Вы тут

Віктар Гардзей. Россып зарніц



«Шчыміць душа і просіць разумення…»

Настальгічныя блюзненні

(з выездам на Машукоўшчыну —

гару майго дзяцінства)

 

Толькі вёска мая з-пад зарніц, з-пад зары

Дзесьці там, паміж мной і гарою.

Конь туды завязе — лейцы ў рукі бяры.

Дзе паставіш каня? Ні кала, ні двара.

Сніцца вёска мая, сніцца гэта гара,

Сніцца вёска пакуль не ізгою.

 

Сажняў сотня гары (звесткі ёсць ЭВМ)

Над узроўнем Балтыйскага мора.

Конь і я на шляху — адмысловы тандэм.

Сон агорне мяне. Конь знямогся зусім.

То праедзем крыху, то крыху пастаім.

У вачах і спалох, і пакора.

Каб рыдван-шарабан, а то просценькі воз.

А запрог бы ў драпчак, ці ў пралётку?

У аглоблях мой конь як танцор-віртуоз.

Аслабеў, бо ў якую б ні ехаў пару,

Пад гару, а не ўніз… Пад гару, пад гару —

Капыты выбіваюць чачотку.

 

Будзе ўсё, як прысню. Будзе так, як хачу.

Я з дабром — без мяча і даспехаў.

Камянёў! Не скаціцца з гары абручу.

Пасяджу на халодным яшчэ валуне.

Ці бадзяга, ці не — зразумець трэба мне:

Ты з якога стагоддзя прыехаў?

 

Знойдзем цёплы начлег, аглабельны танцор!

Вось жа тут быў асвер наш цыбаты.

Ды і гэты валун, так сказаць, лабрадор,

Прыкаціўся з гары — Скандынавіі дар,

Хоць даўно дзед Сцяпан, цішыні валадар,

Не прыходзіў на котлішча хаты.

 

 

Пад знакам Стральца

 

1

Выкінь грозны патрон з патранташа —

Там жакан альбо куля «дум-дум».

І сваё, а таксама ўсё «наша»,

І чужое пусцілі на глум.

 

2

Будзе суд бескрамісны і строгі,

Уявіў і — жуду не збароў:

Толькі рогі, адны толькі рогі —

Гэта здані пабітых звяроў.

 

3

Не насыціўся кашаю маннай,

Дык прыварак здабудзе жакан,

А «дум-дум» — лічаць куляй гуманнай:

Брыкне звер без пакуты ад ран.

 

4

Арыён — вечны збор паляўнічых —

Ушануе заслугі чальца.

Шар зямны, як заўжды, маляўнічы,

Замарудзіць пад знакам Стральца.

 

Сухія навальніцы

 

У ліпеня ноч у абладзе —

Цярушыць уроссып зарніцы.

Ледзь чутныя на даляглядзе,

Сухія брыдуць навальніцы.

Над лесам, бадай, без прычыны

Адсвечваюць светла ляшчыны.

Там хата стаяла і пуня,

Было там і люба, і міла.

Ці чула, мая прыгажуня?

Маланка арэхі спаліла.

 

Дажджу пралілося замала —

Купалле, зялёныя святкі.

Свяціла, сляпіла, жахала,

Ад бляску ўчарнелі зярняткі.

А там, дзе гуляе стыхія,

Брыдуць навальніцы сухія.

Сягоння нам крыўдна і горка,

З журбою пад лес прагулянка.

Ці чула, мая ясназорка?

Спаліла арэхі маланка.

 

Жыві, ды з найлепшым намерам!

І радасць адна ў прагулянцы:

Дзе хата стаяла з асверам,

Лясніцтвам пасаджаны флянцы.

Ляшчыны сівеюць на ўзлобку,

То гуртам, а то паасобку.

Прымрояцца ў роспачы пудкай

Знаёмыя вокны і стрэхі.

Ці помніш, мая незабудка?

Маланка спаліла арэхі.

 

 

Канфузія ўдалых раварыстаў

 

З Колем Зайцам, сябрам ганарыстым,

Спаміж поля мчымся нацянькі.

То не шлях удалым раварыстам —

Вёрстаў пяць да вёскі Дубнякі!

 

Скокі пад гармонік у разгары,

Людны «пятачок» паўз нечы плот.

Коля ровар кінуў — скача ў пары,

Дый мяне ўжо клічуць на факстрот.

Не сказаць, што шумныя гастролі.

Жыхароў наогул тут не шмат.

Спотай нам і шыны прапаролі,

Каб чужых не зводзілі дзяўчат.

 

Дух сышоў у колах — як жа ехаць?

А сябровак хлопцы павялі.

Па прасёлках высцігаем пехаць,

Дубнякі — усё ж не край Зямлі.

 

Ровар збоку, ды старчма педалі.

Дома ўжо світанак застае.

Салаўі чужыя абсвісталі,

А цяпер абсвішчуць і свае.

 

 

Ода Сузор’ю Льва

 

Што было не гэтак, тое ўсё адно

Зжыта і забыта, як было даўно

Быццам не з табою, і таму няўзнак,

Успамін журботны, не звядзі ў адчай.

Я — жыхар Сусвету, дый схлусіць мастак.

Што было не гэтак, ты мне прабачай,

Што было не гэтак, што было не так.

 

Жар былых эмоцый — як завялы цвет.

Дзікі і халодны зорны мой Сусвет.

Знак свой нараджэння — Льва я не віню.

Выбіўся нарэшце: вечны зор пастух!

Надта ж не зважайце на маю хлусню.

Жар былых эмоцый на слаце патух,

Жар былых эмоцый грэў і без агню.

 

На сваю радзіму глянуць спадылба

Зблізку і здалёку не гукай, журба!

Суцяшэння мала: скалы ды жарства.

Знак агню бясплодны — валасаты Леў

Ацаніць ці зможа прагу хараства?

На сваю радзіму сам я не хацеў,

На сваю радзіму, пад Сузор’е Льва…

 

“Полымя” №5, 2019

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.