Вы тут

Крыніца ёсць пры Ясянцы


У сілавым полі старажытнага Наваградка набіраўся моцы старажытны род, які даў свету вялікага хірурга Валянціна Войну-Ясянецкага. Ён жа, не пакідаючы хірургічнай практыкі, у савецкія 30‑я стаў святаром, з 1946 года вядомы ў праваслаўным свеце як архіепіскап Сімферопальскі й Крымскі Лука. У 2000‑м годзе праслаўлены як святы.


За паваротам — Ясянец

У некаторых папярэдніх публікацыях у «ГР» мы згадвалі, што прафесар медыцыны, вядомы хірург Валянцін Война-Ясянецкі (1877–1961) меў родавыя карані ў Беларусі. З матэрыялаў, змешчаных у інтэрнэце, вымалёўваецца канкрэтыка. У прыватнасці, пра знакавае для роду месца Ясянец, што цяпер — у Баранавіцкім раёне, непадалёк ад Гарадзішча. Вядомае, дарэчы, сваімі крыніцамі. Заадно паспрабуем разабрацца: чаму сам будучы святы пра свой радавод гаварыў вельмі мала.

Асабліва каштоўны для росшукаў тэкст Н. П. Магер «История рода Ясенецких-Войно, предков святителя Луки» httрs://svrt.ru/lіb/sаvеl‑2014/mаgеr.рdf. Масквічка Наталля Пятроўна — краязнаўца-даследчыца, уваходзіць у «Общество ревнителей Православной культуры». З яе даследавання вынікае, што «святы архіепіскап і хірург па паходжанні быў беларусам, а яго продкі, шляхцічы Война-Ясянецкія, жылі на зямлі Вялікага Княства Літоўскага не адно стагоддзе». Дарэчы, літаратурнага героя Чорнага Войну — як удзельніка паўстання 1831 года — мы сустракаем у рамане Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім».

Архіепіскап Сімферопальскі й Крымскі Лука 

Чаму мала хто пра беларускія карані роду Война-Ясянецкіх ведае? Бо за савецкім часам шляхецкае паходжанне Валянціна Феліксавіча магло стаць падставай для рэпрэсій, таму падлягала ўтойванню. Даследчыца піша: «Пытанне пра яго сацыяльнае паходжанне задавалася ўладыку Луку неаднаразова. Адзінаццаць гадоў арыштаў ды высылак — цяжка і ўявіць, якім зневажанням падвяргала савецкая ўлада гэтага цярплівага й сціплага чалавека: святара, інтэлігента, двараніна. „Паколькі згадка пра маё дваранскае паходжанне надае неспрыяльную афарбоўку маёй асобе, то я павінен растлумачыць, што бацька мой, дваранін, у юнацтве жыў у курной хаце беларускай вёскі ды хадзіў у лапцях.

Атрымаўшы званне правізара, ён толькі два гады меў сваю аптэку, а потым да старасці быў службоўцам транспартнага таварыства. Ніякай уласнасці ён, як і я, не меў“, — пісаў Валянцін Феліксавіч Война-Ясянецкі ў адной з анкет».

Што зробіш: час быў такі. Рэвалюцыйны лозунг пра ўсеагульную сацыяльную роўнасць успрымаўся занадта проста, нават вульгарна тымі, хто быў нікім, а раптоўна стаў «усім». Дакладней, новаю ўладай. Арыштоўваючы, высылаючы людзей у Сібір, асуджаючы іх на смерць, камісары, кажуць, верылі, што твораць новы, справядлівы свет. Нават пакаранне смерцю ў афіцыйных дакументах тае пары называлі: «Высшая мера социальной справедливости». Зрэшты, не будзем забываць: шляхецтва ж на землях беларускіх «разабралі» яшчэ й без камісараў — пасля гвалтоўных трох падзелаў Рэчы Паспалітай. Некаторыя нашчадкі княжацкіх нават родаў, у тым ліку й Война-Ясянецкія, сапраўды аказаліся на сацыяльным нізе, хадзілі ў лапцях ды жылі ў курных беларускіх хатах. Во быў здзек — над шляхтаю, народам, здаровым сэнсам! Знішчылі саюзнікі, подла згаварыўшыся ды разыграўшы розныя інтрыгі, у тры махі незалежную еўрапейскую дзяржаву — а запісалі свае рабаўніцкія дзеі ў гісторыі: былі тры падзелы. Ну такі міленькі, пушысценькі эўфемізмік атрымаўся на радасць расійскім чыноўнікам на чале з імператрыцай Кацярынай ІІ. Потым яшчэ й савецкая ўлада з людзьмі шляхецкага й дваранскага статусу «разабралася» ў адпаведнасці з суровымі ўстаноўкамі дыктатуры пралетарыяту. За адно толькі паходжанне (!) людзей высылалі, канфіскоўвалі ў іх маёмасць, дзяцей пускалі па свеце: класавыя ворагі!

Вось у які час хадзіў па зямлі, запаўняў анкету свайго быцця ў свеце будучы святы Лука Крымскі. Каму патрэбная была яго «шляхецкая праўда» ці шматвекавая шляхецкая годнасць у тыя часы? Само слова шляхта паступова стала здзеклівым, а вывучэнне ў беларускіх школах п’есы класіка Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча «Пінская шляхта» нязменна прыводзіла вучняў да высновы, што шляхецтва — нейкі ганебны перажытак гісторыі. Смешнымі выглядаюць у шуканні страчаных правоў, уласнае годнасці тыя дзівакаватыя, пыхліва-ганарлівыя палешукі. Хоць сама п’еса перапоўнена вялізным глыбінным болем, пачуццём бездапаможнасці людзей перад тварам новай, імперскай дзяржаўнай машыны, у новых жыццёвых варунках, калі былыя ўстоі жыцця ўшчэнт зруйнаваныя. Пісьменнік у беспрасветную пару (тады й само слова беларускае было пад забаронай) выпакутаваў твор, у якім за смехам прыхаваў свае слёзы, а савецкая школа, на жаль, вылушчвала з п’есы ў даверлівыя юныя душы толькі смех…

Епіскап Лука. Ташкент, турма НКВД. 1939 год.

Выпрабаванне новым часам — ці ж не яно заўсёды паказвае, дзе ёсць сапраўдныя каштоўнасці! Бывае, што высокія статусы-тытулы ў спадчыну, рэгаліі, званні — толькі «бонусная» шырмачка для атрымання ў грамадстве нейкіх даброт, за якой канкрэтная асоба прыхавала сваю шэрасць, «пусты гук». Традыцыі беларускага шляхецтва ў іх глыбіннай сутнасці былі адладжанай сацыяльнай тэхналогіяй для выхавання годнасці, высакароднасці, чалавечнасці ў чалавеку — але, бывала ж, тэхналогія давала збоі. Тады князі, графы, шляхцюкі выраджаліся ў фанабэрыстых, гультаяватых пыхліўцаў. Некаторыя з наймагутных Радзівілаў чаго былі вартыя… Вось і выпрабоўваў час усіх шляхцюкоў «на злом». І Валянціна Войну-Ясянецкага ў тым ліку. Хрысціянскія дабрачыннасці, дарэчы, таксама ж не той набытак, які варта выстаўляць напаказ. Сваю набожнасць у тым ліку. (А можна сабе ўявіць, як злаваліся на хірурга камісары, калі ён іконы вешаў у аперацыйных ды нават пад смяротнымі пагрозамі здымаць не хацеў!) У беларусаў кажуць: маеш Бога ў душы — май, але перад чужым носам святым не махай! Карацей — не выпендрывайся. Але калі чалавек адчувае сваю велізарную духоўную сілу, то хто ж яму ўказ? Як характар гартуецца ў жыццёвых змаганнях, так і душа, гавораць, ад болю большае. Ад пакутаў перажытых — ачышчаецца й прасвятляецца. І прыклад падзвіжніцкага, шматпакутнага жыцця хірурга-святара Войны-Ясянецкага для ўсіх нас павучальны. У цяжкай працы на карысць бліжніх, а не толькі ў смелым выкліку атэітызаванаму соцыуму была ягоная высокая праўда.

Пасля скону архіепіскапа Лукі, піша Наталля Магер, ягонае імя зусім было забытае, аж да 90‑х гадоў. І толькі цяпер, заўважае, «знайшліся» ў вялікім свеце й нашчадкі вялікага чалавека, і людзі, не абыякавыя да гісторыі старажытнага польска-літоўскага роду, які ўтварыўся ад зліцця родаў Война і Ясянецкіх (Спрэчна! Можа гэта род Война проста ўзяў сабе прыдомак Ясянецкія? — Аўт.) ды аднаго роду з галіны Война-Ясянецкіх-Жаратынскіх. Падрабязнасці глядзіце па згаданай спасылцы. Але пры тым важна мець на ўвазе: тагачасная Літва — гэта й старажытная Беларусь, а род літоўскі — гэта й старажытнабеларускі. У інтэрнэце знаходзім «гістарычную» падказку пра зараджэнне ВКЛ, пашырэнне ягоных тэрыторый: «Новогрудское княжество (цяпер Навагрудак — у Гродзенскай вобласці Беларусі. — Аўт.) во главе с князем Миндовгом (1219–1263) стало политическим центром, вокруг которого объединились Лидское, Гольшанское, Кревское, Ошмянское, Слонимское и другие княжества. В 1360–1370‑е годы в ВКЛ вошли Киевская, Мозырьская и Брагинская волости, Чернигово‑Северская, Подольская и Волынская земли, а затем Смоленское княжество и другие земли». Звярніце ўвагу: Кіеўская воласць у складзе ВКЛ! І Чарнігава-Северская, што істотна ў кантэксце размовы пра карані роду святога.

Ікона святога Лукі Крымскага

Даследчыца прыводзіць весткі з Энцыклапедычнага слоўніка Бракгаўза і Эфрона, у якім гаворыцца, што Война-Ясянецкія — гэта польскія шляхціцы, герба Трубы, «ныне состоящие в русском подданстве». Што род гэты рускага паходжання, вядомы з ХVІ стагоддзя. Удакладнім, што за «ныне». Пабачылі свет больш за 40 тамоў выдання ў 1890–1907 гадах. І тады, пэўна ж, пра беларускія родавыя карані паважаных людзей з нашых зямель у Расіі ніхто й не згадваў: ім запісвалі польскае ці літоўскае паходжанне. Спасылка даследчыцы на «Гербник Польский» сведчыць, что Война-Ясянецкія (Wоjnа Jаsіеnіесkі) паходзяць з рускіх князёў. Наталля Магер акцэнтуе ўвагу: «Из Руси, а не из России”. Прыводзяцца весткі: “Войно — литовский дворянский род Русского происхождения, герба Трубы. Родоначальник их, Войно Матвеевич Гричина, переселился из Северского княжества в Литву. Эта отрасль потомства Войно-Гричины угасла в конце ХVІІ века”. Далей — даволі спрэчныя развагі даследчыцы: “Как князья эти попали на службу к польским королям — неизвестно. Возможно, что они оказались в плену во время бесконечных стычек на спорных землях Украины и Белоруссии, а может быть, и сами предложили свои услуги одному из монархов Речи Посполитой”.

Такой «невядомасці» пазбегнем, калі згадаем поўную назву дзяржавы ВКЛ, у якой жылі тыя рускія князі. Нават у сярэднявечнай Масковіі яе добра ведалі пад назвай: «Великое князство Литовское, Руское, Жомойтское и иных». Гісторыкі яе працяглае існаванне на карце Еўропы значаць датамі: 1236–1795. І не без падстаў, бо ВКЛ «прыхавалася» пад назвай тагачаснай федэрацыі «Рэч Паспалітая» (з 1596 г.) аж да зруйнавання апошняй у 1795‑м. Пра які «палон», а тым больш «польскі» тут можна гаварыць! Рускія князі проста жылі на сваёй Рускай зямлі, з Кіевам у складзе ВКЛ. Пра згаданае вышэй Северскае княства — таксама ўсё зразумела: у 1360–1370‑я гады ўвайшло яно ў склад ВКЛ. Пры чым тут «во время бесконечных стычек на спорных землях Украины и Белоруссии»? Ні назваў такіх, а тым больш такіх дзяржаў тады не было. І важна не блытаць тагачасны рускі свет з цяперашнім. Інакш і выдадзеная палачанінам Францыскам Скарынам у 1517‑м годзе ў чэшскай Празе «Библия Руска» некаму падасца духоўна-культурным набыткам тагачаснай Масковіі — а не люду паспалітага з Вялікага Княства Літоўскага, не каштоўнай спадчынаю сучаснай Рэспублікі Беларусь ды Скарынавых крэўна-духоўных нашчадкаў беларусаў.

Гэты здымак пры Ясянцы — 100-гадовай даўніны

Наталля Магер піша пра «соблазн окатоличивания», якога нібыта не змаглі пазбегнуць і ў родзе Война. І што адным з першых католікаў стаў Адам Война: ён атрымаў нібыта ў 1435‑м ад князя Баляслава Мазавецкага маёнтак у Бельскай зямлі. А ёсць сведчанні, што ў тым часе ўжо не князі мазавецкія гаспадарылі на зямлі (цяпер Беласточчына, Польшча): тэрыторыі канчаткова адышлі да вялікага князя ВКЛ Вітаўта каля 1405 года. І навошта фантазаваць на тэму веравызнанняў у ВКЛ? Князёў наўрад ці хто сілком перахрышчваў… А меркаванне пра нашчадкаў Адама Войны, якія прымалі прозвішчы (у беларусаў кажуць: прыдомкі) ад назваў памесцяў, якімі валодалі, мае сэнс: «Так появились Войно-Шубы, Войно-Пецки, Войно-Скварки, Войно-Трубники, Войно-Оранские, Войно-Ясенецкие, Войно-Ясенецкие-Жеретынские и прочие».

Дзедам жа святога Лукі Крымскага быў якраз чалавек з роду Война-Ясянецкіх: Станіслаў Іосіфавіч. Нарадзіўся каля 1820 года, быў патомным дваранінам Магілёўскай губерні, тады ўжо расійскай. І род ужо быў збяднелым, а сам дзед Стась на пачатак ХХ стагоддзя — звычайным млынаром у Сенненскім павеце. Толькі ў прозвішчы жыла памяць пра былую моц, бытаванне ў сядзібе Ясянец.

Заканчэнне будзе

Іван Ждановіч

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.