Вы тут

Мама і вайна


Пра Марыю Чаркашыну, удзельніцу Вялікай Айчыннай вайны, адну з тых, каго не стала

Лёс маёй мамачкі, як і сотні тысяч лёсаў савецкіх жанчын, прыпаў на гады ваеннага ліхалецця. Ёй пашчасціла выжыць, парадавацца жыццю і ў роднай Украіне разам з мужам, МІхаілам Чаркашыным, ветэранам Вялікай Айчыннай вайны. Пажыла таксама і пад мірным небам Беларусі сярод дзяцей і ўнукаў.

Мамы, удзельніцы Вялікай Айчыннай вайны, якая пражыла з намі ў Мінску больш за дзесяць гадоў, няма на гэтым свеце дзевяты год. Калі думаю пра яе, на экране ўнутранага зроку ўсплываюць вобразы. Некаторыя з іх сфармаваны на падставе маміных пра сябе аповедаў. Вось, бачыцца, Марыя зусім яшчэ падлетак — весела сядзіць на возе ў белай сукенцы, пашытай з марлі, у шкарпэтках з сіняй аблямоўкай. Ёй гадоў недзе каля 14. І клічуць дзяўчынку памяншальна-ласкальнымі імёнамі: Маша-Манечка-Маруся і Марыйка. А калёсы коцяць і коцяць, вязуць яе ў імглістую будучыню…

Украіна, Харкаўшчына… Пачатак галодных трыццатых гадоў… Сям’я Фальчанкаў — сужонкі Пётр і Аграфена з дочкамі і сынам — пераехала ўжо з сяла Благадатнае ў Рубежнае: бацьку Марусі, Вані ды малодшай Зіначкі, шафёра, прызначылі на пасаду старшыні мясцовага сельсавета ў тым жа Ваўчанскім раёне. І неўзабаве рэпрэсавалі: за тое, што «неяк там няправільна з грамадскай пшаніцай абышоўся». Увогуле, за халатнасць пасадзілі. А як яно было на самай справе, расказаць пра тое сёння, на жаль, няма каму. Светлая ўсім маім родным людзям, якія пайшлі з жыцця, памяць.

А калёсы коцяць і коцяць… Маруся, хістаючы нагамі, любуецца сваімі парусінавымі туфлямі. Яны чыста выпрасаваныя і зубным парашком пабеленыя. Не ведае яна, што гадоў у 15 адна паедзе на цягніку ў далёкую Карэлію бацьку наведаць. Ад яго доўга не было вестак. Бацьку потым вызваляць, і Пётр Уласавіч, мой дзед, будзе зноў працаваць калгасным шафёрам. А пакуль у Марыйкі наперадзе — знаёмства з дабрадушнай жанчынай з велічным імем Вера Мікалаеўна, дваранкай па паходжанні. Яна не толькі навучыць дзяўчынку прамудрасцям банкаўскай справы, але і правілам добрага тону, разаўе ў ёй добры густ і пачуццё прыгожага. Таксама не ведае пакуль Маруся і пра тое, што ў 17 гадоў выйдзе яна замуж за дваццаціпяцігадовага Міхаіла Чаркашына. Вярнуўшыся з чатырохгадовай службы на Ціхаакіянскім флоце, на Далёкім Усходзе, зойдзе зухаваты марак, мой будучы бацька, у Ваўчанскі Дом культуры, каб уладкаўвацца ў мясцовы духавы аркестр. І прыкмеціць каравокую дзяўчыну-прыгажуню з тонкім станам. Акружнасць таліі ў той юнай артысткі самадзейнага народнага тэатра — ну акурат у абхоп яго мужчынскіх далоняў будзе. А тая, бы зачараваная, чамусьці заўважыць не прывабную знешнасць бацькі, а багатае футра з нерпы, франтавата накінутае на «матроску»… Тое футра, якое ён прывёз з Уладзівастока, яна потым вельмі любіла ўспамінаць. Ні ў каго, гаварыла, ў Ваўчанску такой раскошы не было…

Так, мама мая, едучы на вясковым возе і не здагадваецца, што неўзабаве, у 1938‑м, народзіць сына, майго старэйшага брата Юрыя. І нават не ўяўляе сабе таго жудаснага дня, калі пачнецца вайна…

Пятнадцацігадовая Марыя Чаркашына (злева) — разам з калегамі па рабоце ў Ваўчанскім дзяржбанку, 1935 год

І бацька мой таксама пакуль не ведае пра шмат сваіх дарог ваенных… Пра тое, як пройдзе іх ваенным музыкантам. І санітарам-насільшчыкам яму, як і другім музыкантам, быць давядзецца, і тэлефаністам павозачным… І як з поля бою выцягне ён 450 параненых салдат і афіцэраў… І дадому вернецца пасля цяжкага ранення, з ордэнам на гімнасцёрцы «Айчынная вайна 2‑й ступені». Ім яго ўзнагародзяць за тое, што за 25 мінут пад артылерыйскім агнем ліквідуе 8 пашкоджанняў лініі сувязі і тым самым забяспечыць безперабойнай баявой сувяззю камандаванне. (Падрабязней пра тое ў артыкуле «Бацькава вайна» ў № 5–2015).

Яшчэ фрагмент з маміных успамінаў. У Ваўчанск, райцэнтр Харкаўскай вобласці, з сяла Рубежнае вязе дачку мая бабуля Аграфена. Мужаў сябар — а сам жа Пётр у лагеры — бярэцца ўладкаваць яе дачушку ў банк. Радуецца Аграфена Цімафееўна, што лягчэй ёй будзе выжываць, адным ротам у сям’і менш.

Голад ва Украіне быў страшэнны. Ахвярам галадамору цяпер у Ваўчанскім цэнтральным парку нават помнік ёсць. Я памятаю, мама распавядала, а раней і бабуля, як тады гінулі людзі… Сама Аграфена і дзеці яе выжылі дзякуючы паскрэбкам цеста, якое выносілі, прыхоўваючы на целе, жанчыны з сельскай пякарні: пачысцяць там якую ёмістасць, дзе яно вымешвалася, вось і паратунак для галодных ратоў. Тое цеста прымудраліся хаваць так, што можна было прайсці міма вартаўніка з пустымі рукамі. Ідучы са змены, казала бабуля, яе кума на хвілінку затрымаецца ля адкрытага акна, нібыта сяброўкі размаўляюць, а тым часам з‑пад кофтачкі цеста з цела саскрабе і непрыкметна перадасць бабулі. А здаралася, ішла міма хаты і кідала камячок куды ўбок, прама на зямлю. Бабуля падыме, ад смецця-травінак ачысціць, і пойдзе суп варыць з клёцкамі. Але з тым цестам усё роўна было голадна. Таму Марусю, будучую маму маю, у горад і адправілі. Дзед Пётр незадоўга да лагераў паспеў дамовіцца з сябрам, які ў банку працаваў загадчыкам, каб той пра дачку паклапаціўся, у вучаніцы ўзяў. Так мама і стала пасля бухгалтарам. І ведалі яе па працы практычна ўсе кіраўнікі Ваўчанскага раёна.

Дзеда, Пятра Уласавіча, я ніколі не бачыла, нават фота не захавалася. З пачатку вайны прызвалі яго ў армію, потым, казалі, ён партызаніў у густых лясах пры Северскім Данцы. Калі пачалося наступленне нашых войскаў на Данбасе, далучыўся да дзеючай арміі ды загінуў на фронце 21 сакавіка 1942 года. У абагуленым банку дадзеных ОБД «Мемориал» ёсць звесткі і пра месца пахавання майго дзела: Украінская ССР, Сталінская вобл., Ямскі р‑н, с. Нікіфараўка, 1 км, каля дарогі. Цяпер гэта Данецкая вобласць, Бахмуцкі раён. Маці стрыечнай маёй сястры Людмілы, цётка Зіна, расказвала, што магіла бацькі там ёсць. Так што наперадзе ў нас мэта — пакланіцца зямлі, што прыняла дзеда Пятра, ускласці кветкі на яго магілу.

А яшчэ, ведаючы цану цяжкай вясковай працы, бабуля, вядома ж, хацела, каб усе яе дзеці — тры дачкі і сын, якія нарадзіліся да вайны, — вывучыліся, і, як кажуць, выбіліся ў людзі. Так яно і адбылося. У мамы і цёткі Зіны адукацыя была сярэдняй спецыяльнай, у цёткі Светы — вышэйшая. Дзядзька Ваня, 1922 года нараджэння, стаў ваенным лётчыкам, ваяваў, як і мой бацька. Менавіта ён выканаў ролю майго сувязнога з Беларуссю, дзе пасля вайны жыў з сям’ёй. Добра памятаю, як ён прыехаў да нас у госці, а ў падарунак прывёз велізарную каробку цукерак, на якой было напісана слова: Гомель. Яно для мяне было зусім незразумелым. Гэта што, так цукеркі называюцца, пыталася. Ды не, смяяўся дзядзька-лётчык, гэта горад такі ёсць у Беларусі… У прыгожым горадзе нашым Гомелі з яго велічнай рэчкай Сажом бывала не раз. І ў Наваполацку, дзе жыве сын дзядзькі Вані, мой стрыечны брат, з сям'ёй хочацца пабываць. Мама мая братам сваім, гвардыі малодшым лейтэнантам, ганарылася, і тата яго паважаў. Дзядзька Ваня ўсю вайну ў 197‑м гвардзейскім бамбардзіровачным авіяпалку праслужыў. І да Берліна даляцеў на сваім самалёце Лі-2. Добра памятаю яго добрую ўсмешку і вельмі цёплыя рукі. Толькі, казалі потым і мама мая, і яе сёстры, што характар у Вані надта ж мяккі.

Аднак вярнуся ў Рубежнае. Я добра памятаю вялізную таполю з арэлямі ў двары невялічкай бабулінай хаткі, дзе мы з стрыечнымі сёстрамі, дочкамі дзядзі Вані, гарэзавалі летам. Бабуля частавала нас пышнымі ўкраінскімі варэнікамі з вішнямі і тварагом, а мы весела спаборнічалі, хто ж больш іх з’есць. Не забыць і страшную навальніцу з маланкамі, ад якіх начныя вокны рабіліся белымі: такой яна была яркай. А гром грымеў так, што шыбы дрыжалі. І спаць было немагчыма: здавалася, хатка бабуліна абрынецца. «Не бійтеся, дітки, я помолюся, і гроза нас не зачепіць», — супакойвала бабуля. І дадавала: «То не страшно, грім від німців більш страшни». І ціха малілася.

Мама з пяцігадовым сынам Юрыем. Здымак зроблены адразу ж пасля таго, як Харкаўшчына была вызвалена ад гітлераўцаў у лютым 1943-га, і адасланы мужу на фронт. На звароце ледзь чытаецца: «Любімаму мужу і бацьку ад жонкі і сына». З гэтым здымкам тата і вярнуўся дадому ў красавіку 1945-га.

Яшчэ мы бегалі за сяло, дзе стаялі нямецкія абарончыя збудаванні, так званыя доты. У тых месцах, за Рубежнае ў сакавіку 1942 года ішлі жорсткія баі. У іх загінула амаль 10 000 савецкіх салдат і афіцэраў. Сёння на месцы, дзе пахаваны астанкі герояў, якія аддалі жыццё за вызваленне сяла, ёсць і памятны знак Невядомаму салдату. Ён быў адкрыты ў дні 75‑й гадавіны вызвалення Рубежнага ад нацыстаў. А парэшткі загінулых знайшлі пошукавікі ў мясцовых лясах. Мемарыял славы ў сяле Рубежнае — адно з самых шанаваных месцаў Ваўчанскага раёна. Пра страшны час ваеннага ліхалецця расказваў (у інтэрнэце ёсць відэа) у 2018‑м Васіль Мамоненка, адзіны жывы на той час франтавік ў сяле. Для ўсіх ён чалавек-эпоха, бо ўсю вайну прайшоў.

А ў банку, расказвала мама, працаваць ёй спадабалася. Хоць было цяжка і голадна, і лічбы па начах ад перанапружання сніліся, ды ратавалі зносіны з добразычлівымі людзьмі. Яны і падкормлівалі дзяўчынку, здольную да вучобы: хто акраец хлеба дасць, хто блінец або кавалачак цукру. Мама часта пра тое ўспамінала са слязамі на вачах. І з гумарам аднойчы расказала, як Вера Мікалаеўна запрасіла яе ў выхадны дзень на абед. Юную падапечную пасадзілі за круглы стол з белым абрусам. На стале зіхацелі відэльцы і лыжкі. Яны ляжалі побач з талеркамі з залатой аблямоўкай, побач — накрухмаленыя беласнежныя сурвэткі. Спачатку падалі фасолевы суп, яго налівалі з супніцы, а потым — невялікія тонкія блінцы. Мама як зачараваная глядзела, як Вера Мікалаеўна відэльцам скручвала блін і мачала яго ў мёд. І сама спрабавала зрабіць тое ж самае. Але блін не слухаўся, не закручваўся так, як у гаспадыні. Больш за тое, саскокваў з відэльца на талерку, як быццам быў жывым. А брат Веры Мікалаеўны глядзеў-глядзеў, ды і сказаў: «Дзіцятка, вазьмі ты яго ў ручку і паеш нармальна. І не хвалюйся». Той абед мама запомніла на ўсё жыццё. Аднойчы мы з ёй напяклі бліноў і паспрабавалі на відэльцы накручваць. Не атрымалася! Смеху было!

Ах, мамачка мая, колькі перажыць табе прыйшлося, колькі вытрываць…

«Усе гаравалі і цярпелі…», — казала мама, калі пачыналася гутарка пра голад і пра вайну.

Вайна бязлітасна абрынулася на Ваўчанск, як і на іншыя гарады СССР, калі маме ледзь споўніўся 21 год. Яе словы гучаць у памяці: «Мы, як і ўсе, быццам здранцвелі: што рабіць, куды бегчы, як ратавацца?..».

Бацьку прызвалі адразу ж, на другі дзень вайны, і накіравалі пад Валуйкі, райцэнтр Белгарадскай вобласці, у 100 км ад Ваўчанска, у батальён аэрадромнага абслугоўвання: 690‑ы БАА. І паставілі загадваць прадуктовым складам, бо да вайны ж тата працаваў бухгалтарам, рахаўніком. А калі зімой 1942‑га яму давялося праязджаць праз Ваўчанск на паўтаратонцы, ён прымудрыўся… забраць з сабой маладую жонку з 3‑гадовым сынам і прывезці на тэрыторыю батальёна. Немцы наступалі, усё рушылася, і Марыя ўпрасіла: забяры! Але жыць з сям’ёй, вядома ж, яму не дазволілі… «Высадзіў ён мяне з сынам, — расказвала, — пасярод сяла прама на вуліцы, мароз за 25 градусаў… Я ў роспачы! Куды ісці — не ведаю, і што рабіць таксама… Назад жа не вернешся…».

Аформілася мама назаўтра на працу ў БАА рахаўніком. Брат Юрка заставаўся з вясковай жанчынай, да якой вольнанаёмную Чаркашыну вызначылі на пастой. «Страшны быў час, люты, холад жудасны, а колькі лётчыкаў гінула, — распавядала мама, — дзень за днём…». Паводле яе словаў, некаторыя жонкі з дзецьмі тады паехалі з Ваўчанска ўслед за мужчынамі ў Валуйкі: усе думалі, што вайна хутка скончыцца…

Але, як вядома, вайна зацягнулася надоўга. Бацька мой ваяваў тры з паловай гады, быў двойчы паранены. Больш за тысячу трыста дзён і начэй мама, як і большасць жонак тых, хто пайшоў на вайну, была без яго.

У лютым 1942‑га бацьку з БАА перавялі ў 51‑ю гвардзейскую стралковую дывізію і залічылі ў дывізійны музыкальны ўзвод. Месяцы тры папрацаваўшы, намучыўшыся з сынам удалечыні ад дома, мама такі вярнулася ў Ваўчанск. Пасля таго, як пабывала «на валасок ад смерці», мама, як прызнавалася, ужо нічога не баялася.

Гарадок наш быў акупаваны двойчы: з 31 кастрычніка па 12 лістапада 1941‑га года, а потым з 10 чэрвеня 1942‑га па 9 лютага 1943‑га. Канчаткова падчас Харкаўскай наступальнай аперацыі быў вызвалены савецкімі войскамі Варонежскага фронту. Так што і мама мая пабывала ў акупацыі больш чым паўгода. Многія ваўчанскія жанчыны, сярод іх і з нашай вуліцы Падгорнай — што на ўскраіне гарадка — працавалі, дзе прыйдзецца, што маглі прадавалі. Маладых і прыгожых, як мама, немцы бралі прыбіраць сталовую — за прадукты, якія былі пратэрмінаваныя, альбо ежу, якая заставалася на талерках. І чым больш было аб’едкаў, тым больш шчаслівай вярталася дадому мама. Бо там яе чакалі свякруха Кацярына Максімаўна і сын. Мне цяжка ўявіць, што яны елі ў тыя дні, як размяшчаліся ў малюсенькай хатцы-мазанцы пад саламяным дахам: адзін пакойчык і кухня. Мабыць, з‑за тае цеснаты адзін з немцаў, як мама сказала, з тоўстых начальнікаў, не затрымаўся ў іх: прабыў толькі пару дзён. Але паспеў напалохаць яе да смерці. Мама неяк бялізну сушыцца развешвала, і праз дзіркі ў плоце ўбачыла, як таўстун, шчыльна папалуднаваўшы, выйшаў на двор і накіраваўся да яе. Яна пабегла ў сад, які распасціраўся пад гару. Убачыўшы бакавым зрокам, што немец паскорыўся, рванула па крутым схіле яра, зарослага вішняком. І ўявіць не магла, што той адшукае сцежку і ўзлезе на гару. Метрах у дваццаці ад краю яра — поле з высокай кукурузай было, якое маму і ўратавала. Нырнула туды, прабегла паміж стваламі кукурузы, да зямлі прыціснулася. Сэрца, гаварыла, выскоквала, здавалася, што яго стук той немец пачуе. Але ён пастаяў перад полем і павярнуў назад. Праседзела ў кукурузе мама дацямна, а калі вярнулася дадому, даведалася: немец, сабраўшы свае рэчы, з’ехаў на матацыкле. Пасля яго на пастой прыбыў танкавы экіпаж, ці то была нейкая іншая бронемашына. Тры маладыя венгры (мама казала: мадзьяры) шкоды ім не чынілі.

Маміна вайна ў акупацыі ў першую чаргу вялася за выжыванне. Летам было лягчэй: агарод, у садзе спелі парэчкі, агрэст, яблыкі, абрыкосы, слівы і вішні. Праўда, ад іх есці хацелася яшчэ больш. Хлеб быў рэдкасцю. У жніўні падкопвалі бульбу, моркву. З бурачнага бацвіння з бульбай і морквай варылі баршчы. На гары паспявала кукуруза. Хоць ірваць яе было забаронена, людзі ўсё ж прымудраліся хоць трохі пачаткаў для сябе ўзяць. Дзеці яе сырой грызлі. Есці ж хацелася адчайна. Мама расказвала, як Юра і пасля вайны бегаў да стрыечнага брата бацькі, дзядзькі Ціхана, станавіўся ў дзвярах і чакаў: можа што дадуць. А калі паўза зацягвалася, пачынаў дыпламатычна енчыць: а бунька (значыць бабуля) яшчэ не паліла, а бунька яшчэ не варыла…

Калі пасля вызвалення Харкаўшчыны ў лютым 1943‑га з эвакуацыі вярнуўся банк, мама зноў пайшла туды працаваць. Супрацоўнікі, казала, адзін аднаго сустракалі як родныя… У хуткім часе з эвакуацыі вярнулася ў Ваўчанск сястра майго бацькі Вольга з двума дзецьмі — Алікам і Валяй. Вось як пра тое ўспамінаў Алік Лугаўскі, мой стрыечны брат:

«Памятаю, ішлі па Ваўчанску праз увесь горад, худыя, замучаныя… Але жывыя! І ў цэнтры сустрэлі цётку Марусю, якая бегла ў банк на працу. Прыйшлі на вуліцу Падгорную і сталі жыць. Усе ў адным маленькім пакойчыку ўпяцярох: я і сястра з маці, і цётка Маруся з маім братам Юркам. А баба Каця спала на кухні…

З Юркам мы бегалі ў яр, да якога прымыкаў сад сям’і Чаркашыных, там было два бліндажы, дзе знаходзілі ўсякую ўсячыну, што засталася ад немцаў. Знайшлі нават гранаты, парабэлум, які дзядзька Міша (мой бацька — Аўт.) здаў у міліцыю.

Жылі ў той час бедна, надгаладзь. У 46‑м у Ваўчанску голад быў страшны: птушачкі нават не цвыркалі. Памятаю, мне ўвесь час хацелася есці. А калі дзядзька Міша стаў на маслазаводзе працаваць, грузіць макуху (прадукт, які атрымліваецца з семак сланечніка пасля адціску расліннага алею. — Аўт.), мы ўсе павесялелі. Макуха для мяне была смачней шакаладу. А Юрка казаў, што нават саладзей «брыкеціка» какава, які ён аднойчы сцягнуў з танка і згрыз за адрынай». На тую правіннасць братаву, дарэчы, мадзьяры маме гаварылі: «Нельга! Будзе паф-паф!». Добра, што гэта не немцы былі.

Мой бацька вярнуўся дадому ў красавіку 1945‑га. У шпіталі ў Екацярынбурзе, тагачасным Свярдлоўску, ён лячыўся больш за тры месяцы. Татава вайна пачалася 23 чэрвеня 41‑га і скончылася ў красавіку 45‑га. Даты я знайшла ў яго чырвонаармейскай кніжцы і ў ваенным білеце пасля таго, як ён пайшоў з жыцця ў 1993‑м. І пра тое, што лячылі бацьку менавіта ў 414‑м шпіталі, з дакументаў яго даведалася. У Екацярынбурзе, на вуліцы Маміна-Сібірака, 145, на будынку Дома прамысловасці ўстаноўлена мемарыяльная дошка з шэрага мармуру ў памяць аб шпіталі № 414 …

Якімі прыгожымі былі супрацоўніцы банка пасля вайны. Мама (справа) з сяброўкай, 1946 год.

У складзе аркестра пры Ваўчанскім Доме культуры былі амаль усе франтавікі. Тата ў белай кашулі з барытонам (злева), 1946 год.

Ваяваў тата і на Курскай дузе, і пад Сталінградам. Вызваляў і гарады Беларусі. На слыху ў мяне і аперацыя «Баграціён», і Полацк, і Віцебск… У складзе 49‑га асобнага палка сувязі, які, дарэчы, меў ганаровае званне Полацкага, прайшоў з баямі паўночна-заходнія рэгіёны Беларусі. 6‑я армія рухалася ў бок Даўгаўпілса. Усё гэта я ведаю з скупых яго аповедаў пра вайну, пра якую ён гаварыць не любіў, як ні спрабавалі мы нешта з яго выцягнуць. І, вядома ж, з чырвонаармейскай кніжкі пра ўсе ўзнагароды бацькі ведаю. Іх беражліва захоўвала мама. Яна ж прымусіла франтавіка надзець пінжак з ардэнамі і медалямі ды так сфатаграфавацца. На памяць: для дзяцей і ўнукаў. Дзякуючы маме гэты здымак захоўваецца ў сямейным архіве. І на Курскую дугу бацька па яе парадзе з’ездзіў у адну з юбілейных дат Перамогі. Ад Ваўчанскага ваенкамата вазілі ветэранаў на мемарыяльны комплекс, які адкрыўся 3 жніўня 1973 года ў гонар герояў бітвы. Памятаю, як распавядала мама: тата быў вельмі задаволены. А які ён быў шчаслівы, калі я, жывучы ўжо ў Мінску, падарыла яму ўнука Багдана! І толькі тады, праз гады пасля вайны, як мне падалося, памякчэла крыху яго сэрца. Мне не забыць татаву ўсмешку, калі трымаў ён трохгадовага Багданчыка на каленах. І як жа ён ганарыўся ўнукам, калі той паступіў вучыцца на «ўрача». Казаў: чалавекам будзе!

Бабуля Аграфена з Зінай і Светай таксама выжылі ў ваенным ліхалецці. Перад баямі за Рубежнае Пётр Уласавіч паспеў іх пераправіць да сваіх бацькоў — у сяло Благадатнае. А пасля бабуля зноў вярнулася ў Рубежнае, яе хатка на ўскраіне вёскі ацалела. Цёткі мае вывучыліся, замуж павыходзілі. Святлана з часам забрала сваю маму ў горад Жоўтыя Воды, што ў Днепрапятроўскай вобласці.

Маміна вайна храналагічна скончылася з вяртаннем бацькі. Як і ў любой іншай савецкай сям’і, куды пасля вайны вярнуўся карміцель. З’явілася надзея, што неўзабаве жыць стане лягчэй. Наперадзе быў новы досвед пасляваеннага жыцця, у якім яшчэ мяне не было…

Але тая праклятая вайна нябачна працягвала быць побач. Калі мы з мужам забралі маму да сябе ў Мінск, акружылі ўвагай і клопатам, то памяць пра яе і пра голад выяўлялася ў маміным хваляванні аб прадуктах. Яна настойвала, каб у доме заўсёды былі з запасам соль, цукар, крупы… Як жа мама радавалася, калі затарваўся халадзільнік. І вельмі ёй не падабалася, калі не было ані кавалачка хлеба. А як беражліва трымала яго ў руках! Пры тым часта ўспамінала, як хлеба не ставала і ў БАА, як не было яго і ў акупацыі, а потым пасля вайны.

Я добра памятаю вялікі мех з сухарамі. Ён быў падвешаны на цвік у кладоўцы, і час ад часу папаўняўся. Мех вісеў і ў старой нашай хаце, і потым — пасля 1965‑га — у новай. Сухары сушыліся ў духоўцы, убудаванай у печ. Добра таксама памятаю той водар і яскравы іх смак. Часам мама з бацькам ламалі іх на кавалачкі ды кідалі ў суп…

І як жа Марыя Пятроўна Чаркашына ганарылася, калі ў 2002‑м годзе ў Савецкім райваенкамаце Мінска ёй уручылі пасведчанне ўдзельніцы Вялікай Айчыннай вайны! Усё па законе, на падставе звестак з ваенных архіваў — выпіскі з асабістай справы, якая пацвярджала: мама мая была ўдзельніцай баявых дзеянняў. Калі мы ў адпачынак ездзілі на радзіму, то ўзялі тую выпіску ў Ваўчанскім райваенкамаце. Скептычна тады паставілася супрацоўніца да нашай просьбы: маўляў, навошта гэта вашай бабулі, якая яна там удзельніца… Зусім інакш, паважліва, паставіліся да нашых дзеянняў у Мінску. «Правільна, што такія людзі, як ваша мама, адзначаны, не забытыя, — казала адна з жанчын, уручаючы ёй пасведчанне. — Бо ў любы ж момант баявы аэрадром, дзе яна працавала, маглі разбамбіць, кожную хвіліну жыццём сваім і сына рызыкавала».

Дзякуючы статусу ўдзельніцы Вялікай Айчыннай вайны і маміна пенсія стала вышэйшай. Яна тым вельмі ганарылася, з ранейшай параўноўвала. А як радавалася, калі штогод да свята Перамогі ёй прыходзілі віншавальныя трохкутныя паштоўкі з подпісам Прэзідэнта Беларусі! І з гонарам, слухаючы выступленне Аляксандра Лукашэнкі, сядзела ў зале Палаца Рэспублікі, куды была запрошаная на святочны канцэрт, прысвечаны 60‑годдзю Перамогі.

Запіс у працоўнай кніжцы маёй мамы сведчыць, што яна, працуючы на тэрыторыі баявых дзеянняў, у Батальёне аэрадромнага абслугоўвання, кожны дзень рызыкавала жыццём

Незабыўным для мамы сталася і незвычайнае віншаванне з нагоды яе 90‑годдзя. 25 красавіка 2010 года на зялёным газоне пад вокнамі дома на Лагойскім тракце ў Мінску сапраўдны ваенны аркестр іграў мелодыі ваенных гадоў. Мамачка мая, ужо ў інваліднай калясцы, з кветкамі ў руках, плакала. Пэўна, згадвала мужа, ваеннага музыканта… І сваю вайну.

75‑гадоў Перамогі мы будзем святкаваць без мамы, адной з тых, якіх не стала. Па традыцыі, заведзенай бацькамі яшчэ ў Ваўчанску, збярэцца мінская частка нашага роду. Мужчыны падымуць па сто грамаў за памяць Пераможцаў. Мы абавязкова прыгадаем, што мой тата ніколі не піў больш. Ён быў перакананы, што гэта па-мужчынску.

А яшчэ купім ярка-чырвоныя цюльпаны, паставім іх ля партрэтаў дарагіх людзей. І запалім свечку ў старым рыбацкім татавым ліхтары…

Валянціна Чаркашына-Ждановіч

Фота з асабістага архіва аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Арэнда жылля. Хоць «мядзведжы кут», абы з выгодамі і пральнай машынай

Арэнда жылля. Хоць «мядзведжы кут», абы з выгодамі і пральнай машынай

Гэтая вясной многія хацелі самаізалявацца на прыродзе.

Грамадства

Дарогамі Славы. Кулямётчык і мінамётчык

Дарогамі Славы. Кулямётчык і мінамётчык

З сапраўднымі легендамі мінулай вайны Паўлам Рубісам і Віктарам Вятошкіным мне пашчасціла сустрэцца ў майскія дні восемдзесят дзявятага года.