Вы тут

“Далягляды”–2020: працяг традыцыі


Адраджэнне выдання перакладных альманахаў становіцца ў Беларусі справай сістэмнай. Пра тое сведчыць запланаваны да сустрэчы з чытачом гадавік “Далягляды”, які пабачыць свет сёлета.


У 1970‑я — на пачатку 1990‑х гадоў у выдавецтвах “Мастацкая літаратура” й “Юнацтва” выходзілі тры альманахі, якія прадстаўлялі пераклады твораў з іншанацыянальных літаратур на беларускай мове. Першапраходцам сярод падобных выданняў стаў альманах “Далягляды”. З часам з яго вылучыўся гадавік “Братэрства”. У “Даляглядах” друкаваліся проза, паэзія, публіцыстыка, крытыка з літаратур іншых краін як Еўропы, так і Азіі, Афрыкі, Амерыкі. А ў альманаху “Братэрства” пачалі прадстаўляць літаратуры савецкіх рэспублік, народаў Расіі. Быў і “Ветразь”, які знаёміў з замежнымі ды народаў СССР літаратурамі. Пасля развалу Савецкага Саюза традыцыя перарвалася. Хаця, здавалася б, умовы наадварот сталі болей спрыяльнымі, часцейшымі сталі паездкі творчых людзей у іншыя краіны. Літаратурная моладзь больш актыўна цяпер авалодвае іншымі мовамі, нават па ранейшым часе экзатычнымі: кітайскай, японскай. Часцей у перыёдыцы пачалі з’яўляцца пераклады з арыгінальных моў, а не праз пасрэдніцтва рускай мовы. А вось альманахі тым часам засталіся ў мінулым.

У 2019‑м “Мастацкая літаратура” зрабіла выразную спробу вярнуць традыцыю, выдаўшы альманах пад вядомай назвай: “Далягляды”. Перапынак ці не ў 27 гадоў быў парушаны. Разам сышліся пісьменнікі з далёкага замежжа й з краін постсавецкай прасторы. Альманах чытачы заўважылі, пра яго пісалі ў перыёдыцы. І на 2020‑ы таксама запланаваны выпуск “Даляглядаў”, які, мяркуецца, збярэ пад адной вокладкай творы паэтаў і празаікаў з 15 краін: Германіі, Дамініканскай Рэспублікі, Італіі, Кубы, Кыргызстана, Кітая, Польшчы, Пуэрта-Рыка, Расіі, Сербіі, Узбекістана, Украіны, Таджыкістана, Туркменістана, Францыі.

Расія прадстаўлена будзе перакладамі вершаў Міхаіла Анішчанкі, Любові Турбіной, падборкай паэтычных твораў літаратараў Дагестана, вершамі чачэнскай паэтэсы Фаізы Халімавай, народнага паэта Чувашыі Валеры Тургая. Перакладчыкі — Бажэна Мацюк, Янка Лайкоў, Мікола Мятліцкі, Віктар Шніп. Паэты розных пакаленняў. У кожнага — свой досвед звароту да мастацкага перакладу. Мікола Мятліцкі, скажам, выдаў і асобны аўтарскі зборнік перакладаў паэзіі народаў свету. Двойчы падыходзіў да анталагічнага засваення кітайскай паэзіі — выдаў фаліянты, якія спярша прадставілі чытачу Беларусі сто паэтаў Кітая ў адной кнізе, затым — сто паэтаў Кітая XX стагоддзя. Выдаў Мікола Мятліцкі й кнігу вершаў класіка казахскай літаратуры Абая, пераствораную на беларускую мову. Яшчэ ў яго перакладах пабачылі свет кнігі легендарнага кітайскага паэта Ай Ціна, народнага паэта Татарстана Роберта Мінуліна.

Бажэна Мацюк яшчэ шукае сябе як перакладчыца, выпрацоўвае свае прыхільнасці. Янка Лайкоў, відавочна, цягнецца да рускай ды ўкраінскай паэзіі. Хаця газета “Літаратура і мастацтва” друкавала й пераклад верша туркменскага паэта, здзейснены Янкам Лайковым.

У “Даляглядах” за 2020 год будуць змешчаны вершы нямецкіх класікаў: Генрыха Гейнэ, Ёгана Вольфгана Гётэ, Конрада Фердынанда Маера, Райнера Марыі Рыльке, Тэадора Шторма. Перакладчык — паэт Дзмітры Пятровіч. Рыгор Ляшук пераклаў апавяданні Анхеля Луіса Арамбілета Альварэса (Дамініканская Рэспубліка), Педры Хуана Гут’еррэса (Куба), Луіса Лопеса Ньевеса (Пуэрта-Рыка), прычым — з арыгіналаў. У асобе Рыгора Ляшука (ён і ў выпуску гадавіка‑2019 пазнаёміў чытачоў са сваім перакладам апавядання пісьменніцы з Эквадора) паўстае цікавы перакладчык іспанамоўных твораў.

Аўтарытэту “Даляглядам” 2020 года надае ўдзел у альманаху такіх перакладчыкаў, як Аксана Данільчык (з італьянскай), Алеся Емяльянава-Шыловіча ды Анатоля Бутэвіча (з польскай), Івана Чароты (з сербскай), Андрэя Хадановіча (з французкай). Будзем спадзявацца, што “Мастацкая літаратура” здолее развіць і захаваць традыцыю.

Кастусь Ладуцька

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.