Вы тут

Для чаго Іван вяроўкі звіваў


Падлетку з вёскі Нясята Клічаўскага раёна бацька нават не растлумачыў, для чаго раптам тэрмінова спатрэбіліся 30 вяровак па 30 метраў кожная. А рызыкавалі жыццём у 1944‑м абодва — і сын, і бацька.


Кручкі ды кудзеля

Мы крыху расказвалі пра ветэрана працы, 90‑гадовага Івана Ігнаценку — гл.: “І на “Інтэграле” яго віншавалі” — ГР, 02.02.2019. Ён — з пакалення дзяцей вайны, з беларускай глыбінкі. У свой час Іван Васілевіч вывучыўся на агранома, потым — на хіміка ды воляй лёсу трапіў працаваць “па прафсаюзнай лініі” на Мінскае вытворчае аб’яднанне “Інтэграл”. Яно добра было вядома ў СССР сваёй электронікай, якая выкарыстоўвалася па ўсёй вялікай краіне, у тым ліку і ў касмічнай тэхніцы.

А род ягоны — украінскі. Шукаючы паратунку ад галадухі, што была ў 30‑я гады ва Украіне, магутны грабар Васіль Ігнаценка знайшоў сабе працу на будаўніцтве дарог ва ўсходняй Беларусі дый перасяліўся з сям’ёй на Магілёўшчыну, у вёску Нясята Клічаўскага раёна. Там і застала вайна перасяленцаў. Івану й 13‑ці не было ў 1941‑м. Ён добра памятае, як немцы, змагаючыся з партызанамі, акружылі вёску, зрабілі блакаду. Тады яны з бацькам праз бульбу, паўзком спрабавалі ўцячы. Ды выпаўзлі — прама да гітлераўца, што стаяў у канцы радоў. І той павёў іх пад дулам аўтамата да школы. Думалі, што ўсім канец, бо зона ж партызанская. Але неяк абышлося.

Пэўна, той яркі ваенны ўспамін, звязаны са смяротнай небяспекай, выцесніў са свядомасці ветэрана некаторыя іншыя. А ў год юбілею Перамогі перабіраў Іван Васілевіч у памяці “сваю вайну” ды раптам згадаў, як падлеткам “дыстанцыйна”, цяпер сказалі б, паўдзельнічаў у партызанскай рэйкавай вайне. Спачатку расказаў мне тое па тэлефоне, а потым і выпісаў на лісток пад інтрыгоўным загалоўкам “Для чаго — не ведаў, але заданне бацькі выконваў”.

Многія сёння ў курсе, распавядае Іван Васілевіч, што калі рыхтавалася аперацыя па вызваленні Беларусі пад назвай “Баграціён”, то савецкае галоўнакамандаванне імкнулася напоўніцу выкарыстаць і “партызанскі фронт”. Быў распрацаваны сакрэтны план, каб правесці на ўсіх напрамках наступлення Чырвонай арміі ў тыле ворага адначасова й рэйкавую вайну — сіламі беларускіх партызан. “Трэба было падарваць як мага больш чыгуначных шляхоў — і тым паралізаваць забеспячэнне варожых франтоў усім неабходным,— не адразу выдае свой “вяровачны” сакрэт ветэран.— А большасць чыгуначных шляхоў Беларусі пралягае побач з лясамі, драбналессем, балотамі ды палямі. Партызаны, ведаючы мясцовасці, альбо з дапамогай мясцовых жыхароў, маглі падабрацца да іх, закласці выбухоўку, нанесці шкоду ворагу. І вось, каб засцерагчы подступы да чыгунак, у часе акупацыі немцы паўсюль па Беларусі праводзілі высечку дрэў. Знішчалася ўсялякая расліннасць уздоўж цэнтральных чыгунак: на 50 метраў па абодва бакі. Велізарная праца, і шмат сіл у яе было ўкладзена. Але не варожых. На такія работы захопнікі зганялі прымусова, пад аўтаматамі ўсіх жыхароў бліжэйшых сёл, вёсак, хутароў — як кажуць, ад малога да старога. Усё высякалася. Дзелавая драўніна вывозілася, а парэшткі спальваліся”.

Пры дыверсійных падрывах рэек, мастоў, ваенных саставаў ворага партызаны прыдумвалі свае “тэхналогіі”, у якіх часам выкарыстоўваліся падаўжальнікі. Тады момант выбуху можна было скарэктаваць з пэўнай адлегласці. Маглі быць гэта, разважае ветэран, спецыяльныя шнуры, калі ж іх не хапала, то ішлі ў падрыўную справу звычайныя вяроўкі. Вось і выпала 15‑гадоваму Івану Ігнаценку тое сакрэтнае заданне. “Мне бацька сказаў вырабіць з канаплянай, найбольш трывалай кудзелі 30 вяровак па 30 метраў,— успамінае Іван Васілевіч.— Я спрабаваў высветліць навошта, але ён толькі адказаў: мне трэба. А ў нас у ваенны час размова з бацькам заўсёды была канкрэтнай ды кароткай. Так што больш я ні пра што й не пытаў — пачаў выконваць заданне. А як віць вяроўкі, тое вясковы хлапчук, вядома ж, ведаў. Не раз назіраў, як гэта робяць старэйшыя. Для таго ў кустах знайшоў пэўнай формы галінкі, выразаў з іх спецыяльныя кручкі: гэта ж імі скручваюць вяроўкі. Канапляная кудзеля ў нашай гаспадарцы была: каноплі ў вёсцы сеялі. Вырасталі яны пад два метры, і вяроўкі з канапель былі самыя трывалыя”.

Іван Васілевіч памятае сялянскае майстэрства

Тры дні працаваў хлопец. Аддаў вяроўкі бацьку, які, пазней стала вядома, перадаў іх партызанам. Яшчэ, згадвае Іван Васілевіч, бацька ягоны ў той час курыў, і калі прыходзілі партызаны — забяспечваў іх самасадам. Таму сеялі ў гаспадарцы шмат тытуню: каб усім хапала. “Вось тымі вяроўкамі я й звязаны з рэйкавай вайной,— жартуе Іван Васілевіч.— А з партызанамі яшчэ й тытунём. Бо праполка, вырошчванне тытуню, яго далейшая спецыяльная сушка, парадкаванне — гэта быў таксама мой клопат. Усё ўскладалася толькі на мяне: бацька займаўся гаспадаркай — я агародам”.

У тую рэйкавую вайну ў 1944‑м партызаны ўзарвалі чыгуначны мост цераз рэчку Нясята. Гэта, удакладняе Іван Васілевіч, па чыгуначнай лініі Асіповічы — Магілёў. І сагравае яго цяпер думка: можа й вяроўкі-шнуры, ім вырабленыя, паўдзельнічалі ў тым падрыве. Важкі ўнёсак у Перамогу! Бяда ж не абышла іх хату, бо неяк разнюхалі мясцовыя паліцаі пра дачыненні ягонага бацькі з партызанамі. Хоць доказаў таго не мелі, але потым збілі яго вельмі моцна, амаль да смерці.

Па маёй просьбе Іван Васілевіч запісаў тых партызанаў і сувязных, якіх ведаў. Партызаны — гэта Барыс Рыгоравіч Кавалёнак, Сцяпан Чучупалаў, Васіль Іванавіч Дубінюк, Алена Іванаўна Дубінюк. Ну а сувязнымі былі ягоныя бацькі: Васіль Лукіч Ігнаценка ды Еўфрасіння Захараўна Ігнаценка, якая “забяспечвала выпечку хлеба”. І цяпер, калі на сайце “Партызаны Беларусі” выстаўляюцца каштоўныя весткі пра месцы дыслакацыі, асабовы склад партызанскіх атрадаў, дакументы аб прадастаўленні партызанаў да ўзнагарод, можна будзе пацікавіцца: ці не засвяціліся дзе тыя 30 канапляных вяровак у партызанскай гісторыі Бацькаўшчыны.

Іван Ждановіч

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.