Вы тут

«На хвалях лёсу» смаргонскай настаўніцы


У Маладзечна выйшла ў свет паэтычная кніга смаргонскай настаўніцы Ірыны Гаевай «На хвалях лёсу». 


Галоўны лейтматыў вершаванага зборніка з сімпатычнай вокладкай, з якой паўстае ўражлівы погляд вадзянога блакіту, лясной зеляніны, — любоў да роднай старонкі. Пра гэта гаворыць і аўтар у прадмове «Паэзія — жыццё»: «Вёска, у якой я нарадзілася, знаходзіцца каля аднаго з маляўнічых азёр Нарачанскага краю — Латвянскага. Вяскоўцы (і мой дзед у тым ліку) некалі, сабраўшы апошнія грошы, выкупілі возера ў пана. Без вады ў вёсцы якое жыццё? Возера — люстэрка, у якое на працягу жыцця глядзеліся мае продкі. Гэта і люстэрка майго жыцця, мой спадарожнік і сябар. Яму ў дзесяцігадовым узросце я прысвяціла свой першы верш. Мае самыя рамантычныя спатканні ў маладыя гады адбываліся на берагах возера. Смутак і боль пасля смерці родных я тапіла ў яго водах. 

У розныя “этапныя” моманты жыцця мне ў снах з’яўлялася Латвянскае возера і прадказвала будучыню...» 
«Лясы густыя і азёры,/ Палёў прастор і сінь нябёс.../ Няхай не плешчуцца тут моры,/ Ёсць луг ля возера, пакос,/ Што пахне кменам і рамонкам,/ І свежай ранішняй расой,/ Калі палягуць травы роўна/ Пад звонкай, востраю касой/ Так вока радуюць прасторы,/ Дзе ніва з збожжам палавее,/ Гуляюць хвалі, як на моры,/ Калі вятрыска лёгкі вее...» («Родны край»). Гартаю першыя старонкі кнігі — і сустракаюся з праніклівымі, чулымі радкамі вершаў «Матуліна мова», «Мова продкаў тваіх», «Адмысловае “Ў” нескладовае». Паэтэса Ірына Гаева закранае самыя шчымлівыя пачуцці, у якіх чуцен голас нашых прашчураў, нашых папярэднікаў, дзядоў і прадзедаў. Аўтар кнігі «На хвалях лёсу» не бачыць інакшым свой лёс як у яднанні з роднай старонкай, з біяграфіяй нашай Айчыны. 

Ірына Гаева — з пакалення настаўнікаў, якія выраслі, сфарміраваліся ў суладдзі з многімі драматычнымі, няпростымі падзеямі. Нарадзілася яна за шэсць дзён да пачатку вайны, у чэрвені 1941 года. Пасля заканчэння Латвянскай сямігодкі паступіла ў Ашмянскае педагагічнае вучылішча, якое неўзабаве перавялі ў Полацк.

У 1964 годзе Ірына Гаева закончыла Брэсцкі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А. С. Пушкіна па спецыяльнасці «геаграфія і біялогія». Працавала ў Смаргоні настаўніцай геаграфіі, загадчыкам навучальнай часткі пачатковых класаў, арганізатарам пазакласнай работы. Захаплялася турызмам, шмат падарожнічала. І пісала вершы... «Я помню раніцу такую:/ Сядзім на печы з братам мы/ І зверху хітранька цікуем,/ Калі ж спякуцца нам бліны?/ А яны хуценька пякуцца,/ У нашай печы добры дух!/ У міску роўненька кладуцца,/ Мы сочым вочкамі іх рух.» («Маміны бліны»). Многія творы з кнігі «На хвалях лёсу» адрасаваны родным, блізкім людзям. Радкі з гэтых вершаў напоўнены асаблівай пяшчотай. 

Асобны раздзел кнігі — «Смаргонскія матывы». Старонкі, якія ўвабралі вершы на «смаргонскую тэму», падаюцца паэтычна-краязнаўчым партрэтам края. 

Аўтографы для зямлячак ад Мар'яна ДУКСЫ, 1986 год.

Кніга Ірыны Гаевай аздоблена цікавымі фатаграфічнымі ілюстрацыямі. Углядаючыся ў іх, яшчэ болей разумееш, якімі клопатамі жыла, чым кіравалася ў сваіх настаўніцкіх кроках на працягу дзесяцігоддзяў паэтэса. Сярод іншых фотаздымкаў, змешчаных у зборніку, — і выявы з сустрэч з вядомымі паэтамі. На адным з іх аўтографы для зямлячак падпісвае Мар’ян Дукса. А пад другім здымкам — такі надпіс: «Чытаю свой верш «Матуліна мова» падчас сустрэчы з Нілам Гілевічам у гімназіі. 

«На хвалях лёсу» — зборнік, які яшчэ і напамінам з’яўляецца пра тое, колькі шматаблічных талентаў ёсць, заўсёды было ў настаўніцкім асяроддзі, у вялікіх і малых школах нашай краіны, раскіданых па розных гарадах, розных паселішчах. 

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.