Вы тут

Распрацоўкі беларускіх анколагаў дапамогуць у своечасовай дыягностыцы раку


Беларускія вучоныя распрацоўваюць некалькі кірункаў па выяўленні анкалагічных захворванняў, у прыватнасці, па вызначэнні цыркуляцыі ракавых клетак у крыві. Гэтыя метады могуць дапамагчы ў дыягностыцы, у тым ліку і рэцыдываў захворвання. Таксама ў працэсе стварэння біячып і прылада для счытвання інфармацыі, якія дазволяць выяўляць ракавыя клеткі пры злаякасных захворваннях крыві. Пакуль новыя метады дыягностыкі і лячэння вучоныя толькі распрацоўваюць, у Беларусі з 2016 года дзейнічаюць скрынінгавыя праграмы па выяўленні раку чатырох лакалізацый на ранніх стадыях. Менавіта такія праекты апрабаваны і працуюць у краінах Еўропы, ЗША і Канадзе. У тым ліку і гэта дазваляе нашай медыцыне мець сярэднееўрапейскі паказчык па выяўленні і лячэнні раку. Якія навінкі па дыягностыцы гэтай хваробы з'явяцца ў найбліжэйшы час дзякуючы распрацоўкам айчынных вучоных і якая карысць ад скрынінгавых праграм, расказалі спецыялісты.


Інстытут біяфізікі і клетачнай інжынерыі працуе па трох кірунках скрынінгу анказахворванняў. Два з іх накіраваны на выяўленне саміх злаякасна змененых клетак, яшчэ адзін — на атрыманне генетычнага матэрыялу з пухлінных клетак.

— Адзін з кірункаў — выяўленне цыркуляцыі ракавых клетак. У працэсе росту частка клетак адрываецца ад першаснай пухліны, цыркулюе з токам крыві, асядае ва ўнутраных органах і дае рост метастазаў, а разам з ім і новыя ачагі хваробы, — тлумачыць дырэктар Інстытута біяфізікі і клетачнай інжынерыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Андрэй Ганчароў. — Адпаведна, выяўленне ў крыві такіх цыркулюючых ракавых клетак можа быць адным з крытэрыяў дыягностыкі, у тым ліку і рэцыдываў захворвання.

Ён адзначыў, што ўжо ёсць інструкцыя, у якой апісаны метад, і ў хуткім часе яго можна будзе прымяняць на практыцы.

Яшчэ адзін важны аспект — выяўленне ствалавых ракавых клетак.

— Гэта адна з разнавіднасцяў цыркулюючых пухлінных клетак. Але яна мае больш агрэсіўны патэнцыял да росту. Мы завяршаем такое даследаванне, і да канца бягучага года з'явіцца інструкцыя па выкарыстанні гэтага метаду, — расказаў Андрэй Ганчароў.

Кіраўнік інстытута таксама паведаміў, што ў працэсе распрацоўкі знаходзяцца спецыяльны чып і прылада для счытвання інфармацыі, якія дазволяць выяўляць ракавыя клеткі пры злаякасных захворваннях крыві. Гэта штосьці накшталт глюкометра.

— На невялікую пласцінку наносіцца кропля крыві. Гэты чып устаўляецца ў прыладу для счытвання вынікаў. Такі метад падыходзіць для дыягностыкі гемабластозаў — злаякасных захворванняў крыві.

Сумесна з Віцебскім дзяржаўным медыцынскім універсітэтам Інстытут біяфізікі і клетачнай інжынерыі працуе над выяўленнем спецыфічных мікраРНК для дыягностыкі анказахворванняў.

— МікраРНК з'яўляюцца ў крыві ў працэсе распаду пухлінных клетак. Яны спецыфічныя для шэрагу захворванняў — у прыватнасці, раку малочнай і падстраўнікавай залоз. Нядаўна карпарацыя Tоshіbа распрацавала прыбор, які дазваляе цягам некалькіх гадзін ажыццявіць дыягностыку 13 захворванняў. Штосьці падобнае мы распрацоўваем у Беларусі, — расказаў Андрэй Ганчароў.

Узровень запушчанасці — амаль 20 %

Дыягностыка анкалагічных хвароб на ранніх стадыях адыгрывае вызначальную ролю, бо ад гэтага залежыць і аб'ём, і вынік лячэння. На жаль, захваральнасць на рак з году ў год расце.

— За апошнія 10 гадоў яна павялічылася ў тры разы. Летась у Мінску было выяўлена больш за 11 тысяч новых выпадкаў раку, у краіне — больш за 52,5 тысячы, — адзначыў галоўны ўрач Мінскага гарадскога клінічнага анкалагічнага дыспансера Віктар Кандратовіч. — Пры гэтым у палове выпадкаў анкасмяротнасці прычынай з'яўляецца запушчанасць і позні зварот па медыцынскую дапамогу. Асабліва засмучае сітуацыя з візуальнымі лакалізацыямі пухлін. Каля 70 % пухлін рота і глоткі выяўляецца на 3-4-й стадыях. Запушчанасць раку малочнай залозы складае 24 %. Агульны ўзровень запушчанасці раку ўсіх лакалізацый — амаль 20 %.

Віктар Кандратовіч падкрэсліў, што ў Беларусі дзейнічаюць праграмы скрынінгу па чатырох лакалізацыях: раку прастаты, малочнай залозы, коларэктальнага раку і раку шыйкі маткі. Гэтыя пухліны ўваходзяць у пералік сямі самых распаўсюджаных ракаў-забойцаў (разам з ракам лёгкага, страўніка і поласці рота).

— Ва ўсім свеце прапрацаваны і прапануюцца наступныя скрынінгавыя праграмы. Для выяўлення раку малочнай залозы — мамаграфія, раку прастаты — аналіз крыві на ПСА, коларэктальнага раку — аналіз калу на схаваную кроў. З 2016 года мы пачалі ўкараняць гэтыя праграмы ў Беларусі, — расказвае ўрач-анколаг РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава Алена Харэвіч. — З года ў год колькасць людзей, якіх ахопліваюць гэтыя праграмы, павялічваецца. Падчас такіх тэстаў паказчык выяўлення раку на ранніх стадыях вельмі высокі — 84,3 %, а па раку малочнай залозы нават 91 %, што сведчыць пра эфектыўнасць праграм. Пры гэтым на ранняй стадыі аб'ём лячэння істотна скарачаецца, напрыклад, пры 0-й ці 1-й стадыі раку малочнай залозы можна абысціся толькі хірургічным лячэннем, што станоўча ўплывае ў тым ліку і на эмацыянальны стан пацыента.

Спецыяліст нагадала, што пяцігадовая выжывальнасць таксама залежыць ад стадыі хваробы. Калі з 0-1-й стадыямі раку малочнай залозы выжывае 95—96 % жанчын, то з 4-й пяцігадовы парог пераадольвае 12—13 %.

Акрамя трох названых лакалізацый, распрацавана і праграма скрынінгу раку шыйкі маткі — так званая вадкасная цыталогія. Яе пілотны праект рэалізуецца цяпер у РНПЦ анкалогіі, і ў найбліжэйшы час яго плануюць укараніць у практыку.

Высокая эфектыўнасць скрынінгавых праграм

Пра вынікі скрынінгавых праграм у Мінску расказаў загадчык арганізацыйна-метадычнага аддзела Мінскага гарадскога клінічнага анкалагічнага дыспансера Вячаслаў Сільчанка. Праграма скрынінгу раку малочнай залозы дзейнічала на базе 34-й Цэнтральнай раённай клінічнай паліклінікі Савецкага раёна Мінска. У зоне яе ахопу пражывае 5911 жанчын ва ўзросце ад 50 да 69 гадоў — гэта так званая мэтавая група. Падчас праграмы абследаванне паказала, што 1407 жанчын не ўваходзяць у групу рызыкі. Амаль сем дзясяткаў жанчын былі накіраваны на рэнтгеналагічныя даабследаванні, 1661 жанчыне з дабраякаснымі ўтварэннямі патрабуецца дынамічнае назіранне. Выяўлена пяць выпадкаў раку.

Праграма па скрынінгу раку прастаты дзейнічала ў Мінску на базе паліклінік Першамайскага, Савецкага і Заводскага раёнаў. Яе мэтавая аўдыторыя — 50—69-гадовыя мужчыны. Было абследавана 43 607 чалавек. Выяўлена 157 выпадкаў раку, у тым ліку 117 на 1-2-й стадыях.

У праграме скрынінгу коларэктальнага раку былі задзейнічаны 45—60-гадовыя медработнікі. Пры выбары такой мэтавай аўдыторыі ўлічвалася даступнасць метадаў скрынінгу па месцы работы, да таго ж меркавалася, што гэта самая асэнсаваная група насельніцтва. Было выканана 294 каланаскапіі і 5 тысяч FІT-тэстаў (аналіз калу на схаваную кроў). Выяўлена тры выпадкі раку і 143 выпадкі паліпаў, якія ў наступныя 5-7 гадоў могуць перарасці ў злаякасныя новаўтварэнні. Праўда, як адзначыў Віктар Кандратовіч, толькі 35 % ад меркаванага кантынгенту прыйшлі на скрынінг.

Для параўнання Вячаслаў Сільчанка прывёў звесткі па агульным выяўленні (у тым ліку і познім) і смяротнасці ад раку гэтых лакалізацый у Мінску. Летась у сталіцы выяўлена 1080 выпадкаў раку малочнай залозы, 272 пацыенткі памерлі. Суадносіны смяротнасці да захваральнасці складаюць 25,2 %, аднагадовая лятальнасць (калі пацыентка памірае цягам года з моманту выяўлення пухліны) — 4,6 %. На рак прастаты летась захварэла 1006 мінчан, 192 з іх памерлі. Суадносіны смяротнасці да захваральнасці склалі 19,1 %, аднагадовая лятальнасць — 4,8 %. Коларэктальны рак летась выяўлены ў 1103 пацыентаў, з іх 520 памерлі. Суадносіны смяротнасці да захваральнасці склалі 47,1 %, памерла цягам першага года з моманту выяўлення хваробы 23,9 % пацыентаў. На рак шыйкі маткі летась захварэла 169 мінчанак, з іх 57 памерлі. Суадносіны смяротнасці да захваральнасці складаюць 33,7 %, аднагадовая лятальнасць — 18,5 %.

— Скрынінгавыя праграмы, якія мы ўкараняем, дазваляюць скараціць смяротнасць ад раку і інвалідызацыю, прадухіліць перадпухлінныя захворванні, якія прыводзяць да раку, палепшыць якасць жыцця і яго працягласць. Акрамя гэтага, дзякуючы ім можна знізіць колькасць затрат на лячэнне аднаго пацыента. Комплекс медыцынскіх, сацыяльных і эканамічных аспектаў сведчыць пра высокую эфектыўнасць гэтых праграм, — рэзюмаваў Вячаслаў Сільчанка.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Чым раней, тым лепш

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Галiна Левіна: Помнiк — не канструктар i не чарцёж, яго трэба перажыць, выпакутаваць

Галiна Левіна: Помнiк — не канструктар i не чарцёж, яго трэба перажыць, выпакутаваць

У архiтэктара Галiны Левiнай — Хатынь, творчая спадчына яе бацькi.

Грамадства

Прэмiя прыгажосцi. Дзеля чаго людзi кладуцца пад нож пластычнага хiрурга?

Прэмiя прыгажосцi. Дзеля чаго людзi кладуцца пад нож пластычнага хiрурга?

Як сведчаць шматлiкiя даследаваннi, прывабным людзям прасцей прабiцца ў жыццi i яны дасягаюць у кар'еры большага поспеху. 

У свеце

Як Еўропа аднаўляецца ад кавiднага ўдару?

Як Еўропа аднаўляецца ад кавiднага ўдару?

Сёлета еўрапейская эканомiка будзе перажываць глыбокую рэцэсiю з-за ўспышкi каранавiруса, нягледзячы на хуткiя i ўсёабдымныя антыкрызiсныя меры як на саюзным, так i на нацыянальным узроўнi.

Эканоміка

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам са спецыялістам Нацбанка

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам са спецыялістам Нацбанка

2020 год паставіў усіх нас перад неабходнасцю дакладна планаваць свае выдаткі.