Вы тут

Глядзіцца Бацькаўшчына ў люстэркі кніг


З 2019 года ў мінскім выдавецтве “Беларусь” рэалізуецца адметны творчы праект: кніжная серыя “Падарожжа па родным краі”


Міністр інфармацыі Алесь Карлюкевіч і парламентарый Віктар Лісковіч

Падрыхтавана да друку новая кніга вядомага краязнаўца з Гродзеншчыны Міколы Гайбы “Сем вежаў Навагрудка”. Выйдзе зборнік гістарычных нарысаў у серыі “Падарожжа па родным краі” ў бліжэйшы час. А нататку гэтую пішу я з тае нагоды, што нядаўна ў кнігарні “Светач” у Мінску, па праспекце Пераможцаў, 11, адкрылася невялікая выстава, дзе прадстаўлены кніжныя здабыткі ў галіне гістарычнага асветніцтва, краіназнаўства, краязнаўства, звязаныя з Гродна ды яго ваколіцамі. Там разгорнуты фотавернісаж са здымкаў вядомага фотамастака, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзіслава Цыдзіка, ураджэнца Гродзеншчыны, які шмат ездзіць па Бацькаўшчыне. Прадстаўлена выстава старых паштовак вядомага калекцыянера Уладзіміра Ліхадзедава, які летась выдаў сапраўды “гродзенскую калекцыю” альбомаў з серыі “У пошуках страчанага”: кнігі з рэпрадукцыямі філакартычных артэфактаў пра Слонім, Гродна, Навагрудак, Смаргонь.

Цэнтральнае месца ў “Светачы” аддадзена выставе кніг, звязаных з Гродзеншчынай. Вылучаюцца творчыя праекты, падтрыманыя Гродзенскім аблвыканкамам. Шмат рупнасці, дзейсных намаганняў дзеля іх рэалізацыі прыклаў тагачасны намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Лісковіч, цяпер — старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, навуцы, культуры й сацыяльным развіцці Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі. “Кніга спрыяе не толькі духоўнаму развіццю чалавека, але й яго актыўнаму ўдзелу ў сацыяльна-эканамічным жыцці краіны, — казаў на імпрэзе ў “Светачы” Віктар Лісковіч. — На Гродзеншчыне мы шмат зрабілі, каб праз кнігу паказаць гісторыю нашай старонкі, багаты турыстычны патэнцыял, які мае край ды праз які варта як мага шырэй развіваць эканоміку рэгіёна. Спадзяюся, што досвед Гродзеншчыны ў галіне сучаснага кніжніцтва будзе пашырацца па ўсёй краіне. Галоўнае — ведаць, дзеля чаго робіцца тое ці іншае выданне”.

Удзельнікі імпрэзы

Вось і краязнаўца Мікола Гайба — самаадданы руплівец на ніве краязнаўства. “Навагрудак, як вядома, гэта першая сталіца Вялікага Княства Літоўскага, — расказвае аўтар пра сваю новую кнігу “Сем вежаў Навагрудка”. — У горадзе захавалася вельмі шмат архітэктурных помнікаў, розных іншых адметнасцяў. А пра некаторыя з’явы, на жаль, расказваюць нямногія сляды ці толькі архіўныя, гістарычныя дакументы, малыя згадкі ў розных крыніцах. А колькі таямніц зберагаюць нашы старажытныя храмы! І кожны з іх — з багатай гісторыяй. Прыкладам, у Фарным касцёле быў здзейснены шлюб Ягайлы й Соф’і Гальшанскай. Пэўна, шмат хто ведае: шлюб той стаў адпраўным пунктам у развіцці дынастыі Ягелонаў, якая была пры ўладзе ў многіх дзяржавах Цэнтральнай ды Усходняй Еўропы ў XV — XVІ стагоддзях. А яшчэ ў Наваградку прайшло дзяцінства, юнацтва славутага паэта Адама Міцкевіча. Аўтар легендарных паэм “Пан Тадэвуш” і “Дзяды” вучыўся ў мясцовай дамініканскай школе пры кляштары аднаго з касцёлаў: з 1807 па 1815 год”.

Несумненна, кніга Міколы Гайбы выкліча шырокую чытацкую ўвагу. Раней у серыі “Падарожжа па родным краі” пабачылі свет кнігі Ігара Пракаповіча, Юрыя Кур’яновіча, Алеся Марціновіча ды іншых аўтараў. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Алесь Марціновіч выдаў дзве кнігі: пра Случчыну й Капыльшчыну, тыя старонкі, з якімі ён звязаны нараджэннем, гадамі юнацтва, маладосці. А цяпер Алесь Марціновіч завяршае работу над кнігай нарысаў пра Драгічын і яго ваколіцы.

Выстава кніг

Знаёмства з праектам “Падарожжа па родным краі” пераконвае: усе куточкі Беларусі вартыя таго, каб пра іх расказалі ў межах гэтай серыі. Паступова паўстане цэлая бібліятэка, якую, перш чым наведаць тыя ці іншыя мясціны, варта будзе прачытаць.

Кастусь Ладуцька

Фота: Кастусь Дробаў

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.