Вы тут

Больш садавiны i агароднiны, спецый i круп. Як харчавацца, каб вясной не захварэць?


Увесну, калi актыўнасць нашай iмуннай сiстэмы знiжана з-за працяглай барацьбы з вiрусамi, адсутнасцi неабходнай колькасцi вiтамiнаў i сонечных дзён, лёгка захварэць. Тут варта ўспомнiць аб правiльным, рацыянальным харчаваннi, якое дае магчымасць падтрымаць i ўмацаваць сваё здароўе i павысiць ахоўныя сiлы арганiзма.


З ежай мы павiнны атрымлiваць дастатковую колькасць бялкоў, тлушчаў i вугляводаў — у суадносiнах 1:1:4, важныя мiнеральныя рэчывы (макра- i мiкраэлементы), комплекс вiтамiнаў i, вядома ж, ваду. А рацыянальны рэжым харчавання прадугледжвае 4-5-разовы прыём ежы на працягу сутак з iнтэрвалам 3-4 гадзiны i вячэру не пазней, чым за 2-3 гадзiны да сну. Сняданак павiнен складаць каля 25 % сутачнага рацыёну, абед — 35 %, падвячорак — каля 15 %, а вячэра — астатнiя 25 %. Важна, каб харчаванне было энергетычна адэкватнае — колькi атрымалi, столькi i патрацiлi.

— У штодзённы рацыён трэба ўключаць агароднiну i садавiну, асаблiва тую, што ўтрымлiвае вiтамiны А, В1, С, Е, свежую зелянiну, багатую на вiтамiны групы В, — кажа ўрач-гiгiенiст Мiнскага абласнога цэнтра гiгiены, эпiдэмiялогii i грамадскага здароўя Вольга ФIНСКАЯ. — Як вядома, да пачатку вясны ў агароднiне i садавiне, сабраных восенню, як i ў замарожаных, вiтамiнаў значна менш, аднак яны багатыя на клятчатку, якая дапамагае рабоце кiшэчнiка, у тым лiку ачышчэнню арганiзма ад таксiнаў. Таму карысць ад iх прыёму абавязкова будзе. Варта згадаць i пра такую агароднiну, як капуста, морква, буракi, цыбуля, якiя да вясны не трацяць сваiх карысных уласцiвасцяў.

Для падтрымання iмунiтэту i ахоўных функцый арганiзма нам патрэбны крупы, арэхi i сухафрукты — яны ўтрымлiваюць неабходныя вiтамiны групы В i вiтамiн Е, жалеза, селен, цынк.

— Паколькi арганiзм не можа назапасiць пажыўныя рэчывы на працяглы час, iх паступленне павiнна быць рэгулярнае i штодзённае, — нагадвае ўрач.

У рацыён абавязкова варта ўключыць паўнавартасны бялок (а гэта мяса i тварог), якi з'яўляецца будаўнiчым матэрыялам нашага арганiзма i ўдзельнiчае ў сiнтэзе iмунаглабулiнаў. Акрамя таго, для работы iмуннай сiстэмы патрэбныя i тлушчы, бо гэта не толькi крынiца энергii, але i будаўнiчы матэрыял для клетак. Стравы з мяса i рыбы ўтрымлiваюць вялiкую колькасць незаменных амiнакiслот, вiтамiнаў i мiкраэлементаў, а таксама энзiмы, якiя актывiзуюць страваванне. Нельга выключаць з рацыёну яйкi i малочныя прадукты, — рэкамендуе суразмоўца.

Спрыяльна на сiстэму стрававання i iмунiтэт уплываюць спецыi, асаблiва iмбiр, каляндра, кардамон i кумiн.

— Што датычыцца спосабу гатавання, то больш карысная будзе адварная, тушаная i запечаная ежа, а ад смажанай i вэнджанай лепш адмовiцца. Мiнiмальна неабходная тэрмiчная апрацоўка дазволiць захаваць максiмум карысных рэчываў, — кажа Вольга Фiнская.

Не менш важна ўжываць дастатковую колькасць вадкасцi. Лепш за ўсё, калi гэта будзе чыстая негазiраваная вада. Яна дапамагае рабоце кiшэчнiка, забяспечвае дэтаксiкацыю арганiзма. Надаюць сiл, аднаўляюць бадзёрасць i забяспечваюць вiтамiнамi свежавыцiснутыя сокi з агароднiны i садавiны, а таксама морсы i кампоты з замарожаных ягад.

— Правiльнае харчаванне з'яўляецца прафiлактыкай розных неiнфекцыйных хвароб: стрававальнай сiстэмы (гастрыты, язвы, панкрэатыт), сардэчна-сасудзiстай сiстэмы, гiпертанii, дыябету, парушэнняў абмену рэчываў, атлусцення. Акрамя таго, яно спрыяе захаванню прыгажосцi, запавольвае працэсы старэння арганiзма, а таксама дапамагае падтрымлiваць на належным узроўнi актыўнасць iмуннай сiстэмы, — рэзюмуе ўрач.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

РАК. У першай палове тыдня будзеце актыўна вучыцца новаму і размаўляць з людзьмі. У сярэдзіне тыдня можа змяніцца настрой, з'явіцца дакладнае разуменне сваіх мэт.

Калейдаскоп

«I гэты чалавек застаўся жыць...» Медыкі ў беларускай літаратуры. Тэст

«I гэты чалавек застаўся жыць...» Медыкі ў беларускай літаратуры. Тэст

Кожную трэцюю нядзелю червеня адзначаецца Дзень медыцынскага работніка.