюць як дзень абраду, так і нябожчыкаў, якіх памінаюць-шануюць. Дарэчы, каталікі адзначаюць свае Дзяды ўвечары 1 лістапада, праваслаўныя — у трэцюю суботу пасля Пакроваў (сёлета — 2 лістапада). Лічыцца, што на Дзяды продкі прыходзяць у “наш свет”, каб адведаць нашчадкаў: даведацца, ці правільна жывуць, ці шануюць багоў сваіх (а продкі ў язычнікаў станавіліся багамі), ці памятаюць іх. Кіраўніца беларускай суполкі ў Цюмені расказала: у іх сям’і гэтае свята жывое й па сёння, перадаецца як духоўная спадчына продкаў. Марыя Іосіфаўна з большага расказала, як рыхтуецца да абраду хата-дом, што звычайна яна гатуе на рытуальную вячэру, як праходзіць сам абрад, а потым — звесяленне Дзядоў. Дарэчы, весялілі іх па-рознаму: скокамі, песнямі, маскарадамі. У Пляханаве якраз усё тое на святочным канцэрце, у часе гульнявой праграмы й паказалі.

Людміла Бакланава, г. Цюмень

Нумар у фармаце ПДФ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.