Вы тут

Свята «Александрыя збiрае сяброў» адбудзецца ў гэтыя выходныя. Распавядаем, што на ім паглядзець


Майстры i творчыя суполкi народных рамёстваў з чатырох краiн возьмуць удзел у рэспублiканскiм фестывалi «Купалле» («Александрыя збiрае сяброў»), якi пройдзе ў аграгарадку Александрыя Шклоўскага раёна 11—12 лiпеня. Дарэчы, упершыню свята адбудзецца пад патранатам ЮНЕСКА.


Як адзначаюць у Магiлёўскiм абласным метадычным цэнтры народнай творчасцi, на традыцыйным «Александрыйскiм кiрмашы» чакаюць сёлета народных майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, захавальнiкаў традыцыйных рамёстваў не толькi з усiх рэгiёнаў Беларусi, але таксама з Расii, Украiны i Лiтвы.

Агульнай тэмай выстаўкi-кiрмаша стане Свята народнага касцюма, дзе прадстаўнiкi кожнай вобласцi i Мiнска пакажуць iнтэрактыўныя тэматычныя кампазiцыi i творчыя праграмы, у якiх адлюструюць асаблiвасцi рэгiянальных строяў. Таксама пройдзе абласны конкурс-выстаўка «Беларускi народны касцюм Магiлёўшчыны», удзельнiкi якога выступяць у дзвюх намiнацыях — этнакасцюм i традыцыйны рэканструяваны ўбор. Акрамя таго, для гасцей рыхтуюць пазнавальна-забаўляльныя вiктарыны, конкурсы, народныя гульнявыя атракцыёны, розыгрышы купальскiх латарэй i тэатралiзаваныя iмпрэзы з удзелам прафесiйных i самадзейных калектываў.

Памiж абласнымi iнтэрактыўнымi пляцоўкамi цэнтры народных рамёстваў прадставяць работы найлепшых беларускiх майстроў. Напрыклад, гаспадары свята пазнаёмяць наведвальнiкаў з элементамi нематэрыяльнай культурнай спадчыны Магiлёўшчыны, якiя занесены ў Дзяржаўны спiс аб'ектаў гiсторыка-культурных каштоўнасцяў нашай краiны: можна будзе на свае вочы ўбачыць працэс стварэння ўнiкальных работ ганчароў з Бабруйскага раёна, плеценых саламяных павукоў з Быхаўшчыны, творчасць майстроў-шапавалаў i традыцыю вырабу лапцей з Дрыбiнскага раёна. Ахвотныя змогуць не толькi паглядзець збоку на работу майстроў, але i паўдзельнiчаць у майстар-класах па кавальскай справе, лозапляценнi, разьбярстве па дрэве i iншых.

Нагадаем, для зручнасцi гасцей i ўдзельнiкаў свята зладжаныя дадатковыя аўтобусныя i чыгуначныя рэйсы, а для ахвотных правесцi ў Александрыi абодва днi фестывалю будзе працаваць намётавы гарадок з неабходнай iнфраструктурай.

Працаўнiкi рэгiёна спадзяюцца: свята «Александрыя збiрае сяброў» пакiне сваю часцiнку ў сэрцы кожнага

Запрасiў на купальскае свята ў Александрыю чытачоў «Звязды» i намеснiк старшынi Шклоўскага раённага выканаўчага камiтэта Аляксандр Iваненка:

— Падрыхтоўка да свята на фiнiшнай прамой: манцiруецца сцэна, рыхтуюцца гандляры i гаспадаркi раёна, каб здзiвiць усiх новай прадукцыяй i яе падачай. Вельмi цiкавым чынам будуць рэалiзаваны пляцоўкi, дзе прэзентуюць народныя строi з усiх абласцей краiны. Незвычайна будзе праходзiць фiнал рэспублiканскага конкурсу «Уладар сяла», якi адбудзецца на базе гэтага мерапрыемства.

Самая значная частка свята — гала-канцэрт «Мая Александрыя» з яркiм зразумелым сцэнарыем. Кожны з гледачоў зможа ўбачыць у галоўных героях прадстаўлення сябе, з боку паглядзець на свае пачуццi, эмоцыi. Майстры, гранды сферы мастацтва возьмуць удзел у мерапрыемстве. Сярод iх не толькi зоркi айчыннай эстрады. Мы чакаем гасцей з Расiйскай Федэрацыi, Рэспублiкi Украiна — Дзянiса Майданава, Iрыну Бiлык. Знакавы i вядучы канцэрта — народны артыст Беларусi Уладзiмiр Гасцюхiн. Да глыбiнi душы кранаюць маналогi, падводкi да сцэнiчных нумароў.

Аляксандр Iваненка адзначыў, што «Александрыя збiрае сяброў» — свята не толькi для дарослых. Гэта сямейнае мерапрыемства. На плошчы фестывалю будзе праходзiць свята цырка, размесцяцца гульнявыя праграмы, фотазоны. Усе гэтыя магчымасцi даступныя i ў першы, i ў другi дзень форуму. Знойдуць месца на свяце i традыцыйныя атрыбуты Купалля. Вечарам размалюе неба феерверк. Традыцыйна чакаюць, што ўдзел у фестывалi возьме i кiраўнiк краiны.

— Што датычыцца другога дня, то там мы будзем ушаноўваць, уручаць узнагароды перадавiкам вытворчасцi з вобласцi. Падарункам для ўсiх будзе юбiлейны канцэрт гурта «Беларускiя песняры», — расказвае намеснiк старшынi Шклоўскага райвыканкама. — Раён заўсёды рады прымаць гасцей. Будуць працаваць у святочным рэжыме ўсе нашы славутасцi — парк, музеi, у тым лiку музей у Александрыйскай школе, дзе вучыўся Прэзiдэнт Беларусi. Варта паглядзець i на Трафiмаву крынiцу, акунуцца ў гiсторыю развiцця Шклоўскага раёна. Кожны, хто знойдзе час прыехаць 11—12 лiпеня на гэтае свята, я ўпэўнены, паедзе дадому з пазiтыўнымi, узнёслымi пачуццямi. Нiхто не пакiне Александрыю з дрэнным настроем — гэта мы вам абяцаем. Працаўнiкi Шклоўшчыны i Магiлёўскай вобласцi стараюцца, каб гэтае свята было для людзей i пакiнула сваю часцiнку ў сэрцы кожнага з нас.

Марыя ДАДАЛКА

Вiкторыя ЗАХАРАВА

Фота БЕЛТА


ПРАГРАМА мерапрыемстваў рэспублiканскага свята «Купалле» («Александрыя збiрае сяброў»)

11 — 12 лiпеня аграгарадок Александрыя Шклоўскага раёна Магiлёўскай вобласцi

11 лiпеня (субота)

14.00 — 24.00 Работа экскурсiйнага маршруту па тэматычных пляцоўках свята:

  • «Зроблена ў Беларусi» — выстаўка прадукцыi ААТ «Мiнскi трактарны завод»;
  • «Александрыйскi кiрмаш» — святочная выстаўка-кiрмаш з работай экспазiцыйна-тэматычных купальскiх падворкаў;
  • «Александрыйская гасцiна» з работай вулiц «Спажывецкая» i «Гандлёвая» — гандлёвыя рады, летнiя кавярнi;
  • «Свята кнiгi» — выставачная пляцоўка з прэзентацыяй мерапрыемстваў Дня беларускага пiсьменства ў г. Бялынiчы «Лiтаратурная спадчына — ад крынiц да сучаснасцi», правядзеннем мерапрыемстваў, якiя папулярызуюць нацыянальную лiтаратурную спадчыну;
  • «Лёва з Магiлёва» — рэалiзацыя салодкай прадукцыi (марожанае, глазураваныя сыркi, салодкiя дэсерты);
  • «Каравайная сялiба» — выстаўка-продаж хлебабулачных вырабаў, свята квасу;
  • Маладзёжная пляцоўка з выставачнай экспазiцыяй «Калiдор эпох»;
  • Рэспублiканскi сямейны сельскагаспадарчы праект «Уладар сяла»;
  • «Кiрмашовыя забавы».

16.00 — 17.00, 18.30 — 19.30 «Свята цырка» — работа цырка-шапiто, эстрадна-цыркавыя прадстаўленнi i шоу розных цыркавых жанраў побач з шатром, работа фотазоны i кiрмашу-продажу сувенiрнай i кандытарскай прадукцыi для дзяцей.

14.00 — 21.00 Работа экспазiцый «Малая радзiма» з наведваннем класа, у якiм вучыўся Прэзiдэнт Беларусі А. Р. Лукашэнка, i савецкага плаката, прысвечанага працаўнiкам вёскi (ДУА «Александрыйская сярэдняя школа Шклоўскага раёна». Краязнаўчы музей).

14.00 — 20.30 Малая канцэртная пляцоўка.

14.00 — 14.20 Цырымонiя адкрыцця рэспублiканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта «Уладар сяла».

14.30 — 15.30 Дзiцячая дыскатэка «Святочны дэнс» з удзелам дзiцячых творчых калектываў Магiлёўскай вобласцi, удзельнiкаў тэлешоу «Голас. Дзецi» з Магiлёўскай вобласцi, анiматараў, клоўнаў.

15.30 — 16.15 Вакальны ансамбль «Весялуха» Магiлёўскай абласной фiлармонii з праграмай «Сапраўдныя беларусы».

16.45 — 16.55 Паказ новых iльняных калекцый адзення беларускiх вытворцаў, якiя ўваходзяць у склад канцэрна «Беллегпрам».

17.00 — 17.30 Цырымонiя адкрыцця рэспублiканскага свята «Купалле» («Александрыя збiрае сяброў»).

17.30 — 18.30 Эстрадна-забаўляльная праграма з удзелам калектываў i выканаўцаў Магiлёўскай абласной фiлармонii.

18.30 — 19.00 Цырымонiя ўзнагароджання пераможцаў i ўдзельнiкаў рэспублiканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта «Уладар сяла».

19.00 — 20.30 Канцэрт заслужанага калектыву Рэспублiкi Беларусь аркестра народных iнструментаў iмя народнага артыста Беларусi Л. Л. Iванова i артыстаў Магiлёўскай абласной фiлармонii; дэманстрацыйныя палёты самалётаў i парашутыстаў Магiлёўскага аэраклуба ДТСААФ iмя А. М. Кулагiна.

Галоўная канцэртная пляцоўка

21.30 — 23.00 Гала-канцэрт «Мая Александрыя».

23.00 — 23.05 Святочны феерверк.

12 лiпеня (нядзеля)

Малая канцэртная пляцоўка

0.00 — 2.00 Маладзёжная дыскатэка з удзелам папулярнага музычнага гурта «Тяни-Толкай», артыстаў Магiлёўскай абласной фiлармонii, вядучых дыджэяў Беларусi.

13.00 — 14.00 Канцэрт заслужанага калектыву Рэспублiкi Беларусь ансамбля песнi i танца «Медунiца» з праграмай «Купалле — водар медунiчны».

Галоўная канцэртная пляцоўка

11.00 — 13.00 Урачыстая цырымонiя ўзнагароджання перадавiкоў аграпрамысловага комплексу Магiлёўскай вобласцi ў суправаджэннi аркестра народных iнструментаў iмя народнага артыста Беларусi Л. Л. Iванова i канцэрт Беларускага дзяржаўнага ансамбля «Песняры».

11.00 — 12.00 «Свята цырка» — работа цырка-шапiто (побач з шатром праходзяць цыркавыя прадстаўленнi i шоу розных цыркавых жанраў).

Загаловак у газеце: Сябры збiраюцца на беразе Дняпра

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.