Вы тут

Жменька тугі на льняным палатне


Беларусы Даўгаўпілса паўдзельнічалі ў Міжнароднай акцыі памяці “На славу агульнай Перамогі!”


Сімвалы памяці

У Даўгаўпілсе 22 красавіка 2020 года актывісты Беларускага культурна-асветніцкага таварыства “Уздым” пры падтрымцы Генеральнага консульства Беларусі, з блаславення Латвійскай праваслаўнай царквы, з дазволу гарадскіх уладаў паўдзельнічалі ў Міжнароднай акцыі памяці “На славу агульнай Перамогі”. Спачатку мы ўсклалі кветкі на тэрыторыі Мемарыяла воінам-вызваліцелям у парку Дубровіна. Потым зрабілі там забор зямлі — для таго, каб змясціць яе ў капсулу. А капсула панесла з сабой згадку пра герояў-беларусаў, якія пахаваныя ў Даўгаўпілсе, у крыпту Храма-помніка ў гонар Усіх Святых у Мінску.

Наш удзел у акацыі — прадуманы, глыбока сімвалічны ўчынак. У 2019‑м суполка “Уздым” для сваіх актывістаў ладзіла тры экскурсійныя паездкі ў Мінск. І ўсе тры групы пабывалі ў храме Усіх Святых, дзе для многіх сапраўдным адкрыццём, узрушэннем стала наведванне крыпты. У ёй закладзены капсулы з зямлёй як сімвалы падзей і месцаў, асабліва значных у гісторыі Беларусі, з якімі звязаны як праявы найвышэйшага гераізму, так і пакуты, вялікія ахвяры народа: Грунвальд, Смаргонь, Салаўкі, Хатынь, канцлагеры й бітвы Другой сусветнай вайны, Афганістан, Чарнобыль, тэракт у Мінскім метро… І калі мы даведаліся пра акцыю “На славу агульнай Перамогі”, якую па ініцыятыве Прэзідэнта Беларусі праводзяць Беларускі Дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны й Беларускі культурны цэнтр духоўнага Адраджэння, то вырашылі зрабіць свой унёсак у пачэсную справу.

Месцам для забору зямлі абралі Мемарыял савецкім генералам і афіцэрам, якія загінулі ў Другой сусветнай вайне ў баях за вызваленне Даўгаўпілса. Гэта месца памяці ў парку Дубровіна, дзе заўсёды гарыць Вечны агонь. Там пахаваны 7 генералаў і афіцэраў, двое з якіх — ураджэнцы Беларусі.

Генерал-маёр Якаў Лагадзюк (1898–1944) нарадзіўся пад Брэстам. (Мы ўдакладнілі: герой быў родам з вёскі Дзераўная (на палескім дыялекце: Дырывная) ранейшага Антопальскага раёна. Цяпер вёска ў Драгічынскім раёне: на паўночны ўсход ад Антопаля (18 км) і Драгічына (25 км), за 30 км на поўдзень ад Бярозы. У час Першай сусветнай вайны сям’я Лагадзюкоў эвакуявалася ў горад Цецюшы Казанскай губерні. Цікава, што ў 1919‑м Якаў Лагадзюк служыў тэлеграфістам у штабе арміі, якая абараняла Дзвінск, пазней названы Даўгаўпілсам. — Рэд.). У 1944‑м наш супляменнік быў начальнікам сувязі 4‑й Ударнай арміі, якая першай апынулася на латвійскай тэрыторыі. Якаў Восіпавіч загінуў пры абстрэле ў пасёлку Наўенэ, і магіла генерал-маёра стала першай у Дубровінскім парку, дзе пазней, у 1949‑м, адкрылі мемарыял.

Капітан Канстанцін Арлоўскі (1913–1944) нарадзіўся ў горадзе Быхаве Магілёўскай вобласці. У вайну быў камандзірам 1‑га танкавага батальёна 41‑й танкавай брыгады 5‑га Дзвінскага танкавага корпуса 2‑га Прыбалтыйскага фронту. Камбат загінуў, ведучы бой на шашы Даўгаўпілс — Рэзэкнэ, і быў пахаваны ў пасёлку Малінаўка. У 1945‑м Канстанціну Іванавічу пасмяротна было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Пазней адбылося перапахаванне астанкаў героя ў брацкую магілу ў парку.

Мемарыял воінам-вызваліцелям у парку Дубровіна

У акцыі забору зямлі паўдзельнічалі: консулы Генконсульства Беларусі ў Даўгаўпілсе Яўгенія Барткевіч і Мікалай Раманкевіч; прадстаўнік Латвійскай праваслаўнай царквы іерэй Аляксандр Якімаў; кіраўніца Беларускага культурна-асветніцкага таварыства “Уздым” Жанна Раманоўская, актывісты беларускай суполкі Валеры Амбросаў і Марыя Памецька.

Жменя зямлі з брацкага воінскага захавання ў цэнтры горада — як жменька тугі ад тых усіх вядомых і безыменных магіл, у якіх пахаваны тысячы воінаў ды мірных жыхароў, якія загінулі ў часе Другой сусветнай вайны пры абарончых і вызваленчых баях, у турмах і лагерах, гета ў Даўгаўпілсе.

Зямлю змясцілі мы ў мяшочак, пашыты з ільнянога палатна. Выткала ж яго беларуская жанчына, дзіця вайны Станіслава Антонаўна Іванцэвіч: 1927 года нараджэння, з вёскі Сароча, што каля Міхалішак, Астравецкага раёна Гродзеншчыны. Ткалля ўжо ў іншым свеце, і гэта — мама нашай Марыі Памецкі. Мяшочак-абярэг з зямлёй, актам забору зямлі, гістарычнай даведкай адправіўся ў Мінск.

Забор зямлі

У ходзе цырымоніі былі ўскладзеныя кветкі да Вечнага агню, памятнага крыжа, імянных помнікаў-стэлаў воінам. Акцыя прайшла з захаваннем усіх мер бяспекі ва ўмовах надзвычайнай сітуацыі ў Латвіі, звязанай з каранавіруснай пандэміяй. Арганізатары ўдзячныя Даўгаўпілскаму краязнаўчаму й мастацкаму музею за дапамогу з гістарычнай даведкай.

Жанна Раманоўская, г. Даўгаўпілс

Фота: Марыя Памецька

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як шматдзетная сям’я будуе жыллё з дапамогай дзяржаўнай субсідыі

Як шматдзетная сям’я будуе жыллё з дапамогай дзяржаўнай субсідыі

Святлана, шматдзетная мама з вёскі Чарнаўчыцы, што пад Брэстам, падзялілася гісторыяй іх сям'і і дома.

Грамадства

Камень Узнясення, «Стопачка» і «Руская свечка». Што паглядзець у Іерусаліме?

Камень Узнясення, «Стопачка» і «Руская свечка». Што паглядзець у Іерусаліме?

Аўтобусы з паломнікамі і турыстамі ніколі не праязджаюць міма гэтых знакавых, і не толькі для хрысціян, святынь. 

Грамадства

Справа для народных мсцiўцаў. Пра партызанскiя аперацыi — з першых вуснаў

Справа для народных мсцiўцаў. Пра партызанскiя аперацыi — з першых вуснаў

Цяпер, калi пасля вайны мiнула столькi гадоў, каштоўнасць аповеду яе жывых сведак толькi павышаецца.