Вы тут

І для школьнікаў, і для ветэранаў


Шэраг цікавых імпрэзаў правялі апошнім часам беларусы Тальяці


Губернатар Дзмітрый Азараў уручае ганаровы знак Людміле Дзёмінай

Актывісты Беларускай нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Нёман” пашыраюць у Тальяці веды пра беларускую культуру, нашу мову не толькі праз фестывалі, маштабныя імпрэзы гарадскога ўзроўню. Часам, як вядома, камерныя сустрэчы нават больш прыдатныя для таго, каб дзяліцца з людзьмі рознага ўзросту тым, што, як кажуць, за душой маем. І тэмы для гутарак могуць быць самыя розныя.

Кіраўніца суполкі “Нёман” Людміла Дзёміна даўно ладзіць творчыя сустрэчы са школьнікамі Тальяці. Вось і ў лютым былі такія. Спачатку Людміла Іванаўна сустракалася з першакласнікамі 59‑й школы ў Дзіцячай бібліятэцы № 12. Гаварыла з імі пра 75‑годдзе Вялікай Перамогі. Распавяла, што Беларусь першай прыняла ўдар ворага, і як шмат гора прынесла вайна ў сем’і савецкіх людзей. Расказвала пра подзвігі савецкіх салдат у гады Вялікай Айчыннай вайны, пра тое, як выжывала ў вайну яе бабуля Кацярына, якая была партызанскай сувязной, і што дзядуля, Іван Салановіч, не вярнуўся з фронту. Пазнаёміла дзяцей з апавяданнем Надзеі Надзеждзін “Партызанка Лара” — пра маленькіх разведчыц.

А на сустрэчы Людмілы Іванаўны з вучнямі 3 класа Ліцэя № 19 гаворка ішла пра беларускія народныя казкі. Яны, як вядома, вельмі займальныя, павучальныя. Госця пазнаёміла дзяцей з казкай “Ад крадзенага не пасыцееш”. Цікавым атрымаўся разбор казкі, кожны мог выказаць сваё меркаванне.

Далучылася суполка “Нёман” і да сацыяльнага праекта “Время Тольятти‑2020”: было яркае выступленне народнага ансамбля беларускай песні “Купалінка” ў Гандлёвым цэнтры “Русь — на Волге”.

“Купалінка” на сцэне ў Культурным цэнтры “Автоград”

І зноў жа ў лютым, пакуль не былі ў Расіі адменены масавыя мерапрыемствы з‑за эпідэміі каранавіруса, у Культурным цэнтры “Автоград” прайшла вялікая імпрэза “75 гадоў без вайны”. “Колькі талентаў сабралася! — напісала ў рэдакцыю Людміла Дзёміна. — Шмат было й маленькіх выканаўцаў, і дарослых удзельнікаў. У вялікай зале выступілі лепшыя калектывы цэнтра й горада, сярод іх — і наш гурт “Купалінка”, які парадаваў гледачоў новымі касцюмамі, кранальнай беларускай песняй “Два полі”. Гэты вядомы твор кампазітара Эдуарда Ханка на верш Анатоля Вярцінскага — пра лёс маладога хлопца, пра поле яго жыцця даваеннага й тое, дзе ён паміраў на вайне. “Купалінка” расчуліла публіку, артыстак яна вітала пасля выступлення крыкамі “Ура!” і “Брава!”. А наш ансамбль гатовы да новых канцэртных праграм і сустрэч з юнымі навучэнцамі школ горада”.

Крыху пазней мы атрымалі паведамленне: губернатар Самарскай вобласці Дзмітрый Азараў пабываў у Тальяці, калі напярэдадні 8 Сакавіка ў горадзе ўшаноўвалі жанчын. І прыемна было даведацца, што Ганаровым знакам губернатара “За ўнёсак ва ўмацаванне дружбы народаў” была ўшанавана й Людміла Дзёміна: як старшыня праўлення мясцовай грамадскай арганізацыі “Беларуская нацыянальна-культурная аўтаномія “Нёман” гарадской акругі Тальяці” ды як кіраўніца народнага самадзейнага калектыву аддзела мастацкай творчасці Культурнага цэнтра “Автоград”.

Нагадаем, што гэта ўжо не першая высокая ўзнагарода нашай супляменніцы. У прыватнасці, у 2015‑м актывістка беларускай дыяспары адзначана была Ганаровым знакам мэра “За заслугі перад гарадской акругай Тальяці”, а ў кастрычніку 2019‑га ў Мінску ўзнагароджана юбілейным медалём Міністэрства замежных спраў “100 год дыпламатычнай службе Беларусі”.

Віншуем, Людміла Іванаўна! Рады за вас!

Іван Іванаў

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.