Вы тут

У Вілейцы ўшанавалі памяць воінаў-інтэрнацыяналістаў


Больш за сто воінаў-інтэрнацыяналістаў Міншчыны ўзялі ўдзел у абласным урачыстым мітынгу, прысвечаным 31-й-гадавіне вываду савецкіх войск з Афганістана.


Каля памятнага знака воінам-інтэрнацыяналістам, якія не вярнуліся дадому, у Вілейцы сабраліся ўдзельнікі афганскай вайны, іх жонкі, дзеці, блізкія, сваякі. Разам з імі даніну павагі загінулым аддалі старшыня Мінаблвыканкама Аляксандр Турчын, кіраўнік Вілейскага раёна Алег Бегунец.

— Для Беларусі, якая панесла найбольшыя страты ў гады Вялікай Айчыннай вайны, афганская гісторыя мае адназначную ацэнку. Ніхто не мае права паставіць пад сумненне ваш гераізм, — сказаў Аляксандр Турчын.

Кіраўнік цэнтральнага рэгіёна падкрэсліў, што для ўшанавання памяці загінулых у Беларусі шмат робіцца і на дзяржаўным узроўні, і мясцовымі органамі ўлады. Ён адзначыў, што сярод воінаў-інтэрнацыяналістаў нямала ўраджэнцаў Міншчыны. Толькі з Вілейскага раёна ў Афганістан былі накіраваны сотні маладых хлопцаў. Адзін з іх, Мікалай Каляда, які нарадзіўся ў вёсцы Ляскі, загінуў смерцю храбрых, не дажыўшы да 20 гадоў. Ён узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга.

— Сёння мы ўспамінаем не толькі Афганістан. Нашы суайчыннікі ў розныя часы змагаліся на баку сяброўскіх урадаў у В'етнаме, Егіпце, Сірыі, Камбоджы, Эфіопіі, Лаосе, Мазамбіку, Алжыры. Беларускія афіцэры зрабілі вялікі ўнёсак у вызваленчую барацьбу многіх народаў, — сказаў Аляксандр Турчын.

Старшыня савета грамадскага аб'яднання «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» Валерый Гайдукевіч канстатаваў, што для воінаў-афганцаў гэты дзень мае такое ж значэнне, як для ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны 9 Мая: «Мы сустракаемся, успамінаем тыя падзеі, баявыя аперацыі, у якіх удзельнічалі.
І, вядома, раздзяляем боль з сем'ямі, роднымі і блізкімі тых, хто не вярнуўся з вайны, а таксама тых, хто пайшоў ад нас у мірны час».

Удзельнікі мітынгу ўшанавалі памяць тых, хто не вярнуўся дадому, хвілінай маўчання. Аляксандр Турчын падвёў да помніка маці Мікалая Каляды Марфу Мікалаеўну, каб яна ўсклала кветкі. Губернатар пагутарыў з жанчынай, пацікавіўся яе жыццём, падзякаваў за сілу і мужнасць, з якой яна перанесла вялікую страту.

Марфа Мікалаеўна прызналася, што яна заўсёды чакае сустрэч з воінамі-інтэрнацыяналістамі, у якіх бачыць свайго сына.

У межах мерапрыемства прайшоў тэматычны круглы стол, дзе былі абмеркаваны ў тым ліку і пытанні сацыяльнай падтрымкі воінаў-інтэрнацыяналістаў. Яркім момантам стала канцэртная праграма «Няхай памяць сэрца гаворыць». А ва ўстановах адукацыі раёна адбыліся ўрокі мужнасці.

У Мінскай вобласці жыве 3556 воінаў-інтэрнацыяналістаў, у тым ліку 64 інваліды ў выніку баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў, і 65 членаў сем'яў загінулых ваеннаслужачых. На 1 лютага сацыяльную дапамогу атрымалі 714 удзельнікаў баявых дзеянняў і сем'яў загінуўшых у памеры больш за 42 тысячы рублёў.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.