Вы тут

Проста драматург


Аляксей Дудараў, аўтар знакамітых «Белых Рос» і п’есы «Радавыя», адсвяткаваў сваё 70‑годдзе


На лецішчы пад Лагойскам Аляксею Дудараву лёгка пішацца і лёгка дыхаецца

Неяк, у адным з інтэрв’ю, на пытанне: як бы вы самі прадставілі сябе чытачам, Аляксей Дудараў адказаў так:

— Калі надыходзіць сталы ўзрост, сыходзяць усялякія прыметнікі і чалавек застаецца ў чыстым выглядзе. Аднойчы, даўным-даўно, на адной з магіл пад Талінам я ўбачыў надмагільны надпіс «Георг Отс». І ўсё — больш нічога. Я падумаў, што там пахаваны цёзка вядомага спевака, але калі спытаў у эстонцаў, мне сказалі, што гэта ён і ёсць. Тады я зразумеў, што для чалавека важна, каб яго ведалі, — і ўсё. Усё роўна, калі ён нарадзіўся, якія мае званні і гэтак далей. Таму я прадставіўся б проста — Аляксей Дудараў, драматург

Як правіла, ён так і гаворыць: коратка і стрымана. Хоць рэгалій і ўзнагарод за ўсё творчае жыццё ў яго — дастаткова. Зрэшты, як і артыкулаў пра яго: варта толькі загугліць… Кожны беларускі старшакласнік ведае, хто такі Дудараў: яго п’есы — у школьнай праграме…

І наш часопіс шмат разоў звяртаўся да творчасці Аляксея Ануфрыевіча. Яшчэ ў той час, калі ён пісаў свае першыя апавяданні. І пасля мы не пакідалі па-за ўвагай яркія падзеі, якія адбываліся ў жыцці Дударава. Гэта былі і інтэрв’ю з драматургам, і нарысы, эсэ пра яго, і водгукі-рэцэнзіі на спектаклі, якія шырока ішлі ў тэатрах Беларусі ды за яе межамі. Безумоўна, мы і пра кінафільмы пісалі, знятыя па яго сцэнарах, і пра балет «Вітаўт» у Вялікім тэатры Беларусі, які пастаўлены па лібрэта Дударава.

Сёння наш паважаны драматург у добрай творчай форме. Таму, калі даведаліся пра яго новую п’есу «Малая Радзіма», папрасілі нам даслаць. І вам пачытаць прапануем. Якія эмоцыі і асацыяцыі твор выклікаў, пра тое гаварыць не буду. Хіба што толькі крыху: асабіста я адчула свежасць і чысціню пачуццяў драматурга, які хоць і падышоў, як той казаў, да рысы саліднай сталасці, але іх не згубіў. Акрамя таго, п’еса падахвочвае глыбей усвядоміць, наколькі шырокае паняцце «малая радзіма». Часам для мне яно асацыюецца з вялікім каханнем. Зрэшты, хай чытач робіць высновы сам.

С жонкай Валянцінай. Фота Івана Ждановіча

А мы нагадаем: нарадзіўся Аляксей Дудараў 6 чэрвеня 1950 года ў вёсцы Кляны Дубровенскага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям’і. Вучыўся ў Наваполацкім прафесійна-тэхнічным вучылішчы нафтавікоў, некаторы час працаваў на заводзе. Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут закончыў у 1976 годзе. Працаваў з 1978 па 1983 год у ТЮГу загадчыкам літаратурнай часткі, дзе і пачаў займацца літаратурнай творчасцю. З 1991 па 2002 год Аляксей Дудараў — галоўны рэдактар часопіса «Мастацтва». З 2003 па 2013 год быў мастацкім кіраўніком Драматычнага тэатра Беларускай арміі. З 1992 і па сёння ўзначальвае Беларускі саюз тэатральных дзеячаў.

У 1979 годзе напісаў п’есу «Выбар», у якой выступіў супраць спрошчанага разумення гераізму. У 1982 годзе за гэтую п’есу і кнігу «Святая птушка» Аляксей Дудараў быў адзначаны прэміяй Ленінскага камсамола Беларусі.

Яго невыпадкова называюць майстрам простых гісторый, у якіх у той жа час адлюстраваныя сур’ёзныя праблемы звычайных людзей. У п’есах «Парог» (1981), «Вечар» (1983) ды іншых аўтар даследуе чалавечую мараль і этыку, разважае над праблемамі алкагалізму, духоўнага разбурэння, лёсамі жыхароў бесперспектыўных вёсак. Чарнобыльскай трагедыі прысвечана п’еса «Адчужэнне» (1994).

Сапраўднай падзеяй у тэатральным жыцці другой паловы 1980 гадоў стала п’еса «Радавыя», у якой пісьменнік узняў пытанне, чым была вайна для кожнага радавога яе ўдзельніка. Твор ў 1984 годзе быў адзначаны прэміяй Усесаюзнага Ленінскага камсамола, а ў 1985‑м — Дзяржаўнай прэміяй СССР.

Да тэмы Вялікай Айчыннай вайны Дудараў вяртаўся і на пачатку ХХІ стагоддзя. Да 60‑годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў напісаў п’есу «Ты памятаеш, Алёша…», прысвечаную абароне Магілёва ў першыя дні вайны. Спектакль быў пастаўлены ў Драматычным тэатры Беларускай арміі. За напісаны па п’есе сцэнар фільма «Дняпроўскі рубеж» (2009) драматург быў уганараваны прэміяй за лепшы сцэнар мастацкага фільма на конкурсе, які быў аб’яўлены кінастудыяй «Беларусьфільм». Прыкметны ўнёсак у распрацоўку ваеннай тэматыкі — і п’еса Аляксея Дударава «Не пакідай мяне…» (2005). Да гэтага часу яна карыстаецца вялікай папулярнасцю.

На працягу ўсёй творчай дзейнасці Аляксей Дудараў выяўляў цікавасць да гістарычнага мінулага Беларусі. Яркія характары і вобразы гістарычных асоб адлюстраваны ў п’есах «Князь Вітаўт» (1997), «Чорная панна Нясвіжа» (1998), «Палачанка» (2000), «Крыж» (2000), «Усяслаў Чарадзей» (2001). За напісанне гістарычных п’ес, пастаўленых на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, у 2001 годзе Аляксею Дудараву была прысуджана Спецыяльная прэмія Прэзідэнта Беларусі.

Сцэна са спектакля «Не пакідай мяне...». Аляксей Дудараў у ролі Палкоўніка, побач Ігар Фільчанкоў (Міхасёў).

Па сцэнарах Дударава знятыя 16 фільмаў, у тым ліку знакамітыя «Белыя Росы» (1983), «Восеньскія сны» (1987), «Брэсцкая крэпасць» (у калектыве аўтараў, 2010). У 2002 годзе за сцэнар фільма «Белыя Росы», а таксама за п’есы «Парог», «Вечар», «Радавыя», «У прыцемках», «Чорная панна Нясвіжа» пісьменнік атрымаў прэмію Саюзнай дзяржавы Беларусі ды Расіі ў галіне літаратуры і мастацтва. У 2014 годзе па п’есе Дударава быў зняты фільм «Белыя Росы. Вяртанне».

Аляксей Дудараў — заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі (1991). Яго называюць жывым класікам. Сучасную драматургію немагчыма ўявіць без яго творчасці. П’есы Дударава ставяцца на сцэнах многіх тэатраў далёкага і блізкага замежжа.

У цяперашні час Аляксей Дудараў на пенсіі, часта бывае з сям’ёй на дачы. У Аляксея Ануфрыевіча ёсць сын Максім і дачка Алеся, падрастаюць унукі Арсеній і Андрэй, унучка Іаана. Яго надзейны тыл — жонка Валянціна.

Валянціна Ждановіч,

з выкарыстаннем матэрыялаў БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

А наведвальнiкаў крамы кансультуе выява спецыялiста.

Грамадства

Не трапіць у рабства анлайн. Як у краіне змагаюцца з гандлем людзьмі

Не трапіць у рабства анлайн. Як у краіне змагаюцца з гандлем людзьмі

З 2000 года ў Беларусі выяўлена 4421 злачынства, звязанае з гандлем людзьмі.