Вы тут

Вата, першы снег і зубны парашок


Адышоў у вечнасць вядомы рускамоўны паэт, ураджэнец беларускіх Клімавіч Іван Бурсаў, творы якога й па гэты час гучаць па ўсіх тэрыторыях былога Савецкага Саюза — на ранішніках, конкурсах, навагодніх святах ля ёлак у дзіцячых садках і сем’ях. І нават у бязмежных прасторах інтэрнэта.


Іван Бурсаў і Яўгенія Янішчыц. 5-я Усесаюзная нарада маладых пісьменнікаў. Масква, 25.03. –1.04.1969 г. Фота Сяргея Панізьніка

 

 

Вершы Івана Бурсава найперш адрасаваныя дзецям, аднак і дарослы знойдзе ў іх каштоўную духоўную спажыву. Бо паэт — гэта ж не столькі ўменне рыфмаваць-накручваць карункі слоў. Гэта найперш дзівосны дар адчуць, разгледзець, зразумець шматмернасць і глыбіню Сусвету. А потым выявіць тое бачанне ў яркіх, але простых, даступных нават дзецям вобразах і словах. Бурсаў адметны якраз не ўменнем “закруціць мазгі” складанасцю моўных канструкцый. а дарам “выпрошчваць” закручанае, і высвечваць у простасці той дзіва дзіўнае Жыцця.

Знакаміты верш, жывая класіка навагодняга дзетсадаўскага жанру — гэта ж таксама Іван Цярэшкавіч! Памятаеце? “Посмотрите-ка, ребята,/ Все вокруг покрыла вата!/ А в ответ раздался смех:/ — Это выпал первый снег. /Не согласна только Люба:/ — Это вовсе не снежок —/ Дед Мороз почистил зубы/И рассыпал порошок”. Тры погляды на вядомую ўсім і (ці ж не дзіва!) штогод новую з’яву. Міні-дыялог трох светапоглядаў. Фіксацыя ў вершы такога “перажытка”, як зубны парашок (бо ўсюды ж цяпер зубныя пасты…), і спрадвечнай спрэчкі “фізікаў” з “лірыкамі”. А яшчэ — падказка нам з дзяцінства: вучыцеся глядзець на свет, людзей — шматмерна. Не ў чорна-белым дыяпазоне, а з разважлівасцю “Любы”, з пільнай уніклівасцю даследчыкаў, з удумлівасцю мудрацоў. Такім жа мудрацом прасветленым быў і сам аўтар верша, Іван Бурсаў.

Нататку “Зерне слоў” да 92‑годдзя з дня нараджэння Івана Бурсава нам дасылаў прыхільнік ягонай творчасці, паэт Сяргей Панізьнік (яе потым змясціла газета “Літаратура і мастацтва”). Сярод іншага ў тэксце згадваецца: Іван Бурсаў кансультаваў запрошаных творцаў, і беларускіх у тым ліку, на 5‑й Усесаюзнай нарадзе маладых пісьменнікаў (Масква, 25.03–01.04.1969 г.). Сяргей Панізьнік, сам удзячны ўдзельнік тае нарады, піша, што ўзрушылі чытачоў створаныя нашым земляком ужо ў Маскве анталогіі беларускай паэзіі “Шаги”, “Дыхание времени”, што “апрача кніг прозы Іванам Бурсавым выдадзена 14 зборнікаў вершаў, 20 “творчых пасланняў” для дзяцей. Многія набыткі яго пераствораныя на балгарскую, нямецкую, польскую, украінскую ды іншыя мовы. А самому Бурсаву як перакладчыку на рускую мову былі ўдзячныя Рыгор Барадулін і Генадзь Бураўкін, Уладзімір Караткевіч і Васіль Зуёнак, Еўдакія Лось і Кастусь Цвірка, Мікола Федзюковіч і Данута Бічэль-Загнетава, Пятрусь Броўка і Ананатоль Астрэйка…” Сябравалі з маскоўскім суайчыннікам і мінскія кампазітары.

Расійская “Литературная газета” змясціла некралог за подпісам беларусаў Масквы Алеся Кажадуба, Аляксея Каўкі ды Якуба Шэгідзевіча. У ім гаворыцца, што Іван Цярэшкавіч месяца не дажыў да 92‑годдзя. Ён быў “адным з тых, хто заснаваў Маскоўскае таварыства беларускай культуры імя Францыска Скарыны, суаўтар навукова-літаратурнага альманаха “Скарынічы”, рэдактар зборніка паэзіі ды публіцыстыкі Янкі Купалы “Маладая Беларусь”, увенчанага, сярод іншага, пранізлівымі радкамі Івана Бурсава “Янка Купала ў Маскве”. На старонках “ЛГ” Іван Бурсаў упершыню прадставіў расійскаму чытачу анталогію беларускай паэзіі ХІХ стагоддзя. Уся творчая дзейнасць Івана Бурсава была скіраваная на ўмацаванне адвечнага беларуска-расійскага духоўнага братэрства”.

І хоць зямное жыццё нашага земляка цяпер упісваецца ў дзве непарушныя даты (19.ХІІ.1927–12.ХІ.2019), аднак “зерне слоў” паэта Івана Бурсава сеецца й сёння: у пару ягоных Саракавінаў, у Навагодне-Калядную пару, ды й не толькі. Зерне слоў будзе прарастаць у падрыхтаваных душах і надалей. Пакуль выпадае першы снег, пакуль мы здольныя бачыць у ім і вату, і зубны парашок, і — добрую нагоду, каб яшчэ раз парадавацца — як дзеці! — гэтаму дзівоснаму Святу Зямнога Жыцця.

Іван Ждановіч

Нумар у фармаце ПДФ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.