Вы тут

Адпачывайце на здароўе!


Больш за 6 тысяч замежнікаў сустракаюць навагоднія святы ў беларускіх санаторыях


У санаторыі “Прыазёрны”: рэлакс з навагоднім каларытам. Фота БЕЛТА

Навошта ляцець у Егіпет, калі можна змяніць абстаноўку, адпачыць на здароўе ў Навагодне-Калядную пару і ў беларускіх санаторыях? Пуцёўкі туды на Новы год раскуплены месяцы за тры таму ці й раней, а пераважная большасць гасцей (80 %) — расіяне. Дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні ды санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Генадзь Балбатоўскі расказаў, што навагодні адпачынак у Беларусі для многіх расіян становіцца такой жа традыцыяй, як і пераднавагодні паход у лазню: “За некалькі месяцаў былі забраніраваны ўсе пуцёўкі, цяпер на 100 % выкуплены. Цэны ў сувязі з павышаным попытам на такія навагоднія туры крыху павялічаны. Калі сярэдні кошт адных сутак у стандартным двухммесцавым пакоі сёлета быў 57 рублёў 60 капеек, то на святы — 64 рублі. Сярэдні кошт святочнага банкета — 135 рублёў. Пуцёўкі рэалізаваны ў поўным аб’ёме, санаторыі будуць працаваць у гэтыя дні з поўнай загрузкай”.

А куды ў асноўным едуць? Самыя папулярныя ў замежных турыстаў санаторыі: “Ружанскі” (Брэстчына), “Азёрны”, “Радон” і “Альфа-Радон” (Гродзеншчына), “Баравое”, “Лясное” (Віцебшчына), “Прыазёрны” ды “Спадарожнік” (абодва на возеры Нарач), “Юнацтва”, “Крыніца” (Міншчына), “Світанак” (Магілёўшчына), “Прыдняпроўскі” ды “Сосны” (Гомельшчына).

Дарэчы, сёлета ў Беларусі ў санаторыях адпачыла 230 тысяч замежнікаў. Мяркуецца, што больш за 220 мільёнаў рублёў заробяць санаторыі ад экспарту паслуг (летась — 193 мільёны). Пры тым, падкрэсліў Генадзь Балбатоўскі, пералік абавязковых медыцынскіх і аздараўленчых працэдур, якія ўваходзяць у кошт пуцёўкі, пашыраны. Адметна, што ў іншы, не навагодні час 60 % пуцёвак у здраўніцы, якія паступаюць у свабодны продаж, выкупляюць беларусы. Сёлета па іх адпачылі, аздаравілася 1,36 мільёна чалавек, у тым ліку за кошт рэспубліканскага бюджэту й сродкаў сацстрахавання — 790 тысяч. З іх каля 720 тысяч — дзеці (бо 80 % вылучаных сродкаў расходуецца на іх пуцёўкі ў лагеры ды іншыя аздараўленчыя ўстановы), астатнія 70 тысяч — дарослыя.

Інваліды І і ІІ груп атрымліваюць пуцёўкі ў беларускія здраўніцы бясплатна, іншыя катэгорыі грамадзян — у залежнасці ад сваіх даходаў. У сярэднім пенсіянеры аплачваюць 20–30 % кошту пуцёўкі, а тыя, хто працуе — 30–40 %. Дарэчы, Рэспубліканскі цэнтр па аздараўленні насельніцтва ўжо закупіў пуцёўкі на 2020 год.

Алена Кравец

Нумар у фармаце ПДФ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.