Вы тут

Ветэраны родныя мае


З арганізацыяй у крымскім горадзе Еўпаторыя суполкі ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, якія вызвалялі Беларусь ад нямецка-­фашысцкіх захопнікаў, актывізаваліся кантакты мясцовых беларусаў з Бацькаўшчынай.


 Дзіна Шаўчэнка (у цэнтры) з ветэранамі ў Мінску. 2007 г.

У 2004‑м іх было сто чалавек

Памяць пра вайну — гэта надзвычай важная частка майго жыцця. Сваю “патрыятычную загартоўку” я атрымала ў Гомелі: як у сям’і франтавіка Рыгора Здараўцова, майго бацькі, так і праз актыўны ўдзел у шматлікіх школьных, раённых, гарадскіх мерапрыемствах. Зрэшты, у 60‑я для пераважнай большасці аднагодкаў маіх шлях у вялікае жыццё пралягаў праз вядомыя этапы: акцябронак, піянер, камсамолец. З тых часоў я й ведала ветэранаў як людзей моцных, надзейных. А з гадамі, жывучы ўжо ў Еўпаторыі, стварыўшы беларускую суполку “Сябры”, давялося мне залучыць іх у больш актыўнае грамадскае жыццё, прыцягнуць да супрацы.

Даволі блізка пазнаёмілася з ветэранамі-вызваліцелямі Беларусі ў 2000‑я гады і склала іх першыя спісы разам з саветам ветэранаў. Разам з сябрамі ўручыла на ўрачыстай імпрэзе медалі ветэранам ад імя маёй удзячнай Бацькаўшчыны: “60 гадоў вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”. Праўда, тады ўжо 70 уручылі на ўрачыстасці, а 30 медалёў давялося разнесці па дамах: гады, хваробы. А скрынку з медалямі мне, як суайчынніцы, кіраўніцы суполкі “Сябры”, прывёз тады ў Еўпаторыю, перадаў першы сакратар Амбасады Беларусі ва Украіне Віктар Дзенісенка. З ветэранаў-вызваліцеляў і ўтварылася грамадская суполка. Прычым справа была настолькі значнай, адметнай, што ў 2006‑м на Міжнародным адкрытым конкурсе журналістаў “Серебряное перо” мне, галоўнай рэдактарцы часопіса “Крым –Беларусь”, прысуджана было званне лаўрэата: за стварэнне й паспяховую працу таварыства “Ветэраны-вызваліцелі Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”.

Помніцца, якая была радасць! Узнагароду атрымлівалі ў Еўпаторыі разам: група ветэранаў і я. Спявалі песню “Молодость моя — Белоруссия!”, а ў канцы яе ветэраны ўручалі сцяжкі ганаровым гасцям конкурсу й журы. Тагачасны Амбасадар Беларусі ва Украіне Валянцін Вялічка, светлая памяць яму, павіншаваў нас з той важнай падзеяй у прэсе. І 27 лістапада 2006 года таварыства было зарэгістравана. У пасведчанні аб рэгістрацыі запісаны яго сустаршыні: Мікалай Міхайлавіч Кобец, Міхаіл Міхайлавіч Пашэнічаў ды я, Дзіна Рыгораўна Шаўчэнка.

Было таксама й нібы другое нараджэнне таварыства: калі мы яшчэ больш паядналіся, пасябравалі. А дапамагла таму, як лічаць ветэраны, паездка наша сумесная ў Беларусь летам, на Дзень Незалежнасці, у 2007 годзе. Пра тое раскажу далей. А цяпер згадваю: у 2009‑м было ўрачыстае ўручэнне медалёў “65 гадоў вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”. У 2017‑м суполка ветэранаў-вызваліцеляў Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў “Крым – Беларусь” адзначана была граматай: “За значны ўнёсак у ваенна-патрыятычнае выхаванне моладзі, умацаванне міжнароднай дружбы і ў сувязі з 10‑годдзем з дня ўтварэння арганізацыі”. Грамату падпісала ды ўручыла Алеся Віктараўна Харытоненка, кіраўніца горада, падтрымку якой мы заўсёды адчуваем у розных грамадскіх справах. А родныя мае ветэраны імкнуцца не здавацца, бяруць актыўны удзел у імпрэзах беларускага таварыства. Найбольш любяць свята “Букет дружбы”, якое ладзіцца у Дзень яднання народаў Беларусі ды Расіі.

У 2018‑м два таварыствы Еўпаторыі: аб’ядналіся Беларуская грамада “Сябры” і Грамадская арганізацыя ветэранаў-вызваліцеляў Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў “Крым – Беларусь”. І зарэгістраваліся ў расійскім прававым полі як грамадская арганізацыя Мясцовая беларуская нацыянальна-культурная аўтаномія Еўпаторыі “Крым – Беларусь”.

2007‑ы: як другое нараджэнне

У маім архіве зберагаецца тэкст, які ёсць і ў інтэрнэце: пра 10‑годдзе суполкі “Крым – Беларусь” ветэранаў-вызваліцеляў Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў горада Еўпаторыя. Адзначалі ж мы свой юбілей 3 ліпеня 2017 года, у Дзень Незалежнасці Беларусі: тады была 73‑я гадавіна яе Вызвалення.

Нагадаю, што й створана была суполка дзеля таго, каб умацоўваць сяброўскія стасункі паміж жыхарамі Крыма й Беларусі, спрыяць ваенна-патрыятычнаму выхаванню моладзі на прыкладзе жыцця ветэранаў. Незабыўная ды яркая падзея ў жыцці чальцоў суполкі — наведванне Беларусі ў 2007 годзе па запрашэнні Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі. Тады мы паўдзельнічалі ва ўрачыстасцях з нагоды 63‑й гадавіны Вызвалення. Наведалі гістарычныя мясціны Мінска, Курган Славы, Мемарыяльны комплекс “Хатынь”, гістарычна-культурны комплекс “Лінія Сталіна”, пабывалі на святочным парадзе ў Мінску. Па выніках паездкі былі публікацыі ў СМІ, радыёперадачы, паведамленні ў інтэрнэце. Выйшла кніга ўспамінаў ветэранаў-вызваліцеляў Беларусі ды чарговы нумар часопіса “Крым – Беларусь”, прысвечаны падзеі.

І ў 2017‑м удзельнікі паездкі ў Беларусь Іван Фролавіч Калугін і Рыгор Сямёнавіч Васільеў у адзін голас казалі, які незабыўны след яна пакінула ў іх душах. Згадвалі, як Прэзідэнт, абыходзячы трыбуны ветэранаў, павіншаваў усіх са святам, а да крымскай дэлегацыі звярнуўся са словамі: “Вітаю крымчан!”. У адказ ветэран Пётр Дзмітравіч Пудаў сказаў: “Таварыш Прэзідэнт, я не толькі вызваляў Беларусь, я дайшоў з баямі да Берліна й распісаўся на рэйхстагу!”. Прэзідэнт моцна паціснуў ветэрану руку, сказаў: “Вялікі табе дзякуй!”. Яркі той момант поціску рукі застаецца ў нашай памяці назаўсёды.

Ветэраны-вызваліцелі Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў з суполкі “Крым – Беларусь” (злева направа): Калугін Іван Фролавіч, Кобец Мікалай Міхайлавіч, Кулеш Валянціна Міхайлаўна, Коршыкаў Міхаіл Іванавіч, Васільеў Рыгор Сямёнавіч у Хатыні. 4 ліпеня 2007 года. Здымак Дзіны Шаўчэнкі з фотаальбома “Крым – Беларусь”.

У Еўпаторыі ветэраны традыцыйна адзначаюць гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў: ладзяцца святочныя сустрэчы. Помніцца, на тых, што прысвячаліся 60‑й і 65‑й гадавінам, ветэранам-вызваліцелям урачыста ўручаліся юбілейныя медалі Беларусі: імі ўзнагароджвалі ўсіх чальцоў суполкі. Зберагаем і Падзячны ліст ветэранам ад Аляксандра Лукашэнкі са словамі: “Беларускі народ заўсёды будзе ўдзячны Вам за адваяваныя мір і шчасце, за магчымасць радавацца кожнаму новаму дню. Вашае выпаўненае гераічным сэнсам жыццё стала годным узорам для нашчадкаў”.

Сёлета, на жаль, з‑за пандэміі каранавіруса ўсе ветэраны Еўпаторыі на самаізаляцыі. А дамашнія тэлефоны выходзяць з моды, абзавяліся мабільнымі. То не ўсе новыя нумары я, на жаль, ведаю. Шукаю праз іншых людзей. А ў 2017‑м яшчэ мы разам ладзілі выступы ў навучальных установах, бібліятэках, публікацыі ў газетах. У кіна- і фотадакументах зафіксавана паездка ў Беларусь: цяпер па іх падрыхтаваны й фотаальбом — як частка кнігі пра жыццё беларусаў Еўпаторыі, гатовай да друку. Сабраны матэрыялы па шматлікіх імпрэзах, праведзеных суполкай “Крым – Беларусь” у Еўпаторыі.

У нашым горадзе, як і ў Беларусі, любяць і цэняць ветэранаў. Актыўныя чальцы суполкі неаднаразова адзначаліся па выніках прэстыжнага гарадскога конкурсу “Общественное признание”. У 2015‑м, напрыклад, Міхаіл Коршыкаў адзначаны быў гарадской прэміяй С. Дувана. Імёны ветэранаў заносіліся на гарадскую Дошку гонару: у 2017‑м — імя Уладзіміра Міхайлавіча Ерашэнкі. А сёлета наша суполка ўнесла прапанову наконт Рыгора Сямёнавіча Васільева: 7 красавіка яму споўнілася 96 гадоў. Спадзяемся, што нас падтрымаюць.

Але ж і час няўмольна бярэ сваё. Пайшлі ад нас назаўсёды Міхаіл Іванавіч Коршыкаў, Пётр Дзмітрыевіч Пудаў ды іншыя. І мы вельмі ўдзячны, што цяпер у супрацы з нашай суполкай “Крым – Беларусь” іх сыны: Сяргей Коршыкаў, Пётр і Валерый Пудавы, у мінулым самі вайскоўцы. Яны памятаюць подзвігі сваіх бацькоў, ганарацца імі. А ветэран Рыгор Сямёнавіч Васільеў прыходзіць на імпрэзы з сынам Уладзімірам, Іван Фролавіч Калугін — з дарослай унучкай Аксанай. Памяць і ўдзячнасць паядноўваюць нас усіх вакол ветэранаў.

Выстаяць у віруснай блакадзе

Чаму вельмі важна быць нам духоўна побач, на сувязі, у кантактах з гэтымі гераічнымі людзьмі ў нялёгкую пару каранавіруса? Бо толькі разам мы моцныя. Так абаронімся ад навалы. Народная мудрасць сцвярджае, што ўсе мы ў гэтым свеце госці. А тым болей — людзі, які прайшлі вайну. Кожны, хто быў народжаны, урэшце й пакідае гэтую зямлю. Яскрава сведчыць пра тое мая “ветэранская статыстыка”. На пачатку 2000‑га ў Еўпаторыі жыло 100 удзельнікаў вызвалення Беларусі. Я тое дакладна ведаю: сто медалёў тады ўручала, і спісы адпаведныя складала. Сёння ж добра, калі набярэцца дзесяць… І з кожным годам лічба змяншаецца. Чаму кажу пра 10? Шасцёра дакладна жывыя, у полі майго зроку. А яшчэ хтосьці па кватэрах, на вуліцу не выходзяць, ёсць ляжачыя хворыя, — такіх, мяркую, яшчэ чацвёра.

У сакавіку тэлефанавала ў савет ветэранаў, удакладняла: хто на якім свеце? Сказалі: прыходзь і сама са спісаў рабі выбарку. Вядома ж, асобна па вызваліцелях Беларусі там не вядуць улік: гэта ў мяне ёсць шэраг спісаў, дакументаў — як вынік ранейшай працы. Але клопаты з кнігай, якую тэрмінова рыхтавала да друку, занялі шмат часу. Кнігу зрабіла, ды тут — самаізаляцыя. Савет ветэранаў у нас зачынены. Тут вельмі строга ўсё: нават па вуліцах проста так хадзіць нельга. Хіба што да бліжэйшага прадуктовага магазіна, інакш — аштрафуюць. Пажылым дык увогуле не выйсці з дома. У горадзе створаны валанцёрскія штабы, маладыя людзі разносяць прадукты ці ў аптэку ходзяць па просьбе пажылых. А намеснік старшыні савета ветэранаў Аляксандр Васілевіч Галкін, з якім я сябравала гадоў 20, з якім гаварыла пра спісы, памёр 4 красавіка. Было яму 89, і калі хавалі гэтага дастойнага чалавека, то прыйшло на пахаванне зусім мала людзей: па больш нельга збірацца. Зрэшты, спісы тыя, мяркую, пасля Дня Перамогі змагу-такі ўбачыць.

Але каранавіруснай блакадзе не век доўжыцца. І мы яшчэ спяём разам і “День Победы”, і нашу “Молодость моя — Белоруссия!”. Маю надзею, што сёлета ўдасца нам уручыць і беларускія медалі. Наколькі мне вядома, наша суполка — адзіная ў свеце арганізацыя ветэранаў-вызваліцеляў Беларусі. Спісы ёсць, трэба толькі ўдакладніць страты ў нашых шэрагах (як у часе ваенных дзеянняў…), вырашыць некаторыя тэхнічныя пытанні. А Беларусь, я ведаю, памятае сваіх вызваліцеляў: дзе б яны ні жылі. Пра тое, пра сустрэчу маіх родных ветэранаў са сваёй гераічнай маладосцю, з гераічнай зямлёй Беларусі — раскажу іншым разам.

Заканчэнне будзе

Дзіна Шаўчэнка, г. Еўпаторыя


Яны сыходзяць…

Сёлета Дзіна Шаўчэнка планавала правесці ў Еўпаторыі Дзень памяці ахвяр Хатыні, аднак у сувязі з каранавірусам фармат імпрэзы змяніўся (пра тое мы пісалі: “Малітва ў Еўпатарыйскім храме. — ГР, 26.03.2020). Тады ж наша няштатная аўтарка даслала фотаздымак ветэранаў-вызваліцеляў Беларусі з Еўпаторыі, зроблены ёй у Хатыні летам 2007 года. “Кранальны здымак у Вас атрымаўся, — напісаў я ў адказ Дзіне Рыгораўне. — Ёсць у ім самім сёння вялікі сэнс. ЯНЫ сыходзяць. І шэрая сцяна…”. А далей — вось такі верш.

Яны сыходзяць. Шэрая сцяна…

Запомнім іх жывымі. Вось такімі…

А за плячыма курчыцца вайна,

Што іх забіць хацела маладымі.

А збоку вісне шэрая сцяна

З халоднага, як смерць сама, бетону.

Ім чару болю — піць і піць да дна:

Бо цяжар той не скінеш і да скону.

Ідуць. Нясуць свой непасільны груз,

Хоць і вайна ў мінулым парахнее.

…Пакуль герояў помніць Беларусь —

Ёсць Будучыня ў нас. І ёсць Надзея.

З Днём Перамогі вас, паважаныя ветэраны! З днём Перамогі — усіх, хто мае ў сэрцах сваіх, ва ўдзячнай памяці яе водбліск нязгасны, векапомны.

Іван ЖДАНОВІЧ

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.