01 снежня, аўторак

Вы тут

Вучні і настаўнікі Слаўгарадскай школы-інтэрната, якая прыпыніла сваё існаванне з-за наступстваў аварыі на ЧАЭС, стварылі фотаальбом


Роўна 15 гадоў таму быў цалкам знесены ўвесь комплекс будынкаў гэтай установы. Але засталіся людзі, якім і сёння вельмі цяжка тое перажыць. У сацыяльных сетках яны стварылі суполку пад назвай «Слаўгарадская школа-інтэрнат». Інфармацыі, фотаздымкаў, відэаролікаў тут столькі, што можна патануць. А некалькі гадоў таму настаўнікі і вучні сумеснымі намаганнямі падрыхтавалі фотаальбом, прысвечаны тым дням, калі нішто не прадвяшчала бяды. Ён унікальны тым, што тут сабраны рэдкія фотаздымкі не толькі школы, але і наогул Слаўгарада 60–70-х гадоў.

Напярэдадні дня памяці чарнобыльскай трагедыі мы пагарталі іх з магілёўскім фотамайстрам Мікалаем Бодакам, выпускніком гэтай установы і яе былым фотакарэспандэнтам.


Дэкарацыі для Спілберга

Гэта быў своеасаблівы міні-гарадок у горадзе — са сваімі будынкамі, кацельняй, гаражамі, пральняй, падсобнай гаспадаркай, фруктовым садам. А месца на Замкавай гары па-над Сожам рабіла яго сапраўднай мясцовай славутасцю — лічы, палац, абнесены каванай агароджай. Магчыма, гучыць крыху пафасна, але менавіта такое ўражанне захавалася ў мясцовых жыхароў. Таямнічасці дадаваў навакольны сасновы бор. Рака, сосны, пясок — у цэлым карцінка нагадвала прыбалтыйскі пейзаж.

Установа была вядома далёка за межамі райцэнтра, яна прымала дзяцей з усёй Магілёўскай вобласці і нават рэспублікі. У 60-я гады аб'ект будаваўся як дзіцячы дом для дзяцей-сірот, потым ён быў перапрафіляваны пад школу-інтэрнат. Тут вучыліся падлеткі са шматдзетных і няпоўных сем'яў, а таксама тыя, хто застаўся без апекі бацькоў. Жыццё віравала так, што адчувалася нават за межамі міні-гарадка. Па рацэ гук піянерскага горна, з якога тут пачыналася раніца, разносіўся далёка па Слаўгарадзе. Каля будынкаў размяшчаліся зоны адпачынку і спартыўныя пляцоўкі, на якіх заўсёды гучалі дзіцячыя гоман і смех. І асабліва прыгожа было тут летам: кветнікі, алеі, альтанкі, нават скульптуры на тэму школьнага жыцця.

Чарнобыль не пакінуў школе шанцаў на існаванне. Узровень радыяцыі, які тут рэгістравалі дазіметры, перавышаў нормы. Хоць, як згадваюць сёння работнікі гэтай установы, ён быў высокі, але не крытычны. Але на той момант рашэнне было прынятае не на карысць школы-інтэрната. Яе вырашылі расфарміраваць. На тэлебачанні выйшла перадача, дзе супрацоўнікі і дзеці выказвалі свае меркаванні. Было шкада расставацца, але ніхто не мог рэальна ацаніць наступствы бяды. Тады было проста страшна, а таму не сталі рызыкаваць. Як вынік — кароткія зборы, слёзы расставання, пераезд.

Капітальныя будынкі спачатку думалі выкарыстаць пад дом састарэлых. Кажуць, што нехта з новых пастаяльцаў нават пэўны час там жыў. Потым будынкі нейкі час ахоўвалі міліцыянеры, але ў рэшце рэшт з'ехалі і яны. Пакінутыя без нагляду капітальныя збудаванні пакрысе сталі разбіраць спрытныя мясцовыя жыхары. Некалі квітнеючы комплекс хутка стаў падобны на дэкарацыі для здымак фільмаў жахаў у стылі Стывена Спілберга. Каб не здарылася чагосьці непрадказальнага, каркасы жалезабетонных сцен — а ад будынкаў хутка засталіся амаль толькі яны — вырашылі знесці. Горы цэглы і арматуры былі закапаны па перыметры пляцоўкі, дзе знаходзіўся гэты міні-гарадок.

Школьны фотакарэспандэнт

Мікалай Бодак, які вучыўся ў школе-інтэрнаце з трэцяга класа, успамінае тыя гады як найлепшы перыяд свайго жыцця.

— Аднойчы мяне забралі адсюль дамоў, але я стаў прасіцца назад, — усміхаецца ён. — Было адчуванне, што я нешта страціў. Дома мяне ніхто не кантраляваў, не прымушаў рабіць урокі, і я, хоць і малы, стаў заўважаць, што гэта не вельмі добра адбіваецца на маіх паводзінах. Я вельмі імпульсіўны, і мне падабалася жыць па распарадку. Пад'ём, зарадка, вучоба, падрыхтоўка дамашніх заданняў, агульныя справы — усё гэта мне падабалася. Шмат было турыстычных паездак, асабліва ў старшых класах. Мы наведвалі Брэсцкую крэпасць, Хатынь, Кіеў, Ленінград.

Усе дзеці былі занятыя ў гуртках па інтарэсах. Тыя, хто любіў майстраваць, разам з настаўнікам па працоўным навучанні рабілі ўсё што пажадаюць. Аднойчы дзеці цішком сталі вырабляць выбуховыя пакеты. Ваенная тэма сярод падлеткаў была тады вельмі папулярная, да таго ж школа-інтэрнат якраз стаяла ў тым самым месцы, дзе ішлі жорсткія баі. На лузе за ракой дзеці часта знаходзілі рэшткі зброі.

Дырэктар школы Пётр Дадыка прыдумаў, як адвучыць дзяцей ад небяспечнай забавы. Пад кіраўніцтвам настаўніка працоўнага навучання яны сталі клеіць з кардону ракеты — устаўлялі туды пыж, насаджвалі канструкцыю на металічны штыр і запускалі. Установа знаходзілася на ўскрайку Слаўгарада, і хапала месца, каб ставіць гэтыя эксперыменты.

Наогул погляды кіраўніцтва школы былі дастакова прагрэсіўныя, існаваў індывідуальны падыход да кожнага выхаванца. Як прыклад суразмоўца згадвае аднагодку Аляксея Логвінава, які вельмі любіў маляваць. У яго не было бацькоў, выхаваннем займалася бабуля. Неяк хлопчык яе намаляваў, і як твор трапіў на вочы дырэктару. І ён вырашыў падтрымаць юны талент. Вучня забяспечылі ўсім неабходным — алоўкамі, пэндзлямі, фарбамі. Пасля школы выхаванец прысвяціў сябе мастацтву.

Мікалай Бодак, дарэчы, таксама ўзорны прыклад. Пасля школы ён паступіў у Віцебскае вучылішча фотамастакоў і закончыў яго з адзнакай. Ён ганарыцца тым, што Пётр Ільіч Дадыка своечасова падтрымаў яго імкненне фатаграфаваць:

— З восьмага класа, а гэта быў 1973 год, я быў школьным фотакарэспандэнтам. Дырэктар набыў для нашай фоталабараторыі фотаапарат, павелічальнік і ўсё неабходнае для праяўкі і раздрукоўкі фота. І я здымаў вучняў, настаўнікаў, рабіў справаздачы з турыстычных паездак, экскурсій па Слаўгарадзе, фота з выпускнога вечара і нават агульны здымак класа — з віньеткамі.

Захавалася фота і дзяўчынкі, у якую быў закаханы юны Мікалай, але так і не прызнаўся ёй у сваіх пачуццях. Хоць і намякаў. Запрашаў на шпацыры па вялікай тэрыторыі школы-інтэрната, а аднойчы нават вырасціў для яе цюльпан на падаконніку. Кветка расцвіла акурат на 8 сакавіка.

Там, дзе жывуць успаміны

Дзевяць гадоў таму з Мікалаем Бодакам звязаліся аднакласнікі і паведамілі, што яго шукае іх былая выхавальніца са школы-
інтэрната Браніслава Ісакаўна Байвер. Ён патэлефанаваў і хутка атрымаў запрашэнне на сустрэчу, якая стала пачаткам новай традыцыі для ўсіх выпускнікоў школы-інтэрната — штогод бачыцца ў Слаўгарадзе. І няма розніцы, хто якога года выпуску, з якога класу. «Мы адна сям'я, і гэтага дастаткова», — кажа суразмоўца.

Менавіта Браніслава Байвер і была тым чалавекам, які прапанаваў стварыць агульны фотаальбом. У яго ўвайшла інфармацыя пра школу з архіваў раённай газеты «Ленінскае слова» (сёння — «Прысожскі край»).

Акрамя фота Мікалая Бодака фотаальбом упрыгожылі здымкі іншых аўтараў, у прыватнасці, яго аднакласніка Уладзіміра Патапава. Самы шэдэўральны кадр — тэрыторыя школы-інтэрната з вышыні птушынага палёту. Зроблены ён быў з воданапорнай вежы. Аб'ектыў захапіў футбольнае поле, школу, спальны корпус, качагарку і нават крыху сельгастэхнікі, што стаяла побач. Наогул у фотаальбом увайшло шмат рэдкіх фота. Ёсць нават здымак 1965 года, калі ўстанове было толькі тры гады. Ён зроблены, калі быў закладзены сад. У той час тэрыторыю школы-інтэрната ўпрыгожваў фантан.

Пяць гадоў таму на чарговай сустрэчы выпускнікоў адбылася ўрачыстая перадача фотаальбома выпускнікам. Прадстаўнікі мясцовай улады падрыхтавалі нават невялікі канцэрт. Музыка, словы падзякі, успаміны — усё атрымалася вельмі душэўна і кранальна. Усяго былі створаны два фотаальбомы. Адзін з іх выпускнікі вырашылі пакінуць у Слаўгарадскім краязнаўчым музеі — гэта ж частка гісторыі роднага краю.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Памяць па-над Сожам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што мяняецца з 1 снежня

Што мяняецца з 1 снежня

Вырасце памер пенсiй: па ўзросце, за выслугу гадоў, па iнвалiднасцi, з прычыны страты кармiцеля. 

Грамадства

​Што павiнны зрабiць на прадпрыемствах, каб папярэдзiць распаўсюджванне COVID-19

​Што павiнны зрабiць на прадпрыемствах, каб папярэдзiць распаўсюджванне COVID-19

Мiнiстэрства аховы здароўя распрацавала рэкамендацыi па прафiлактыцы каранавiруснай iнфекцыi ў арганiзацыях.

Грамадства

Бонусы для альтруiстаў могуць быць прадугледжаны законам аб валанцёрскай дзейнасцi

Бонусы для альтруiстаў могуць быць прадугледжаны законам аб валанцёрскай дзейнасцi

Пра гэтыя i iншыя прапановы ў законапраект аб валанцёрскай дзейнасцi разважалi эксперты падчас круглага стала.

Грамадства

«Да штыка ён пяро прыраўняў». Узгадваем ваеннага карэспандэнта Канстанціна Сіманава

«Да штыка ён пяро прыраўняў». Узгадваем ваеннага карэспандэнта Канстанціна Сіманава

28 лістапада 2020 года спаўняецца 105 гадоў з дня нараджэння вядомага рускага пісьменніка, ваеннага карэспандэнта і журналіста Канстанціна Сіманава.