Вы тут

Акушэр-гінеколаг Наталля Лелюх: Культывуючы страх старасці, кампаніі атрымліваюць звышпрыбыткі


Украінка Наталля Лелюх — урач-акушэр-гінеколаг, заснавальніца «Жаночага клуба» і славуты блогер, вядомы як «доктар Наташа». Яна шмат ездзіць па розных краінах з адукацыйнымі семінарамі, дзе расказвае пра цяжарнасць і роды, бясплоднасць, невыношванне і эстэтычную гінекалогію, а таксама развенчвае распаўсюджаныя міфы пра жаночае здароўе. Яе семінары называюць «жывымі», бо 40 % часу — адказы на асабістыя пытанні ўдзельніц. У Мінску семінары з удзелам Наталлі Лелюх арганізуе сацыяльны інфармацыйна-адукацыйны праект «Радзіны». Мы распыталі вядомага ўрача пра тое, што больш за ўсё турбуе жанчын на постсавецкай прасторы і што варта палепшыць у рабоце гінеколагаў, а таксама ці можна амаладзіцца з дапамогай шырока прадстаўленых сёння паслуг эстэтычнай гінекалогіі.


— Наталля, вы шмат ездзіце з адукацыйнымі семінарамі і пастаянна павышаеце сваю кваліфікацыю...

— ...і такім чынам я праследую дзве мэты: самаадукацыя і адукацыя тых, каму не абыякавае сваё здароўе. Сам па сабе «Жаночы клуб» стаў цудоўным месцам — сюды прыходзяць не толькі пацыенты, але і ўрачы, інтэрны, студэнты-медыкі. Адны — пераняць шаблоны для тлумачэння складаных тэм сваім пацыентам, іншыя — каб зразумець унікальнасць пабудовы і работы нашага цела. А я маю магчымасць «не засохнуць» і пастаянна самаадукоўвацца, шукаючы адказы на пытанні.

— Чым праблемы жанчын постсавецкай прасторы адрозніваюцца ад запытаў да ўрача-гінеколага ў Еўропе?

— Паколькі мая аўдыторыя — у асноўным выхадцы з постсавецкай прасторы, то пытанні часцей падобныя. За мяжой ёсць адрозненне ў доступе да першаснай кансультацыі доктара, нязначныя ў тым, як урачы кантактуюць і тлумачаць праблему пацыенткам. І я заўважыла яшчэ адно адрозненне — жанчыны постсавецкай прасторы маюць большы ўзровень базавай трывожнасці. Гэта адлюстроўваецца або ў залішнім імкненні ўсё прафілактаваць і абследаваць, або, наадварот, нічога не бачыць, не ведаць і жыць у няведанні.

— Што найбольш хвалюе жанчын па тэме жаночага здароўя ва Украіне і Беларусі?

— На першым месцы — праблемы бясплоднасці і невыношвання цяжарнасці. Асабліва для жанчын пасля 35. У апошнія дзесяцігоддзі жанчыны ўсё далей адкладваюць першую цяжарнасць. З гэтым і звязаны страхі, перасцярогі, навязаныя міфы і рэальныя праблемы. Радуе тое, што ўсё больш запытаў паразмаўляць пра жаночую сексуальнасць, пра ўплыў гармонаў на жыццё і здароўе, пра кантрацэпцыю і менапаўзу.

— Над чым, на ваш погляд, варта працаваць медыцынскаму персаналу, каб палепшыць дапамогу жанчынам?

— Найбольшая колькасць праблем узнікае на ўзроўні камунікацыі — недагаварылі, не зразумелі адно аднаго, не захацелі ці не паспелі агучыць сваю пазіцыю. Таксама ёсць вялікая праблема ў адсутнасці паняцця «юрыдычная абарона» — як урачоў, так і пацыентаў. Нас не павінны стукаць ілбамі журналісты. Любыя канфлікты і спрэчныя сітуацыі павінны разбірацца ў юрыдычным полі, цывілізавана, з работай над памылкамі, а не з прыніжэннем, звальненнем і замоўчваннем праблемы. Канешне, мы яшчэ доўга будзем разграбаць агрэхі нашай медыцынскай адукацыі і ментальных установак кшталту «я захварэў, а доктар павінен мяне лячыць».

Фота носіць ілюстрацыйны характар. goodhouse.kz

І немалаважнай праблемай, на мой погляд, з'яўляецца выгаранне ўрачоў. З гэтым увогуле ніхто не лічыцца і няма сістэмнай стратэгіі па яе пераадоленні.

— Калі закранаць тэму цяжарнасці і родаў, што найбольш хвалюе жанчын?

— Падрыхтоўка да цяжарнасці, акушэрская агрэсія і камерцыялізацыя працэсу. Мяне радуе, што жанчын усё больш хвалююць пытанні лайфстайлу — харчавання, набору вагі, спартыўных нагрузак. У мяне ёсць прыклады, як мае цяжарныя пераплывалі Басфор на 12-м тыдні і танцавалі на пілоне да 36 тыдняў. Канешне, ёсць запыт па «страхах» і «пужалках» у выглядзе матачнага тонусу, прыёму лекаў, «шкоды» ўльтрагуку і іншых традыцыйных пытанняў пры цяжарнасці. Па тэме родаў больш за ўсё хвалююць абязбольванне, медыцынскія маніпуляцыі, падрыхтоўка да працэсу.

— У Беларусі ў апошнія гады змяніліся і сістэма допуску ў радзільныя дамы, і самі роды. У прыватнасці, у раддамы стала прасцей трапіць родным, стала больш партнёрскіх родаў, у тым ліку і з доўламі, а жанчыны ўсё часцей складаюць «план родаў», дзе выкладаюць свае пажаданні. А якая сітуацыя з гэтым ва Украіне?

— Апошнія пяць гадоў ва Украіне можна смела назваць бумам партнёрскіх родаў. Партнёр — гэта не заўсёды муж: гэта можа быць сяброўка, мама, доўла. Гэта той чалавек, які забірае на сябе трывогу і кантроль, дазваляе жанчыне не замарочвацца дробнымі праблемамі. Таксама ў нас ёсць практыка хатніх радзільных зал у раддоме, калі ўрача завуць пры жаданні парадзіхі. Гэта дамашнія роды, але на бяспечнай медыцынскай тэрыторыі. Канешне, гучыць ідэальна, але на практыцы бываюць нюансы. Нам яшчэ доўга ламаць стэрэатыпы савецкага акушэрства. Радуе, што пачалі.

— Ці трэба, на ваш погляд, жанчыне рыхтавацца да родаў — наведваць, напрыклад, курсы? Або дастаткова кансультацый урача, які вядзе цяжарнасць? Якая павінна быць фізічная актыўнасць цяжарных?

— О, на гэтыя пытанні я адказваю на 4-гадзіннай лекцыі. Ведаеце, што мяне здзіўляе? Тое, што з'яўляецца нормай, — фізічныя практыкаванні, ёга, спа-працэдуры, масаж — варта даказваць ёмістымі і маштабнымі навуковымі працамі. Тое, што маме адразу пасля родаў патрэбна дзіця, а дзіцяці — мама, а не пялёнкі і ўзважванне, — давялося даказваць гадамі, ламаючы стэрэатыпы.

— Вы ўдзельнічаеце ў семінарах па эстэтычнай гінекалогіі. Наколькі гэта з'ява распаўсюджана на постсавецкай прасторы? Ці варта звяртацца да працэдур амаладжэння і ў якіх выпадках?

— Ёсць такая паважаная арганізацыя, як FDA (Food and drug admіnіstratіon) у ЗША, якая ў 2019 годзе ў кансэнсусным рашэнні па менапаўзе ў загадным парадку абавязала клінікі і прадаўцоў паслуг antіage (антыўзроставых. — «Зв».) не выкарыстоўваць слова «амаладжэнне», бо яно з'яўляецца выключна маркетынгавым. Амаладзіць немагчыма. Можна палепшыць якасць жыцця, але не амаладзіць! На семінары па эстэтычнай гінекалогіі мяне запрашаюць у якасці «Бабы Ягі», якая імкнецца ўнесці здаровы сарказм і доказную базу ў цемрашальства продажаў і звышпрыбыткаў, якія атрымліваюць, культывуючы наш страх старасці.

— Чаго вы пажадаеце жанчынам?

— Любіць сябе і жыццё.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Палацы, паркi, сядзiбы. На Брэстчыне вядзецца вялiкая работа па аднаўленнi гiсторыка-культурных аб'ектаў

Палацы, паркi, сядзiбы. На Брэстчыне вядзецца вялiкая работа па аднаўленнi гiсторыка-культурных аб'ектаў

Адным з першых у вобласцi пачалi рэстаўрыраваць велiчны палац Сапег у Ружанах.

Грамадства

Шопiнг з дапоўненай рэальнасцю. Тэхналогii 3D-мадэлявання адкрыюць новы фармат гандлю

Шопiнг з дапоўненай рэальнасцю. Тэхналогii 3D-мадэлявання адкрыюць новы фармат гандлю

Наша краiна займае трэцяе месца ў сваiм рэгiёне па колькасцi бескантактавых транзакцый.

Грамадства

Неспадзяваныя падарожжы. Як не згубiцца ў лесе?

Неспадзяваныя падарожжы. Як не згубiцца ў лесе?

Цёплае i вiльготнае надвор'е, якое вось ужо чацвёрты тыдзень з невялiкiмi перапынкамi пануе ў Беларусi, штурхае да таго, каб пайсцi ў лес.