Вы тут

Ёсць такая прафесія — з моладдзю працаваць


Ёсць такая прафесія – з моладдзю працаваць

Нехта можа здзівіцца, але спецыялістаў па рабоце з моладдзю рыхтуюць не толькі ў краінах з устойлівай памяццю пра камсамольскіх работнікаў і піянерскіх важатых. Іх рыхтуюць паўсюль. З аднолькавым разуменнем значнасці гэтай справы, хоць і з рознымі да яе падыходамі.

Еўрапейскія суседкі Беларусі, краіны бліжняга і дальняга захаду, вядуць падрыхтоўку такіх спецыялістаў праз кароткатэрміновыя курсы. Усходняя суседка Расія ўзвяла гэта на ўзровень вышэйшай адукацыі. Наш падыход, бадай, самы грунтоўны — не шляхам ад тэорыі да практыкі, а наадварот. Глыбінная сутнасць ідэі ўмяшчаецца ў няхітрую формулу: каб працаваць з моладдзю, трэба працаваць з моладдзю. Калі ты ў гэту сферу аднойчы трапіў і зразумеў: “Маё!” — тады цябе без адрыву ад любімага занятку, гэта значыць, завочна, а правільней сказаць — дыстанцыйна будуць вучыць два гады (вышэйшую адукацыю ты ўжо маеш) па праграме перападрыхтоўкі “Арганізацыя работы з моладдзю” на кафедры маладзёжнай палітыкі і сацыякультурных камунікацый Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы. Між іншым, РІВШ — адзінае месца ў рэспубліцы, дзе гэтаму вучаць. У яго сценах мы і разгаварыліся на тэму такой вучобы. У размове бралі ўдзел загадчык кафедры Алена Ігнатовіч і дацэнты Андрэй Салікаў і Юлія Сяргеева.

Алена Ігнатовіч: — Нашы слухачы працуюць з моладдзю ў арганізацыях і на прадпрыемствах, ва ўстановах адукацыі і грамадскіх аб’яднаннях, дзе ўжо загадзя атрымліваюць значны практычны вопыт. Гэта вельмі каштоўна як грунт, на якім даюць добры плён шматлікія і разнастайныя дысцыпліны нашай праграмы, ад параўнальнай культуралогіі і асноў сацыякультурнай камунікацыі да сацыялогіі моладзі. Будучых дыпламаваных спецыялістаў па рабоце з моладдзю мы бачым у якасці медыятараў, пасрэднікаў паміж моладдзю і дзяржавай ці канкрэтнай установай або прадпрыемствам. Людзі-медыятары даносяць да аудыторый, з якімі яны працуюць, ідэі і напрамкі з ліку найбольш значных, прыярытэтных для ўстановы, прадпрыемства, дзяржавы, — і паспяхова іх рэалізуюць. Нашу сістэму атрымання ведаў, патрэбных у такой справе, выгодна адрознівае тое, што ніякія вучэбныя курсы, пройдзеныя пры атрыманні вышэйшай адукацыі, яна не дублюе.

Алена Ігнатовіч

Юлія Сяргеева: — Праграмы нашы ўнікальныя сваім нестандартам — практычным паходжаннем і інтэрактыўнай падачай. Мы працуем з цікавай катэгорыяй людзей, сабраных з усіх мясцін Беларусі і аб’яднаных не проста родам дзейнасці, але і высокімі запатрабаваннямі, і неўтаймоўнай прагай навацый. З імі не атрымаецца ладзіць увесь час традыцыйныя формы заняткаў — лекцыі і семінары. Яны чакаюць новага — у падыходах, тэхналогіях, паглядах. Таму мы адштурхоўваемся ад іх інтарэсаў і стараемся перадаць ім свой персанальны практычны вопыт арганізацыі  і удзелу ў самых жывых моладзевых праектах. І ад слухачоў мы атрымліваем цікавыя прыклады працы з моладдзю на местах. У выніку выходзіць цікавы дыялог. Нашы заняткі мы часта праводзім як выяздныя або ў форме трэнінгаў, на якія запрашаем практыкаў з найцікавейшым  вопытам. Для прыкладу, супрацоўнічаем з Грамадскім аб'яднаннем “Мінскае роварнае таварыства”, а гэтыя рабяты ў прасоўванні велакультуры сягнулі ўжо далёка за межы не толькі Мінска, але і Беларусі і ладзяць еўрапейскі міжнародны праект. Знаёмячы з імі нашых слухачоў, спецыялістаў па рабоце з моладдзю, мы ўключаем і іх у гэту ідэю маладзёжнага руху за здаровы лад жыцця і сацыяльную актыўнасць, а з імі — і тых, з кім яны працуюць. Такіх прыкладаў у нас многа. Нашы партнеры — гэта дзяржаўныя ўстановы, грамадскія аргінзацыі і некамерцыйныя установы, усе тыя, хто ўключаны ў рэалізацыю дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі. Мінск — маладзёжны горад, тут безліч пляцовак, звязаных з сучаснымі нефармальнымі формамі камунікацый, і мы таксама арганізуем выхад нашых слухачоў на такія пляцоўкі — па вопыт, па ўражанне, па кантакты, па добрае сяброўства, каб развезлі гэтае адчуванне руху моладзевай працы па сваіх гарадах і прадпрыемствах. Мы рыхтуем сапраўдных зорак сучаснай маладзёжнай работы нашай краіны.

Юлія Сяргеева

Андрэй Салікаў: — За час існавання кафедры і спецыяльнасці мы падрыхтавалі амаль дзве сотні прафесіяналаў, якія працуюць па ўсёй краіне. Каб выяўляць у розных яе кутках новыя арганізацыйныя таленты, а разам з імі і ўнікальныя праекты, мы штогод праводзім рэспубліканскае мерапрыемства “Марафон паспяховых практык спецыялістаў па рабоце моладдзю”. Гэта пляцоўка абмену выключна практычным вопытам. І менавіта практыкаарыентаванасць нашага навучання мы падкрэслівалі і будзем падкрэсліваць як ключавую яго акалічнасць. Мы ставім перад сабою задачу выходзіць на канкрэтныя праекты — каб нашы слухачы, распрацаваўшы іх падчас вучобы ў нас, рэалізавалі іх на сваіх месцах працы. Гэта з’яўляецца часткай дыпломнай работы, яе абавязковай умовай. Адзначу некалькі найбольш яркіх праектаў, рэалізаваных нашымі выпускнікамі. Праект Ірыны Кузняцовай, начальніка аддзела па выхаваўчай рабоце з моладдзю Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, — “Ацэначна-рэйтынгавая сістэма як інструмент выяўлення адоранай студэнцкай моладзі” — можа паспяхова выкарыстоўваць у сваёй практыцы любая навучальная ўстанова. Прапанаваная старшынёй маладзежнага савета ЗАТ “Атлант” Дзянісам Глушаніным “Тэорыя і практыка падрыхтоўкі маладзёжных лідараў на вытворчых прадпрыемствах” — выдатная і, да таго ж, укаранёная аўтарам у практыку праграма выяўлення і раскрыцця лідарскага патэнцыялу. Праект “Партфоліа спецыяліста па рабоце з моладдзю”, у якім акумуляваны і адаптаваны да беларускіх рэалій паспяховы вопыт работы з моладдзю ў розных еўрапейскіх краінах, рэалізавала некалькі гадоў таму Алеся Купцова, тады галоўны спецыяліст, а цяпер начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Магілёўскага райвыканкама. Вельмі часта, нават у большасці выпадкаў нашы выпуснікі разам з дыпломамі аб перападрыхтоўцы атрымліваюць і новыя, кіруючыя пасады.

Андрэй Салікаў

Святлана Воцінава: — Ці не шкада ім губляць той непасрэдны драйв практычнай работы, які яны адчувалі, пакуль кіраўнікамі не былі?

Андрэй Салікаў: — З кіруючымі пасадамі даецца і больш магчымасцей, большы інструментарый. Адміністратыўны рэсурс дазваляе выводзіць ідэі на больш высокі ўзровень.

Алена Ігнатовіч: — Чалавек, які атрымаў спецыялізаваную, накіраваную падрыхтоўку, апрабаваў на практыцы не адну ідэю, мае аднолькава добры тэрэтычны і практычны вопыт, — лепш разумее, як і што павінна працаваць, і з ім нашмат прасцей  дамаўляцца па новых праектах. Ён чуе і разумее моладзь іначай — не так, як чалавек, які вырас кар’ерна без практычнага вопыту і дакладна скіраванай адукацыі. Дарэчы, не абавязкова ўсе атрымліваюць больш высокія пасады: нехта сыходзіць і ў самазанятасць — пачынае кіраваць клубамі, школамі, студыямі. І гэта таксама нармальна і значна — развіваць уласны праект.

Святлана Воцінава: — Хто прыходзіць да вас вучыцца? З якіх сфер, з якімі адукацыямі?

Алена Ігнатовіч: — Уваход адкрыты, як мы гаворым. Адукацыя можа быць абсалютна любой — і тэхнічнай, і педагагічнай, і ваеннай, і гуманітарнай. І ўзрост тут таксама не цэнзар. Як і тое, колькі праектаў рэалізавана. Галоўнае — зацікаўленасць і натхнёнасць. Мы, выкладчыкі, і нашы слухачы ўяўляем супольнасць, якая функцыянуе як адзіная інтэлектуальная і духоўная прастора, дзе ўсе адзін у аднаго вучацца. І галоўны наш плюс якраз у тым, што гэтая супольнасць негамагенная: ёсць магчымасць узбагачацца за кошт яе рознасці. Важна яшчэ дадаць, што мы не рыхтуем людзей-аніматараў, мы рыхтуем сістэмшчыкаў — тых, хто будзе рашаць задачы работы з моладдзю на сістэмным узроўні. Сёння работа з моладдзю патрабуе высокага прафесіяналізму. Мы яго забяспечваем...

Святлана ВОЦІНАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.