Вы тут

СМС-папярэджанні і «зніжкі» на штрафы. Міністр юстыцыі расказаў пра планы ведамства


Шматфункцыянальныя цэнтры па аказанні адміністрацыйных паслуг з'явяцца ў Мінску, Магілёве і Шчучыне, а ў інтэрнэце створаць асабістыя кабінеты даўжніка і спагнанніка доўгу. У прыярытэце таксама пераход ад папяровага фармату дакументаў да электроннага. Грамадзянам дазволяць весці аўдыя- і відэазапіс у органах прымусовага выканання, а адміністрацыйныя правапарушэнні, магчыма, падзеляць на тры катэгорыі. Пра гэтыя і іншыя планы Мінюста расказаў міністр юстыцыі Алег СЛІЖЭЎСКІ.


Асабістыя кабінеты для даўжніка і спагнальніка

Летась органамі прымусовага выканання ўзбуджана 2,33 мільёна выканаўчых вытворчасцяў. За год спагнана 1,44 мільярда рублёў, у даход дзяржавы — 95 мільёнаў. Знізіўся астатак нявыкананых вытворчасцяў — цяпер іх крыху больш за мільён, удакладніў міністр:

— Асаблівую ўвагу сёлета ўдзелім тым катэгорыям спраў, якія знаходзяцца на выкананні больш за год. Тут патрабуюцца дадатковыя намаганні па спагнанні даўгоў.

У 2019-м Мінюст апрабаваў аўтаматычную рассылку даўжнікам СМС-паведамленняў пра наяўнасць узбуджанай супраць іх выканаўчай вытворчасці. Дзякуючы гэтаму больш за 20 % запазычанасцяў былі пагашаны адразу.

Інтэграцыя інфармацыйнай сістэмы прымусовага выканання з АРІП таксама станоўча адбілася на вяртанні грошай, бо доўг стала магчымым аплаціць, не прыходзячы асабіста да судовага выканаўцы.

Дзякуючы інфармацыйнаму супрацоўніцтву з Нацыянальным банкам, у Мінюста з'явіўся доступ да звестак пра рахункі і электронныя кашалькі даўжнікоў. А да рэестра даўжнікоў на партале ведамства летась звярнуліся 280 мільёнаў разоў.

Сёлета плануецца стварыць асабістыя кабінеты бакоў выканаўчай вытворчасці. Даўжнік і спагнальнік змогуць самастойна сачыць за выкананнем працэсу. Тым самым павысіцца інфармаванасць бакоў і дадатковы кантроль работы органаў прымусовага выканання.

— У найбліжэйшы час плануем падпісаць загад, згодна з якім ва ўсіх органах прымусовага выканання грамадзянам дазволяць весці аўдыя- і відэазапісы сустрэчы з прадстаўнікамі органаў прымусовага выканання ці працэсу здзяйснення выканаўчага дзеяння, не пытаючыся дазволу на гэта ў службовых асоб, — падзяліўся Алег Сліжэўскі. — Гэта павысіць давер ва ўзаемаадносінах паміж бакамі, а таксама стане прафілактычнай мерай па папярэджанні магчымых карупцыйных правапарушэнняў.

Натарыусы, рыэлтары, стымулы

Падрыхтаваны і знаходзіцца ў Палаце прадстаўнікоў законапраект, які карэкціруе закон аб натарыяце і натарыяльнай дзейнасці. Калі прапановы будуць зацверджаны, то ў кампетэнцыі натарыята з'явіцца магчымасць прастаўлення апастыля на дакументы большасці дзяржаўных органаў (пакуль гэта могуць рабіць толькі самі органы) за выключэннем сферы адукацыі. Сёння для легалізацыі дакумента трэба прыехаць у сталіцу ці абласны цэнтр у пэўнае ведамства. Калі прапановы адобраць, гэта можна будзе зрабіць на месцы (у краіне 835 натарыусаў), удакладніў міністр.

Яшчэ адзін пакуль не прыняты законапраект датычыцца дзейнасці рыэлтараў. Адна з яго прапаноў — заканадаўчая забарона збірання платы за адну і тую ж паслугу з пакупніка і прадаўца — рабіць гэта павінен хтосьці адзін. Настойваюць у Мінюсце і на адмене дзяржаўнага рэгулявання тарыфаў на рыэлтарскія паслугі пры здзелках з нежылой нерухомасцю і паміж юрыдычнымі асобамі. Тарыфы на здзелкі з жыллём для людзей, як і раней, будуць рэгулявацца.

— Кошт жылля і так досыць высокі, таму цана паслуг мае істотнае значэнне. Калі поўнасцю адмяніць дзяржрэгуляванне тарыфаў па здзелках з жыллём з удзелам грамадзян, гэта можа прывесці да росту кошту рыэлтарскіх паслуг, — патлумачыў міністр.

Падрыхтаваны таксама прапановы па карэкціроўцы Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, сярод якіх змяненне катэгарызацыі адміністрацыйных парушэнняў. За правіннасць, якая не ўяўляе вялікай грамадскай небяспекі, прадугледжваецца папярэджанне, заўвага ці штраф да 10 базавых велічынь. Як толькі асобу падверглі аднаму з такіх пакаранняў, адразу лічыцца, што яна не прыцягвалася да адміністрацыйнай адказнасці. Пасля значнага правапарушэння чалавек лічыцца прыцягнутым да адказнасці цягам паўгода, пасля грубага — года.

— Разглядаецца таксама пытанне выкарыстання стымулюючых так званых зніжак на памеры штрафу. За несвоечасовую аплату штрафу яго памер можна павялічыць. Калі ж чалавек выплаціў штраф адразу ці ў вызначаны тэрмін, то мы прапануем аплачваць не 100 % гэтага штрафу, а, скажам, 25 ці 50 %. Аднак усё гэта яшчэ будуць абмяркоўваць, шукаць кампраміс, — дадаў кіраўнік Мінюста.

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Антыдэпрэсанты не выклiкаюць прывыкання i залежнасцi». Як перамагчы трывогу i дэпрэсiўны настрой?

«Антыдэпрэсанты не выклiкаюць прывыкання i залежнасцi». Як перамагчы трывогу i дэпрэсiўны настрой?

Расказаў урач-псiхiятр-нарколаг мiнскага гарадскога клiнiчнага псiхiятрычнага дыспансера Iгар Сарокiн.

Грамадства

Прыехаць за 30 хвiлiн. Як у аварыйных выпадках павiнны рэагаваць камунальнiкi

Прыехаць за 30 хвiлiн. Як у аварыйных выпадках павiнны рэагаваць камунальнiкi

У Беларусi дзейнiчае такi дакумент, як «Тэхнiчная эксплуатацыя жыллёвых i грамадскiх будынкаў i збудаванняў. Парадак правядзення».