Вы тут

Пастаноўка Купалаўскага ўзнаўляе калектыўнае беларускае дзяцінства


«Я закаханая ў снегавіка», — у новым спектаклі тэатра імя Янкі Купалы «Першы» чатыры акцёры транслююць пазл з дзіцячых успамінаў, абыгрываючы яго на камернай сцэне з дапамогай сціплага рэквізіту і ледзь чутнай фонавай музыкі. Гэта эпізоды, якімі падзяліліся самі акцёры і тыя, хто адгукнуўся на купалаўскі кліч, — аўтары прасеялі іх і рассартавалі па групах так, што перад гледачом у выніку сцэны з першымі ўспамінамі, падборка пра дні ў дзіцячым садку, дамашняя частка перацякаюць адно ў адно і ствараюць агульны, згодна з пастаноўкай, вобраз дзяцінства, журботнага і шчымлівага.


Не паспела ў Купалаўскім адгрымець прэм'ера «Караля Ліра» ў пастаноўцы Мікалая Пінігіна, тэатр выканаў яшчэ адно агучанае перад пачаткам сотага сезона абяцанне і 8 студзеня даў прэм'еру спектакля Рамана Падалякі пра «першае ў жыцці». Акцёр і рэжысёр, што адзначыўся пастаноўкай «Радзіва «Прудок» па аднайменнай кнізе Андруся Горвата, для сваёй другой работы, якую тэатр пазіцыянуе як «вэрбацім», то-бок, калі вельмі агульна, дакументальны спектакль, выкарыстаў шэраг пачутых і прачытаных успамінаў і прадставіў даволі вольную інтэрпрэтацыю жанру.

Так, шаблоннае паняцце вэрбаціма з «Першага» не спішаш, таму купляцца на рэдкі ў беларускім тэатры жанр не варта — варта купіцца на тое, як «дакументальная» частка стала асновай для даволі чуллівага вяртання ў дзяцінства. Напачатку пастаноўка планавалася быць складзенай з першых падзей у жыцці ўвогуле, але ў працэсе абмежавалася дзіцячымі гадамі. Нядрэнная канцэпцыя, улічваючы, што ў гэты час, лічы, прадвызначаецца самаадчуванне асобы на працягу ўсяго жыцця.

У падборцы апынуліся першыя ўражанні ад навакольнага свету, любімыя цацкі, усе аспекты наведвання дзіцячага садка накшталт абеду, ціхай гадзіны, сядзення на гаршку, планаў уцёкаў і канфліктаў з аднагодкамі, першае каханне і першы секс, якім дзеці яго разумеюць, выхад на вуліцу зімой, выхад на вуліцу летам і голас, які цябе кліча.

Усё пачынаецца з нязграбнага і амаль нуднага ўводнага агучвання маляўнічых успамінаў пра глыбокае дзяцінства, дзе свеціць сонца, спяваюць птушкі і бацькі сыходзяць назаўсёды. Але, на шчасце, словы замяняюцца дзеяннямі і ўсяго толькі чатыры акцёры абыгрываюць, паасобку і калектыўна, шэрагі і шэрагі сітуацый, якія будуць то смешныя, то паэтычныя, то проста добра пададзеныя, а ў выніку складуцца ў нейкую тугу.

Валянціна Гарцуева, Крысціна Дробыш, Іван Кушнярук і Павел Астравух у спаднічках, шорціках і а-ля школьных туфлях на ліпучках бяруць на сябе дзясяткі роляў, ператвараюцца некалькімі крокамі і як бы ўвасабляюць у сабе дзяцей (хоць часам гавораць і за дарослых). Прычым не толькі нейкіх эфемерных, агульных, сумарных, а ў першую чаргу, што цяплей, беларускіх дзяцей, то-бок некага з падобнымі да нашых вопытам і асяроддзем.

Што ў пазнавальных фразачках, якімі герояў прымушаюць паесці, што ў буднях у дзіцячым садку, што ў агульным нейкім тужлівым настроі (так-так) можна хутка ўпэўніцца, што з гэтымі персанажамі ў вас ёсць нешта агульнае. Прывязанасць спектакля да месца грэе душу: да такога зместу лягчэй прычыніцца (а «Першы», майце на ўвазе, цісне на эмоцыі) і прасцей яго зразумець.

Спектакль справакаваў думку — яна мне падалася забаўнай, — што дзіцячыя ўспаміны, нават калі ты ў іх шчаслівы і смяешся, самі па сабе шчаслівыя быць не могуць. Сум, маркота, золкае адчуванне прадвызначанасці, пацягнутае туманам дзесяцігоддзяў, але не радасць — і да галасоў у суседнім пакоі, і да паху кветак у бесклапотны летні дзень абавязкова прымяшаецца іх адказнасць за будучыню.

Тое, што адбываецца ў спектаклі, з «дакумента», на якім ён у прынцыпе заснаваны, ператвараецца ў нешта амаль містычнае, уплывовае, з чым добра супадае манера прысутнасці на сцэне акцёраў, якія ад пачатку да канца іграюць нібы зачараваныя і глядзяць некуды ўверх (гэта ж праваднікі).

Сувязь «дзяцінства — дарослае жыццё» падкрэсліваецца праз адпаведныя фотаздымкі дзяцей і ўрэшце акцёраў, што суправаджаюць дзеянне спектакля, але непасрэдна задзейнічанымі аказваюцца аднойчы, а ў цэлым уяўляюцца непрыдатнай і кандовай дэталлю, якая лепш глядзелася б у рамках для фотаздымкаў на крамных паліцах. Што да іншага рэквізіту, чацвёрка цудоўна абыходзіцца дзвюма скрынямі рознага памеру, белым палатном, якое ў залежнасці ад сцэны расцягваецца больш і больш, і мікрафонам, пакідаючы ўсяму астатняму быць умоўным.

Усё ў паветры: калі шмат чаго матэрыяльнага маецца на ўвазе, дадатковыя значэнні для будучыні набываюць мімалётныя і ў той жа час вырашальныя «першыя» эпізоды. У каго на жаль, у каго на шчасце дзяцінства было менавіта такое, галасы клічуць — і яно рассейваецца смуткам.

Ірэна Кацяловіч

Фота Купалаўскага тэатра

Загаловак у газеце: Сыход бацькоў, дурыкі падчас ціхай гадзіны і «жырабасіна»

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Прадукты для эфектыўнай энергіі: аксіяльны ветрагенератар, анодныя зазямляльнікі, керамзітапенабетон, паліўныя брыкеты

Прадукты для эфектыўнай энергіі: аксіяльны ветрагенератар, анодныя зазямляльнікі, керамзітапенабетон, паліўныя брыкеты

Пераможцы шостага конкурсу «Лідар энергаэфектыўнасці — 2020» сёлета ўдзельнічалі ў спаборніцтвах анлайн і гэтак жа атрымлівалі віншаванні. 

Культура

У Кіеве Уладзімір Караткевіч цудам выратаваўся ад аварыі і двойчы закахаўся

У Кіеве Уладзімір Караткевіч цудам выратаваўся ад аварыі і двойчы закахаўся

Горад, «дзе былі помнікі і прыгожыя будынкі, зялёныя бульвары і ціхія хаткі на ўскраінах, дзе быў нават універсітэт, а значыцца, існавала г

Грамадства

Прафесар Мiкалай Запрудскі: Вера ў дзiця — галоўны падарунак

Прафесар Мiкалай Запрудскі: Вера ў дзiця — галоўны падарунак

Для паспяховых школ характэрны клiмат высокiх чаканняў.