Вы тут

“Алесі” – 95!


У  Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь прайшло свята "Жанчыны трапяткі сусвет", прысвечанае 95-годдзю часопіса "Алеся".


         Прывітальнае слова ад кіраўніка Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі калектыву часопіса зачытаў намеснік Главы Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Андрэй Кунцэвіч. З прывiтальнымi словамi выступiлi намеснiк міністра інфармацыі Игар Бузоўскi, старшыня ГА “Беларускі саюз жанчын” Марыяна Шчоткіна, дырэктар-галоўны рэдактар РВУ “Звязда” Павел Сухарукаў, старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызма Таццяна Філімонава, дырэктар Вялікага тэатра оперы і балета Аляксандр Пятровіч, прадстаўнікі Нацыянальнага мастацкага музея і іншыя паважаныя госці.

У гэты вечар гучалi вiншаваннi i ўручалiся падарункi. Cупрацоўнiкi «Алесi» атрымалi ўзнагароды.

Гасцей вiталi  навучэнцы і выпускнікі Маладзечанскага музычнага каледжа імя Агінскага. Гэта струнны ансамбль “Амелія” I салiсты Маладзечанскага музычнага тэатра.

Выстава “Жанчыны трапяткі сусвет” – гэта  падарунак Нацыянальнага мастацкага музея нашаму часопісу і яго чытачам з нагоды юбілею. Экспазiцыю склалi мастацкія творы з фондаў музея, прысвечаныя  жанчыне.

         Напрыканцы вечара госцi убачылi дэфiле рэканструяваных народных строяў, выкананых сучасным майстрам традыцыйнага адзення Аляксандрай Мятлеўскай, сябрам ГА “Студэнцкае этнаграфічнае таварыства” і супрацоўніцай Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Калекцыя ўпершыню экспанавалася ў Музеі беларускага народнага мастацтва ў Раўбічах летам 2018 года.

         Шмат узгадвалі гісторыю нашага часопіса, якая пачалася ў лістападзе 1924 года пад назвай “Беларуская работніца і сялянка”. Стварэнне нацыянальнага жаночага часопіса было ініцыятывай жанаддзела ЦК КПБ (б), таму найперш тут змяшчаліся матэрыялы пра грамадскае і палітычнае жыццё жанчын. Пасля Вялікай Айчыннай вайны папулярнае жаночае выданне мела назву “Работніца і сялянка”, а ў 1995 г. атрымала пяшчотнае беларускае жаночае імя “Алеся”.

Часопіс стаў актуальным адлюстраваннем жыцця нашых жанчын на працягу амаль 100 гадоў. Моцныя духам, беларускі змагаліся за лепшую будучыню для сваіх дзяцей, верылі ў светлае заўтра, шчыра працавалі дзеля росквіту краіны, адстойвалі свае правы, а яшчэ -- дзяліліся ўласным досведам па вядзенні хатняй гаспадаркі і разважалі пра жаноцкую прыгажосць.

Галоўны часопіс жанчын Беларусі чуйна лавіў подых часу і мяняўся суадносна зменам у грамадстве, але заўсёды яго ўзначальвалі жанчыны. Сёння вядома, што ў розныя гады яго галоўнымі рэдактарамі былі Марыя Муратава, Аляксандра Ус, Марыя Карпенка, Раіса Баравікова, Тамара Бунта. А вось сярод аўтараў значыліся многія паважаныя мужчыны – паэты і пісьменнікі Янка Купала, Якуб Колас, Паўлюк Трус, Змітрок Бядуля, Кузьма Чорны, Міхась Лынькоў, Іван Мележ, Іван Шамякін, Ніл Гілевіч і інш.

У 1974 г. у сувязі з 50-годдзем часопіс быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. У 1980-х тыраж «Работніцы і сялянкі» дасягнуў рэкорда – 1,5 мільёна асобнікаў!

Асноўная мэта часопіса застаецца нязменнай на працягу ўсяго часу яго існавання -- паказаць беларускую жанчыну як Асобу, незалежна ад таго, хто яна па прафесіі і роду заняткаў, прафесар або хатняя гаспадыня, кіраўніца прадпрыемства або даярка, дэпутатка або шматдзетная маці.

Але без вас, дарагія чытачы, гэтай 95-гадовай гісторыі быць не магло. Мы ад усяго сэрдца дзякуем усім неабыякавым да нашай “Алесі”.

Дзякуй, што вы з намі!

 


Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Як наладзіць бізнес у невялікім райцэнтры, дзе няма чыгункі

Як наладзіць бізнес у невялікім райцэнтры, дзе няма чыгункі

Уздзенскі касцёл, які пабудавалі ў канцы ХVІІІ стагоддзя, мясцовыя ўлады не адзін раз спрабавалі прадаць праз электронны аўкцыён, але ахвотных аднавіць помнік архітэктуры не знаходзілася. 

Спорт

«Дзясятае месца — гэта наша памылка». Беларускія гандбалісты не выйшлі ў алімпійскі кваліфікацыйны турнір

«Дзясятае месца — гэта наша памылка». Беларускія гандбалісты не выйшлі ў алімпійскі кваліфікацыйны турнір

У заключным матчы ЧЕ па гандболе зборная Беларусі згуляла ўнічыю з камандай Аўстрыі — 36:36