Вы тут

Жыццё нанова ў Янове


Распараджэнне «Аб дадатковых мерах па вырашэннi актуальных пытанняў жыццядзейнасцi насельнiцтва», падпiсанае Прэзiдэнтам Беларусi 1 лiпеня, закранае пэўныя праблемныя пункты Гомельшчыны. Iх абазначылi самi жыхары рэгiёна падчас збору подпiсаў у падтрымку вылучэння кандыдатам у Прэзiдэнты Аляксандра Лукашэнкi. У спiсе — завяршэнне будаўнiцтва «Цэнтра гульнявых вiдаў спорту ў Светлагорску. 1-я чарга — Лядовы палац»; завяршэнне будаўнiцтва школы ў мiкрараёне № 21 Гомеля; адкрыццё крамы ў аграгарадку Янова Веткаўскага раёна. Праблему аддаленага населенага пункта Веткаўшчыны, якая трапiла на кантроль кiраўнiка дзяржавы, вырашылi ў лiчаныя днi.


Усходнi край Гомельскай вобласцi. Ад Веткi да аграгарадка Янова 45 кiламетраў. Гэта самы аддалены населены пункт, прыгранiчная тэрыторыя.

— У нас 260 мясцовых жыхароў, з iх 65 пенсiянераў i 30 дзяцей, — кажа старшыня мясцовага сельсавета Аляксандр Патапенка. — Ёсць дзiцячы сад-базавая школа, фельчарска-акушэрскi пункт, дом культуры, аддзяленне сувязi, кацельня. У аграгарадку працуе малочнатаварная ферма «Янова» — фiлiял сельгаспрадпрыемства ААТ «Стаўбунскi». Ёсць праваслаўны храм.

Зразумела, магчымасць працаўладкавацца на месцы ёсць далёка не ва ўсiх яноўцаў. Частка мужчын працуе «фахтамi»: хто па Беларусi, хто падаецца ў Расiю. Янова, акружанае лясамi, — прывабны куточак для аматараў цiхага палявання. Улетку сюды праязджае шмат людзей па лiсiчкi. Невялiкi заробак грыбы прыносяць i мясцовым. У многiх добрая прысядзiбная гаспадарка.

— У нас добры рэканструяваны будынак пад краму. Прадавец працавала доўгi час, а потым звольнiлася. Не маглi нiкога знайсцi на яе месца. Было прынята рашэнне закрыць краму, — дадае кiраўнiк сельсавета. — Адна з прычын, што было няшмат пакупнiкоў.

Праязджаючы па аграгарадку, разумееш: ёсць старая частка населенага пункта i новы «мiкрараёнчык» — у прастамоўi Янова «старое» i «новае», аддзяляе iх больш як два кiламетры. Крама знаходзiцца ў «старой» частцы, дзе жывуць нешматлiкiя старыя людзi. Хадзiлi па пакупкi рэдка, таму i выручкi вялiкай не было.

— Цiкава, як спрацавала ў нас народная мудрасць: не цанiлi, пакуль не згубiлi, — кажа загадчык Яноўскага сельскага дома культуры Людмiла Данiлкiна. — Крама ў нас добрая была, але многiм далёка хадзiць, цяжка ды нязручна. Але калi яе зачынiлi, дык усе адразу адчулi, як дрэнна без уласнага гандлёвага пункта.

Аўталаўка прыязджала два разы на тыдзень. Часам з палатак гандлявалi прыватнiкi. Мясцовыя кажуць, што тавары заезджых гандляроў часта каштавалi даражэй, чым у магазiнах. Хто маладзейшы, у каго машыны, то, вядома, ездзiлi ў суседнi Стаўбун — населены пункт, што за восем кiламетраў ад Янова, бо там тры крамы. Хтосьцi ездзiў у гiпермаркет у Ветку. У каго машыны няма цi з-за эпiдэмiялагiчнай сiтуацыi асцерагаўся дабiрацца далёка на аўтобусе, той, як кажуць мясцовыя, «вартаваў» аўталаўку.

Людмiла Вiтальеўна — член iнiцыятыўнай групы па зборы подпiсаў у падтрымку вылучэння кандыдатам у прэзiдэнты Аляксандра Лукашэнкi. З гонарам зазначае, што яна 26 гадоў у «прэзiдэнцкай камандзе»:

— Цяпер, збiраючы подпiсы за Аляксандра Рыгоравiча, традыцыйна абыходзiла дамы. Куды нi зойдзеш, у кожнай хаце: напiшы наша пажаданне, каб магазiн адкрылi. Людзi верылi, што ім дапамогуць на самым высокiм узроўнi. Я перадала звесткi ў раён i расказала, як людзi чакаюць i спадзяюцца на тое, што зноў будзе крама ў Янове.

I вось ужо тыдзень, як яна зноў працуе: штодня свежыя малако ды хлебабулачныя вырабы, каўбасы, рыба, бакалея, паўфабрыкаты... Не менш важна — марожанае ды розныя прысмакi для дзетак i ўнукаў.

Пастаянны пакупнiк — мясцовая жыхарка Вера Ганчарова — прызнаецца: больш як два месяцы без крамы — выпрабаванне для ўсяго аграгарадка. Пенсiянерка не хавае радасцi, дзякуе ўсiм, хто дапамог аднавiць работу гандлёвага пункта:

— Дзякуй богу, адкрылi. Вось колькi людзей ходзiць, а раней так перажывалi...

Цяпер крама ў Янове пад кiраўнiцтвам цэнтральнага рынку Гомеля. Асартымент уражвае. Прадавец — малады спецыялiст Кацярына, толькi скончыла каледж. Родам з суседняга Стаўбуна. Мясцовым гэта падабаецца, кажуць свая, вясковая, не спужаецца работы на вёсцы.

Атрымалася ў Янове i забяспечыць новага прадаўца жыллём. Прапанавалi пакой у кватэры, што пабудавана пры ФАПе. Дарэчы ў жнiўнi ў аддалены аграгарадок прыедзе яшчэ адзiн доўгачаканы малады спецыялiст — новы фельчар, для якога таксама ёсць асобны пакой. Вырашылi, што будуць жыць разам — так весялей.

Увогуле 2020 год для Янова сапраўды знамянальны. Сёлета адкрылi станцыю абезжалезвання. У новай частцы забудовы аграгарадка — цэнтральнае водазабеспячэнне. Воданапорную вежу пабудавалi 12 гадоў таму, вада была дрэннай якасцi. Станцыя — сапраўды падарунак для ўсiх вясковых сем'яў.

Да таго ж сёлета пачнецца мадэрнiзацыя кацельнi, якую аснасцяць найноўшым абсталяваннем, i функцыянаваць яна будзе ў аўтаматычным рэжыме. Гэта таксама сацыяльна значны аб'ект для аграгарадка, бо кацельная абагравае дзiцячы сад, школу, дом культуры.

Што датычыцца пераносу гандлёвага пункта, якi працуе ў старой частцы Янова, то таксама ёсць магчымасць абсталяваць краму ў другiм будынку ў цэнтры аграгарадка, каб усiм жыхарам было зручна дабiрацца. Гэта планы на перспектыву. Цяпер жа яноўцы спадзяюцца на адно, што мясцовыя дзецi, скончыўшы школу ды адвучыўшыся, вернуцца назад, дадому. Тады ў iх Янове будуць i добры гандаль, i шчаслiвыя пакупнiкi.

Наталля КАПРЫЛЕНКА, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.