Вы тут

Агляд чытацкай пошты


Сто залпаў салюту ў гонар ветэрана!

Мой дзядуля Эдуард Сямёнавіч Дзяўго жыве ў вёсцы Еленка Маладзечанскага раёна. Ён ваяваў на 1-м Беларускім фронце пад камандаваннем маршала Ракасоўскага, у складзе 32-га пяхотнага палка прайшоў шлях Беласток—Варшава—Кёнігсберг, узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны 2-й ступені і Чырвонай Зоркі, дзясяткамі медалёў.

Нягледзячы на ўзрост (а дзядулі ні многа ні мала сто!), ён нястомны апавядальнік і цікавы суразмоўца. З ім можна пагаварыць на самыя розныя тэмы, аднак першая і галоўная для яго — вайна.

Што-нішто з яго ўспамінаў адкрыла для мяне новыя цікавыя факты, падрабязнасці з гісторыі нашага роду і рэалій часу.


— Помню ўсё, як быццам яно ўчора было, — не раз прызнаваўся дзядуля. — У тую нядзелю мы, хлопцы з Еленкі і ваколіц, пайшлі ў Дубровы (гэта суседняя вёска) на заняткі па ваеннай падрыхтоўцы. Там і пачулі, што вайна пачалася, але нам не верылася: усё ціха было, нічога не чуваць. Вярнуліся дадому, ноч перажылі, а назаўтра прачнуліся — самалёты равуць...

Першы час мы дома на гаспадарцы былі. У войска прызвалі значна пазней, пасля вызвалення Беларусі, разам з братамі Адольфам і Міхаілам. Прыйшлі ў Радашковіцкі ваенкамат, адтуль на цягнік — і ў Бабруйск, у крэпасць. Навучалі там месяцы са тры (жылі ў бараках), найперш — як трэба страляць, да суровага жыцця рыхтавалі. На дварэ, напрыклад, марозік, а нас прыгналі да рэчкі і загадваюць хутка распрануцца і лезці ў ваду. Мы: «Як гэта? Голымі? Змерзнем...» А нам у адказ: «А калі на фронце спатрэбіцца? Як вы будзеце фарсіраваць рэчку?»

І потым такі спатрэбілася!

Прынялі прысягу і адразу на фронт. Прывезлі на цягніку ў Польшчу, у Беласток, размеркавалі, адправілі ў лес, кажуць — рабіце зямлянкі.

Абутак у нас благі быў, дзіравы, але на гэта ніхто не глядзеў. Цэлымі днямі ходзіш з мокрымі нагамі, ды яшчэ і нанач ідзеш у халодную зямлянку... Але ж нічога не зробіш, трывалі.

Зіму жылі ў лесе. Пасля адправілі на Кёнігсберг. Ішлі туды вельмі хутка. Памятаю, неяк сказалі, што сёння многа прайшлі — семдзесят кіламетраў...

Мне вельмі пашанцавала, што на вайне я быў разам з братам Адольфам. І не толькі ў адной дывізіі, але і пры адным кулямёце. Разам мы цягалі яго: брат — ніжнюю частку, я — ствол, які важыў каля трох дзясяткаў кілаграмаў.

Вера ў Бога яшчэ ратавала. Свой нацельны крыжык я ніколі не здымаў.

Але ж неяк мы фарсіравалі рэчку Нісу, сталі наступаць. Адольф быў наводчыкам кулямёта, я падносіў патроны. Помню, бягу і думаю: вось за тым узгорачкам упаду... Толькі сабраўся і бах — паваліўся, як скошаны. Мусіць, снайпер страляў. Як праз сон чую: «Ай-я-яй! Эдзіка забілі!» Гэта брат крычыць.

Пазней мне перавязалі нагу, і я разам з іншымі параненымі застаўся ляжаць на полі. Увечары нас сталі падбіраць, укладваць на калёсы. Прывезлі ў нейкую вёсачку, але палажылі чамусьці проста на зямлю, пакінулі нанач. Толькі назаўтра прыйшлі дактары і ўжо вырашалі, каго куды везці і як лячыць. Шпіталя не было. У нейкай хаце доктар рабіў перавязкі. Пасля ў цагельні лячылі. Рана стала крыху зацягвацца, зажываць, і мяне выпісалі ў запасны полк. Туды час ад часу прыязджала машына — высвятлялі, хто з якога палка, і забіралі. Так я зноў трапіў у сваю дывізію, што стаяла на мяжы з Чэхаславакіяй. Затым нас з Адольфам мабілізавалі.

...Пасля вайны працаваў у калгасе. Памятаю, пасля агляду ў шпіталі адна доктарка сказала: «З вашым здароўем, Эдуард Сямёнавіч, трэба лёгкую работу шукаць, не для вас цяжкая фізічная праца». А я толькі засмяяўся: «Міленькая, дзе ж вы на вёсцы лёгкую работу бачылі?»

Да працы, любой, я прывучаны з дзяцінства. Бацькі былі хлебаробы. Нас, дзяцей, мелі васьмёра: шэсць хлопцаў і дзве дачкі. Самы старшы — Юзаф, потым Міхаіл, Ядвіга, Ванда, Адольф, я. Пасля мяне — Валюсь, а затым яшчэ Волісь.

Бацька памёр, калі мне было 12, а малодшыя і зусім малыя... Нагараваліся... А потым яшчэ і брат Юзя, які пасля бацькі за кармільца застаўся, разбіўся на таку.

Я пры панскай Польшчы скончыў у Пугачах чатырохкласную школу (навучанне праходзіла ў хаце, асобнага будынка не было). Потым мяне адправілі вучыцца ў мястэчка Гарадок, але пасля смерці брата на гаспадарцы працаваць не было каму, і ў шосты клас я ўжо не пайшоў.

Усё жыццё працаваў на зямлі: то ў калгасе на паляводстве, то вартаўніком пры конях, то пастухом... Мучыліся тады, бо пашы зусім не было, а затым у Еленку прыгналі яшчэ і кароў. Стаялі яны ў таках, у канюшні — кароўнік потым з'явіўся, і я загадчыкам фермы стаў. Хапіла ліха... Але ж змагаўся, стараўся як найлепш, 22 гады кіраваў.

Нашаму пакаленню цяжка жылося: трэба было і гарады будаваць, і гаспадарку выцягваць. Памятаю, у Налібоцкую пушчу пасылалі — прызначылі сто кубаметраў лесу вытраляваць. У нас добры конь быў. Снег, маразы, а мы набяром коням сена, сабе — хлеба... У лесе жылі, на марозе начавалі. Хто коней не меў, дрэвы рэзалі. Бярвенні па рэчцы сплаўлялі.

І тады, далібог, не глядзелі, хто там франтавік, хто не. Адразу пасля вайны бабы нават казалі: хто ваяваў — той прапаў, загінуў, а вы, можа, і пораху не нюхалі. Але я шкадаваў гэтых жанчын, бо ліха ім шмат дасталася, многія паўдавелі, цягнулі дзяцей, гаспадарку. Я ім па-добраму казаў: «Дурніцы, каб усіх пабілі — дык тут немцы былі б...

Ды і падумайце — касой косяць, і тое нейкая травіна застанецца. Таксама і на вайне»...

Але што казаць: пабілі ў нас многа — і мужыкоў, і хлопцаў...

Да рэвалюцыі ў Еленцы 60 хат было. Пры Польшчы парабілі хутары, і вёска амаль знікла: толькі сем двароў засталося, і адзін з іх — наш.

Пасля вайны талакой школу збудавалі.

Тут я і ажаніўся ў 47-м, не ў лепшы час. Марыю прысваталі, сказалі, што ёсць харошая дзяўчына, швачка. Я ўбачыў, што яна прыгожая, працавітая. Сталі мы з ёй разам хадзіць да касцёла ў Дубровы...

Спачатку жылі з ёй у доме маці, сталі памалу будавацца. У сваю хату засяліліся, калі там яшчэ і падлогі не было, — глінай выбілі. Так і жылі, усё паціху зрабілі, траіх дзяцей на ногі паставілі... Марыя працавала даяркай, вельмі добра шыла: сукенкі, спадніцы, гарнітуры рабіла ўсяму наваколлю. Дзеўкі, маладзіцы аж вішчалі ад яе фасонаў! Да таго ж яна і пявуння была. Хадзілі мы на вечарыны, танцавалі і польку, і кракавяк, а найболей любілі вальс...

Раней на Дуброўскі сельсавет было 47 ветэранаў, збіраліся кожны год на 9 Мая. А цяпер ужо нікога з маіх сяброў не засталося. Толькі я і адна партызанка ў суседняй вёсцы.

***

...З прыгожым юбілеем, стагоддзем, майго дзядулю прыязджала віншаваць кіраўніцтва Аляхновіцкага сельвыканкама, тэрытарыяльнага цэнтра сацабслугоўвання, прафсаюзнай і ветэранскай арганізацый, настаўнікі і, вядома ж, нашчадкі!

Увечары ў гонар юбіляра быў салют у сто залпаў, які стаў сапраўднай падзеяй для невялічкай вёсачкі і яе жыхароў.

Ірына ЛАПЦЁНАК, унучка і (гэта дзякуючы дзеду з бабуляй) кандыдат філалагічных навук, дацэнт, дырэктар Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, г. Мінск


Нашы, глыбоцкія!

...Не вам казаць: для таго каб паступіць у медінстытут, трэба дасканала вывучыць хімію з біялогіяй.

Аляк­сандр Яў­ге­на­віч Смоль­скі, Аляк­сей Ле­а­ні­да­віч Ка­буш,  Ан­тон Аляк­санд­ра­віч Ла­та­ноў­скі.

Дзесяцігоддзямі я выкладала ў школе гэтыя прадметы, помню вельмі многіх вучняў, але ж асобных, здаецца, найбольш. Антон Латаноўскі, напрыклад, прагна лавіў ці не кожнае слова, выконваў самыя складаныя заданні, шмат займаўся самастойна... І вось, помню, тэлефонны званок яго бацькі: Антон паступіў!

Нават я тады была на сёмым небе ад шчасця! Што ўжо казаць пра студэнта!

З часам ён паспяхова скончыў медыцынскі інстытут, інтэрнатуру і спраўдзіў-такі сваю мару: стаў хірургам, дзесяць гадоў працуе ўжо ў нашай Глыбоцкай раённай бальніцы і застаецца такі ж уважлівы да людзей, уедлівы да ведаў ды старанны да працы.

Многія ў райцэнтры ведаюць Антона Аляксандравіча, шчыра паважаюць і яго, і ягоных калег Аляксандра Яўгенавіча Смольскага і Аляксея Леанідавіча Кабуша — спецыялістаў з багатым прафесійным досведам.

І вось што цікава: неяк я трапіла ў абласную бальніцу, папрасілася на аперацыю да аднаго хірурга, але ён адмовіўся, бо гэта, маўляў, не ягоны профіль: ён робіць іншыя аперацыі.

Нашы ж хірургі не дзеляць іх на «свае» і «нечыя» — яны днём і ноччу ратуюць людзей, працуюць поплеч, за што яшчэ раз хочацца сказаць ім: «Дзякуй!»

Зоя Наваенка, г. п. Падсвілле, Глыбоцкі раён


Каб помнілі...

Афганская вайна — своеасаблівая старонка нашай гісторыі, напісаная крывёй вайскоўцаў, слязьмі і горам іх родных. На карце Беларусі амаль не знойдзецца мясцін, ураджэнцы якіх не ўваходзілі б у склад так званага абмежаванага кантынгенту...

Ваявалі ў Афганістане і дзесяць хлопцаў з вёскі Дварэц ды ваколіц: Юрый Белятка, Віктар Буткевіч, Анатоль і Юрый Губко, Аляксандр і Генадзь Жылінскія, Валерый Івашка, Сяргей Сямашка, Уладзімір і Дзмітрый Лазовікі. Апошні з іх, ураджэнец вёскі Малая Палонка, за праяўленыя мужнасць і адвагу (на вялікі жаль, пасмяротна) узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. Яго імя носіць піянерская дружына школы, сёлета ў рамках праекта «Без права на забыццё» збіраюцца матэрыялы для стварэння музейнага пакоя, для падрыхтоўкі кнігі пра воінаў-інтэрнацыяналістаў Дзятлаўшчыны. Валанцёры сочаць за парадкам на магілах Дзмітрыя Лазовіка і Юрыя Беляткі, штогод да дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў у школе праводзіцца адкрыты турнір па валейболе...

На прыкладзе гераізму старэйшых выхоўваецца патрыятызм маладых.

Сяргей Каско, кіраўнік школьнага гісторыка-краязнаўчага музея, Дзятлаўскі раён


«Вайна» ў малодшай групе

...У той дзень унука з садка забірала я. Прыйшла, зазірнула ў пакой — малога нідзе не відаць. Не відаць і выхавацелькі, каб спытацца, дзе ён... Праўда, у цэнтры пакоя — дзіцячы натоўп. І заняты ён, мяркуючы па сагнутых, напружаных спінах, нечым вельмі сур'ёзным.

— Нясіце бінты! — даносіцца адтуль.

— Сястра, скальпель!

На ватных нагах кідаюся туды, праціскаюся паміж дзецьмі ў цэнтр натоўпу і бачу, што там, на падлозе (рукі раскінуты, вочы заплюшчаны) ляжыць наш хлопчык!

— Гэта яны ў вайну пяць хвілін гулялі, — ціха з-за спіны падказвае выхавацелька. — А цяпер во, лечаць параненых.


Ад гарэлкі розум мелкі?

Неяк раз еду я ў аўтобусе. Народу не сказаць, каб шмат, але месцы ўсе занятыя. А ў праходзе п'яны стаіць — ледзь на нагах трымаецца. Ва ўсякім разе, кандуктар проста не ведае, як яго абысці.

П'яны гэтую нерашучасць разумее па-свойму.

— Адкрыйце люк, — загадвае кандуктару, — а то вельмі горача.

— Гэта аварыйны. Бачыце, — жанчына паказвае пальцам уверх, — так і напісана: адкрываецца ў час аварый.

— Ага, значыць, такі адкрываецца?! — настойвае п'яны.

— Дык я ж кажу: у час аварый, пажараў...

— Тады адчыняйце: у мяне ўнутры ўсё гарыць!..

— Бач, ты — п'яны, — з павагай прамаўляе мужчына, што сядзіць побач са мной, — але розум не страціў.

Наталля Шастакова, г. Гомель

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чым сябе заняць на самаiзаляцыi?

Чым сябе заняць на самаiзаляцыi?

Урачы па ўсiм свеце запусцiлi флэшмоб #StayAtHome.

Грамадства

Хто паставiць кропку ў спрэчцы вакол пакупкі за адну базавую?

Хто паставiць кропку ў спрэчцы вакол пакупкі за адну базавую?

Ранейшы ўласнiк цяпер звярнуўся ў суд i патрабуе вярнуць будынак.

Культура

Віктар Капыцько: У нашых прыдворных тэатрах ставіліся оперы, напісаныя тут, а не дзе-небудзь у Італіі

Віктар Капыцько: У нашых прыдворных тэатрах ставіліся оперы, напісаныя тут, а не дзе-небудзь у Італіі

Віктар з'яўляецца аўтарам опер, сімфоній і кантат, яго музыка гучыць у розных кутках свету, а ў Беларусі з ім працуюць найлепшыя выканаўцы.

Культура

Дарогамі Славы. Простыя вяскоўцы

Дарогамі Славы. Простыя вяскоўцы

Уладзiмiр Амельяновiч і Апанас Кляцко.