Вы тут

Вейкі як у лялькі. Эксперт аб супрацьпаказаннях і небяспеках моднай працэдуры


Сёння дзяўчаты і жанчыны ўсё часцей звяртаюцца па дапамогу спецыялістаў у сферы прыгажосці для надання твару той самай чароўнай магіі натуральнасці: ты толькі што прачнулася, а ўжо свежая і прыгожая. Да такіх працэдур адносіцца нарошчванне вейкаў. Мы даведаліся, каму гэта супрацьпаказана, якія ёсць абмежаванні і магчымыя непрыемныя наступствы.


Урач-эпідэміёлаг Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Марыя Кастэнка кажа, што першае, на што варта звярнуць увагу, — гэта наяўнасць алергіі.

— У састаў клею ўваходзіць дастаткова моцны алерген цыянаакрылат, рэакцыя на які можа выявіцца і пасля некалькіх працэдур ад пачатку нарошчвання. Праяўляецца такая алергія па-рознаму, найбольш частымі сімптомамі з'яўляюцца пачырваненне павекаў, сверб, накапленне гною, апуханне верхніх ці ніжніх павекаў, чырвоная рагавіца.

А вось пачуццё пякоты падчас працэдуры пры шчыльна закрытым павеку можа сведчыць пра рэакцыю слізістай на клей, а таксама магчымыя далейшыя негатыўныя праявы. Адчуўшы гэта, трэба неадкладна звярнуцца да майстра з просьбай зняць вейкі (выдаліць з дапамогай растваральнага сродку клей і штучны матэрыял). Калі алергія не прайшла, варта наведаць урача. Праўда, у большасці выпадкаў пасля зняцця матэрыялу далейшага лячэння не патрабуецца.

— Яшчэ адзін выпадак, які прымусіць звярнуцца да доктара, — пачырваненне рагавіцы цягам трох і больш дзён пасля нарошчвання. Яно сведчыць пра апёк рагавіцы, — тлумачыць Марыя Кастэнка. — Гэта можа ўзнікнуць пры няпоўным змыканні павека ў працэсе нарошчвання, калі пара клею трапляе на рагавіцу. У такім выпадку няма асаблівай неабходнасці здымаць прыклееныя вейкі, але ўрача варта наведаць, а ў далейшым выбіраць больш вопытнага майстра.

Да супрацьпаказанняў, акрамя алергіі, таксама адносяцца бранхіяльная астма, эпілепсія, псарыяз, дэмадэкоз, захворванні вока (кан'юнктывіт, блефарыт), ВІЧ, гепатыт В, С, D, анказахворванні, цукровы дыябет, ВРВІ, грып, псіхічная неўраўнаважанасць, нядаўна перанесеныя пластычныя аперацыі на павеках, актыўнае выпадзенне вейкаў. Знізіць тэрміны нашэння нарошчаных вейкаў могуць такія фактары, як менструацыя (1-5-й дзень), прыём гарманальных прэпаратаў, антыбіётыкаў, вітамінаў, а таксама цяжарнасць і лактацыя.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Вейкі як у лялькі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

А наведвальнiкаў крамы кансультуе выява спецыялiста.

Грамадства

Не трапіць у рабства анлайн. Як у краіне змагаюцца з гандлем людзьмі

Не трапіць у рабства анлайн. Як у краіне змагаюцца з гандлем людзьмі

З 2000 года ў Беларусі выяўлена 4421 злачынства, звязанае з гандлем людзьмі.