Вы тут

«Першыя» раяць, што чытаць, каб натхняцца і нічога не баяцца


19 верасня ў сталіцы адбудзецца інтэлектуальная канферэнцыя TEDxYouth@Minsk. Яе спікерамі стануць фіналісты праекта «Першыя», які праводзіцца кампаніяй А1 пры падтрымцы арганізатараў канферэнцый TEDxMinsk і Міністэрства адукацыі. Рыхтуючыся да такой адказнай падзеі, фіналісты разам з ментарамі склалі топ-10 кніг на лета і раяць яго ўсім падлеткам, якім хацелася б натхніцца на добрыя справы і дзейнічаць без страху.


Вось што атрымалася:

1. «Выступленне ў стылі TED. Кажу. Слухаю. Чую» Джуліана Трэжэра. Правілы і практыкаванні ад знакамітага эксперта па гуку дапамогуць зрабіць свой голас эфектыўным інструментам уздзеяння, навучыцца фармуляваць тэмы для публічных прамоў і працаваць над уласным стылем іх падачы.

2. «Эмацыйны інтэлект. Чаму ён можа значыць болей за IQ» Дэніела Гоўлмана — дапаможнік па кантролі над сваімі пачуццямі і адчуваннямі ад знакамітага амерыканскага псіхолага. Кніга зацікавіць кожнага, хто хацеў бы разабрацца, як канкрэтныя эмоцыі адбіваюцца на рэальных дзеяннях і ці рэальна кіраваць сабой у моманты дэпрэсіі, гневу ці смутку.

3. «Важныя гады. Чаму не варта адкладваць жыццё на потым» Мэг Джэй—кніжная падказка для моладзі, як вызначыцца з выбарам свайго шляху. Тут можна знайсці шмат карысных парад, як маральна падрыхтавацца да дарослага жыцця і не баяцца рабіць памылкі.

4. «Разам. Як знайсці аднадумцаў, згуртаваць людзей і адчуць сувязь з усім светам» Рады Агравал — натхняльнае даследаванне, як сярод мільёнаў людзей знайсці менавіта «сваіх». Пабуджае прааналізаваць сваё кола зносінаў і быць побач з тымі, хто сапраўды здольны змяніць тваё жыццё.

5. «Аб чым марыць. Як зразумець, чаго ты хочаш на самой справе, і як гэтага дамагчыся» Барбары Шэр — карысныя парады па пошуку матывацыі. Кніга дапамагае пазбавіцца негатыўных думак, перастаць чакаць увесь час нібыта ўдалага моманту і пачаць дзейнічаць з любоўю да сябе.

6. «Геніі і аўтсайдары. Чаму адным усё, а іншым нічога?» Малькальма Гладуэла — пераканаўчыя доказы таго, што любы поспех зусім не выпадковасць, а заканамернасць. Яны будуць карыснымі да ўсіх, каму хоць раз падавалася, што жыццё да яго несправядлівае.

7. «Урокі імправізацыі. Як перастаць планаваць і пачаць жыць» Патрысіі Мэдсан — правілы вопытнага выкладчыка акцёрскага майстэрства і парады прымаць з радасцю любыя нечаканасці. Кніга прываблівае тым, што замест пафаснай парады цаніць кожны момант і пражываць кожную хвіліну там можна знайсці канкрэтныя прыклады і парады, якія дапамогуць заўжды так рабіць.

8. «TED Talks. Словы змяняюць свет. Першы афіцыйны дапаможнік па публічных выступленнях» Крыса Андэрсана — дзейсныя падказкі ад ідэолага і куратара TED, як зрабіць сваю публічную прамову незабыўнай падзеяй для іншых людзей. Аўтар ведае гэта з уражвальнага ўласнага вопыту, таму варта да яго прыслухацца.

9. «7 навыкаў высокаэфектыўных людзей» Сцівена Р.Кові — кніга, якая прапануе сістэмны падыход і дапамагае вызначыцца з мэтамі па жыцці. Па версіі аўтарытэтнага сусветнага часопіса TIME лічыцца адной з 25 найбольш уплывовых кніг па бізнесу, якой зачытваліся Біл Клінтан, Лары Кінг і Сцівен Форбс.

10. «Радзіва „Прудок“. Дзённік» Андруся Горвата — зборнік нататак для Facebook, напісаных журналістам, тэатральным дворнікам, дармаедам, гаспадаром палескай хаты, пісьменнікам і проста чалавекам, які шукае сваё месца ў гэтым свеце. Шчырыя прызнанні і гумарыстычныя назіранні аўтара адгукнуцца ў кожным і падштурхнуць на шлях да самога сябе.

Апошнія тры кнігі з гэтай літаратурнай падборкі кожны з фіналістаў атрымаў у падарунак ад арганізатараў конкурсу «Першыя». Некаторыя нават ужо гатовыя падзяліцца ўражаннямі пра іх і сваімі планамі, што яшчэ хацелі б прачытаць падчас канікул.

Настасся КУНДЗІР (Віцебск, сярэдняя школа № 12):

— Пачаць лета я планавала з кнігі Джэрэмі Донавана «Выступленне ў стылі TED» і ўжо так і зрабіла. Таксама чытаю «TED Talks». Вельмі цікава і карысна! Дапамагае ўбачыць нейкія нязначныя нюансы ў любым тэксце, пра якія вам ніхто не раскажа. Разумееш, як трэба рухацца, паводзіць сябе, як захапіць тых, хто цябе слухае. Увогуле кніга дапамагае перамагчы страх публічнага выступлення і адчуць сябе «зоркай» на сцэне.Таксама мне вельмі спадабалася «Радзіва «Прудок» — цікава чытаць думкі чалавека, які не баіцца расказваць пра свае памылкі ў жыцці, можа пасмяяцца з сябе. Але маёй любімай кнігай застаецца «Адзінокі васьмікласнік хоча пазнаёміцца» Алеся Бадака — пісьменнік расказвае пра сваё дзяцінства, вучобу, закаханасць у маладую настаўніцу. Гэты твор пабуджае мяне пісаць, працаваць, фантазіраваць і рабіць многае іншае. Часта яго перачытваю. Думаю, ён зацікавіць любога школьніка.

Ангеліна СЕБІК (Гомель, гімназія № 10):

— Калі мне неабходны матывацыя і спакой, перачытваю «Жыццё Дэвіда Каперфільда» Чарльза Дзікенса. А ўвогуле спіс кніг, якія мне яшчэ хацелася б прачытаць, вялікі. І новыя назвы трапляюць туды хутчэй, чым я паспяваю выкрэсліваць старыя. Апошнім часам збольшага дадаю ў яго імёны з беларускай літаратуры розных часоў. Мне вельмі даспадобы стыль Кузьмы Чорнага, таму летнія канікулы планую пачаць акурат з яго твораў. Для падрыхтоўкі да выступлення на канферэнцыі я збіралася набыць акурат тыя кнігі, якія мы атрымалі ў падарунак. Яны моцна мяне захапілі, раю ўсім.

Кацярына ЯНГОЛЬ (Вучэбна-педагагічны комплекс «Крэўскі яслі-сад—сярэдняя школа»):

Фота: Сяргей Гапон.

— Для падрыхтоўкі да канферэнцыі ў першую чаргу пачала чытаць «TED Talks», бо выступаць перад людзьмі і даносіць свае думкі так, каб цябе слухалі — гэта навык, які неабходна развіваць. А паколькі цяпер і я далучылася да сусветнага руху TED, то хачу зрабіць сваё выступленне запамінальным і цікавым. Мяркую, «7 навыкаў высокаэфектыўных людзей» таксама дапамогуць мне ў гэтым. Зараз чытаю «Радзіва «Прудок» і атрымліваю асалоду ад гэтай касмічнай кнігі і прыгожай беларускай мовы, якой яна напісана. Але нашмат больш за кнігі мяне натхняюць людзі і іх справы, таму часта гляджу відэа з міжнароднай канферэнцыі ТED — людзі гавораць пра праблемы, якіх ты нават не заўважаў. Спадзяюся, што і нашы выступленні зацікавяць іншых і будуць карыснымі.

Зараз усе фіналісты конкурсу «Першыя» рыхтуюць свае прэзентацыі для канферэнцыі TEDxYouth@Minsk разам са сваімі ментарамі — прадстаўнікамі беларускай супольнасці TED. Стаць госцем гэтай падзеі можна бясплатна. Рэгістрацыя ўжо пачалася.

Падрыхтавала Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.