Вы тут

Паварочвайся за сонцам


Прачытала, што ў Індыі мужчына скончыў жыццё самагубствам, толькі ад таго, што адчуўшы прыкметы прастуды, звычайны кашаль, насмарк, боль у горле, западозрыў у сябе каранавірус. Які ж усё-такі ўражлівы і безабаронны сучасны чалавек! Апошнім часам гэта неяк асабліва адчуваецца, з кім ні пагаворыш. Такое ўражанне, што ўсе жывуць, працуюць, камунікуюць у стане павышанага стрэсу. Ну калі не ўласна стрэс, то напружанасць, недавер у паветры лунаюць дакладна.


Днямі сустракалася са сваёй былой суседкай. Мы з'ехалі з таго дома дзесяць гадоў таму, але адносіны падтрымліваем з суседзямі па пляцоўцы да гэтай пары, а вось з новымі чамусьці зусім не складваецца... Дык вось Таццяна скардзілася на сваю работу. Работа засталася ранейшай, памяняўся ўласнік іх прадпрыемства. Новага яны між сабой называюць акупантам. Не, знешне, па дакументах і справаздачах усё выглядае вельмі нават прыстойна. Прадпрыемства працуе, як цяпер кажуць, стабільна, без страт і перабояў, зарплату выдаюць своечасова. «Усе цяперашнія менеджары і сакратаркі завучана ўсміхаюцца, падкрэслена ветлівыя, у зваротах выкарыстоўваюць імя і імя па бацьку, але ўсё гэта нейкае не сапраўднае, не шчырае, таму і раздражняе. Наш былы майстар Любоў Васільеўна магла ў асобны момант і мацюка загнуць, але ніхто не крыўдзіўся, бо было па справе. Але Любоў Васільеўну адправілі на пенсію на наступны дзень пасля дасягнення ўзросту, а цяпер не ведаеш, што ад іх чакаць заўтра, — гаворыць жанчына, якая прыйшла на вытворчасць адразу пасля вучылішча і адпрацавала на адным месцы больш за дваццаць гадоў. — І галоўнае, як мы ўпэўніліся, ёсць сотня законных спосабаў аднімання зарплаты. З кожным месяцам яна становіцца хоць крышку меней, і мініяцюрная эканамістка з надзьмутымі, ярка нафарбаванымі вуснамі так упэўнена тлумачыць, такую тэорыю падводзіць... Быццам мы дурныя і не бачым, як нас абкрадваюць. І таму няма ніякага настрою працаваць добра».

На жаль, цяпер падобныя вытворчыя стасункі нярэдка з'яўляюцца аб'ектыўнай рэальнасцю. Адна з пастаянных чытачак, з тых, што падтрымліваюць тэлефонную сувязь з карпунктам, расказвала, як іх некалі падманулі, а яны па няведанні напісалі заявы, нічога не западозрыўшы. Было гэта даволі даўно, яна працавала выхавацелем дзіцячага садка. Некалькі апошніх гадоў перад пенсіяй яе і некалькі калег прасілі пісаць заявы аб пераводзе на няпоўную стаўку. Розніцу ў зарплаце кампенсавалі прэміямі. Але калі пайшлі тую пенсію афармляць, работа на няпоўную стаўку, як той казаў, вылезла бокам, паўплывала на памер пенсіі і, як вы разумееце, не лепшым чынам. Расказала Таццяне вось гэтую гісторыю чытачкі, але ж разумею, што невялікае суцяшэнне ўсведамляць, што ты не адзін такі. Хаця...

Для мяне ў многіх жыццёвых сітуацыях урокам становіцца гісторыя, расказаная адной з гераінь маіх «Вёсак». Я ўсё дапытвалася, адкуль столькі аптымізму, душэўнай энергіі ў жанчыны, што пражыла не вельмі лёгкае жыццё: пасляваеннае дзяцінства, цяжкая работа ў калгасе, рана засталася адна, — а ўсміхаецца, людзей любіць, на рэпетыцыі самадзейнасці бегае. А яна кажа: «Бо ёсць з чым параўноўваць. Ведаеце, як мая мама пражыла? Толькі і было светлых успамінаў, як жылі з бацькам пяць гадоў да вайны. Бацьку ў канцы вясны 41-га на нейкія зборы ваенныя забралі, а ў 42-м пахаванка прыйшла, у маладой жанчыны трое дзяцей на руках, я меншая. Галоднымі не раз спаць клаліся. А недзе ў 50-я мама хадзіла каласы збіраць на поле. На бяду, брыгадзір убачыў, гразіўся пад суд аддаць, дык яна, можа, гады тры хадзіла, на яго агародзе працавала, нібы паншчыну адбывала. Гэта пасля цэлага дня ў калгасе і сваёй работы па дому! А потым, відаць, з адчаю замуж пайшла за ўдаўца-п'яніцу. Можа, дастатку крыху больш стала, але ж біў ён яе, асабліва калі вып'е, і нам часцяком даставалася. Потым нецвярозы вёз сена, зваліўся з воза і загінуў. А праз некалькі гадоў, калі падрос мой старэйшы брат, галоўная маміна надзея і спадзяванне, ён цяжка захварэў, давялося аж тры гады даглядаць сына, пакуль не пайшоў на папраўку. Пазней, калі ўжо стала дарослай, свае дзеці паявіліся, неяк спытала ў мамы пра тое, як яна ўсё вытрымала, як выжывала. А яна сказала: «Жыла як сланечнік, увесь час паварочвалася за сонцам». Значыць, шукала нешта добрае, нейкую крыніцу святла, за што зачапіцца. І яшчэ мама верыла, што ўсім даецца па заслугах, асабліва тым, хто крыўдзіць іншага. Брыгадзір той наш, сам злодзей, пад старасць павесіўся. Так вось бывае. А ў жыцці трэба аглядацца на лепшае, знаходзіць яго».

Святлана ЯСКЕВІЧ

Прэв'ю: yaom.ru

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Метры ўжо патаннелі? Рынак нерухомасці ўвайшоў у стан доўгачасовай спячкі

Метры ўжо патаннелі? Рынак нерухомасці ўвайшоў у стан доўгачасовай спячкі

Практычна ўсе ўдзельнікі рынку цяпер у стане нявызначанасці.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Удалае паляванне і «Трэба глядзець дэтэктывы».

Грамадства

«Макiяж — адзенне для твару». Цi мужчынскiх рук гэтая справа?

«Макiяж — адзенне для твару». Цi мужчынскiх рук гэтая справа?

З якiмi мэтамi ў «жаночую» прафесію прыходзяць маладыя хлопцы?