Вы тут

Вяртанне Змітрака Бядулі


З казахстанскага горада Уральска-Арала ў Беларусь прывезлі парэшткі пісьменніка Змітрака Бядулі (Самуіла Плаўніка)


Беларускія пісьменнікі на сустрэчы з Янам Райнісам. Сядзяць (злева направа): Змітрок Бядуля, Ян Райніс, Янка Купала, Кандрат Крапіва. Стаяць: Язэп Пушча, Адам Бабарэка, Уладзімір Дубоўка, Пятро Глебка, Кузьма Чорны. Мінск,19 лістапада 1926 г. Фота NLB.BY

Як аказаўся класік беларускай літаратуры ў далёкім краі, чаму быў там пахаваны? У вайну многія беларусы падаліся ў эвакуацыю. Восенню 1941-га ў эшалоне з сям’ёй дабіраўся пісьменнік за Урал. Дарога была цяжкаю: бо цягніку даводзілася ўвесь час прапускаць сустрэчныя, што ішлі на фронт. Пад’язджаючы пад Уральск, Змітрок Бядуля раптоўна памёр, стоячы ў таварняку (месцаў для сядзенння ўсім не хапала) ад інфаркта. І 3 лістапада на могілках Уральска быў пахаваны. Арганізаваў там жалобную цырымонію Другі Беларускі дзяржаўны тэатр з Віцебска (які з 1944 года носіць імя Якуба Коласа). Тэатр якраз быў ва Уральску ў эвакуацыі. У тэатры ў Віцебску бываў, выступаў да вайны Змітрок Бядуля.

Не ўсе ведаюць, што пісьменнік быў вядомым тэатральным крытыкам, драматургам: ягоную п’есу “Салавей” паставілі ў Мінску на сцэне Першага Беларускага дзяржаўнага тэатра (БДТ-1 цяпер — гэта Нацыянальны акадэмічны драмтэатр імя Янкі Купалы) у 1937 годзе. Спектакль з поспехам ішоў і пасля вайны. Пра пахаванне бацькі на прэс-канферэнцыі ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры, якая ладзілася 27 лютага (па прыбыцці парэшткаў Змітрака Бядулі ў Мінск) згадаў ягоны сын, 86-гадовы Яфім Плаўнік: “Памятаю тое пахаванне... Помню да дробязяў. Гэта было як тэатральнае дзейства. Труна стаяла на могілках на высокім пастаменце, да яе вялі сходы. І ўсё было пацягнута чырвонай тканінай. Я па тых сходах, малы, караскаўся, каб развітацца з бацькам... А ўвогуле навокал было ўсё неяк будзённа”.

Міхаіл Рыбакоў, Самуіл Плаўнік, Алесь Сапега (з мікрафонам), Павел Мацукевіч на прэс-канферэнцыі ў Мінску. Фота Івана Ждановіча

Тую будзённасць можна зразумець: вайна, далёкі край, чужыя людзі... Што ім да беларускага пісьменніка, хай сабе й вядомага, да яго 7-гадовага сына? Боль ад страты роднага чалавека для Яфіма Самуілавіча ўжо далёка ў мінулым, і сёлетняе “дзейства” не ўспрымае ён як нешта змрочнае. Бязмежную ўдзячнасць выказаў усім, хто спрычыніўся да пераносу парэшткаў бацькі ў Беларусь, найперш Алесю Сапегу. Са згоды родных пісьменніка справу эксгумацыі парэшткаў Змітрака Бядулі, транспарціроўкі іх у Беларусь, наступнага перапахавання на Радзіме ўзяў на сябе Фонд Марыі Магдалены Радзівіл (Швейцарыя). Менавіта ж Алесь Сапега Фонд узначальвае: ураджэнец Бабруйска, сябар Асацыяцыі беларусаў Швейцарыі (якую й стварыў з падтрымкай беларускіх дыпламатаў). Ён, дарэчы, і сябар Кансультатыўнага савета пры Міністэрстве замежных спраў Беларусі па справах беларусаў за мяжой.

Акрамя яго, у Арал ездзіў, актыўна займаўся вялікім комплексам пытанняў, звязаных з атрыманнем неабходных дазволаў і ўзгадненняў, дэмантажом помніка, эксгумацыяй астанкаў ды іх транспарціроўкай у Беларусь (судмэдэкспертыза, СЭС, аэрапорт, мытня...) Павел Мацукевіч — ён Часовы павераны ў справах Беларусі ў Швейцарыі. І Алесь, і Павел на прэс-канферэнцыі падрабязна расказвалі, як праходзілі ўсе этапы работы, паказвалі фотаздымкі — можна іх паглядзець на сайце Музея літаратуры. А музей — гэта зацікаўлены партнёр Фонду, які ўсяляк спрыяе рэалізацыі праекта па перапахаванні парэшткаў класіка. Згадалі яшчэ на прэс-канферэнцыі з вялікай удзячнасцю Ганаровага консула Беларусі ў Лазане Андрэя Нажэскіна — дзякуючы ягонай фінансавай падтрымцы рэалізуецца праект. Казалі пра слушную прапанову настаяльніка храма ў Арале, дзе праходзіла памінальная служба: устанавіць на тэрыторыі могілак, дзе быў пахаваны Змітрок Бядуля, мемарыяльны знак, ушанаваўшы такім чынам памяць пісьменніка.

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры сабраў журналістаў у “Зале асветнікаў”, тым падкрэсліўшы знакавасць фігуры пісьменніка, сябра Янкі Купалы. У холе музея працавала выстава, прысвечаная Змітраку Бядулю: кнігі, лісты, фотаздымкі, асабістыя рэчы. Дырэктар музея Міхаіл Рыбакоў быў мадэратарам на прэс-канферэнцыі, казаў: каля 80 экспанатаў, звязаных са Змітраком Бядулем, ёсць цяпер у фондах. І філіял музея “Беларуская хатка” памятае Змітрака Бядулю: ён жыў там з 1915 па 1918 год разам з сёстрамі Рэняй ды Геняй. Там пісьменнік даў прытулак ужо хвораму, з адкрытай формай туберкулёзу Максіму Багдановічу. Адтуль паэт паехаў у Ялту на лячэнне, дзе й памёр 25 мая 1917 года.

Алесь Сапега (справа) ля надмагілля Змітрака Бядулі. BELLITMUSEUM.BY, ЮРЫ КАМІСАРАЎ

Парэшткі Змітрака Бядулі будуць перазахаваны ў Мінску, калі ўсё будзе належным чынам падрыхтавана і ўзгоднена. Такая праца цяпер актыўна вядзецца.

Іван і Валянціна Ждановічы

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.