Вы тут

Як даказаць, што сусед сочыць за вамі, а не за злодзеямі


Мой сусед устанавіў на сваім доме відэакамеру. Спачатку яна была накіравана на яго ўчастак, і мы не звярталі на яе ніякай увагі. Цяпер жа ён павярнуў камеру так, што яна «глядзіць» на наш участак. Нам з мужам гэта прычыняе нязручнасці. Асабліва мне, бо я — інвалід І групы: пасля інсульту ў мяне паралізаваны левая рука і левая нага. Я з цяжкасцю рухаюся з палачкай.

Звярталася з гэтым пытаннем да нашага ўчастковага інспектара — той кажа, што гэта дапушчальна. Аднак ён працуе нядаўна, можа, чагосьці не ведае? Днямі бачыла па тэлебачанні перадачу, дзе казалі, што нельга накіроўваць відэакамеру на суседзяў. Вельмі прашу адказаць, ці правільна робіць мой сусед з юрыдычнага пункту гледжання. Сітуацыя цягнецца ўжо больш за тры гады.

М. І., вёска Зелянец, Карэліцкі раён.


На пытанне адказвае Алег КАРАЗЕЙ, начальнік упраўлення прафілактыкі МУС:

— Падобныя звароты ад фізічных асоб, якія скардзяцца на неналежнае выкарыстанне відэакамер на падворку, — не рэдкасць. На жаль, заканадаўства краіны не ўтрымлівае палажэнняў, якія рэгламентавалі б парадак іх выкарыстання. Нарматыўнымі прававымі актамі не прадугледжаны абмежаванні па ўстаноўцы фізічнымі асобамі відэакамер, а таксама адзіны парадак ажыццяўлення відэафіксацыі ў розных мэтах, накшталт аховы сваёй маёмасці ці назірання за зямельным участкам. 

Пры гэтым неабходна падкрэсліць, што ўсталяванне відэакамеры насамрэч у значнай ступені уплывае на забеспячэнне захаванасці маёмасці, дапамагае прадухіліць яе пашкоджанне, здзяйсненне хуліганскіх дзеянняў. А ў выпадку, калі правапарушэнне усе ж такі здарылася, выявіць асоб, якія яго здзяйснілі, і прыцягнуць да адпаведнай адказнасці пры дапамозе запісаў камер відэаназірання значна лягчэй.

Тым не менш, у сітуацыі, калі відэакамера суседа прычыняе вам шкоду, неабходна абараняць сябе і свае правы.

Пры выкарыстанні сродкаў відэафіксацыі неабходна ўлічваць шэраг нормаў, якія рэгулююць сумежныя грамадскія адносіны. Выкарыстанне сродкаў назірання не павінна парушаць правы і свабоды іншых асоб. Згодна з артыкулам 28 Канстытуцыі, кожны мае права на абарону ад незаконнага ўмяшання ў яго асабістае жыццё, у тым ліку ад замаху на тайну яго карэспандэнцыі, тэлефонных і іншых паведамленняў, на яго гонар і годнасць.

Згодна з другой часткай артыкула 18 Закона «Аб інфармацыі, інфарматызацыі і ахове інфармацыі» ад 10 лістапада 2008 года, збор, апрацоўка і захоўванне інфармацыі аб прыватным жыцці фізічнай асобы і персанальных даных, а таксама іх выкарыстанне дазваляюцца толькі са згоды гэтай асобы.

Пад інфармацыяй аб прыватным жыцці фізічнай асобы і персанальнымі данымі маюць на ўвазе ў тым ліку і звесткі, якія складаюць асабістую і сямейную тайну, тайну тэлефонных размоў, паштовых і іншых паведамленняў, звесткі, што датычацца стану здароўя асобы.

Згодна з артыкулам 151 Грамадзянскага кодэкса (ГК), недатыкальнасць прыватнага жыцця, асабістая і сямейная таямніцы адносяцца да нематэрыяльных даброт. Згодна з пунктам 2 артыкула 151 ГК, нематэрыяльныя даброты ахоўваюцца ў адпаведнасці з грамадзянскім заканадаўствам у выпадках і парадку, якія прадугледжаны гэтым заканадаўствам.

Алег КАРАЗЕЙ. Фота: МУС Беларусі

Калі вы лічыце, што парушаны вашы правы на недатыкальнасць прыватнага жыцця, асабістую і сямейную тайну, вы маеце права выкарыстаць любыя формы і спосабы аховы, якія пералічаны ў артыкуле 11 ГК: напрыклад, аднавіць становішча, якое існавала да парушэння права, спыніць дзеянні, якія парушаюць права, запатрабаваць кампенсацыі маральнай шкоды і г. д.

Згодна з часткай 1 артыкула 152 ГК («Кампенсацыя маральнай шкоды»), калі грамадзяніну нанесена маральная шкода (фізічныя або маральныя пакуты) дзеяннямі, якія парушаюць яго асабістыя немаёмасныя правы, чалавек мае права патрабаваць ад парушальніка грашовую кампенсацыю ўказанай шкоды. Для гэтага трэба падаць іск у суд.

Калі ж ёсць падстава меркаваць, што адбываецца мэтанакіраваны збор і назапашванне звестак пра прыватнае жыццё, гэта ўжо прычына разглядаць у сітуацыі прыкметы злачынства, якое прадугледжана артыкулам 179 Крымінальнага кодэкса («Незаконны збор або распаўсюджванне інфармацыі пра прыватнае жыццё»). У гэтым выпадку вы маеце права звярнуцца ў тэрытарыяльны орган унутраных спраў з заявай, па факце якой будзе праведзена праверка.

У любым выпадку, перш чым распачынаць пэўныя дзеянні ў дачыненні да суседа, раю пагаварыць з ім і растлумачыць, што яго відэакамера вас турбуе. Толькі калі дамовіцца не ўдасца, варта звяртацца па дапамогу ў кампетэнтныя органы.

Шаноўныя чытачы, калі ў вас узніклі пытанні юрыдычнага характару, дасылайце іх на наш паштовы або электронны адрас sіdаrоk@zvіаzdа.bу. У «Прававой гасцёўні» разам са спецыялістамі Мінюста мы будзем шукаць на іх адказы.

Загаловак у газеце: Куды «глядзіць» відэакамера?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.