Вы тут

Новая лагiстыка турыстычнай жамчужыны. Карэспандэнт «Звязды» праехала на ровары ад Сапоцкiна да Аўгустоўскага канала


Сёлетнi турыстычны сезон адзначыўся прыемным падарункам для аматараў веларуху: 100 новенькiх ровараў закуплены ў рамках трансгранiчнага праекта «Аўгуст Вела», якi рэалiзуецца сумесна з польскiм бокам. Гэта дазволiла адкрыць на канале адразу некалькi пунктаў пракату, у тым лiку ў аграгарадку Сапоцкiн, адкуль пачынаецца знаёмства з iнфраструктурай усёй турыстычнай мясцовасцi.


Сюрпрыз для велатурыстаў

Населены пункт — свайго кшталту брама ў турыстычную Мекку Гродзеншчыны. У рамках трансгранiчнага праекта тут адкрыты iнфармацыйны цэнтр, дзе можна атрымаць даведкi i карты маршрутаў. Таксама тут могуць арганiзаваць экскурсii i прапанаваць культурна-турыстычныя паслугi, пазнаёмiць з традыцыямi i народнымi промысламi.

Сёлета на базе культурна-турыстычнага цэнтра пачаў дзейнiчаць яшчэ i пракат ровараў.

— Мы працуем штодзённа. У нашым парку 20 ровараў, як «дамскiх», так i звычайных. Ёсць таксама дзiцячыя i адзiн электраровар. Ён працуе на акумулятарах, мае мiнi-камп'ютар — гэта для нас навiнка, — кажа загадчык Сапоцкiнскага культурна-турыстычнага цэнтра Ганна Галубцова.

Усяго па трансгранiчным праекце атрымана 100 адзiнак. Большая частка перададзена на Аўгустоўскi канал i знаходзiцца на балансе прадпрыемства па абслугоўваннi канала. Тое, што пункт пракату адкрыты яшчэ i ў Сапоцкiне, вельмi важна для турыстаў, лiчыць кiраўнiк цэнтра. Цяпер лагiстыка значна палепшылася. Аматар велавандровак можа без праблем даехаць з Гродна да Сапоцкiна — транспарт ходзiць даволi часта — i адсюль на арандаваным ровары накiравацца да канала.

— Мы спадзяёмся, што будзе адкрыты i сезонны пункт пропуску. Турысты змогуць праехаць i па мiжнародным маршруце. У апошнiя гады веларух вiдавочна ажывiўся, шмат было замежных грамадзян, прыязджалi на роварах цэлымi групамi, сем'ямi, — кажа суразмоўнiца.

Ёсць карацейшы маршрут!

Цяпер дабрацца да канала зможа кожны, хто ўмее круцiць педалi. Чаму б не пракацiцца з ветрыкам? Тым больш што турыстычны сезон нiбыта ўжо i пачаўся...

Аказалася, што карэспандэнт «Звязды» — першы турыст, якi збiраецца здзейснiць такi шпацыр на ровары першага ў Сапоцкiне пункта пракату. Ганна Галубцова прапануе на выбар дамскi, звычайны альбо электрычны. Выбар за звычайным новенькiм «горнiкам».

Ад Сапоцкiна да шлюза Дамброўка, якi лiчыцца самым «абжытым», па асфальце каля 10 кiламетраў. Для пачаткоўца шлях не вельмi блiзкi. Супрацоўнiца прапануе карацейшы маршрут i нават згаджаецца суправаджаць. Папярэджвае, што шлях будзе праходзiць з пад'ёмам, а затым па гравiйцы — затое толькi 3-4 кiламетры. Палiчыўшы, што з гэтым справiцца i пачатковец, мы рухаемся па маршруце.

Адразу за населеным пунктам пачынаецца пад'ём. Дарэчы, усё наваколле тут даволi ўзгорыстае. Дарога, вядома, не вельмi крутая, тым не менш частку пад'ёму даводзiцца прайсцi пешшу. Затое страчаны час можна нагнаць на спуску. Яшчэ кiламетр трэба трэсцiся па гравiйцы, а потым — спакойная лясная дарога пад птушыны гоман.

Неўзабаве вiдаць суднаходны шлюз Дамброўка. Дарэчы, праект будаўнiцтва гiдратэхнiчнага збудавання даўжынёй 100 кiламетраў быў падпiсаны iмператарам Аляксандрам I амаль два стагоддзi таму. Яшчэ 15 гадоў доўжылася будаўнiцтва. У вынiку з'явiўся водны шлях, якi злучыў Вiслу i Нёман.

У гэтым сезоне Аўгустоўскi канал стаў па-сапраўднаму суднаходным. Нядаўна ён быў уключаны ў рэестр водных шляхоў краiны, што дае магчымасць курсiраваць тут усiм вiдам суднаў, а не толькi маламерным, як было раней.

Цеплаход «на прыколе»

На прычале Дамброўкi стаiць цеплаход «Нёман». Капiтан Аляксандр Кiрэня пакуль без работы. Кажа, што сезон яшчэ не пачалi, хоць летась заяўкi сыпалiся ажно з сакавiка — сезон быў распiсаны загадзя. Было зроблена каля 600 рэйсаў, на кожным па 50 турыстаў. Большасць з iх — замежнiкi з Лiтвы i Польшчы, якiя скарысталiся бязвiзавым рэжымам.

Каб вывесцi цеплаход на маршрут, трэба як мiнiмум 20 чалавек — тады кошт бiлета будзе прымальны, бо гадзiна арэнды каштуе 380 рублёў. Звычайна на борт падымаецца 40—50 пасажыраў. Цяпер такую колькасць складана забяспечыць, у тым лiку па санiтарных нормах.

Якi будзе сёлетнi сезон, пакуль цяжка казаць. Эпiдэмiялагiчная сiтуацыя, звязаная з каранавiрусам, унесла значныя карэктывы ў турыстычны бiзнес.

Падобная сiтуацыя i з аграсядзiбамi, якiх тут з дзясятак. Гаспадыня адной з iх — Наталля Канюшок — выдае ў пракаце ровары. У яе агратурыстычным бiзнесе поўны штыль — нават тыя, хто бранiраваў на лета, адмовiлiся. А вось альтанкi ўздоўж канала карыстаюцца добрым попытам i ў выхадныя днi ўсе занятыя. У асноўным прыязджаюць невялiкiмi групамi альбо сем'ямi.

За актыўны адпачынак

Гродзенцы Сяргей, Таццяна i iх дачка Вольга пачулi па радыё, што на канале адкрыты велапракат, i адразу ж прыехалi. Падчас велашпацыру пабывалi на суседнiм шлюзе Нямнова. Гэта самы вялiкi, трохкамерны шлюз, каля яго знаходзiцца база турыстаў-воднiкаў, таксама ўладкаваны парк актыўнага адпачынку. Цяпер база таксама пустуе. Затое, кажа Таццяна, можна ў поўнай ступенi атрымаць асалоду ад цудоўнай прыроды, вiдаў канала i свежага паветра.

— Раней я таксама часта была на канале. Тут праводзiцца шмат мерапрыемстваў, фестываляў, мы з хорам выступалi. Цяпер адчуваю, што трэба адпачываць актыўна, тым больш што гэта не толькi карысна, але i прыемна. Ды i ровары вельмi зручныя — не тое што ў маiм дзяцiнстве, калi мы малыя ганялi па вёсцы. Тады гэта быў самы папулярны вiд транспарту як у дзяцей, так i дарослых. Тое, што ранейшая традыцыя зноў вяртаецца, вельмi добра, — дзелiцца сваiмi думкамi Таццяна.

Мiж тым нельга сказаць, што на Дамброўцы бязлюдна. Мужчына, напрыклад, вудзiць рыбу каля плацiны, па мосце гуляюць маладыя сем'i з дзецьмi, хтосьцi скарачае шлях да вёскi. У цёплае надвор'е сюды, безумоўна, з'едзецца не адзiн дзясятак турыстаў. У гэты час ажываюць i гандлёвыя палаткi. А яшчэ тут можна наведаць музей канала, якi не так даўно адкрыты ў былым доме назiральнiка. З'явiлася i новая iнсталяцыя — каваная брама, на якую ўжо паспелi павесiць некалькi замкоў — вiдаць, маладыя падчас вясельнай фотасесii.

У хуткiм часе накiроўваемся назад, у Сапоцкiн. Аглядаючы прыгожае наваколле, стаўлю мэту праехаць уздоўж канала — а гэта нi многа нi мала 20 кiламетраў — i пабываць на ўсiх аб'ектах, што ёсць у гэтых цудоўных мясцiнах.

Маргарыта Ушкевiч

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Як галасуюць рэгіёны на выбарах Прэзідэнта

Як галасуюць рэгіёны на выбарах Прэзідэнта

Расказваюць нашы карэспандэнты.

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка: Гэта адна з самых складаных выбарчых кампаній

Аляксандр Лукашэнка: Гэта адна з самых складаных выбарчых кампаній

Кіраўнік дзяржавы прагаласаваў на выбарах Прэзідэнта.

Грамадства

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

А наведвальнiкаў крамы кансультуе выява спецыялiста.