Вы тут

Якія формы сямейнага ўладкавання дзяцей, што засталіся без апекі бацькоў, існуюць у нашай краіне?


Якія формы сямейнага ўладкавання дзяцей, што засталіся без апекі бацькоў, існуюць у нашай краіне?

Ірына Караневіч, г. Гомель


Усынаўленне

Усынаўленне лічыцца прыярытэтнай формай уладкавання дзіцяці-сіраты. Паміж усынавіцелем і ўсыноўленым узнікаюць такія ж правы і абавязкі, як паміж кроўнымі бацькамі і іх дзецьмі. Дзіця прымае прозвішча і імя па бацьку ўсынавіцеляў. Такое дзіця мае ўсе правы на спадчыну. Усынаўленне афармляецца праз суд. Пры гэтым розніца ва ўзросце паміж усынавіцелем і дзіцем павінна быць не менш за 16 і не больш за 45 гадоў.

Упраўленне адукацыі па месцы жыхарства на працягу першых трох гадоў пасля ўсынаўлення кантралюе ўмовы жыцця і выхавання дзіцяці ў сям'і.

Апека і папячыцельства

Апека — гэта прыняцце ў дом дзіцяці на правах выхаванца.

Апека ўстанаўліваецца над дзецьмі ва ўзросце да 14 гадоў, а папячыцельства — над непаўналетнімі ва ўзросце ад 14 да 18 гадоў. Пад апеку дзяцей часта бяруць сваякі, якія маюць пераважнае права перад іншымі асобамі. Апека афармляецца ў адміністрацыйным парадку. Дзіця пры гэтым не мяняе прозвішча, не лічыцца вашым і можа мець зносіны з былымі сваякамі. Органы апекі праводзяць кантрольныя абследаванні ўмоў жыцця апекуноў.

На дзіця выплачваецца штомесячная дапамога. Сумы, што атрымлівае падапечны ў якасці пенсій, дапамог, аліментаў і іншых бягучых паступленняў, накіроўваюцца ў распараджэнне апекуна або папячыцеля і выдаткоўваюцца ім на ўтрыманне гэтага падапечнага.

Прыёмная сям'я

Прыёмная сям'я — форма выхавання дзіцяці ў сям'і дома ў прыёмных бацькоў-выхавацеляў. Звычайна ў прыёмную сям'ю перадаюць дзяцей, якіх немагчыма перадаць на ўсынаўленне або пад апеку сваякам. Такая сям'я замяняе знаходжанне дзіцяці ў дзіцячым доме на хатняе выхаванне і ствараецца на аснове дагавора паміж прыёмнымі бацькамі і органамі апекі. Тэрмін змяшчэння дзіцяці ў такую сям'ю вызначаецца дагаворам і можа быць розны. На практыцы дагавор аб прыёмнай сям'і заключаецца да паўналецця дзіцяці.

У прыёмных сем'ях можа выхоўвацца ад аднаго да васьмі дзяцей, у тым ліку родных дзяцей. Прыёмным бацькам плаціцца заробак і залічваецца працоўны стаж. У адносінах да дзіцяці прыёмныя бацькі з'яўляюцца апекунамі. На дзіця выплачваецца штомесячная дапамога, даюцца льготы па транспартным абслугоўванні. Пасля таго як яму міне 18 гадоў, даецца жыллё, калі яго няма. Але органы апекі пастаянна кантралююць выхаванне і расходаванне сродкаў.

Патранатнае выхаванне

Яно падыходзіць тым, хто хоча паўдзельнічаць у жыцці дзіцяці, якое расце без сям'і, стаць сябрам малому, якое жыве ў дзіцячым доме або інтэрнаце. Патранатныя выхавацелі могуць наведваць дзіця ва ўстанове, забіраць яго да сябе на выхадныя дні і канікулы. Звычайна на гэтую форму выхавання могуць разлічваць падлеткі альбо малыя, якія маюць асаблівасці псіхафізічнага развіцця. Абавязкі патранатнага выхавання выконваюцца на бязвыплатнай аснове, пры гэтым апека, папячыцельства над такімі дзецьмі захоўваюцца за кіраўнікамі дзіцячых інтэрнатных устаноў. Кантроль за ўмовамі выхавання і ўтрымання такіх дзяцей ажыццяўляецца органамі апекі і папячыцельства.

На­тал­ля ТА­ЛІ­ВІН­СКАЯ

Прэв'ю: healthy-kids.ru

Загаловак у газеце: Форма і змест

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Маладых спецыялістаў у сельскай гаспадарцы вабяць не толькі жыллё і зарплата

Маладых спецыялістаў у сельскай гаспадарцы вабяць не толькі жыллё і зарплата

У сельгаскааператыве «Ніва-2003» Гродзенскага раёна цяпер працуе ажно 11 маладых спецыялістаў. 

Грамадства

Як працуюць маладыя спецыялісты ў Гарадоцкім раёне

Як працуюць маладыя спецыялісты ў Гарадоцкім раёне

Райцэнтр Гарадок знаходзіцца прыкладна за трыццаць кіламетраў ад Віцебска, недалёка — мяжа з Расіяй. Як там сёння з кадравым пытаннем?

У свеце

Барацьба з эпiдэмiяй у Пекiне: адлюстраванне ўзроўню мунiцыпальнага кiравання

Барацьба з эпiдэмiяй у Пекiне: адлюстраванне ўзроўню мунiцыпальнага кiравання

Да Кiтая ўвага ўсёй сусветнай супольнасцi прыкавана з розных прычын.

Грамадства

Кампазiтар Алег Елiсеенкаў: У нас з жонкай усё агульнае — i радасцi, i нягоды, i грошы

Кампазiтар Алег Елiсеенкаў: У нас з жонкай усё агульнае — i радасцi, i нягоды, i грошы

Са сваёй жонкай аўтар папулярных песень знаёмы амаль паўстагоддзя.