Вы тут

Вобраз будучыні ў рэальным вымярэнні


Летась дэпутаты мясцовых Саветаў трох беларускіх гарадоў — Навагрудка, Наваполацка і Полацка — упершыню з улікам перспектывы гарадскога развіцця зацвердзілі Планы зялёнага горадабудаўніцтва. Дакументы былі распрацаваны з удзелам экспертаў праекта Глабальнага экалагічнага фонду і ПРААН «Зялёныя гарады», спецыялістаў мясцовых гарадскіх адміністрацый, прадстаўнікоў грамадскасці. Па сваёй сутнасці Планы зялёнага горадабудаўніцтва фарміруюць стратэгічнае бачанне, інакш кажучы, вобраз будучыні, якой хацеў бы дасягнуць канкрэтны горад з улікам яго сённяшняга стану, бягучых праблем і наяўнага патэнцыялу. Так, ні многа ні мала гэтыя планы ўяўляюць сабой паўнавартасную мясцовую стратэгію ўстойлівага развіцця на бліжэйшыя дваццаць гадоў.


Грамадскія абмеркаванні Плана зялёнага горадабудаўніцтва ў Зэльве

А ўжо сёлета Планы зялёнага горадабудаўніцтва распрацавалі яшчэ чатыры гарады — Зэльва, Гарадок, Карма, Крычаў. Цяпер там праходзяць грамадскія абмеркаванні гэтых калектыўных дакументаў.

Гарадок, Зэльва, Карма, Крычаў… Хто наступны?

Год таму Зэльва, Гарадок, Карма, Крычаў выйгралі конкурс для малых і сярэдніх гарадоў па распрацоўцы Планаў зялёнага горадабудаўніцтва. Конкурс праводзіцца ў рамках праекта ГЭФ-ПРААН «Зялёныя гарады». Крытэрыямі тэхнічнай ацэнкі заявак ад суіскальнікаў былі пэўны досвед і разуменне гарадскімі адміністрацыямі таго, што такое ўстойлівае развіццё праз ужо рэалізаваныя сацыяльныя, эканамічныя, прыродаахоўныя праекты. Другі важны момант — скіраванасць мясцовых адміністрацый на прыцягненне да працэсу праектавання зялёнага горадабудаўніцтва мясцовых супольнасцяў: бізнесу, няўрадавых арганізацый, мясцовых актывістаў.

— Дзейнасць Праекта акцэнтаваная на малыя і сярэднія гарады Беларусі, — тлумачыць Вера Сысоева, архітэктар, эксперт па зялёным горадабудаўніцтве. — Па-першае, таму што падобнага роду гарадоў у краіне шмат. Калі быць дакладней, то іх больш за сотню. І такім чынам Праект атрымлівае магчымасць тыражаваць лепшыя рашэнні ў вялікай колькасці населеных пунктаў, кожны з якіх унікальны сваімі мясцовымі ўмовамі. Па-другое, малым і сярэднім гарадам складана атрымаць выхад на міжнародную тэхнічную дапамогу, асвоіць новыя кампетэнцыі і досвед. А тут ім ідуць літаральна насустрач.

Трэба сказаць, што фактар наяўнасці досведу падчас правядзення конкурсу быў менш важны, чым жаданне яго ўдзельнікаў асвоіць новыя методыкі. Нездарма ў групу пераможцаў увайшлі як гарады, якія ўжо маюць досвед рэалізацыі міжнародных праектаў у гарадскім кіраванні, напрыклад, Зэльва, так і тыя, у якіх такога досведу зусім мала. Але якія адкрыты да выкарыстання перадавых міжнародных рэкамендацый. Тыя ж Гарадок, Карма, Крычаў ужо даўно асвойваюць распрацоўку канцэпцыі «разумны горад». Цяпер жа для таго, каб падобныя населеныя пункты атрымалі ўстойлівасць ў сваім развіцці, дзякуючы праекту «Зялёныя гарады» з’явілася магчымасць аказаць ім садзеянне ў распрацоўцы гарманічнай праграмы з улікам экалагічнага кампанента.

Асноўны касцяк рабочых груп па распрацоўцы Планаў зялёнага горадабудаўніцтва склалі спецыялісты мясцовых выканкамаў — супрацоўнікі аддзелаў сацыяльна-эканамічнага развіцця, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, спорту і турызму, а таксама прадстаўнікі раённых інспекцый прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Аднак, па словах Веры Сысоевай, уцягнутасць ў гэтую справу не вызначаецца толькі месцам працы.

— Мы пастаянна арыентавалі мясцовыя адміністрацыі на тое, каб склад рабочых груп быў максімальна шырокім, — кажа эксперт. — У розных гарадах у групы ўваходзілі прадстаўнікі ветэранскіх арганізацый, цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, моладзёжных аб’яднанняў, гарадскія актывісты. У гэтую дзейнасць, у прыватнасці, былі ўцягнутыя бібліятэкары і краязнаўцы, якія вельмі шмат зрабілі для распрацоўкі неабходных дакументаў.

Грамадскія абмеркаванні Плана зялёнага горадабудаўніцтва ў Крычаве

Спецыялісты Праекта Глабальнага экалагічнага фонду і ПРААН у гэтай справе свядома занялі кансультацыйную ролю. Калі з трыма папярэднімі гарадамі (Полацкам, Наваполацкам, Навагрудкам) абавязкі па распрацоўцы Планаў зялёнага горадабудаўніцтва яны бралі на сябе, то гэтым разам асноўная праца выконвалася ініцыятыўнымі групамі пры каардынацыі экспертаў Праекта, якія перадавалі методыку, дапамагалі арганізоўваць і праводзіць мерапрыемствы.

Куды рухаюцца гарады

Праект ГЭФ-ПРААН «Зялёныя гарады» як бы акцэнтуе ўвагу, што тыпавога рашэння для кожнага горада не існуе. Так, пры распрацоўцы Планаў зялёнага горадабудаўніцтва Праект выкарыстоўвае адну і тую ж, ужо апрабаваную, методыку. Але вось набор рашэнняў для кожнага канкрэтнага горада — унікальны.

Праблемы, з якімі сёння сутыкаюцца малыя і сярэднія гарады, прыкладна аднолькавыя — адмоўная міграцыя насельніцтва, старэнне, скарачэнне людзей працаздольнага ўзросту, абмежаваныя рэсурсы для развіцця і мадэрнізацыі гарадской інфраструктуры, недастатковае добраўпарадкаванне грамадскіх прастор. Аднак Планы зялёнага горадабудаўніцтва дазваляюць знайсці канкрэтныя пункты, дзе гэтыя праблемы лакалізуюцца. І, адпаведна, набор рашэнняў для кожнага горада ўжо будзе розным.

Напрыклад, Зэльве, каб прыцягнуць турыстаў і будаваць эканоміку, неабходна аднавіць прыродныя ландшафты ракі Зяльвянкі. У Гарадку, наадварот, турызм ёсць, але ён вычарпаў магчымыя рэсурсы для размяшчэння прыезжых. І цяпер там стаіць задача знайсці баланс паміж прыцягненнем турыстаў, стварэннем новых інфраструктурных аб’ектаў і захаваннем існуючай ландшафтнай сістэмы.

Постчарнобыльская спадчына Кармы ў Планах зялёнага горадабудаўніцтва перайшла ў стварэнне ўмоў для здаровага ладу жыцця. У прыватнасці, вытворчасці прадуктаў здаровага харчавання, эка-прадукцыі.

А да Крычава, монагорада пры цэментавым заводзе, з ягонай найбагацейшай гістарычнай спадчынай, дадаем сучасныя лічбавыя тэхналогіі ды атрымліваем магутны штуршок як для духоўнага развіцця, так і для развіцця чалавечага патэнцыялу.

— У выніку ўсе мы ідзем да адной мэты — стварэння ўмоў для ўстойлівага зялёнага развіцця горада, у якім выконваецца баланс паміж эканамічным ростам, сацыяльнай уцягнутасцю і клопатам аб навакольным асяроддзі, — кажа Вера Сысоева. — Што важна, усе мерапрыемствы, якія плануюцца для сацыяльна-эканамічнага развіцця, дазваляюць эфектыўна выкарыстоўваць прыродныя рэсурсы.

Тэлеканферэнцыя па абмеркаванні Плана зялёнага горадабудаўніцтва ў Карме

Грамадскія абмеркаванні — толькі на карысць

Аўтары Планаў зялёнага горадабудаўніцтва імкнуцца быць паслядоўнымі. Меркаваннем мясцовых жыхароў актыўна цікавіліся на этапе іх распрацоўкі. Цяпер члены рабочых груп хочуць праінфармаваць, як пажаданні гараджан улічаныя ў тэкст планаў. Распрацоўшчыкі такім чынам удакладняюць, ці правільна былі пачутыя тыя ці іншыя прапановы. Гэта важна для забеспячэння ўстойлівасці рэалізацыі Планаў зялёнага горадабудаўніцтва. І калі на этапе іх узгаднення ёсць падтрымка ад насельніцтва, то гэта дае пэўныя гарантыі таго, што яны будуць паспяхова рэалізаваныя.

— Нам не патрэбны дакумент на паліцы, нам патрэбны дакумент, які працуе, у якога ёсць прыхільнікі, якія не толькі сочаць за яго рэалізацыяй, але і самі ўдзельнічаюць у гэтым працэсе, — кажа Вера Сысоева.

Сёння прадстаўнікі ініцыятыўных груп распаўсюджваюць анкеты для зваротнай сувязі як у надрукаваным, так і ў электронным выглядзе. Па спасылцы ў анкеце можна знаёміцца з самім Планам зялёнага горадабудаўніцтва і, пры жаданні, напісаць водгук. Акрамя гэтага, анкета дазваляе жыхарам паўплываць на выбар прыярытэтаў. Іх усяго дзевяць, яны ўсе важныя для ўстойлівага развіцця горада аж да 2040 года. Аднак у бліжэйшы час на тое, каб выконваць адразу ўсе мерапрыемствы, сіл і рэсурсаў не хопіць. Таму з дапамогай гараджан распрацоўшчыкі хочуць вызначыцца, па якіх напрамках неабходна рухацца ў першую чаргу, куды накіроўваць сродкі. І ўжо для канкрэтна выбраных прыярытэтаў будуць распрацаваны дэталёвыя планы.

Распрацоўшчыкаў вельмі радуе актыўнасць гараджан. Напрыклад, у Карме менш чым за суткі была запоўненая 341 анкета. Улічваючы невялікую колькасць жыхароў у гэтым фактычна гарадскім пасёлку — гэта ўражлівы вынік.

На думку Марыны Цімафеевай, настаўніцы біялогіі і хіміі, удзельніцы рабочай групы па распрацоўцы Плана зялёнага горадабудаўніцтва для Гарадка, План дапамог гораду паглядзець на сябе як бы з боку і ўбачыць адначасова як свае моцныя, так і слабыя бакі.

Вера Сысоева, эксперт па зялёным горадабудаўніцтве. Фота БЕЛТА

— Наш моцны бок — гэта наяўнасць прыродных рэсурсаў, магчымасцяў для рэкрэацыі, — тлумачыць Марына Цімафеева. — У нас толькі ў межах горада знаходзіцца пяць азёр, цэлы гідралагічны комплекс, а таксама сасновы лясны масіў. Плюс лыжаролерная траса рэспубліканскага значэння. Разам гэта вельмі нядрэнныя стартавыя ўмовы для развіцця турызму.

Слабым жа бокам лічыцца стан эканомікі Гарадка. Як і ў многіх малых гарадах сёння тут ёсць зліквідаваныя прадпрыемствы, ёсць прадпрыемствы на стадыі банкруцтва. Распрацоўваючы План зялёнага горадабудаўніцтва, члены рабочай групы ўбачылі магчымасць своеасаблівага балансавання, калі моцны бок можа станоўча паўплываць на слабы. Напрыклад, на базе плошчаў тых прадпрыемстваў, што закрываюцца, плануецца стварэнне буйнога агралесапрамысловага парку «Ягадка», які будзе мець сучасныя лініі перапрацоўкі і захоўвання лясной прадукцыі — грыбоў і ягад. Плануецца стварэнне вытворчасці па перапрацоўцы лекавых раслін і дзікіх траў, развіццё агралесаводства і ляснога фермерства, запуск лініі па перапрацоўцы сельскагаспадарчай плодаагародніннай прадукцыі, вырабе агароднінных і фруктовых сокаў, пюрэ і сумесяў.

— Мы спадзяемся, што рэалізацыя такога праекта падштурхне эканоміку нашага горада, створыць новыя працоўныя месцы, сезонныя формы занятасці, — распавядае Марына.

Паралельна моцны бок горада будзе развівацца далей. Плануецца насыціць горад цікавымі аб’ектамі, якія зробяць яго прыцягальным для турыстаў. Прычым турызм будзе рознафарматным — ад гастранамічнага, на аснове арганічных прадуктаў, да спартыўна-экстрэмальнага, балазе ў горадзе ўжо дастаткова спартыўных пляцовак.

— Таксама мы спадзяемся выкарыстоўваць азёры для надання новага імпульсу мясцовай эканоміцы, — дзеліцца планамі Марына. — Частку азёр пакінем для турыстычных мэтаў — адпачынак, аздараўленне, забавы. А ў іншых плануем правесці зарыбленне і арганізаваць інвестыцыйныя пляцоўкі па вырошчванні рыбы, якую зноў-такі можна было б прапаноўваць турыстам, а перапрацоўку забяспечваць у аграпрамысловым парку «Ягадка».

Па словах Марыны Цімафеевай, уся распрацоўка Плана зялёнага горадабудаўніцтва ішла з улікам меркавання жыхароў. Было праведзена анкетаванне гараджан на падрыхтоўчым этапе, каб зразумець, рашэнне якіх праблем павінна быць у прыярытэце. На этапе планавання, калі ўжо канкрэтна вырашалася, якія мерапрыемствы павінны ўвайсці ў План зялёнага горадабудаўніцтва, сумесна з прадстаўнікамі Праекта «Зялёныя гарады» прайшлі грамадскія абмеркаванні, на якіх прысутнічалі людзі розных узростаў: ад навучэнцаў школ да пенсіянераў. Напрыклад, самы старэйшы ўдзельнік, якому ўжо 86 гадоў, прыехаў абмяркоўваць План зялёнага горадабудаўніцтва на веласіпедзе.

Так выглядае з вышыні Зэльва. Фота vedaj.by

— Мы хочам пераканацца, што ўлічылі пажаданні жыхароў, а таксама з іх дапамогай здолеем вызначыць прыярытэтныя мерапрыемствы, на рэалізацыю якіх рэсурсы будуць накіраваныя ў першую чаргу, — кажа Марына. — Сёння мы ўпэўненыя, што нашы людзі адчуваюць свае дачыненне да працы над развіццём нашага горада.

Што тычыцца Зэльвы, то там няма шкодных вытворчасцяў, па сутнасці гэта экалагічна чысты раён, акружаны лясамі. Гістарычна развіццё Зэльвы заўсёды было звязана з вадой, з ракой Зальвянка.

— Наша разыначка — гэта самае буйное вадасховішча ў Гродзенскай вобласці, — кажа Алена Казыра, галоўны спецыяліст аддзела эканомікі Зэльвенскага раённага выканаўчага камітэта. — Таму асноўны акцэнт у Плане зялёнага горадабудаўніцтва быў зроблены на развіццё інфраструктуры вакол нашых вадаёмаў, спадарожных паслуг, выкарыстанне «зялёных» тэхналогій, прасоўванне малога бізнесу зноў жа на аснове прыродных кампанентаў — натуральнай касметалогіі, аздараўлення і лячэння, рэкрэацыі, арганічных прадуктаў харчавання.

Распрацоўшчыкі Плана зялёнага горадабудаўніцтва спадзяюцца, што ўсё гэта будзе спрыяць развіццю экалагічнага турызму, перспектыўнай для горада сферы, бо горадаўтваральных прадпрыемстваў у Зэльве няма, і большасць насельніцтва задзейнічана ў сельскай гаспадарцы і сферы сацыяльных паслуг.

— Таму мы бачым магчымасці для развіцця прыватнага бізнесу на аснове нашага прыроднага патэнцыялу, — працягвае Алена. — Сённяшняя сітуацыя з каранавірусам паказала перавагі малых гарадоў. І мы спадзяемся, што гэта таксама надасць імпульс развіццю турызму ў нашым рэгіёне.

Распрацоўваючы План зялёнага горадабудаўніцтва для Зэльвы, удзельнікі рабочай групы кіраваліся не толькі бачаннем мясцовай адміністрацыі, але і імкнуліся ўлічыць меркаванне ўсіх жыхароў. Па словах Алены Казыры, раней была паўсюдная практыка, калі адміністрацыя брала на сябе адказнасць і зыходзячы з уласнага бачання распрацоўвала планы мясцовага сацыяльна-эканамічнага развіцця. Але рэальнасць паказвае, што такія планы, без задзейнічання гараджан, працуюць не зусім эфектыўна.

— Да працы над дакументам мы прыцягвалі жыхароў розных узростаў, розных сацыяльных слаёў, — тлумачыць спецыяліст. — Мясцовыя органы ўлады могуць часцяком не ведаць, з якімі праблемамі сутыкаюцца, напрыклад, мамы з маленькімі дзецьмі або пажылыя людзі. Жыхары горада павінны самі вызначаць сваю будучыню.

З‑за бягучай эпідэміялагічнай сітуацыі цяжка арганізоўваць нейкія сходы, таму распрацоўшчыкі прапанавалі гараджанам абмеркаванне Плана зялёнага горадабудаўніцтва ў рэжыме «анлайн». Аднак не забыліся і на тых, хто не скарыстаецца такой магчымасцю — у асноўным гэта пажылыя людзі. Тут на дапамогу прыйшлі мясцовыя сацыяльныя службы, якія дастаўлялі адрасатам на дом анкеты для запаўнення.

Фота planetabelarus.by

Карма — горад з чарнобыльскай гісторыяй, — распавядае Ірына Багданец, дырэктар прыватнай установы «Тэрыторыя развіцця — 21 стагоддзе», удзельніца рабочай групы па распрацоўцы Плана зялёнага горадабудаўніцтва для гэтага раённага цэнтра ў Гомельскай вобласці. — Мы хацелі праз рэалізацыю плана ўбачыць новы, адроджаны гарадок, у якім не толькі забудуцца пра наступствы Чарнобыля, але і будуць ганарыцца тым, што жывуць менавіта тут.

На думку Ірыны, праца над Планам зялёнага горадабудаўніцтва дазволіла перазагрузіць мысленне, зрушыць акцэнты, змяніць падыходы да дзейнасці. Пераважлівы раней пасыл «нашым дзецям тут не жыць» змяніўся на пазітыўныя «гэта лепшае месца ў свеце» і «немагчымае магчыма». План зялёнага горадабудаўніцтва выразна вызначыў патэнцыйныя кропкі росту для горада.

— Прырост эканомікі плануецца праз неймаверныя (не пабаюся гэтага слова) да гэтага падыходы і тэхналогіі, — дзеліцца меркаваннем Ірына. — Напрыклад, з дапамогай стварэння і развіцця прадпрыемстваў, скіраваных на вытворчасць харчовай і касметалагічнай прадукцыі на аснове лёну ды іншай расліннай сыравіны.

Плануецца таксама арганізаваць навучанне для розных катэгорый насельніцтва па самых розных тэматыках, уключаючы стварэнне асобнага бюро па аграўтварэнні. Горад будзе ўкараняць новыя фарматы транспартных зносін.

— Вядома, будзем развіваць турызм, усе перадумовы для гэтага ёсць, — распавядае Ірына. — Плануем стварэнне агратурыстычнага кластара «Кармянскі лён», развіццё агратурызму — аграсядзібы, гасцінічныя паслугі, абнаўленне існуючых і стварэнне новых турыстычных аб’ектаў і мерапрыемстваў (фестывалі шансона, «Льняная карусель», «Баль у Дорыя-Дзерналовічаў», «Спадчына Лепяшынскага»). Зоймемся ўладкаваннем і ландшафтным афармленнем эка-зон, грамадскіх прастораў і дваровых тэрыторый.

Важным распрацоўшчыкі Плана зялёнага горадабудаўніцтва лічаць развіццё малых спецыфічных тэрыторый-мікрараёнаў, якіх у Карме з гэтага часу будзе 16. Іх развіццё ў плане вызначана спалучэннем гісторыі, традыцый, геаграфіяй, асаблівасцямі ландшафту, дэмаграфіі, транспартных сувязяў і пажаданнямі жыхароў.

Па словах Ірыны Багданец, галоўная асаблівасць Плана зялёнага горадабудаўніцтва — гэта распрацоўка стратэгічнага дакумента, не навязанага зверху, а на аснове пажаданняў, спадзяванняў, праблем, мараў, сфармуляваных жыхарамі Кармы:

— Грамадскія абмеркаванні будучага плана, якія сёння праходзяць у горадзе, гэта магчымасць паўплываць не толькі на яго чыста тэхнічную частку — тэкст, карцінкі або схемы. Гэта магчымасць паўплываць на выбар прыярытэтных, першачарговых для горада задач.

Дырэктар установы «Тэрыторыя развіцця — 21 стагоддзе» ўпэўненая, што такая актыўнасць фарміруе ў гараджан пачуццё адказнасці:

— Гэта магчымасць для кожнага адчуваць сябе датычным да гісторыі роднага горада.

Дарэчы, за абмеркаваннем усяго ходу працы над Планам зялёнага горадабудаўніцтва можна сачыць у сацыяльнай сетцы Фэйсбук, дзе створана спецыяльная група «Карма — зялёны горад». https://www.facebook.com/groups/greenkorma/.

У наваколлі Крычава — цудоўныя пейзажы.

Асаблівую актуальнасць фармат анлайн-абмеркавання набыў ва ўмовах апошніх падзей, звязаных з COVІD‑19. А запоўніць анкету і паўплываць на выбар прыярытэтаў гарадскога развіцця можна тут: https://webanketa.com/forms/68wk0d1r6wqkgc9h61jpachq/.

План зялёнага горадабудаўніцтва Крычава называецца «Крычаў-2040: інавацыі на надзейным падмурку традыцый».

— Мы плануем развівацца шляхам укаранення інавацыйных «зялёных» і ІT-тэхналогій, захоўваючы і прымнажаючы пры тым культурную і гістарычную спадчыну нашага горада, — распавядае Алена Ласоўская, галоўны спецыяліст аддзела эканомікі Крычаўскага раённага выканаўчага камітэта.

У горадзе мяркуецца фарміраванне будаўнічага эка-кластара на аснове вытворчасці цэменту, стварэнне рэгіянальнага эка-тэхнапарка па сартаванні і перапрацоўцы будаўнічых адходаў для іх другаснага выкарыстання, з’яўленне рэгіянальнага цэнтра па развіцці «разумных» кампетэнцый, які ў тым ліку будзе спрыяць стварэнню аддаленых працоўных месцаў для людзей з інваліднасцю. У культурным плане распрацоўшчыкі Плана зялёнага горадабудаўніцтва плануюць стварэнне і прасоўванне брэнда «Крычаўскі конік», які ўключае правядзенне Міжнароднага шахматнага турніру і пашырэнне яго геаграфіі, у тым ліку праз адзіны партал Крычава, а таксама арганізацыю фестываля «Крычаўскі конік» з такімі мерапрыемствамі, як Пацёмкінскі баль і Ноч музеяў.

— Асаблівасцю дакумента з’яўляецца тое, што ў адзінае цэлае аб’яднаныя мэты і задачы развіцця горада Крычава, яго канкурэнтныя магчымасці, найважнейшыя стратэгічныя напрамкі дзейнасці, асноўныя праграмы і праекты, — тлумачыць Алена. — У стратэгію ўваходзіць не толькі агульны погляд на будучыню горада да 2040 года, але і лакалізаваныя мэты ўстойлівага развіцця (экалагічныя, сацыяльныя, эканамічныя), а таксама прыярытэтныя задачы, увязаныя з наяўнымі ў горада рэсурсамі.

Паводле слоў спецыяліста, для камфортнага пражывання жыхароў у горадзе паступова будуць рэалізаваны такія мерапрыемствы, як удасканаленне вулічнага асвятлення, уладкаванне сеткі дажджавой каналізацыі, укараненне сучасных метадаў збору, сартавання і перапрацоўкі цвёрдых камунальных адходаў, добраўпарадкаванне гарадскіх тэрыторый і пляжаў, арганізацыя дадатковай адукацыі па вывучэнні (маніторынгу) экалагічнай сітуацыі ў горадзе на базе эка-цэнтра, развіццё веласіпеднага руху.

Каб рэалізацыя гэтых мэтаў была эфектыўнай і ўзгодненай, распрацоўшчыкі актыўна прыцягвалі да працы над дакументам прадстаўнікоў сацыяльнай сферы, грамадскіх арганізацый і бізнесу. Сёння, калі гатовая рабочая версія плана, важна прадэманстраваць, што выказаныя на этапах стварэння дакумента меркаванні сапраўды былі прынятыя да ўвагі. Таму распрацоўшчыкі і запрашаюць гараджан далучыцца да грамадскага абмеркавання Плана зялёнага горадабудаўніцтва.

А выказаць меркаванне можна на афіцыйным сайце Крычаўскага раённага выканаўчага камітэта, у сацыяльных сетках (Одноклассники, ВКонтакте) у групе «Крычаў. Развіваемся разам». Таксама запоўніць анкету і паўплываць на выбар прыярытэтаў гарадскога развіцця можна тут: https://webanketa.com/forms/68wk0d1r6wqkgc9h61jpachq/.

Што далей

Тым часам эксперты Праекта «Зялёныя гарады» рыхтуюць для гарадскіх адміністрацый своеасаблівы навігатар па распрацоўцы Планаў зялёнага горадабудаўніцтва. Да яго, у прыватнасці, будзе прыкладацца відэадапаможнік, які дапоўніць тэкставыя дакументы.

— Пакуль наш праект усё яшчэ функцыянуе, мы гатовыя аказваць гарадам экспертную падтрымку, кансультаваць іх прадстаўнікоў, — кажа Вера Сысоева. — Спадзяемся, што наш досвед у выніку зацікавіць дзяржаўныя органы кіравання і ён будзе цэнтралізавана тыражавацца на ўсю краіну.

Уладзімір Міхайлаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

А наведвальнiкаў крамы кансультуе выява спецыялiста.

Грамадства

Не трапіць у рабства анлайн. Як у краіне змагаюцца з гандлем людзьмі

Не трапіць у рабства анлайн. Як у краіне змагаюцца з гандлем людзьмі

З 2000 года ў Беларусі выяўлена 4421 злачынства, звязанае з гандлем людзьмі.