Вы тут

Як выглядалі беларускія рыцары


Цяжкія даспехі, бліскучыя шаблі і баявыя сякеры, хітра сплеценая кальчуга, шчыты з гербамі — створаныя ў наш час, але максімальна блізкія да старажытных арыгіналаў, што выкарыстоўвалі нашы продкі ў XІV—XVІІ стагоддзях. Звычайна ўбачыць іх можна хіба на летніх ваенна-гістарычных фестывалях (якія, праўда, сёлета збольшага былі адмененыя з-за пандэміі каранавіруса), а вось магчымасць падрабязна разгледзець і паслухаць захапляльныя навукова-папулярныя расказы даследчыкаў і майстроў — кавалёў, металургаў, рэканструктараў, — напэўна, з'явілася ўпершыню. Тут дарослыя наведвальнікі могуць нават прымераць на сябе шлем і шчыт, а маленькія — расфарбаваць тэматычныя «рыцарскія» размалёўкі. Выстаўка «Гістарычная рэканструкцыя. Дакраніся да мінулага» адкрылася ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі і працягне сваю работу да 6 верасня.


Экспазіцыя — своеасаблівы бэкстэйдж рэканструкцыі, яе ўнутраны бок, які спалучае тэорыю і практыку, мастацкую творчасць і навуку. «Наш праект, які вырас з папярэдняга — фотавыстаўкі «Грунвальд. Сёння», не столькі пра зброю і рыцарскія даспехі, колькі пра любоў да гісторыі і яе ўвасабленне, — адзначае старшы навуковы супрацоўнік музея Алена Бухал. — Беларускія рэканструктары, асабліва конныя, з такой дакладнасцю, адказнасцю і руплівасцю падыходзяць да ўзнаўлення гісторыі, што ўваходзяць у топ-10, калі не ў топ-5 найлепшых у Еўропе. Наогул рэканструктарская справа блізкая да музейнай у тым сэнсе, што яна набліжае акадэмічную навуку да папулярнай сферы, і гэта трэба рабіць вельмі акуратна, вывучаючы крыніцы і правяраючы факты».

Усе прадстаўленыя даспехі створаныя па канкрэтных гістарычных узорах і здольныя
выконваць сваю задачу — абараняць уладальніка. Наведвальнікі могуць прасачыць развіццё еўрапейскай ваеннай справы на працягу некалькіх стагоддзяў і ў адным баку выстаўкі ўбачыць, як выглядалі рыцары ВКЛ пры бітве пад Грунвальдам, колькі жалеза насілі на сабе воіны Анастасіі Слуцкай і крылатыя гусары Стэфана Баторыя, а ў другім — трапіць у стылізаваную кавальскую слабаду і паглядзець, у якіх умовах у раннім, высокім і познім Сярэднявеччы працавалі тыя, хто гэтыя даспехі вырабляў, — кавалі і збройнікі.

Майстар Дзмітрый Андрэеў захапляецца кавальскай справай з 16 гадоў, неаднаразова ўдзельнічаў у пленэрах па мастацкай коўцы, фэстах сярэднявечнай культуры і міжнародных святах прафесійнага кавальскага майстэрства, а таксама ў навуковых канферэнцыях даследчыкаў старажытнага ўзбраення і фартыфікацый. Сёння ён — магістрант БНТУ, металург і вядомы ў рэканструктарскіх колах каваль. Частка даспехаў-экспанатаў, расказвае ён, была вырабленая якраз пры дапамозе інструментаў, таксама прадстаўленых на выстаўцы. «Я рады, што ўдалося сабраць у адным месцы гісторыкаў, навукоўцаў, рэканструктараў, майстроў, дзеячаў культуры і мастацтва і ў цэлым нераўнадушных да нашай гісторыі людзей, і вельмі хацелася б, каб гэтая пляцоўка стала месцам для навукова-дыскусійнага дыялогу паміж тэарэтыкамі і практыкамі, каб усё можна было кранаць рукамі, паспрачацца і знайсці адказы на пытанні, якія цікавяць многіх даследчыкаў. Спадзяюся, што цяперашняя выстаўка стане толькі пачаткам у шэрагу падобных праектаў — нам ёсць што сказаць і паказаць, раскрыць тэму рэканструкцыі ў больш шырокіх храналагічных межах, паглыбіцца ў дэталі, — кажа майстар. — Усё астатняе, мяркую, за мяне скажуць мае работы: за кожнай з іх без перабольшання стаяць гады працы і пошуку пытанняў на адказы».

...Беларускія рэканструктары пачыналі сваю справу яшчэ ў 90-я гады мінулага стагоддзя, калі была дасяжная малая колькасць навуковых крыніц і многія рэчы даводзілася ўзнаўляць літаральна па карцінках, прыкладных мерках і ўласных разліках, згадвае стваральнік гістарычных клубаў «Полацкі звяз» і «Жалезны воўк» (Наваполацк), «Калюмны» (Мінск), акцёр, трэнер па гістарычным фехтаванні Юрый Усціновіч. Юрый называе сябе хутчэй не практыкам, а папулярызатарам гістарычнай рэканструкцыі: «Мне заўжды было вельмі балюча за тое, што тыя калекцыі, якія захоўваліся ў беларускіх замках і палацах — зброя, арсенал, — фактычна ўсе павывозіліся за межы краіны, і ў нас практычна нічога не засталося. Вярнуць іх цяпер мы, на жаль, не можам. Але рэканструктарскі рух сёння дайшоў да такой ступені, што сучасныя майстры могуць ствараць сапраўдныя шэдэўры па старых узорах і новыя калекцыі, якія будуць спрыяць асветніцкай рабоце, паказваць нашу спадчыну, гісторыю і культуру, — што мы не толькі сялянская нацыя, але і нашчадкі высакароднай шляхты, мужных ваяроў, умелых майстроў».

Вікторыя ЗАХАРАВА

Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ

Загаловак у газеце: Дакрануцца да мінулага

Выбар рэдакцыі

Спорт

Чым жыве баранавіцкі хакей на траве і чаго яму не хапае для поўнага шчасця

Чым жыве баранавіцкі хакей на траве і чаго яму не хапае для поўнага шчасця

Баранавічы славяцца не толькі чыгункай, авіязаводам і шматлікімі прадпрыемствамі, але і хакеем на траве.

Грамадства

Чаму ў гэтым эпідсезоне варта абавязкова прышчапіцца?

Чаму ў гэтым эпідсезоне варта абавязкова прышчапіцца?

Масавая кампанія па вакцынацыі ад грыпу распачата сёлета ў краіне з сярэдзіны верасня.