Вы тут

Чаму траціць папулярнасць карнавал у Венецыі?


Учора ў Венецыі адбыліся рамантычна-тэматычныя «перфомансы» з нагоды Дня закаханых. Сёння ў горадзе пройдзе феерычная фіеста, якая распачнецца на востраве Сан-П'етра дзі Кастэла, а фінішуе на плошчы Сан-Марка. Заўтра тут можна будзе пабачыць палёт анёла, які спусціцца са стаметровай кампанілы (званіцы) легендарнага сабора, дзе захоўваюцца мошчы таго самага евангеліста. На гэтым, вядома ж, дзівосы не скончацца — у Венецыі цяпер у самым разгары сусветна вядомы карнавал. Праўда, турыстаў зараз адчувальна менш, чым звычайна. Чаму траціць папулярнасць Carnevale dі Venezіa?


З гісторыі свята

Адметна, што слова «карнавал» вытворнае ад двух лацінскіх — carno (мяса) і vale (бывай). Гэтае свята спрадвеку з'яўлялася своеасаблівай мяжой, за якой пачынаўся Вялікі пост. Аднак, як сцвярджаюць эксперты, вытокі карнавалу ляжаць яшчэ ў паганскіх цырымоніях у гонар старажытнаегіпецкага бога Асірыса і ў рымскіх сатурналіях. Падчас урачыстасцяў рабам дазвалялася сядзець за адным сталом з гаспадарамі, і, каб саслоўныя забабоны не перашкаджалі зносінам, твары хавалі пад маскамі. Калі на змену паганству прыйшло хрысціянства, на многія традыцыі і святы была накладзена забарона. Трапіў пад яе і карнавал. Але прайшлі стагоддзі, наступіла эпоха Адраджэння, і ў змрочную атмасферу запалоханай інквізіцыяй Еўропы свежым брызам уварвалася сапраўднае свята.

Гісторыя Венецыі пачалася больш чым паўтара тысячагоддзя таму — у сярэдзіне V стагоддзя, калі жыхары «цвёрдай зямлі» знайшлі сярод вады сховішча ад варварскіх набегаў. Сучасная Венецыя размешчана на 119 астравах, акружаных 150 каналамі, якія злучаны паміж сабой 400 мастамі.

Тутэйшы карнавал мае амаль тысячагадовую гісторыю. Першая дакументальная згадка пра яго адносіцца да 1094-га. Жыхары Венецыянскай рэспублікі тады гучна адсвяткавалі атрыманне падатковых прывілеяў, якія давалі ім велізарныя перавагі для міжземнаморскага гандлю. Залатым часам для карнавалу стала XVІІІ стагоддзе: тыдзень куртуазныя дамы і кавалеры маглі беспакарана аддавацца радасцям жыцця, схаваўшы свой твар пад маскай. Аднак пасля рэвалюцыйных падзей канца стагоддзя італьянцам стала не да маскарадаў. У 1930-я Беніта Мусаліні забараніў карнавальныя маскі і святы.

Вета было адменена толькі ў 1979 годзе па ініцыятыве рэжысёра Федэрыка Феліні з дазволу Папы Рымскага. Італьянскі ўрад абвясціў аднаўленне штогадовых карнавалаў, абраўшы гэтае мерапрыемства сродкам для папулярызацыі гісторыі і культуры Венецыі. Штогод у горад на свята з'язджалася больш за паўмільёна турыстаў. Дарэчы, у Венецыянскага карнавалу ёсць нават уласны гімн, напісаны вядомым куцюр'е П'ерам Кардэнам.

18 дзён вар'яцтва

У карнавальных працэсіях удзельнічаюць тысячы людзей у касцюмах і масках. Яны робяцца са скуры або пап'е-машэ, размалёўваюцца з выкарыстаннем грунту і сусальнага золата, упрыгожваюцца птушынымі пёрамі і каштоўнымі камянямі.

Калі на вулічным свяце можна абмежавацца толькі маскай, то з'яўляцца на прыёме ў Palazzo без касцюма проста непрыстойна. Нярэдка ў адмысловых запрашэннях спецыяльна пазначаецца дрэс-код: у якім стылі і якога часу павінна быць адзенне. Некаторыя еўрапейцы спецыяльна прывозяць на карнавал ашаламляльныя касцюмы, якія ім некалькі месяцаў шылі самыя ўмелыя краўцы і якія часам каштуюць дзясяткі тысяч еўра. Але асноўная маса турыстаў ператвараецца ў Пульчынэл і П'ерэт проста ў Венецыі, дзе ёсць мноства крам, якія прапануюць неабходнае адзенне і рэквізіт.

Сёлета першыя пераадзетыя пачалі збірацца на цэнтральнай плошчы Венецыі ў канцы мінулага тыдня. Дамы ў гістарычных сукенках і масках у суправаджэнні кавалераў у парыках з'ехаліся з усёй Італіі і з іншых краін. Афіцыйны старт карнавалу быў зададзены традыцыйным шэсцем па каналах на гандолах і лодках. Як паведамляецца на афіцыйным сайце мерапрыемства, тэма гэтага года — «Гульня, каханне і вар'яцтва». На думку Масіма Кекета, новага мастацкага кіраўніка карнавала, каханне часта суправаджаецца вар'яцтвам.

Усяго да 25 лютага — «тлустага аўторка» перад пачаткам Вялікага посту — запланавана каля 150 выступленняў, канцэртаў, баляў, у якіх возьме ўдзел больш за 300 артыстаў. Мерапрыемствы карнавала ахопяць не толькі гістарычную частку астраўной Венецыі, але і мацерыковыя кварталы Мастра і Маргера. Агульны бюджэт свята склаў два мільёны еўра, якія ў асноўным паступілі ад спонсараў і партнёраў мэрыі.

Пад наглядам

Напярэдадні знакавай падзеі мясцовыя ўлады пачалі выпрабоўваць новую сістэму маніторынгу турыстаў, якая заклікана змагацца з перапоўненасцю горада ў гадзіны пік. Уздоўж самых ажыўленых вуліц Венецыі на будынках і ліхтарах устаноўлены 34 стэрэаскапічныя камеры з датчыкамі. Яны будуць фіксаваць велічыню турыстычнага патоку.

Сістэма дазваляе распазнаваць сілуэты людзей, іх пол і ўзрост. Акрамя таго, яна будзе перахопліваць сігналы мабільных тэлефонаў, каб вызначыць, адкуль прыехаў турыст і як доўга ён знаходзіцца ў Венецыі. Эксперымент па падліку турыстаў будзе праводзіцца да 25 лютага. Інфармацыя з датчыкаў трапляе на камп'ютар у аддзяленне гарадской паліцыі, дзе звесткі адлюстроўваюцца ў выглядзе графікаў і лічбаў — шчыльнасць руху на вуліцах Венецыі, колькасць турыстаў. Па словах саветніка па турызме Венецыі Паалы Мар, абапіраючыся на паказанні прыбораў, можна будзе рэгуляваць турпаток. «Мы зможам загадзя перанакіраваць турыстаў на іншыя маршруты, каб пазбегнуць натоўпаў на асабліва ажыўленых вуліцах горада», — заўважыла спецыяліст. Новая сістэма адсочвання турыстаў пакуль не даказала сваю карыснасць: спатрэбіцца час, каб апрацаваць усе атрыманыя звесткі. Тым не менш улады ўпэўненыя, што яна дапаможа знізіць напружанасць, якая нарастае паміж мясцовымі жыхарамі і гасцямі горада.

Як паведаміла Паала Мар, штодня Венецыю наведвае каля 60 тысяч турыстаў, і аўтаматызаваная сістэма дапаможа вырашыць шэраг праблем, звязаных з овертурызмам, у прыватнасці дакладна вызначыць часовыя межы «нізкага» і «высокага» сезонаў. Ад гэтага будзе залежаць, колькі турыст заплаціць за ўезд у горад. Адпаведны падатак пачне працаваць у Венецыі 1 ліпеня. Ён закране турыстаў, якія прыбываюць у горад у рамках аднадзённай экскурсіі ці на некалькі дзён на самалётах, круізных лайнерах, аўтобусах і іншым транспартам. Памер новага падатку будзе вар'іравацца ў залежнасці ад сезону. Так, з лістапада да красавіка збор складзе 3 еўра, з мая да кастрычніка — 8 еўра, а ў летнія выхадныя і ў перыяд карнавалу — 10 еўра. Раней улады горада прынялі рашэнне аб устанаўленні колькасных абмежаванняў для турыстаў. Так, на цэнтральнай плошчы Сан-Марка ліміт наведванняў складае 65 тысяч чалавек у дзень. На некаторых вуліцах Венецыі стаяць турнікеты, якія разлічаны на праход вызначанай колькасці гасцей горада.

Паводка і каранавірус

Муніцыпалітэт з цяжкасцю спраўляецца з тонамі смецця, які пакідаюць аматары пікнікоў на венецыянскіх каналах. Вуліцы Венецыі запаланілі крамы вядомых брэндаў, сеткавыя кавярні і крамы, якія гандлююць таннымі сувенірамі, вырабленымі ў Кітаі. Спадчынныя венецыянскія майстры з іх унікальнымі, але нятаннымі вырабамі аказваюцца на абочыне. П'ера Дры — адзін з пяці ў свеце майстроў па вырабе вёслаў для гандол. Больш за дзесяць гадоў таму ён кінуў кар'еру астранома і вырашыў асвоіць рамяство сваіх продкаў. «Шмат, занадта шмат гадоў людзі думалі толькі пра хуткія грошы і масавы турызм. Але так мы губляем нашы традыцыі і нашу зямлю. Наша пакаленне ў адказе за тое, каб паспрабаваць штосьці змяніць у Венецыі», — з горыччу заўважыў П'ера карэспандэнту «Бі-бі-сі».

У той жа час колькасць жыхароў Венецыі скарачаецца на паўтары тысячы чалавек у год. У горадзе зачыняюцца так патрэбныя юрыдычныя канторы, медыцынскія офісы і звычайныя прадуктовыя крамы. На іх месцы вырастаюць гасцініцы. У выніку мясцовыя жыхары — асабліва моладзь — пераязджаюць на «мацярык». Насельніцтва Венецыі імкліва старэе. Некаторыя лічаць, што гораду дапаможа аўтаномія. Іншыя, наадварот, бачаць у гэтым пагрозу. Сыходзяцца ў адным: калі пакінуць усё як ёсць, прыгоствы Венецыі могуць не захавацца для наступных пакаленняў.

Традыцыйна карнавал з'яўляецца адным з самых ажыўленых перыядаў года ў Венецыі, калі тысячы наведвальнікаў прыязджаюць з усяго свету, а ўсе атэлі забраніраваны задоўга да яго пачатку. Аднак сёлета колькасць турыстаў у горадзе прыкметна скарацілася. Многія наогул вырашылі застацца ўбаку ад свята пасля разбуральных паводак, якія адбыліся ў Венецыі восенню мінулага года, іншыя пазбягаюць падарожжаў з-за апасення заражэння каранавірусам. Гасцініцы цяпер у сярэднім забраніраваны толькі на 70 працэнтаў, а вечарынкі і балі з маскамі, якія праводзяцца штогод падчас карнавалу, адмененыя, у тым ліку славутая вечарынка Ballo del Doge, з прычыны недахопу гасцей. Так што овертурызм Венецыі не пагражае. Прынамсі, пакуль.

Захар БУРАК

Загаловак у газеце: Каханне і штучны інтэлект

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Гараджан, якія з выхадам на пенсію вяртаюцца ў бацькоўскія дамы, становіцца ўсё больш

Гараджан, якія з выхадам на пенсію вяртаюцца ў бацькоўскія дамы, становіцца ўсё больш

Цяпер ледзь не ў кожнай вёсцы можна сустрэць былых гараджан.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Пра стасункі, армію і падарункі.