Вы тут

У памяці — назаўсёды


Усяго нейкіх дванаццаць дзён паміж 3 ліпеня і 22 чэрвеня пры зваротным адліку часу... Гэтыя даты, па сутнасці, нельга аддзяліць адну ад другой. І калі 3 ліпеня сімвалізуе гонар за краіну, яе суверэнітэт, дзень вызвалення беларускай сталіцы ад карычневай чумы фашызму, то 22 чэрвеня нагадвае пра трагедыю, пра чалавечае гора, якое напаткала людзей у гады Вялікай Айчыннай вайны, як і пра бяспрыкладны гераізм воінаў, іх самаахвяраванне.


Аляксандр Лукашэнка на памятным мерапрыемстве ў Брэсцкай крэпасці

Тут змагаліся героі

22 чэрвеня. Мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой». Тут у гадзіну пачатку вайны па традыцыі прайшло памятнае мерапрыемства. Прэзідэнт Беларусі ўсклаў вянок да Вечнага агню, хвілінай маўчання ўшанаваў памяць мужных герояў, пагутарыў з ветэранамі і ўдзельнікамі цырымоніі. Брэсцкая крэпасць стала непераадольнай перашкодай для фашыстаў. Тут змагаліся прадстаўнікі звыш трыццаці нацыянальнасцяў. І ўсе яны выканалі свой святы абавязак. Яны абаранялі сваю Радзіму, хоць нарадзіліся за тысячы кіламетраў ад Брэста.

Подзвіг Брэсцкага гарнізона стаў сімвалам нязломнасці брацкіх народаў і агульным здабыткам былых рэспублік Савецкага Саюза, перакананы Прэзідэнт.

— Але, на жаль, не ўсе грамадзяне гэтых цяпер ужо незалежных дзяржаў бачаць сябе спадчыннікамі той гераічнай гісторыі. Вельмі шкада, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — Але я глыбока перакананы, што народная памяць пераможа і ў нашы дні.

Памяць аб падзеях вайны асабліва важная для таго, каб падобнае ў гісторыі больш не паўтарылася, заявіў Прэзідэнт.

— Вось таму мы сёння ў раніцу прыйшлі сюды — каб ніколі не паўтарылася тое, што было тут, — сказаў ён. — Гэта не проста радавы рытуал. Гэта памяць для таго, каб мы з вамі, нашы дзеці ніколі не сутыкнуліся з такімі праблемамі.

Прэзідэнт адрасаваў словы асаблівай удзячнасці ветэранам за тое, што яны з гонарам вытрымалі нягоды ваеннага і пасляваеннага перыяду:

— Пайшлі, глядзяць адтуль (з нябёсаў. — Рэд.) на нас і ацэньваюць нашы дзеянні. Мы ім гаворым, што іх гераічнае мінулае стала сімвалам нашай незалежнасці… Мы дакладна ведаем, што іх імкненне да свабоды і справядлівасці, адданасць Радзіме жыве ў кожным з нас. І гэта тая спадчыннасць, якая робіць суверэнітэт нашай дзяржавы бясспрэчным фактарам. Усё, што мы сёння маем, хоць і стварылі гэта сваімі рукамі, належыць не толькі нам. Яно належыць таксама і ім, а яшчэ будучыні — нашым дзецям. Час выбраў нас, і мы павінны вырашыць праблемы, якія стаяць перад намі.

Звяртаючыся да афіцэраў і салдат, якія цяпер нясуць службу на гераічнай зямлі, Прэзідэнт адзначыў, што і сам служыў у гэтых месцах і добра ведае Брэст.

— Вы сёння спадчыннікі перамогі, вы стаіце на рубяжы, які не быў аддадзены ворагу, пакуль быў жывы хаця б адзін воін. Ад нас гэтага сёння не патрабуецца — але мы павінны быць гатовыя да ўсяго. Няхай ваша служба будзе мірнай і бяспечнай, — пажадаў Кіраўнік дзяржавы. — Я заўсёды памятаю і хачу, каб вы, калі давядзецца ваяваць, стаялі да смерці тут, а не за тысячы кіламетраў на чужых землях і тэрыторыях, там нам рабіць няма чаго.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што незалежнасць вельмі дорага каштуе і яе неабходна абараняць. Размаўляючы з ветэранамі, Кіраўнік дзяржавы сказаў:

— Дзякуй вам. Вы нам па-ранейшаму патрэбныя.

Два новыя мемарыяльныя комплексы на месцы спаленых у гады вайны вёсак — «Боркі» ў Кіраўскім раёне Магілёўскай вобласці і «Ала» ў Светлагорскім раёне Гомельскай вобласці — з’явіліся на карце краіны. У цырымоніі іх адкрыцця таксама прымаў удзел Прэзідэнт.

Доўг перад продкамі і нашчадкамі

Падчас цырымоніі адкрыцця Мемарыяльнага комплексу ў вёсцы Боркі

Трагедыю вёскі Боркі і навакольных населеных пунктаў называюць адной з самых маштабных на тэрыторыі Беларусі часоў Вялікай Айчыннай вайны. У выніку карнай аперацыі загінулі больш за 2000 мірных жыхароў. Увасобіць у мемарыяле ўвесь жах тых дзён вырашыла група маладых архітэктараў.

— Забытыя эмоцыі — гэта першы крок да забыцця падзей, якія іх выклікалі, — кажа Аляксандр Лукашэнка. — Нават пасля падзення гітлераўскага рэжыму ідэі фашызму не засталіся ў мінулым. Яны жывуць у тых, хто бурыць помнікі воінам-вызваліцелям, хто гераізуе здраднікаў і калабарацыяністаў, пакланяецца нацысцкай сімволіцы. Асобныя дзяржавы і ўрады па-ранейшаму, як гэта было і напярэдадні Другой сусветнай, не заўважаюць, а часам заахвочваюць праявы радыкалізму ў грамадстве. А часам — тэрарызму. Адкрытага тэрарызму. Не шкадуючы нікога. Скажу прама: фашызм і нянавісць пад сцягамі дэмакратыі беларусы на сваёй зямлі прапусціць не могуць. І не прапусцяць.

Менавіта на каштоўнасцях свету і чалавечага жыцця, паабяцаў Кіраўнік дзяржавы, Беларусь прадоўжыць выхоўваць і сваіх дзяцей:

— Глыбока перакананы, што дзіця, якое ў свядомым узросце хоць бы раз у жыцці наведае адзін з беларускіх мемарыялаў з падобнай гісторыяй, ніколі не дапусціць нават думкі пра тое, што на зямлі ёсць людзі, не вартыя жыць і быць свабоднымі. І кожныя новыя пакаленні беларусаў мы будзем гадаваць, перадаючы ім памяць не толькі пра подзвігі іх продкаў, але і пра боль, які зрабіў наш народ мацнейшым, навучыў, як ніякія іншыя народы, берагчы мір, спакой.

І хоць няма больш мірных людзей, чым беларусы, на думку Аляксандра Лукашэнкі, цяперашнія рэаліі такія, што за спакой у нашым доме даводзіцца змагацца. Прэзідэнт пры гэтым адзначае: нічога небяспечнага і страшнага, нейкай катастрофы на сёння няма. Удакладняе: «Нам пастаянна падкідваюць, нагнятаючы абстаноўку». Прэзідэнт дадаў:

— Ацэньваючы мае дзеянні і ўчынкі ў гэты вельмі небяспечны момант для суверэнітэту і незалежнасці краіны, хачу, каб вы разумелі мяне. Што зламаць і знішчыць тое, што мы з вамі стваралі чвэрць стагоддзя, нікому не будзе дазволена. Мы павінны зберагчы нашу спакойную і мірную краіну ў імя загінулых дзеля гэтага, у імя дзетак, якія не бачылі, што такое дзіцячы сад, школа… І мы яе зберажом.

З Кіраўніком дзяржавы пагутарыў адзін з аўтараў мемарыяла ў Борках Іван Артымовіч:

— Дзякуй, што ва ўмовах пандэміі далі нам закончыць. Асцерагаліся, што не зробім…

Аляксандр Лукашэнка высока ацаніў і сам мемарыял, і аўтараў, якія працавалі над ім. Апошніх, дарэчы, Кіраўнік дзяржавы даручыў прадставіць да дзяржузнагарод. Адрэагаваў шчыра:

— Я бачыў шмат такіх помнікаў, але гэта — душэўны помнік. Я здзіўлены, як можна было ў камені і жалезабетоне закласці гэтыя ідэі. Тут не трэба нічога тлумачыць — бачыш і разумееш.

Адкрыццё мемарыяльнага комплексу памяці спаленых вёсак Магілёўскай вобласці ў вёсцы Боркі Кіраўскага раёна зрабіла глыбокае ўражанне на ўсіх удзельнікаў гэтага мерапрыемства.

Мемарыяльны комплекс «Боркі»

Ігар Марзалюк, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па адукацыі, культуры і навуцы, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук, доктар гістарычных навук, прафесар:

— Беларусь і Магілёўскі рэгіён у прыватнасці атрымалі яшчэ адно важнае месца гістарычнай памяці. Гэты помнік бярэ за жывое. Яго асноўны канцэпт — гісторыя асабістай трагедыі знішчаных сем’яў. Ёсць помнікі, якія, нягледзячы на ўсю сваю фундаментальнасць, не бяруць за жывое. Але як за жывое бярэ Хатынь, сапраўды так бяруць Боркі.

Асабіста для мяне Боркі заўсёды асацыяваліся з адной з самых вялікіх кніг беларускай вайсковай прозы — «Карнікамі» Алеся Адамовіча, сюжэт аповесці шмат у чым пабудаваны менавіта на знішчэнні гэтай вёскі. І я адчуў там момант катарсісу. Тым больш што на адкрыцці мемарыяла прысутнічалі блізкія мае сябры — Алесь Казека, які ўзначальвае Магілёўскае аддзяленне Саюза пісьменнікаў і які падарыў Прэзідэнту паэму «Марыйка», прысвечаную сваёй маці, што была родам з гэтай вёскі. Яна выйшла замуж за хлопца з суседняй вёскі і якраз у дзень спалення Борак ішла туды да сваякоў, але немцы не прапусцілі яе праз сваё ачапленне, што дазволіла ёй выратавацца.

Там жа быў экс-дэпутат Парламента, майстар спорту па вольнай барацьбе Алег Сакадынец, у якога ў Борках былі знішчаныя родныя.

Такія мемарыялы паказваюць усю глыбіню трагедыі вайны і ўсю важнасць і каштоўнасць міру для нашай краіны. А значыць, і каштоўнасць суверэнітэту, магчымасці не ўдзельнічаць у войнах і чужых канфліктах. Боркі — гэта гімн і адначасова рэквіем.

Мікалай Барысенка, кіраўнік Магілёўскага абласнога гістарычна-патрыятычнага клуба «Віккру»:

— Мемарыялізацыя такіх месцаў, як Боркі, жыццёва неабходная. Тут, на тэрыторыі Кіраўскага раёна, сёння ўвекавечана памяць вёсак Магілёўскай вобласці, сцёртых акупантамі з твару зямлі. 48 з іх так і не адрадзіліся да жыцця. Маладым трэба гэта ведаць, каб яны запомнілі: даражэй за мір няма нічога на свеце.

Дзмітрый Варанюк, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу:

— Беларуская зямля прасякнута крывёю загінулых. Выдатны мемарыял у Борках — сведчанне і напамін усім цяперашнім, наступным пакаленням пра вайну, пра зверствы фашызму. Наша задача — захаваць гэтую святую памяць аб кожным загінулым і ні ў якім разе не дапусціць паўтарэння падобных падзей.

Нельга дапусціць забыцця

Мемарыяльны комплекс «Ала»

Гісторыя Алы не менш горкая. Раніцай 14 студзеня 1944 года нямецкі карны атрад атачыў вёску, куды раней перасяліліся жыхары 11 бліжэйшых паселішчаў. Людзей заганялі ў хаты, якія затым падпальвалі. Тых, хто спрабаваў уцячы, расстрэльвалі, кідалі ў агонь жывымі. Усяго тут загінулі 1758 мірных жыхароў, з іх 950 — дзеці. Пасля вайны вёска так і не адрадзілася. Стварэнне мемарыяльнага комплексу ў гэтым месцы Прэзідэнт паабяцаў падтрымаць яшчэ ў снежні мінулага года падчас сустрэчы са студэнтамі і выкладчыкамі медыцынскіх універсітэтаў. Тады пытанне на гэтую тэму задала адна са студэнтак Гомельскага медуніверсітэта, сама дзяўчына родам якраз са Светлагорскага раёна. Аляксандр Лукашэнка тады паабяцаў прыехаць на адкрыццё мемарыяла. І вось гэты дзень настаў.

Прэзідэнт падзякаваў усім, хто прыняў удзел у стварэнні комплексу. Асаблівыя словы ўдзячнасці прагучалі ў адрас моладзі:

— Наша моладзь умее рабіць вось такія святыя справы. Нам з вамі яшчэ шмат чаго трэба зрабіць. У нас нямала гераічных гісторый, вартых афармлення ў помніку. І калі нехта ў свеце спрабуе сёння забыць страшныя старонкі Другой сусветнай вайны, імкнецца зрушыць акцэнты ў пытаннях адказнасці краін, Беларусь захавае сапраўдную гісторыю ў камені.

Свой выступ на ўрачыстай цырымоніі ў Але Прэзідэнт завяршыў важным пасылам, які агучыў і ў Борках:

— Не расслабляйцеся. Памятайце, што вакол яшчэ шмат людзей, якія з зайздрасці, з‑за таго, што ім не падабаецца наш народ, таму што мы гаворым пра сваю незалежнасць, праводзім свой незалежны курс, будуць старацца абавязкова ўлезці ў нашы справы.

Пранікнёныя словы прагучалі ў гэты дзень ад удзельнікаў падзеі.

Алена Жынко, дырэктар сярэдняй школы № 2 горада Светлагорска:

— Без слёз у гэтым месцы знаходзіцца немагчыма. Здаецца, быццам сама прырода злілася з чалавекам у смутку, а ў шэлесце бяроз чуецца плач загінулых дзяцей і маці. З’яўлення мемарыяла мы чакалі доўга, і тым радасней, што памяць аб ахвярах Алы ўвекавечаная належным чынам. Гэта ўвасабленне жадання тысяч мясцовых жыхароў. Я ўдзячная раённым, абласным уладам, Прэзідэнту за падтрымку ініцыятывы ўзвядзення мемарыяла. Асабліва радасна, што кожны, хто ўдзельнічаў у суботніках, зрабіў унёсак у агульную справу. Мемарыял вельмі патрэбны тым, хто, на шчасце, не бачыў вайны. І ён патрэбны ўсяму свету, каб паказаць, што беларусы беражліва ставяцца да гісторыі.

Наталля Баўэр, працаўніца завода штучнага валакна ААТ «СветлагорскХімвалакно»:

— Мала сем’яў, якіх так ці інакш не закранула тая вайна. Да прыкладу, мой дзядуля быў машыністам цягніка, да апошняга дня жыцця рабіў усё, каб яго цягнік як мага далей прайшоў на захад. Пахаваны дзесьці на тэрыторыі Польшчы. На жаль, з кожным днём усё менш жывых сведкаў тых страшных падзей, і дзякуючы такім мемарыялам у нас ёсць магчымасць перадаць памяць пра вайну наступным пакаленням. Тут энергетыка такая моцная, што ясна разумееш: мы не павінны дапусціць паўтарэння ваеннай трагедыі, мы павінны захаваць мір.

Важным для ўсіх назваў Кіраўнік дзяржавы комплекс «Ала». Размаўляючы з жыхарамі Светлагорскага раёна, ён акцэнтаваў увагу:

— Гэта помнік для ўсяго беларускага народа. І не толькі. Хай сюды прыязджаюць і глядзяць, якім духам моцны беларускі народ і як ён жыве, каб нікому не хацелася намі панукаць.

Дарэчы, у Мінск дзякуючы электрыфікацыі чыгуначнага ўчастка Жлобін — Светлагорск цяпер можна дабрацца з асаблівым камфортам і зэканоміць час у шляху. У цырымоніі адкрыцця рэгулярнага руху электрацягнікоў з гэтага райцэнтра ў беларускую сталіцу прыняў удзел Кіраўнік дзяржавы. Праехаў у цягніку асабіста. Заслухаў даклад аб развіцці чыгункі. Адкрыццё руху электрацягнікоў паміж Жлобінам і Светлагорскам — гэта адзін з этапаў рэалізацыі інвестыцыйнага праекта па электрыфікацыі ўчастка Жлобін — Калінкавічы — Барбароў. Завяршыць яго плануецца да канца 2021 года. Праект рэалізуецца сумесна з кітайскімі партнёрамі. У выніку, як чакаецца, выкіды забруджвальных рэчываў у атмасферу знізяцца на 900 тон за год. Прэзідэнту далажылі: пры правядзенні работ удалося значна нарасціць і беларускі складнік. Цяпер ён дасягнуў практычна 50 працэнтаў, а закупляецца за мяжой толькі тое, чаго не вырабляюць у краіне.

— Трэба займацца імпартазамяшчэннем. Гэтая пяцігодка ўся будзе — якасць, імпартазамяшчэнне, экспарт. Такія асноўныя напрамкі, — падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксей Фядосаў

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

А наведвальнiкаў крамы кансультуе выява спецыялiста.

Грамадства

Не трапіць у рабства анлайн. Як у краіне змагаюцца з гандлем людзьмі

Не трапіць у рабства анлайн. Як у краіне змагаюцца з гандлем людзьмі

З 2000 года ў Беларусі выяўлена 4421 злачынства, звязанае з гандлем людзьмі.