Вы тут

Жанчына стварыла фэйкавыя старонкі і выманіла ў дваіх мужчын салідную суму


Імкненне да «лёгкіх грошай» давяло 41-гадовую жыхарку Жлобінскага раёна да крымінальнага артыкула за буйное махлярства. Пра гэтую гісторыю паведаміла ўпраўленне інфармацыі і грамадскіх сувязяў МУС.


На працягу некалькіх гадоў падазраваная ашуквала дваіх мужчын, атрымліваючы ад іх грошы пад выдуманымі прычынамі. Для аднаго з пацярпелых афіцыйная сума шкоды склала амаль 7 тысяч рублёў. Праўда, 39-гадовы жыхар Светлагорска запэўнівае, што пералічыў віртуальнай суразмоўніцы значна большую суму.

Яшчэ адной ахвярай такой перапіскі, але ўжо на сайце знаёмстваў, стаў жыхар Мінскага раёна. Зараз па яго заяве праводзіцца праверка, і ў бліжэйшы час дзеянняў яго крыўдзіцелькі будзе дадзена прававая ацэнка.

У сацыяльнай сетцы і на сайце знаёмстваў падазраваная стварыла псеўдаакаунты: прадстаўлялася маладой дзяўчынай са Светлагорска, адкрытай да зносін з процілеглым полам. Для большай прывабнасці жанчына напоўніла анкету фатаграфіямі прыгожай незнаёмкі з сеціва. У пачатку стасункаў пацярпелы са Светлагорска добраахвотна пераводзіў суразмоўніцы грошы — на прадукты харчавання альбо на аплату мабільнай сувязі. Падман пачаўся, калі ў адной з гутарак жанчына папрасіла аказаць фінансавую дапамогу ў лячэнні цяжкай хваробы.

Спачатку суразмоўніца наракала на ахрыплы голас і выказала здагадку, што ў яе рак горла. Мужчына пагадзіўся аплаціць спачатку дыягностыку, а затым і лячэнне хваробы, пералічыўшы патрабаваныя сумы на картку падазраванай. Шматлікія пераводы вар’іраваліся ад 10 да 900 рублёў.

У наступным махлярка прыдумала новую нагоду для разводу пацярпелага і папрасіла ў яго грошы нібыта на афармленне спадчыны ў выглядзе кватэры і дома. Нерухомасць планавалася прадаць, а частку выручкі выкарыстаць на пагашэнне даўгоў. Мужчына зноў паверыў.

З 2016 па 2019 гады жанчына выдумала шмат розных падставаў для выманьвання грошай, уключаючы аплату камунальных паслуг і куплю прадуктаў харчавання, а затым перастала выходзіць на сувязь. Высветлілася, што аналагічную схему яна пракруціла раней з 23-гадовым жыхаром Мінскага раёна. Пры гэтым ні з адным з пацярпелых яна ні разу не сустрэлася — камунікавала па тэлефоне і ў сетцы.

Усе грошы падазраваная выдаткавала на сябе і сваіх дзяцей.

Сяргей РАСОЛЬКА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.