Вы тут

Забруджванне паветра працягвае ствараць праблемы для здароўя людзей


На сесіі Выканаўчага органа Канвенцыі ЕЭК ААН аб трансгранічным забруджванні паветра на вялікія адлегласці абмеркавалі метады барацьбы за чыстае паветра.


Мерапрыемства прайшло на 40-ю гадавіну з даты падпісання Канвенцыі — яна стала першым дагаворам, які юрыдычна абавязвае, накіраваным на забеспячэнне маніторынгу і памяншэнне шкоды здароўю людзей і навакольнага асяроддзя ў выніку трансгранічнага забруджвання паветра.

Парадак дня сесіі быў прысвечаны разгляду пытанняў аб рэалізацыі Канвенцыі ў 2018—2019 гадах, зацвярджэнню плана работы па імплементацыі гэтага міжнароднага дагавора ў наступны двухгадовы перыяд, а таксама пытанняў фарміравання рэгіянальнай пляцоўкі для супрацоўніцтва ў галіне скарачэння забруджвання паветра. Па выніках сесіі была адобрана Дэкларацыя Бакоў Канвенцыі аб барацьбе за чыстае паветра ў перыяд 2020—2030 гадоў і ў наступны перыяд у рэгіёне ЕЭК ААН.

Сумесныя намаганні краін за апошнія 40 гадоў прывялі да значных вынікаў: з 1990 года выкіды шэрагу забруджвальных рэчываў у рэгіёне скараціліся ад 40 да 80 %. З 2000 да 2012 года канцэнтрацыі цвёрдых часціц у Еўрапейскім рэгіёне зменшыліся прыкладна на трэць. Але забруджванне паветра працягвае ствараць сур'ёзныя экалагічныя пагрозы і праблемы для здароўя людзей.

— Дзеючымі нацыянальнымі дакументамі ўстаноўлены мэты па зніжэнні выкідаў ад стацыянарных і мабільных крыніц на 2,7 % да 2020 года ў параўнанні з 2005-м, — расказаў намеснік міністра прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя Аляксандр КОРБУТ, які ўзначаліў беларускую дэлегацыю ў Жэневе. — Пры гэтым неабходна ўлічваць, што ў краіне ў гэты перыяд ажыццяўляецца будаўніцтва буйных прамысловых прадпрыемстваў.

Многія мерапрыемствы па зніжэнні выкідаў парніковых газаў, якія сёння праводзіць Беларусь, у тым ліку развіццё аднаўляльнай энергетыкі, электратранспарту, зніжэнне спажывання высокавугляроднага паліва, вядуць да зніжэння і выкідаў забруджвальных рэчываў.

Намеснік міністра адзначыў, што наша краіна разглядае магчымасць ратыфікацыі трох апошніх пратаколаў да Канвенцыі: Аб барацьбе з падкісленнем, эўтрафікацыяй і прыземным азонам (Гётэборгскага пратакола); Па стойкіх арганічных забруджвальніках; Па цяжкіх металах. Цяпер у рамках рэалізацыі праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі, накіраванага на ўдасканаленне сістэмы кіравання якасцю паветра і фінансуемага Еўрапейскім саюзам, праводзіцца ацэнка наступстваў далучэння Беларусі да пратаколаў па цяжкіх металах і стойкіх арганічных забруджвальніках. Работы плануецца завяршыць у 2020 годзе.

Вераніка КОЛАСАВА

Фота прэс-службы Мінпрыроды

Загаловак у газеце: Каб дыхалася лягчэй

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.