Вы тут

«Ты папаў, Косцік!» Як грамадзянін Расіі стаў салістам ашмянскага «Імпульса»


Канстанціна Яраша ў Ашмянскім раёне ведаюць многія, калі не асабіста, дык у твар дакладна. Малады чалавек працуе ў раённым цэнтры культуры і з'яўляецца салістам народнага тэатра танца і песні «Імпульс». Родам ён з Расіі, але дзяцінства і юнацтва правёў у Калінкавічах, вучыўся ў Магілёве, а цяпер жыве і працуе ў Ашмянах.


Косця нарадзіўся ў горадзе Кацельніч Кіраўскай вобласці. Шмат часу праводзіў у Ніжнім Ноўгарадзе, куды ездзіў да бабулі з дзядулем. У 1996-м з бацькамі пераехаў у Беларусь, у Калінкавічы, на радзіму бацькі.

Са школы ў хлопца пачаліся выступленні, потым была раённая сцэна, затым прыйшоў перыяд падарожжаў і перамен: збіраўся паступаць у навучальную ўстанову ў Брэсце, у Мазыры, але ў выніку апынуўся ў Магілёве. Па размеркаванні Косця хацеў трапіць у Віцебск, але гэты горад ужо «забралі». Акрамя Ашмян, усе астатнія варыянты былі ў сельскай мясцовасці. Так юнак і апынуўся тут.

— Але ж па прафесіі ты бібліятэкар? Чаму вырашыў вучыцца гэтай справе і як потым трапіў ва ўстанову культуры?

— Рашэнне было прынята выпадкова. Спачатку хацеў паступаць на псіхолага, але для бюджэтнай формы навучання не дабраў патрэбнай колькасці балаў. Таксама разглядаў варыянт стаць кухарам-кандытарам, але ў выніку перадумаў. Спыніўся на бібліятэчнай справе. Прычына простая: на той момант старэйшы брат вучыўся ў Магілёве.

У сферы культуры суразмоўнік апынуўся таксама цалкам выпадкова. Падчас вучобы ён іграў у рок-гурце. Па прыездзе ў Ашмяны паўтара года творчасцю не займаўся, але аднойчы сябе рассакрэціў. «Мяне заўважылі работнікі РДК Марына Паўлаўна Шурбак і Марына Ягораўна Варановіч. Імі была вымаўлена адна кароткая фраза: «Ты папаў, Косцік!» З тых самых часоў хлопец, па яго ўласным прызнанні, і апынуўся ў сваёй каляіне.

— А якой запомніў працу ў бібліятэцы?

— Не такой сумнай і руціннай, як думаюць многія. Насамрэч, фронт работы там больш маштабны, чым многія сабе ўяўляюць. Мне пашанцавала як на першым месцы, у гарадской бібліятэцы, так і на другім — у аддзеле камплектавання. Калектыў быў выдатны.

Цяпер хлопец працуе галоўным адміністратарам, у яго абавязкі ўваходзіць рэкламная дзейнасць арганізацыі. Акрамя гэтага, Канстанцін удзельнічае ў творчым жыцці раёна, выступаючы на святах і мерапрыемствах. А як адпачывае? Кажа, што найлепшы занятак для яго — пабыць дома ў асяроддзі... катоў, якіх у нашага суразмоўніка ажно два. Вольнага часу вельмі мала, аднак калі той знаходзіцца — усё ідзе на творчасць, кажа хлопец.

У Косці пашпарт грамадзяніна Расійскай Федэрацыі, але часам ён думае, што куды прасцей было б жыць у краіне менавіта з беларускім, таму задумваецца пра змену грамадзянства. «Наколькі ведаю, гэта не вельмі складана, трэба будзе паспрабаваць. Я знаёмы з гісторыяй Беларусі, ведаю мову, культуру, звычаі ды традыцыі. Мне падабаецца краіна і людзі, якія мяне акаляюць. А прырода проста заварожвае! І я ганаруся, што жыву менавіта тут!» — прызнаецца Канстанцін.

Інга ГІЗ

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ

Загаловак у газеце: «Імпульс» для творчасці

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як шматдзетная сям' я будуе жыллё з дапамогай дзяржаўнай субсідыі

Як шматдзетная сям' я будуе жыллё з дапамогай дзяржаўнай субсідыі

Святлана, шматдзетная мама з вёскі Чарнаўчыцы, што пад Брэстам, падзялілася гісторыяй іх сям'і і дома.

Грамадства

Камень Узнясення, «Стопачка» і «Руская свечка». Што паглядзець у Іерусаліме?

Камень Узнясення, «Стопачка» і «Руская свечка». Што паглядзець у Іерусаліме?

Аўтобусы з паломнікамі і турыстамі ніколі не праязджаюць міма гэтых знакавых, і не толькі для хрысціян, святынь. 

Грамадства

Справа для народных мсцiўцаў. Пра партызанскiя аперацыi — з першых вуснаў

Справа для народных мсцiўцаў. Пра партызанскiя аперацыi — з першых вуснаў

Цяпер, калi пасля вайны мiнула столькi гадоў, каштоўнасць аповеду яе жывых сведак толькi павышаецца.